Каланда́ ’невялікая колькасць чаго-небудзь’ (Мат. Маг.). Няясна, няма ўпэўненасці ў дакладнасці дэфініцыі, параўн.: «Ні падзелюць ужо калынду тую, сьмех ажно бярець» (с. 41). Відаць, слова непасрэдна суадносіцца з рус. ярасл. каланда ’багацце’, бран. каландить ’эканоміць’. Мяркуючы па рус. ярасл. каланду набить ’разбагацець’, прыведзеныя вышэй значэнні з’яўляюцца другаснымі, а першаснай была семема ’кашалёк, каліта’. На той жа рус. тэрыторыі зафіксавана калама ’кашалёк з грашыма, каліта’; на жаль, яно таксама няяснае. У разглядаемым слове ‑н‑, відаць, другаснае; пры такім дапушчэнні, магчыма, з тат. kalta ’кашалёк’. Не выключана (і прыклад з бран. тэрыторыі гэта як быццам пацвярджае), што слова распаўсюджвалася з бел. гаворак (вядома, што ў Яраслаўскай вобласці ёсць перасяленцы з Магілёўшчыны), аднак унікальнасць бел. слова не дазваляе сцвярджаць гэтага з упэўненасцю.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)