ува́жлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які адносіцца да чаго‑н., робіць што‑н. з увагай (у 1 знач.). Уважлівы вучань. Уважлівы слухач. □ [Валік] быў уважлівы на ўроках, добра вучыўся, вызначаўся надзвычайнай акуратнасцю. Ваданосаў. [Мацей:] — Рыбак, браце, павінен быць кемлівы, уважлівы да ўсяго. Ляўданскі. // Які выказвае ўвагу (у 1 знач.); пільны. Уважлівыя вочы. □ Пакуль Ніна Пятроўна гаварыла,.. [Казімір] міжвольна акінуў яе ўсю ўважлівым позіркам. Краўчанка. // Які робіцца, выконваецца з увагай; старанны. Уважлівае вывучэнне матэрыялаў з’езда. Уважлівае назіранне за ростам раслін.

2. Які праяўляе ўвагу (у 2 знач.); чулы, клапатлівы. Трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў. Колас. Надзя была вельмі ўважлівая да брата, заўсёды адчувала і разумела яго перажыванні, супярэчнасці ў думках і імкненнях. Кулакоўскі. Цяпер Ніна ўжо не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівай і ласкавай. Шыцік.

3. Які можа быць прыняты пад увагу; дастатковы для апраўдання. Уважлівыя прычыны. Уважлівы довад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

філасо́фія, ‑і, ж.

1. Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1905 года.. выразна акрэслілі пазіцыю кожнага класа ў палітыцы, у філасофіі, у мастацтве. Ярош. Зажылі мы ўдвух у тым цудоўным пакойчыку, дзе было ўсё, што трэба культурнаму чалавеку: кнігі па філасофіі і вышэйшай матэматыцы, разборныя гантэлі, пра[йгравальнік]. Радкевіч. // Чыё‑н. філасофскае вучэнне. Філасофія К. Маркса. □ Марксісцка-ленінская філасофія дазваляе мастаку пранікаць у самыя глыбокія заканамернасці рэчаіснасці. Адамовіч.

2. Метадалагічныя прынцыпы, што ляжаць у аснове якой‑н. навукі, галіны ведаў. Філасофія права. Філасофія гісторыі.

3. Погляды, перакананне канцэпцыя. «Вайна. Што зробіш. Па вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі.. [Дымар] прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной. Шамякін.

4. Разм. іран. Абстрактныя, пустыя разважанні. Прырода — гэта... — Мікіта распачынаў сваю філасофію на некалькі дзён. Пташнікаў. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Бядуля.

[Грэч. philosophia ад philéō — люблю і sophia — мудрасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуллі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны ўспрымаць знешнія, фізічныя раздражненні. Чуллівыя нервы. // Які вызначаецца хваравіта павышанай здольнасцю ўспрымаць раздражненні. Адно вядома, што хвароба вельмі небяспечная, яна падкралася да самага чуллівага аргана — да мазгоў. Васілёнак. — У гэтых дваццаці яблынь мы наўмысна затрымліваем цвіценне, яны вельмі чуллівыя да замаразкаў. Стаховіч.

2. Кранальны, сардэчны, здольны выклікаць замілаванне, добрае пачуццё. Мы добра ведаем з біяграфіі У. І. Леніна аб яго вымушанай эміграцыі за мяжу, ведаем аб той чуллівай апошняй сустрэчы Уладзіміра Ільіча з маці ў Стакгольме. «ЛіМ». Вечарамі баян з пералівамі Ціха шэпча песні чуллівыя. Бураўкін.

3. Здольны тонка адчуваць, востра рэагаваць. На душы ў паэта, чуллівай заўжды, Кожны імпульс жыцця адгукнецца. Сэрца плача, смяецца, а трэба — тады І крывёю гарачай зальецца. А. Астапенка. Ад чуллівага дзіцячага сэрца не схаваеш фальшы. Краўчанка. Людзі з цяжкім лёсам ад гора не чарсцвеюць, а робяцца чуллівымі, вельмі спагадлівымі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шту́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Штурхаць каго‑н. А гэтае жарабятка ўжо на другі ці на трэці дзень свайго нараджэння пачынала хадзіць за Нямком, штурхацца мысаю ў спіну, браць у губы яго палец і смактаць. Кулакоўскі. // Штурхаць адзін аднаго. Спрасонку ўсе таўкліся, штурхаліся, тыцкаліся, як сляпыя. Грахоўскі. З Краснаярска адыходзіў параход. Штурхаўся, спяшаўся з клункамі народ. Шушкевіч.

2. перан. Разм. Знаходзіцца, быць дзе‑н. у цеснаце, таўкатні. Садзімся.. ў сваю машыну і едзем. Яно і добра. Не трэба ў тралейбусе штурхацца. Корбан. // Знаходзіцца, быць, бадзяцца дзе‑н. без асобага занятку, без мэты. І на другім «паверсе» Зіна таксама любіла штурхацца, прыцэньвацца да тавараў. Грамовіч. Ззаду ў нас пачуўся зычны вокліч: — Разыдзіцеся, грамадзяне! Няўжо ў вас спраў няма іншых, як штурхацца тут? Васілевіч.

3. Разм. Штурхаць што‑н. ці стукацца ў што‑н., імкнучыся прабіцца, пранікнуць куды‑н.

4. Зал. да штурхаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыпо́л ’ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі’ (ТСБМ, Мік., Мядзв., Шн. 2, Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., Растарг.; чэрв., Сл. ПЗБ; ТС), перан. ’калені’ (віл., іўеў., чэрв., Сл. ПЗБ), прыпо́лле ’прыпол’ (Гарэц., Байк. і Некр.; Мат. Гом.), пры́пал ’тс’ (Сл. ПЗБ), сюды ж лексемы, якія працягваюць адзначаную семантыку: прыпо́л, прыпо́лле ’аб’ём таго, што можна пакласці ў прыпол ці фартух’ (Нас.), ’мера пры куплі-продажы’ (Інстр. 3). Рус. при́по́л ’крысо адзення; падол’, ’крысо адзення, падол, у які што-небудзь пакладзена’, припо́л ’колькасць чаго-небудзь, якая змяшчаецца ў падоле’, укр. припі́л ’полка ці крысо адзення, згорнутая такім чынам, каб у іх можна было пакласці што-небудзь’, польск. przypole ’фартух’. Ад пры‑ і пала́, гл. Першапачаткова прыпо́л, магчыма, абазначаў пярэдняе палотнішча спадніцы, калі яе рабілі з чатырох нашытых частак, накшталт панёвы; гл., напрыклад, Малчанава, Мат. культ., 140 і наст. Гэта была частка, якая знаходзілася пры по́лах і выкарыстоўвалася, калі ў яе трэба было пакласці што-небудзь; адсюль і пазнейшыя пераносныя значэнні.

Прыпо́л2 ’частка сахі, перакладная паліца’ (Др.-Падб., Гарэц.), прыпо́лак ’паліца ў сасе’ (Бяльк.; вільн., узд., Сл. ПЗБ), пріпо́лок ’тс’ (петрык., ельск., Маш., Выг.). Рус. смал. припо́лок ’невялікая паліца; палічка ў сасе для лепшага адвалу зямлі’. Утварэнне ад паліца (гл.) з адсячэннем суф. ‑іца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дыва́н1 ’дыван, пакрывала на ложак’ (Сцяшк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах., Шатал.), ’дыван’ (БРС). Укр. дыял. диван ’дыван’. Запазычанне з польск. dywan ’тс’. У польск. мове гэта значэнне тыпова польскае (Слаўскі, 1, 187), таму і можна меркаваць аб запазычанні іменна з польск. мовы. Зыходным для гэтай групы слоў з’яўляецца тур. divan ’двор, рада, сход’ (< перс. divān; гл. Локач, 42). У польск. мове ’дыван’ < ’пакой, засланы дыванамі’ (Слаўскі, там жа, са спасылкай на Карловіча, Wyr. obce, 141). Рус. диван ’канапа’, чэш. divan ’нізкая канапа’ маюць некалькі іншую семантыку. Рус. слова, паводле Фасмера (1, 512–513) і Шанскага (1, Д, Е, Ж, 113), запазычана непасрэдна з франц. divan ’тс’ (< араб. < тур.-перс.). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 52.

Дыва́н2 ’мяккая мэбля на спружынах’ (Сцяшк.). Зыходзячы са значэння (параўн. дыва́н1), трэба лічыць гэта слова запазычаннем адносна новага часу з рус. дива́н ’канапа’ (аб рус. слове гл. пад дыва́н1).

Дыва́н3 ’дыван, дзяржаўная рада ў Турцыі; месца пасяджэнняў; збор арыентальных твораў’ (ТСБМ). Рус. дива́н, польск. dywan, чэш. divan, балг. дива́н і г. д. Зыходным з’яўляецца тур.-перс. divan (divān). Па паходжанню гэта слова ідэнтычнае з дыва́н1 (гл. там падрабязна аб гісторыі лексемы). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 112–113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жох1 ’прайдзісвет’ (ТСБМ). Рус. жох ’тс’. Улічваючы форму жег ’прайдзісвет’, якую Даль прыводзіць у гняздзе жечь, Шанскі (1, Д, Е, Ж, 296), як і Фасмер (2, 62), Праабражэнскі (1, 236), схіляецца да думкі пра сувязь з коранем жьг (гл. жога) і параўноўвае з прожженный, выжига, жиган. Хаця гэта этымалогія патрабавала б падтрымкі як у семантычных, так і ў фармальных адносінах, яна, магчыма, лепей, чым іншыя, напр., сувязь з жокер ’назва карты’ (< англ. ’падманшчык’) ці з цюрк. джок ’бядняк’ (Радлаў, Опыт, 4, 93), альбо шох ’цікавы, гуллівы, жартаўлівы’ (там жа, 1026). Гл. жох3.

Жох2 ’костка ў гульні’ (грозд., Нар. словатв., 269). Рус. дыял. жох ’адна са старон, палажэнне косткі ў гульні; сама костка; спіна, край’. Фасмер (2, 62), крытыкуючы няпэўную сувязь з жаць2, якую адзначыў Гараеў (111), недакладную паралель з польск. żoch ’страўнік’ (магчыма, з чэш. žock, žok < ням. Sack ’мех, мяшок’), выказвае нясмела думку пра магчымасць сувязі з жох1. Ці не трэба ўлічыць магчымасць сувязі з цюрк. джок, у некаторых мовах (напр., казах.) жок ’не, няма, згубленая рэч’ (Радлаў, Опыт, 4, 92–93)? Параўн. яшчэ Ціцэ (Tietze), Oriens, 10 (1957), 377.

Жох3 ’выклічнік, што ўказвае на раптоўнасць’ (полац., Нар. лекс., 26). Відаць, звязана з дзеяслоўным коранем *žьg‑ (гл. жага, жгаць). Параўн. укр. прожогом ’хутка, імкліва’. Гл. жох1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заві́даваць ’зайздросціць’ (Сл. паўн.-зах.), за́відкі, заві́дна (ТСБМ), завіду́шчы, заві́днік (Нас.). Рус. зави́довать, укр. зави́дувати, н.-луж. zawidowaś, макед. завидува ’зайздросціць’; параўн. польск. zawidzieć, чэш. záviděti, славац. závidiet, в.-луж. zawidźeć, славен. zavídeti, серб.-харв. за́видети, балг. завѝждам, завидя, макед. завиди ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. (у Скарыны) завидѣти ’зайздросціць’. Верагодна, прасл. zaviděti: za + viděti, адкуль бязафіксны наз. zavida. Паводле Шанскага (ЭИРЯ, 2, 130–132), ад завида і ўтворана завидовать, якое фіксуецца з 1675 г. Бел. дыял. дзеяслоў можа быць запазычаны з рус., але магчыма і ўласнае развіццё, на што ўказваюць іншыя прыведзеныя формы: завідкі, мн. л. формы з суф. ‑к‑а ад ст.-рус. завида, якое дало прыметнік завідны (Сл. паўн.-зах.), адкуль заві́дна, заві́днік, а таксама заві́длівы (Сл. паўн.-зах.). Форма завидѣти і падобныя тлумачацца ў Фасмера (2, 72), БЕР (1, 575), Скока (3, 567) з видѣти: іначай Махэк₂ (711–712), які бачыць тут кантамінацыю былога кораня *veid‑ (гл. від1) і *neid‑ (параўн. ням. neiden ’зайздросціць’), што пацвярджаецца недастаткова. Побач з тлумачэннем формы завидовать Шанскім (2, З, 17) магчымы і вывад яе з завидывать як мнагакратнай (параўн. видетьвидывать) ці імперфектыўнай (параўн. зачитатьзачитывать, гл. Вінаградаў, Русский язык, 1947, 502). Трэба ўлічваць пры гэтым замацаванне завидеть у значэнні ’ўбачыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́жаль ’валакно ачэсанага льну’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Грыг., Жыв. сл., Нар. сл., Доўн.-Зап. 2, Гарэц., Шн., Др.-Падб., Кліх, Мядзв., Гарб., Маш.). Укр. кужіль, рус. кужель ’тс’, балг. къжель, серб.-харв. ку̀жељ, славен. kožȇlj ’тс’, чэш. kužel ’тс’. Для прасл. kǫželь існуюць дзве асноўныя версіі яго паходжання. Першая — запазычанне з германскай крыніцы. Параўн. ст.-в.-ням. chonachla, chunchla, сяр.-в.-ням. kunkel, гал. konkil ’кудзеля’. Параўн. ст.-ісл. kǫngul‑, kǫngurváfa ’павук’, с.-в.-ням. kanker ’тс’, фінск. германізм kangas ’пража’, ст.-ісл. kingsa ’круціць кола калаўрота’. Калі на аснове гэтых паралелей рэканструяваць прагерм. kanga, kangula, kangela, можна сцвярджаць аб запазычанні з прагерманскай мовы прасл. kǫželь (Мартынаў, ВЯ, 1968, I, 129). Менш верагодным з’яўляецца паходжанне kǫželь < *krǫželь пад уплывам kǫdelь (Трубачоў, Ремесл. терм., 96–97). Каб прыняць гэту версію, трэба быць упэўненым, што kǫželь і kǫdelь рознага паходжання (гл. кудзеля), і да таго як узнікла kǫželь (< *krǫželь), kǫdelь ужо існавала. Гіпатэтычнае *krǫželь рэканструюецца на падставе зафіксаванага польск. krężel ’верацяно, конусападобная насадка на калаўроце’. Але гэту форму, якая знаходзіцца ў акружэнні форм без r, лягчэй вытлумачыць як такую, што ўзнікла пад уплывам семантыкі ’вярчэння’ (< krążyć). Параўн. укр. кужілка і кружілка ’калаўрот’. Такім чынам, мы мяркуем, што прасл. kǫželь < прагерм. kangela (Мартынаў, Слав. акком., 65). Параўн. Фасмер, 2, 401–402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буякі́ ’ягады Vaccinium uliginosum L.’ (Кіс.). Укр. буя́к ’тс’. Будзішэўска (Słown., 315), якая наогул запярэчвае існаванне супольных бел.-укр. архаізмаў, лічыць гэта слова пазнейшай бел.-укр. інавацыяй. Этымалогія слова не вельмі ясная. Сувязь з дзеясловам тыпу буя́ць ’буйна расці’ вельмі няпэўная і не знаходзіць абгрунтаванне ў апісанні расліны (гл. Мяркулава, Очерки, 223–225; Нейштадт, Определитель, 434–435). Хутчэй за ўсё трэба зыходзіць з дзеяслова тыпу бел. буя́ць буяніць, шалець’, укр. буя́ти ’тс’. Ягады буякоў выклікаюць ап’яненне, боль галавы і да т. п. Параўн. іншыя назвы буякоў: бел. п’яні́ца, галаваболь, дурнічнік, дурніцы і да т. п. (Кіс.), укр. болиголов, дурнопян, дурниця, дурнина, пияки і інш. (Макавецкі, Sł. botan., 389–390), рус. пьяница, серб.-харв. веселика (Сіманавіч, 488), ням. Rauschbeere, Trunkelbeere. Параўн. яшчэ бугаі́ ’тс’ (гл.). Сувязь з буя́к ’бык’ (гл.), калі такая ёсць (параўн. паралельную назву бугаі́), вытлумачыць цяжка. У іншых мовах бык выступае тут толькі ў складаных словах: ням. Ochsenklaiwern, Ochsentieke ’Vaccinium uliginosum’ (Марцэль, Pflanzennam., 5 (3), 395). Гл. яшчэ быкі ’буякі’. Іншая версія (Л. А. Малаш, вусн. паведамлю: параўн. дыял. назву буякоў — буйні́цы (ад бу́йны ’вялікі’), якая даецца гэтай ягадзе для адрознівання яе ад падобнай, але меншай чарніцы. Тады можна думаць пра паходжанне ад буя́ць ’буйна расці; станавіцца буйнейшым’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)