Аско́р ’ачыстка ствала ад кары’ (Сцяшк.). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *аскарыць, *аскараць, што павінен быў азначаць ’ачышчаць ад кары’; блізкі дзеяслоў вядомы ў польскай oskórować ’здымаць скуру; забяспечваць скураным пакрыццём’, аднак генетычна зразумела толькі другое значэнне, якое надаецца пры ўтварэнні дзеясловаў паводле мадэлі о‑ + корань назоўніка + ‑ити са значэннем ’прыдаць тое, што выражана назоўнікавым коранем’ (параўн. аснасціць, ашкліць). Для першага значэння больш характэрна выкарыстанне прэфікса ‑ад (параўн. і польск. odskórzanie ’здыманне скуры’). Пры замацаванні зафіксаванай дыялектнай формы з а‑, а не ad‑, магчыма, мела значэнне наяўнасць элемента ‑c‑, які ўспрымаўся не як частка кораня (што атаясамліваўся з кара, кор‑, а не з скор‑), а як прэфіксальны элемент з‑ (с‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахало́на ’прахалода, ахаладжэнне’ (лід., Крывіч, 12, 111). Разам з ахалонуць ’астыць’ (КТС), укр. охолонути, рус. маск. охолонуть, польск. ochłonąć ’стаць халодным’ і ’прыйсці да сябе’ (апошняе з XVIII ст., раней ochłodnąć) ад *o‑xold‑nǫ‑ti, параўн. халодны; звычайна ахалода ’прахалода, ахаладжэнне’, ахаладзець ’стаць халодным’ (Яруш.), ахаладаць ’астыць’ (Янк. III), ахалодаць (Сцяшк., Сцяц.) ад халадзець, халадаць, гл. холад. Аб прадуктыўнасці словаўтваральнай мадэлі ў старабеларускай мове гл. Суф. словообраз. сущ. в вост.-слав. яз. XV–XVII вв. М., 1974, 193; адносна дзеясловаў на ‑ну‑ гл. Трубачоў, Проспект, 16; Эндзелін, РФВ, 18 (1912), 370–372; Сіталаў, Вестник ЛГУ, 20 (1961), 89; Штурм, ZfSl, 8 (1963), 496 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўту́ха1 ’жоўтая афарбоўка скуры, вочных склераў і г. д.; хвароба, што яе выклікае’. З рус. желтуха ’тс’ або паралельна з ім. Параўн. укр. жовтяниця. Сцяцко (Афікс. наз., 124) адзначае непрадуктыўнасць тыпу назваў хвароб, прычым краснуха, відаць, утворана там, дзе красн.‑ азначала ’чырвоны’, таму трэба лічыцца з рус. уздзеяннем. Параўн. іншую назву гэтай хваробы жаўтачка (< польск.). Шанскі (1, Ж, 282) лічыць желту́ха ўласна рус. утварэннем, а бел. < рус.

Жаўту́ха2 ’грыб зялёнка, Tricholoma flavovirens’ (Мат. Гом.), жовтушка ’нейкі ядомы грыб’ (камян., Жыв. сл., 188). Ад прыметніка жоўты (гл.) з суфіксамі ‑уха ці ‑ушка паводле пашыранай мадэлі назваў раслін, у тым ліку грыбоў (Сцяц., Афікс. наз., 124, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казі́цца ’нараджаць казлянят, прывесці прыплод’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл., 60). Рус. зах.-бран., цвяр., калін. козиться, серб.-харв. kòziti, kòziti se, макед. кози се, балг. дыял. кози, кози се ’тс’. Нягледзячы на супадзенне форм дзеяслова ў незалежных арэалах, нельга меркаваць аб старажытным паходжанні слова, паколькі не выключаецца адносна позняе ўтварэнне па вядомай мадэлі. Аднак аргументаў на карысць позняга паходжання слова таксама няма. Архаічны характар утварэння можна пацвердзіць літ. ožinótis, ožkúotis у тым жа значэнні, што і слав. лексемы. Гэта дазваляе прапанаваць прасл. рэканструкцыю: koziti (sę) для разглядаемага слова са значэннем ’нараджаць казлянят’. Значэнне ’прывесці прыплод’ (у Бялькевіча) можна разглядаць як другаснае; больш ясна такое значэнне развіваецца ў дзеяслова каціцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кала́ндыш ’целяпень, непаваротлівы чалавек’ (івац., Нар. сл.). Фармальна як быццам бы няма пярэчанняў супраць таго, каб суаднесці з каланда́ (гл.), для якога можна рэканструяваць значэнне ’кашалёк, каліта’. Параўн. да семантыкі бел. дыял. капшук ’мяшочак (для тытуню і інш.)’ і ’жывёла, якая многа наядаецца’. Гэту версію, аднак, нельга лічыць задавальняючай (словы адзначаны ў розных гаворках, семантыка каланда не вельмі ясная, няма надзейных прыкладаў прапанаванай намі семантычнай мадэлі ’тоўсты кашалёк’ — ’целяпень’). Больш пэўна суаднесці каландыш і карантыш, мяркуючы мену плаўных і азванчэнне зычнага. Не выключана, што гэтыя змены — вынік пранікнення слова ў іншыя гаворкі, унутраная форма не асэнсоўваецца і таму пачынаюцца фармальныя змены. Аб далейшай этымалогіі гл. карантыш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́параць ’шматгадовая травяністая расліна аддзела папарацепадобных’, па́паратнік. Агульнаславянскае: рус. па́пороть, па́поротник, укр. па́пороть, ст.-рус. папороть, польск. paproć, серб.-харв. па̏прат і г. д. Прасл. paportь. Роднасныя ў і.-е. мовах: літ. papártis, papartỹs ’папараць’, лат. papar̂de, paparkste, paparksts ’тс’, ст.-інд. parṇám ’крыло, пяро’, авесц. parena — н. р. ’крыло, пяро’, ст.-в.-ням. faru ’папараць’, ірл. raith ’тс’ (*prati‑) (гл. Траўтман, 206; Мейе–Эндзелін, 3, 80; Фасмер, 3, 202; Махэк, Jména rostl., 32). Аналагічная семантыка ў грэч. πτερίς ’папараць’ < πτερόν ’крыло’, параўн. яшчэ літ. spar̃nas, лат. spárns ’крыло’, ст.-слав. перѧ ’лячу’. Мяркулава (Очерки, 118), падкрэсліваючы ўстойлівасць семантычнай мадэлі ’пяро’ — ’папараць’, указвае яшчэ на рус. дыял. па́пороток ’крыло птушкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плошчадзь, плошчадь ’плоскае, роўнае месца’ (стаўб., Прышч. дыс.; шальч., кобр., беласт., Сл. ПЗБ). З рус. площадь, якое з прасл. *plosk‑ědь (Фасмер, 3, 287); Пізані (Этимология–1956, 69) лічыць слова выключна ст.-слав., адкуль яно трапіла ў ст.-рус., утвораным ад плоскъ на аснове суадносін паміж ст.-грэч. πλατεῖα < πλατύς ’шырокі, плоскі’, г. зн. адносна позняй слав. калькай, што, на яго думку, пацвярджаецца і адносна рэдкім і ’непадыходзячым” суфіксам ‑ę-dь насуперак яму Аткупшчыкоў (Из истории, 161–163) падкрэслівае славянскасць словаўтваральнай мадэлі на *-ę-dь. Хутчэй за ўсё, праславянскі дыялектызм ад *ploskъ (гл. плоскі), утвораны пры дапамозе прадуктыўнага суфікса -ědь, траўм, роўнядзь і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буракі́1 (мн.) ’страва, прыгатаваная з буракоў’ (Інстр. I, Жд., Шат., Сцяц., Сцяц. Нар.), буракі́ ’тс’ (Касп.). Спецыяльнае ўжыванне мн. ліку ад бура́к (гл.) для абазначэння стравы (суп з пакрышаных буракоў). Падрабязна гл. Сцяц. Нар., 42–43. Чэкман (Baltistica, VIII (2), 1972, 153) лічыць, што бел. слова ўтворана па літоўскай мадэлі (параўн. літ. burõkai ’боршч’, kopū̃stai ’капусняк’).

Буракі2 ’складкі ў халявах ботаў’ (Шн.). Рус. дыял. бура́к ’халявы; кошык з бяросты’. Словы, якія не маюць пэўнай этымалогіі. Фасмер (1, 243), як відаць, лічыць значэнне кошык з бяросты’ першасным (у гэтым значэнні рус. бура́к, мабыць, запазычанне, але дакладная яго крыніца невядомая; указвалі на швед., італ. і чув. мовы; агляд версій гл. Фасмер, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухадо́л ’бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Яруш., Бяльк., Касп.), ’сенажаць на нізкім, але сухім месцы’ (БРС), ’роў з крутымі берагамі, які ўтварыўся ад веснавых вод’ (слаўг., шчуч., Яшк.), ’нізкае месца, якое заліваецца вясной; у іншую пару года звычайна сухое’ (усх.-палес., Талстой, Геогр.), ст.-бел. суходо́лъ ’сухая даліна, сухое нізкае месца’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суходо́л, суході́л, рус. суходо́л ’тс’. Да сухі і дол (гл.). Талстой (там жа, 129) адзначае нехарактэрнасць складаных слоў з першым элементам сух‑ для сучасных заходніх і паўднёвых славянскіх моў, параўн. славен. suhi dol, suha struga, але дадзеныя тапанімікі сведчаць аб існаванні аналагічнай словаўтваральнай мадэлі, параўн. славен. Suhodol, Suhodolnik.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыта́н1 ‘бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа’, перан. ‘чалавек вялікага таленту, надзвычайнага розуму’ (ТСБМ), ст.-бел. титанъ ‘тс’. Паходзіць ад ст.-грэч. Τιτάν (ад τιτώ ‘сонца, дзень’) (Арол, 4, 73; ЕСУМ, 5, 575). Запазычана ў сучасную мову, хутчэй за ўсё, праз польск. tytan ‘тс’.

Тыта́н2 ‘хімічны элемент’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з ням. Titan, названы так ад н.-лац. Titanium вынаходнікам М. Клапротам паводле распаўсюджанай мадэлі хімічных тэрмінаў, параўн. ст.-грэч. Τιτάν ‘сын Урана і Геі’ і uranium, гл. уран (Арол, 4, 74).

Тыта́н3 ‘вялікі кіпяцільнік’ (ТСБМ). Назва ўзнікла як фабрычная марка, у якой адлюстравалася ідэя магутнасці (параўн. тытан1). З рус. тита́н ‘тс’ (Арол, 4, 74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)