зямля́, -і́; мн. зе́млі, зяме́ль, Д зе́млям, ж.

1. (у тэрміналагічным значэнні — з вялікай літары). Трэцяя ад Сонца планета, якая круціцца вакол сваёй восі і вакол Сонца.

Месяц — спадарожнік Зямлі.

2. Суша (у адрозненне ад воднай або паветранай прасторы).

На гарызонце маракі ўбачылі зямлю.

Адрознівацца як неба ад зямлі (вельмі моцна, рэзка).

3. Глеба, верхні слой кары планеты Зямля, паверхня.

Апрацоўка зямлі.

Хадзіць па зямлі.

4. Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, што ўваходзіць у састаў кары нашай планеты.

З. з пяском і глінай.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім-н. уладанні, карыстанні.

Калгасная з.

Цалінныя землі.

6. Краіна, дзяржава (высок.).

Беларуская з.

|| памянш.-ласк. зяме́лька, -і, ДМ -льцы, ж. (да 3—5 знач.; разм.) і зямлі́ца, -ы, ж. (да 3—5 знач.; разм.).

|| прым. зяме́льны, -ая, -ае (да 5 знач.), земляны́, -а́я, -о́е (да 3 і 4 знач.) і зямны́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Зямельны ўчастак.

Зямельныя работы (работа па ўпарадкаванні насыпаў, каналаў і пад.). Зямны шар.

Зямная вось.

Зямны паклон — нізкі паклон як выказ глыбокай павагі, удзячнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ралля́ ’узаранае поле, узараная глеба, ворыва’, ’аранне, земляробства’ (ТСБМ, Мат. Гом., Яшк., Сл. ПЗБ), ’зямля, узараная другі раз’ (Смул.), ролья́ ’узаранае поле’ (ТС), райля́ ’ворыва’ (астрав., Сл. ПЗБ), ро́ля ’тс’ (Нас.), ст.-бел. ролья ’ніва, поле’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. рілля́ ’узаранае поле’, рус. дыял. ро́ля, ро́лья ’ворная зямля, поле’, польск. rola ’свежаўзараная зямля, поле’, в.-луж. rola, н.-луж. rola ’тс’, ’палаб. rühljaa, rülʼă, чэш. role ’поле’, славац. roľa ’узаранае поле, ніва’, славен. (o)ralje ’аранне, узаранае поле’, харв. дыял. ràla, серб. раља ’тс’. Мяркуецца праславянская семантыка ’зямля прызначаная пад ворыва і засеў’ і адпаведна ўтварэнне ад *o‑ra‑ti пры дапамозе суф. ‑lьja > *orlьja (Слаўскі, SP, 1, 106; Сэндзік, Prasł., 74–75), хаця больш імаверна значэнне выніку дзеяння, г. зн. ’зямля, якую ужо ўзаралі’. Гл. Брукнер, 462; Фасмер, 3, 498; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; Куркіна, Этимология–1998–1999, 82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, якія ствараюцца для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбнасцей грамадства. Дасягненні навукі і тэхнікі. Развіццё тэхнікі ў перыяд навукова-тэхнічнага прагрэсу.

2. зб. Машыны, механізмы, прыборы, апаратура, прылады той ці іншай галіны вытворчасці. Будаўнічая тэхніка. Сельскагаспадарчая тэхніка. □ Як толькі пачала вызваляцца з-пад снегу глеба, выйшла ў поле тэхніка. «Звязда». // Сукупнасць зброі, сродкаў радыёлакацыі і пад., што маюцца на ўзбраенні арміі. Ракетная тэхніка. // Сродкі невытворчага прызначэння, якія абслугоўваюць бытавыя, камунальныя, навукова-даследчыя, медыцынскія, спартыўныя, культурныя і пад. патрэбы. Тэлеінфармацыйная тэхніка. Тэхніка спартыўных комплексаў.

3. Сукупнасць прыёмаў, навыкаў, якія прымяняюцца ў якой‑н. галіне дзейнасці або мастацтве. Жывапісная тэхніка. Тэхніка ігры на фартэпіяна.

•••

Тэхніка бяспекі — сістэма тэхнічных сродкаў і прыёмаў работы, якія ствараюць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Ядзерная тэхніка — галіна тэхнікі, якая ахоплівае выкарыстанне ядзернай энергіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лёгкі, лёхкі, лёккі, лёкі, лёгкый ’няцяжкі, лёгкі вагою’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС), ’тс’, ’негарачы (дух)’ (Ян.), ’немарозны, адліжны’, вільн., драг., воран. ’рухавы, імклівы’, в.-дзв., драг. ’свежы (пра паветра)’, чыж. ’немудрагелісты, нескладаны’ (Сл. паўн.-зах.), лёгка ’спакваля, патроху, паступова’, лігусенькі, легутэнькі, лёгенькі (Нас.), драг. лёхка зымня́глеба на нізкіх, балотных мясцінах’ (Клім.), сувалк. lgniusce ’грузкі луг’. Укр. легкий, рус. лёгкий, лёккой, ст.-рус. льгъкый, легкыи, польск. lekki (lejki, letki, lehki, lefki), малапольск. lęki, палаб. lʼåtʼȇ, н.-луж. lažki, ležki, устар. letki, leki, в.-луж. lochki, lohki, lóžki, чэш. lehký, lechký, lefký, lʼevký, славац. ľahký, ľächkí, ľėki, славен. láhek, lahèk, lahāk і lágek, lagȃk, legák, серб.-харв. ла̏к, чак. ла̏гак, ла̏јк, кайк. legek, lehkek, макед. лек, лʼек, лък, балг. лек, лък, лечок ж. і н. р. ленка, ленко, ст.-слав. льгъкъ, лькъкъ, ц.-слав. льхъкъ. Прасл. lъgъkъ ’лёгкі, з малой вагой’, ’няцяжкі’, роднаснае з лац. levis, літ. leñgvas, лат. liêgs, ст.-інд. laghuṣ, raghúṣ, авест. raɣu‑, пракельц. *lag‑i̯os. Спіс літаратуры гл. Слаўскі, 4, 129–132; Фасмер, 2, 473–474. Сюды ж лёгкота, легкота́ ’лёгкасць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пол1 ’сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы’ (ТСБМ). З рус. пол < ст.-слав. полъ ’sexus’ (Фасмер, 3, 306). Да паў-, палова (гл.); тыпалагічныя ўгра-фінскія паралелі: мард. pola ’жонка’, вод. pal ’палова; муж або жонка’ (Бяднарчук, Stosunki, 107, з літ-рай) не даюць падстаў лічыць запазычаннем.

Пол2 ’палаткі, нары’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), по́лік ’нары’ (Юрч. СНЛ), ’ляжанка’ (ТС), мн. л. по́лы ’высокі памост у лазні, на якім парацца’ (Сцяшк. МГ). Укр. піл ’падлога’, рус. пол ’тс’, ’зямля’. Прасл. *polъ ’дошка’. Роднаснае ст.-інд. phálakam ’дошка, планка’, ст.-ісл. fjol ’тс’ (Фасмер, 3, 306). Чарных (2, 50), як вартую ўвагі, прыводзіць версію Пагодзіна, які выводзіў полъ ад *podlъ (прасл. *podъ ’ніз, аснова, дно’, гл. под), што, магчыма, пацвярджаецца значэннямі пол ’ніз (у супрацьлегласць верху), зямля, глеба, дно ракі, возера’, параўн. выраз до пола́ ’датла, дашчэнту’ (ТС).

Пол3 ’полымя’ (смарг., Сл. ПЗБ), мн. л. полы ’тс’: по́лы шугаюць (у печы) (ашм., Стан.). Лакальны наватвор на аснове каранёвай часткі дзеясловаў тыпу по́лаваць ’палаць’ (Сцяшк. Сл.), пола́ць ’палаць, гарэць полымем’ (ТС), што ўзыходзяць да праслав. *polti ’гарэць’, гл. полымя, палаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пусты́ня ’бязлюдная і бязлесная прастора’ (ТСБМ, Варл.), ’пусташ, няўдобіца, неўрадлівае поле’ (ЛА, 2; ПСл; бялын., Мат. Маг.; Ян., Жд. 1), ’некранутая мясціна’ (ТС), ’няўгноенае поле; пустыр’ (Сл. ПЗБ), ’хата, у якой не жывуць’ (ПСл); ’пусты, несур’ёзны, распушчаны чалавек’ (пін., Нар. лекс.; Жд. 1), ’негаспадарлівы чалавек, пустадомак’ (ПСл, Нас., ТС), ’лгун, балбатун, жартаўнік’ (Варл.; паст., глыб., Сл. ПЗБ), ’воўк, звер’ (Бяльк.), ’пушча’: Царскія палацы оставил еси / Густую пустыню возлюбил еси (рэч., Груз.), пусты́нь ’неўрадлівая глеба’ (бярэз., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пусти́ня ’бязлюдная мясціна; глупства’, рус. пусты́ня ’бязлюдная мясціна’, польск. pustynia ’бязлюдная мясціна, пустка’, чэш. pustina ’пусташ’, в.-луж., н.-луж. pusćina ’бязлюдная мясціна’, славен. pustínja ’пустое, бязлюднае месца’, серб.-харв. пу́стиња ’тс’, балг. пусти́ня ’вялікая прастора з беднай расліннасцю; пракляцце’, макед. пустина, пустиња ’тс’, ст.-слав. поустыни ’бязлюддзе’. Прасл. *pustynji ад прыметніка *pustъ, гл. пусты ’дзікі, бязлюдны’; паводле Жуйковай (Беларусіка, 19, 103), архаічным было і ацэначнае значэнне ’паганы’, адлюстраванае, напрыклад, у пусты́ня ’воўк’ і балг. дыял. пусти́ня ў адносінах да жывёлы: “Зашто биеш кравата?”. А она ре́кла: “Зашто да е не бием таӑ пустин’а” (Сб.НУ, 38, 56).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іл1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.

Іл2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гразь, ‑і, ж.

1. Вязкая, размяклая ад вады глеба. Непралазная гразь. □ Кажуць: вясной бочка вады — лыжка гразі, а ўвосень лыжка вады — бочка гразі. З нар. Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Чарнышэвіч.

2. толькі мн. (гра́зі, ‑яў). Марскі або азёрны іл, які мае лекавыя ўласцівасці. Лячыцца гразямі.

3. Разм. Бруд, нечыстоты. Лазняў болей — больш здароўя, Гразь жа нам нясе хваробу. Крапіва. У хату.. [Якіма] хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. Колас.

4. перан. Разм. Пра што‑н. ганебнае, подлае, нізкае. Ганна сэрцам тут пачула Гразь душы яго і бруд. Колас. З усходу вецер-буралом Змятае гразь на сваім шляху. Купала.

•••

Абліць граззю гл. абліць.

Выцягнуць з гразі гл. выцягнуць.

Зарасці граззю гл. зарасці.

Затаптаць у гразь гл. затаптаць.

Змяшаць з граззю гл. змяшаць.

Не ўдарыць (не упасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.

Як гразі чаго — вельмі многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сухапа́р (сухопа́р) ’тушаная бульба’ (ПСл), сухо́парка ’бульба, звараная ў лушпінах; чышчаная вараная бульба’ (стол., ЖНС), сухапа́рнікі ’смажаная бульба, парэзаная скрылькамі’ (брагін., З нар. сл., Ян.), сухопэ́рка ’бульба, звараная з лушпінамі’ (Сл. Брэс.), сухапа́рым ’без вады, гарачым паветрам’ (Бяльк.), сухапа́рам ’хутка’ (Сл. Брэс.), ’недарэчна’ (Мат. Маг.), сухо́паркам, сухо́парком ’сухама (усухамятку)’ (Сл. Брэс.), сухо́парком ’тс’ (кобр., Нар. лекс.), ’без рошчыны, без заквашвання’ (драг., З нар. сл.), сухопа́ры ’худы’ (Сцяшк. Сл.), сухапа́рная лазня ’гарачыня без вады’ (Варл.), сухапа́рнік ’частка паравога катла’ (ТСБМ), ’адстойнік для малака’ (Жд. 3). Укр. палес. сухопа́рам ’нечакана, хутка, спехам’, рус. сухопа́рый ’хударлявы, худы’, чэш. suchopár ’месца, выпаленае насуха’, славац. ’сухая, неўрадлівая глеба’, чэш. дыял. suchoparný ’туберкулёзны’, серб.-харв. sȕhoparan ’непрыпраўлены, без прыпраў, просты’, макед. сувопарен ’сухі, нудны’. Відавочна, да сухі і па́рыць (гл.), параўн. Варбат, Слав. языкозн., V, 116–117; прасл. *suxoparъ(jь) з развіццём семантыкі ’замяшаны, зроблены ўсухую (без вады, без прыпраў, без заквашвання)’ → ’худы (чалавек)’ → ’хуткі’, ’нудны’, гл. Варбат, Морфон., 60–61, дзе на аснове бел. сухо́паркам ’без заквашвання, без рошчыны’ другая частка гэтага слова суадносіцца з *pьrati (гл. праць) з падаўжэннем кораня менавіта ў спалучэнні, чаму няма падстаў. Параўн. яшчэ Трубачоў (Фасмер, 3, 814), які рус. сухопа́рый выводзіў ад сухо‑ і пар. Відаць, тут адбылася генералізацыя першаснага значэння ’звараны (смажаны) без прыпраў, посны, нішчымны, без вадкасці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зямля́ 1, ‑і; мн. землі, зямель, Д землям; ж.

1. Трэцяя ад Сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй восі (з вялікай літары). Месяц — спадарожнік Зямлі. // Месца жыцця і дзейнасці чалавека (пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў, ідэй). Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй. Колас.

2. Суша (у адрозненне ад воднай прасторы). На гарызонце маракі ўбачылі зямлю. □ Песня перамогі На зямлі, на моры — Спадарожнік твой. Колас.

3. Верхні слой кары нашай планеты; глеба, грунт. Зямля пачала прыкметна .. сохнуць. Мележ. // Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, якое ўваходзіць у састаў нашай планеты. Перамяшаць торф з зямлёй. □ Твар.. [кабеты] быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй быў таксама ў зямлі. Чорны.

4. Паверхня, плоскасць, на якой мы стаім, па якой рухаемся. [Салдат] ішоў як бы не датыкаючыся зямлі. Самуйлёнак.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, карыстанні; глеба, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах. Калгасныя землі. Нацыяналізацыя зямлі. Асваенне новых зямель. □ Зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш. Прыказка.

6. Краіна, дзяржава. За мора, за сіні круты небакрай Лятуць мае думкі цяпер: Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край — Святая зямля СССР. Глебка. Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ужо колькі тысяч год стаіць магіла: У гаршку насення жменю там знайшлі. Багдановіч.

•••

Інфузорная зямля — горная парода, якая складаецца з рэштак водарасцей.

Культурны слой зямлі гл. слой.

Сіенская зямля — цёмна-жоўтая фарба, якая скарыстоўваецца ў жывапісе; сіена.

Ад зямлі не відаць гл. відаць.

Бачыць (на тры сажні) пад зямлёй гл. бачыць.

Гарыць зямля пад нагамі у каго — пра небяспечнае, пагрозлівае становішча для каго‑н.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатоў.

Глядзець у зямлю гл. глядзець.

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі гл. дастаць.

Загнаць у зямлю гл. загнаць.

За трыдзевяць зямель гл. трыдзевяць.

З зямлёю (сырою) ажаніцца гл. ажаніцца.

Змяшаць з зямлёй гл. змяшаць.

Зраўняць з зямлёй гл. зраўняць.

Зямлёю пахнуць гл. пахнуць.

Калом яму зямля — ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку.

Легчы ў зямлю гл. легчы.

На край зямлі гл. край.

Не чуць зямлі пад сабой (над нагамі) гл. чуць.

Паміж небам і зямлёй гл. неба.

Парыць зямлю гл. парыць.

Праваліцца мне скрозь зямлю гл. праваліцца.

Пуп зямлі гл. пуп.

Соль зямлі гл. соль.

Сцерці (змесці) з твару зямлі гл. сцерці.

Сядзець на зямлі гл. сядзець.

Траціць зямлю пад нагамі гл. траціць.

Як з (з-пад) зямлі вырасці (з’явіцца) гл. вырасці.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла каго — пра подлага, шкоднага чалавека.

Як неба ад зямлі гл. неба.

Як неба і зямля гл. неба.

Як скрозь зямлю праваліўся гл. праваліцца.

зямля́ 2, ‑і, ж.

Даўнейшая назва літары «з».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)