ПАМЯРА́НЕЦ, бігарадзія,

кіслы або горкі апельсін (Citrus aurantium),

кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўд.-Усх. Азія. Завезены ў Міжземнамор’е арабамі ў 11 ст. і на працягу 5 ст. быў адзіным «апельсінам» у Еўропе. Культывуюць у субтропіках як прышчэпу для цытрусавых.

Вечназялёнае дрэва выш. да 10 м з шарападобнай густой кронай. Галіны і парасткі маюць буйныя калючкі даўж. да 6 см. Лісце эліптычнай формы. Кветкі буйныя, белыя, пахучыя, адзіночныя або ў суквеццях. Плады круглявыя, дыяметрам каля 7 см, аранжава-чырв. з кісла-горкай мякаццю, неядомыя. З пладоў атрымліваюць лек. сок і мармелад, з каляплодніка — памяранцавы эфірны алей, з кветак — алей «неролі» для духоў. Харч., лек., тэхн., дэкар. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)