Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЮ́ЧКІў раслін,
цвёрдыя востраканцовыя ўтварэнні ў выніку метамарфозы парастка (у глогу, цёрну), ліста (у барбарысу, кактусаў), прылісткаў, чаранка (у акацыі, сукулентных малачаяў), зрэдку кораня (у некат. лазячых пальмаў). Характэрны для раслін сухіх і гарачых абласцей, сустракаюцца таксама і ў раслін інш. кліматычных зон (ліяны). Біял. значэнне К. — ахова раслін ад жывёл, памяншэнне выпарэння вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,
часткі расліны, якія служаць для жыўлення і росту, для падтрымання жыцця арганізма, таксама для вегетатыўнага размнажэння. Да іх належаць у вышэйшых раслін корань, сцябло, ліст і іх відазмяненні — карэнішчы, цыбуліны, клубні, вусікі, калючкі і інш., у ніжэйшых раслін — усё іх цела, якое наз. таломам або слаявінай (грыбніца, ці міцэлій грыба, ніжэйшыя водарасці). Марфал. і анат. будова вегетатыўных органаў залежыць ад навакольнага асяроддзя і функцый, якія яны выконваюць. Пры змене функцый адбываюцца і адпаведныя відазмяненні (Гл.Метамарфоз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗАСАТЫ́Н-ЭЛІСУ́Н,
пясчаная пустыня на ПнЗ Кітая (Сіньцзян), у цэнтр.ч. Джунгарскай раўніны. Пл. каля 45 тыс.км², з якіх каля 38 тыс.км² паўзамацаваныя градавыя і барханныя пяскі, астатняя ч. — такыры і пясчана-галечныя раўніны. Грады пераважна мерыдыянальнага напрамку, выш. да 30 м (у паўн.ч. месцамі да 80—100 м), са стромкімі ўсх. схіламі і больш спусцістымі заходнімі. На барханах рэдкія зараснікі саксаулу, палыну, вярблюджай калючкі, на такырах — тамарыску. Выкарыстоўваецца як паша для авечак і вярблюдаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРПЕ́НА, марскі ёрш (Scorpaena porcus),
рыба сям. скарпенавых атр. скарпенападобных. Пашырана ў Атл.ак. каля берагоў Афрыкі і Еўропы, у Міжземным і інш. морах. Маларухомая, прыдонная рыба, жыве ў прыбярэжнай зоне.
Даўж. да 31 см. Спіна і бакі з цёмнымі крапінкамі і плямамі. Бруха белаватае. На плаўніках калючкі з цёмнымі палосамі, плямамі і крапінкамі. Галава вял., з вострымі шыпамі і шматлікімі скурыстымі нарасцямі. Мае ядавітыя залозы каля спіннога плаўніка. Для С. характэрна лінька. Корміцца дробнай рыбай і ракападобнымі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЎРЫ́ДЫ (Trachurus),
род рыб сям. стаўрыдавых атр. акунепадобных. 12 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічных і ўмераных водах Атлант. і Ціхага ак., прылеглых морах. Найб. вядомыя С.: звычайная, або еўрап. міжземнаморска-атл. (T. trachurus), і міжземнаморская (T. mediterraneus).
Даўж. да 70 см, маса да 2,9 кг. Цела верацёнападобнае, сціснутае з бакоў. На вачах тлушчавыя павекі. Луска дробная, цыклоідная. Галава зверху і з бакоў укрыта луской. На бакавой лініі касцявыя шчыткі. Перад анальным плаўніком 2 калючкі. Кормяцца дробнай рыбай і ракападобнымі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФО́Зу раслін,
відазмяненне асн. органаў пры змене іх функцый або ўмоў функцыянавання. Выпрацоўваецца і замацоўваецца ў працэсе эвалюцыі. Напр., у многіх травяністых раслін парастак спачатку знаходзіцца на паверхні глебы і мае зялёнае асімілюючае лісце, потым траціць яго, утварае прыдаткавыя карані, заглыбляецца ў глебу і ператвараецца ў падземны орган — карэнішча. Так адбываецца сапраўдны М. аднаго органа ў другі са зменай формы і функцыі. У большасці выпадкаў змяняюцца зачаткі, а не дарослыя органы. М. парасткаў — карэнішча, клубні, цыбуліны, мясістыя сцёблы кактусаў, кладодыі ў спаржы, вусікі ў вінаграду, калючкі ў глогу; лісця — утварэнне лускавінак (пупышкавых, цыбульных, прыкветкавых); каранёў — паветраныя карані ў архідэй, клубні ў вяргіні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭХІНАКА́КТУС (Echinocactus),
род кветкавых раслін сям. кактусавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў паўд. штатах ЗША і Мексікі. Культавая расліна ацтэкаў, якая выкарыстоўвалася імі ў якасці ахвярнага стала. У аранжарэях і пакоях вырошчваюць Э. Грузона (E. grusonii), вялізны (E. ingens) і інш.
Шматгадовыя расліны. Зялёныя сцёблы (выконваюць функцыю фотасінтэзу) шарападобныя ці кароткацыліндрычныя. выш. 1,5—3 м і дыям. 1—1,5 м, са шматлікімі рэбрамі, на якіх знаходзяцца калючкі. Кветкі жоўтыя, радзей чырв., размешчаны на верхавінцы сцябла ў выглядзе вяночка. Плод — ягадападобны. Мякаць сцёблаў некат. відаў выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці. Харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГА́НА (Caragana),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны ва Усх. Еўропе і Азіі. Растуць у стэпах, пустынях, гарах. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукаваны 15 відаў і форм, з іх у зялёным буд-ве выкарыстоўваюць К. дрэвападобную, або жоўтую акацыю (C. arborescens), і кустовую дзеразу, ці чылігу (C. frutex), якія маюць шмат разнавіднасцей і форм.
Лістападныя кусты або невял. дрэвы выш. ад 20 см да 5—7 м. Лісце чаргаванае, парнаперыстаскладанае. Чаранкі і прылісткі некат. відаў відазменены ў калючкі. Кветкі двухполыя, адзіночныя або ў пучках па 2—5, жоўтыя, рэдка белыя ці ружовыя. Плод — струк, пры выспяванні растрэскваецца. Лек., меданосныя, тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЯРА́НЕЦ, бігарадзія,
кіслы або горкі апельсін (Citrus aurantium),
кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўд.-Усх. Азія. Завезены ў Міжземнамор’е арабамі ў 11 ст. і на працягу 5 ст. быў адзіным «апельсінам» у Еўропе. Культывуюць у субтропіках як прышчэпу для цытрусавых.
Вечназялёнае дрэва выш. да 10 м з шарападобнай густой кронай. Галіны і парасткі маюць буйныя калючкідаўж. да 6 см. Лісце эліптычнай формы. Кветкі буйныя, белыя, пахучыя, адзіночныя або ў суквеццях. Плады круглявыя, дыяметрам каля 7 см, аранжава-чырв. з кісла-горкай мякаццю, неядомыя. З пладоў атрымліваюць лек. сок і мармелад, з каляплодніка — памяранцавы эфірны алей, з кветак — алей «неролі» для духоў. Харч., лек., тэхн., дэкар. расліны.