Кацёлка ’драўляны кружок, круг’; ’драўлянае кола, якое качаюць дзеці дзеля забавы’; ’усё, што нагадвае сабой круг, кола’ (ТСБМ, БРС), таксама ’круг на навоі, які стрымлівае ніткі, каб не рассоўваліся’, ’шапка сланечніка’ (Бяльк.). Сюды ж, відавочна, качу́лка (Касп.), кацю́лька ’круглы кусок палкі, якая падкладваецца пад вілы, каб лягчэй падаць у печ гаршчок’. У Нас. каце́лка ’плоская акругленая дошчачка для катання, для дзіцячай гульні’, каце́ль ’коўзанка’; ’вырубленае з лёду круглае сядзенне, на якім катаюцца’. Утварэнне ад дзеяслова *kotiti ’каціць’ або *katati ’катаць’ суфіксам *‑elь. Адносна словаўтварэння параўн., напр., прасл. *kotelь — фармацыя на ‑*elь ад дзеяслова *kotiti (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 199–200). Кацёлка і інш. утвораны, відаць, па гэтай мадэлі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)