Пры́кры, пры́крый, прі́крый, пры́клы ’непрыемны, брыдкі; крыўдны; надакучлівы, нязносны; прытарны, агідны; нясмачны’ (Нас., Нік. Очерки, Бес., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ; смарг., шальч., баран., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС, ЛА, 3), пры́кра ’непрыемна, брыдка; крыўдна; надакучліва, нязносна; прытарна, агідна’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Нік. Очерки, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Бяльк., ТС), ’горка’ (Байк. і Некр.), прі́кра ’прыкра; горка’ (Бяльк.). Сюды ж з іншымі архаічнымі значэннямі: пры́кры ’стромы (бераг)’ (Мат. Гродз., Сцяшк.), пры́кры, пры́крый ’абрывісты, круты (бераг)’ (лід., іван., пін., Сл. ПЗБ; ЛА, 2, ТС), прэ́кры, прэ́крый ’круты, стромкі (пра бераг)’, прэ́кро ’крута, стромка’ (Сіг., ЛА, 2). Таксама сюды ж вытворныя назоўнікі і дзеясловы, якія захоўваюць семантыку прыметнікаў: пры́красць, прікрысь, прікрысць ’непрыемнае пачуццё, непрыемнасць’ (Нік. Очерки, Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), пры́кросць ’прыкрасць, непрыемнасць’, ’круцізна, абрывістасць’, прыкрэ́ц ’круты бераг’ (ТС), са стратай каранёвага ‑р‑ пры́кун ’круты бераг’ (Мат. Гродз.); пры́крыць ’надакучваць; назаляць; рабіцца прытарным, агідным’ (Нас., Нік. Очерки, Байк. і Некр.), прыкрэ́ць ’рабіцца прытарным, больш салодкім’ (Нас.), прі́кріцца ’апрыкрыць, надакучыць’ (Бяльк.), пры́крыць ’рабіць непрыемнасці’ (ашм., Сл. ПЗБ); ст.-бел. прикрии, прыкрыи ’круты’, прыкрыи ’непрыемны’, прикритство ’строгасць, жорстскасць’ (Сл. Скарыны). Параўн. укр. при́крий ’непрыемны; моцны, надзвычайны; рэзкі (пра колер); злы; круты; стромы’, рус. дыял. при́крый ’прытарны’, ’цяжкі, недаступны, недасягальны (пра шлях, работу і пад.)’, польск. przykry ’прыкры, аскомісты’, чэш. příkrý, славац. príkry ’прыкры, брыдкі, непрыемны, аскомісты, востры’. Узыходзіць да прасл. *prikrъ(jь) ’круты; востры, горкі; непрыемны; рэзкі і г. д.’, якое калі не спрадвеку было полісемічным, то набыло шэраг значэнняў (аб якіх падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1983, 43–45; тут таксама крытычны агляд папярэдніх версій і аналіз семантыкі) даволі рана, што, безумоўна, можа быць звязана з патэнцыяльна невычэрпнай семантыкай і.-е. *qer‑ ’рэзаць’, да якога (з прэфіксам pri‑) праславянскае слова ўзводзіў яшчэ Петарсан (гл. Фасмер, 3, 364; Пятлёва, там жа). Іншыя версіі (Міклашыч, 264; Голуб-Копечны, 301; Махэк₂, 493) падаюцца пэўнымі ў значна меншай ступені. Кюнэ (Poln., 89) па лінгвагеаграфічных прычынах лічыў польскім запазычаннем у беларускай мове, што не мае падстаў у сувязі з народным характарам слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дрэнны, благі, кепскі, паганы, нядобры, недабраякасны, нізкаякасны, нездавальняючы, адмоўны, ад'емны, няважны, несамавіты, непахвальны, нікчэмны, няспраўны, недасканалы, непрыгодны, няўдалы, бракаваны, бракоўны, заляжалы; ліхі, паскудны, паршывы, лядачы, лядайкі, лядашчы, задрыпаны, неважнецкі, нецікавы, незайздросны, нялюдскі, нягодны, нягожы, негадзівы, нікудышны, ерундоўскі, марны, плёвы, ахаўскі, тандэтны (разм.); злы (абл.); слабы, бездапаможны, няспелы, пракляты, апошні, сабачы, чартоўскі, д'ябальскі (перан.) □ на нізкім узроўні, нічога не варты, нікуды не варты, грош цана, нуль цана

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Расама́ха1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkas ’пачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос‑ (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дух

1. в разн. знач. дух, род. ду́ху м.;

абсолю́тный дух филос. абсалю́тны дух;

2. миф. дух, род. ду́ха м.;

злой дух злы дух;

в ду́хе чего́-л. у ду́ху чаго́е́будзь;

ни слу́ху ни ду́ху ні слы́ху ні ды́ху, няма́ і по́чуту;

быть в ду́хе быць у гумо́ры (у настро́і);

быть не в ду́хе быць не ў гумо́ры (не ў настро́і);

во весь дух на ўсю моц, як мага́;

чу́ять дух дух чуць;

па́дать ду́хом па́даць ду́хам;

не хвата́ет ду́ху не хапа́е ду́ху;

как на духу́ як на спо́ведзі;

что́бы ду́ху твоего́ здесь не́ было каб ду́ху твайго́ тут не было́;

в здоро́вом те́ле здоро́вый дух у здаро́вым це́ле здаро́вы дух;

подня́ть дух падня́ць дух;

дух вре́мени дух ча́су;

дух захва́тывает дух займа́е;

тяжёлый дух ця́жкі дух.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дух, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Псіхічныя здольнасці; свядомасць. У здаровым целе здаровы дух. □ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць. Колас. // У матэрыялістычнай філасофіі — свядомасць як асобая ўласцівасць высокаарганізаванай матэрыі. Маркс і Энгельс, утрымаўшы думку Гегеля аб вечным працэсе развіцця, адкінулі прадузяты ідэалістычны погляд; звярнуўшыся да жыцця, яны ўбачылі, што не развіццё духу тлумачыць развіццё прыроды, а наадварот — дух трэба растлумачыць з прыроды, матэрыі... Ленін. // У ідэалістычнай філасофіі — нематэрыяльная першааснова ўсіх рэчаў і з’яў. // Па рэлігійных поглядах — бессмяротная нематэрыяльная, боская першааснова ў чалавеку; тое, што і душа. Дух у забойцы — чорная сажа... Колас.

2. ‑у. Унутраны стан, настрой, маральная сіла чалавека ці калектыву. Дух войска. Упадак духу. Пад’ём духу. □ Як ні шкадаваў дзед стрэльбу, але каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кінуўся ў рогат. Лынькоў.

3. ‑у. Характэрныя ўласцівасці, сутнасць, унутраны сэнс чаго‑н. Дух закону. Дух новага жыцця. // чаго або які. Настрой, тое, што вызначае склад думак, паводзіны. Ваяўнічы дух. Дух супярэчнасцей.

4. ‑а. У міфалагічных і рэлігійных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота, якая прымае ўдзел у жыцці прыроды і чалавека. Добры дух. □ Я верую ў духа, З якога дапамогай Намераў гэтак многа. Крапіва. Вольны я, бы дух палёў. Колас.

5. ‑у, Разм. Дыханне. Перавесці дух. □ «Валодзя-а-а!».. — крыкнуў я з вярбы, але вецер забіў мне дух. Бажко.

6. ‑у. Разм. Паветра. Праколаная камера спускала дух. Ермаловіч. // Гарачае паветра або пара (у печы, у лазні). Паставіць гаршчок у дух. Даць больш духу.

7. ‑у. Разм. Пах. [Капусту] засыплюць соллю з чорным кмінам І зоркамі чырвонай смачнай морквы, Там-сям антонаўку для духу кінуць. Караткевіч. [Клопікаў] старанна выпрасаваў свае лепшыя уборы і, каб перабіць моцны нафталінавы дух ад іх, спляжыў на с[урдут] цэлую бутэлечку адэкалону. Лынькоў.

8. у знач. прысл. ду́хам. Разм. Хутка, мігам. Марцін на двор імчыцца духам І зараз зноў сюды ідзе. Колас.

•••

Адным духам — тое, што і адным дыхам (гл. дых).

Выматаць духі гл. выматаць.

Дух вон з каго — раптоўна памёр.

Дух заняло (захапіла) гл. заняць.

Дух заняўся — стала цяжка дыхаць.

Духу баяцца гл. баяцца.

Заняпасці духам гл. заняпасці.

Затаіць дух гл. затаіць.

Злы (нячысты) дух — чорт, нячысцік, д’ябал.

Каб і духу (твайго, яго, яе) не было дзе гл. быць.

Набрацца духу гл. набрацца.

Падаць духам гл. падаць.

Перавесці дух гл. перавесці.

Святы дух — паводле хрысціянскага веравучэння, адна з асоб святой тройцы.

Святым духам — невядома чым, нічым (жыць, існаваць).

Што (колькі) ёсць духу — а) вельмі хутка (бегчы, ехаць і пад.); б) вельмі моцна (крычаць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́цца, удамся, удасіся, удасца; удадзімся, удасцеся, удадуцца; пр. удаўся, удалася, ‑лося; заг. удайся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паспяхова ажыццявіцца, завяршыцца. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай і ўварвацца ў пушчу на гэтым участку — не ўдалася. Брыль. Справа ўдалася, і цяпер .. [Уладзік] ідзе, спакойны і ў добрым гуморы. Крапіва. Узрушаны, задуманы і крыху разгублены, Крывахіж уздыхнуў: палёт у зону ўдаўся. Алешка. // Атрымацца, выйсці вельмі добрым, удалым і пад. Іван Навумавіч не памыліўся: ураджай сапраўды ўдаўся незвычайны. Якімовіч. Аднаго разу ў Лукашыхі не ўдаўся хлеб: чамусьці выйшаў .. з закальцам. Сабаленка. [Сальвэсь:] — Не ўдалося мне жыццё, дык чаму павінны яшчэ бацькі мае пакутаваць? Чорны. // (часцей у пр. часе). Пра людзей, жывыя істоты. З выгляду Пятрок не вельмі прыкметы: ростам не ўдаўся, з твару худы, рыжанькі. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца якім‑н. (што мае якія‑н. якасці, уласцівасці). Дзень удаўся дажджлівы. Бядуля. Світанак удаўся пагодны, Звініць на лугах касавіца. Зарыцкі. Для поўнай урачыстасць, для спаўнення чаканай радасці ўсіх удзельнікаў паездкі, пагода ўдалася ціхая і ясная. Грамовіч. // (часцей у пр. часе). Разм. Пра людзей, жывыя істоты. [Сымон:] Які я ўжо ўдаўся, такі і буду. Купала. А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Якімовіч. Пад лета з Мурвы вырас і ўдаўся добры сабака, падгалісты, злы. Капыловіч.

3. безас. каму і з інф. Аказацца магчымым зрабіць што‑н.; пашчаслівіцца. З вельмі вялікімі намаганнямі .. [радысту] ўдалося прабрацца да ракі. Шамякін. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго [Лабановіча] — маладыя ногі, да хады прывычныя. Колас. Некуды трэба было зайсці [Паходню], бо дома .. пазбавіцца пачуцця адзіноты не ўдасца. Хадкевіч.

4. (часцей у пр. часе), у каго. Урадзіцца, вырасці падобным на каго‑н. [Іваноў:] Ну і характар у цябе. Нябожчыца маці была мяккай душы чалавек. Ты ў каго ўдаўся? Кучар. Максім удаўся не ў шчуплага бацьку. У хлопца былі шырачэзныя плечы, пудовыя кулакі. Даніленка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Урэзацца, зайсці далёка ў глыб чаго‑н. Бераг удаўся ў мора. // Запасці. Вочы [Петруся] ўдаліся глыбей у арбіты. Гартны.

6. перан.; у што. Унікнуць, паглыбіцца ў што‑н., аддацца якой‑н. дзейнасці; захапіцца чым‑н. Удацца ў сутнасць справы. □ Вера ўдалася ў пісанне, [Марына Паўлаўна] з прагавітай увагай разглядала яе схілены над паперай твар. Зарэцкі. // Аддацца якому‑н. пачуццю, упасці ў які‑н. стан. Удацца ў тугу. Удацца ў фантазію.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пяру́н ’удар маланкі з громам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат.; Бяльк., Сцяшк.; ашм., Станк.; вільн., паст., брасл., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), ’бог грому і маланкі’ (ТСБМ, Ласт.), перу́н ’гром з маланкай’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’нячысцік’ (ТС), пе́рун ’гром з маланкай’ (чэрв., пух., ст.-дар., Сл. ПЗБ; Воўк-Лев., Татарк.), сюды ж пяру́нбо́жжая стрэ́лка ’белемніт, чортаў палец’ (барыс., Ляц.), сперуне́ць ’спрахнуць, згінуць’ (слонім., Жыв. НС). Укр. Перу́н ’бог грому, маланкі і дажджу’, пе́ру́н, пе́рім, пе́рум ’гром’, рус. Перу́н, перу́н ’бог грому; гром; маланка’, польск. Piorun, piorun ’тс’, каш. ṕören, ṕorun, paro̊nзлы дух; пярун (лаянка)’, чэш. Perun, perun ’міфічная істота; гром’, славац. Perun, pierun, perún, paron ’тс’ (лаянка)’, палаб. Peräunedån ’чацвер’ (калькуе ням. Donnerstag). У паўднёваславянскіх мовах толькі ў вытворных і тапонімах: славен. perunovi kamni ’чортаў палец, белемніт’, харв. perùnika ’касач, Iris’, славен. perúnika ’тс’ (магчыма, запазычана з харвацкай; звязана з Perun ’бог грома і маланкі’, бо мае доўгія і вострыя лісты, што напамінаюць стрэлы, Сной₂, 508), балг. перуни́ка ’расліны ятрышнік, Orchis; касач, Iris’, макед. перунига ’касач, Iris’ (паводле БЕР, 5, 182, звязаны з імем бога грому, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. дыял. *perunika); горы Pèrun у Харватыі (Глухак, 475), назвы вяршыняў гор у Македоніі і Балгарыі Перун, Перен, Пирин (Вражиновски, Народна митологија на Македонците, 1. Скопје–Прилеп, 1998, 22–23). Прасл. *Perunъ (тэонім) і *perunъ ’той, хто б’е, паражае’, апошняе матывуецца дзеясловам *perti, *pьrati (гл. перыць, праць) і выступае ў якасці канкрэтнага, рэчыўнага (з элементамі адушаўлёнасці, параўн. суфікс пошта agentis ‑unъ) абазначэння грому з маланкай (Трубачоў, Этногенез₂, 197), што, аднак, не выключае ўспрыняцця яго ў якасці бога, параўн. прыведзеную вышэй назву белемніта. Пра гэта сведчыць таксама табуізацыя назвы, параўн. каш. paro̊n, taro̊n, ṕornëk (SEK, 4, 168 і інш.). Бліжэйшымі роднаснымі лічацца літ. Perkū́nas, лат. Pḗrkūns, літ. perkū́nija ’навальніца з громам і бліскавіцамі’, прус. percunis ’пярун’, што дае падставы Іванову і Гамкрэлідзе (Индоевр., 615) дапусціць варыянтнасць асновы і.-е. *p​(h)eru і *p​(h)erk​(h)u; акрамя названых параўн. яшчэ алб. Perëndi ’бог неба, якога просяць пра дождж’ і “яцвяжскае” Pjarkus ’пярун’ (гл. Зінкявічус, Балто-слав. исслед., 1983), ст.-інд. Parjánya‑ ’бог дажджу; дажджавое воблака’. Гл. Фасмер, 3, 246–247, з літ-рай (адмаўляе роднаснасць славянскіх і балтыйскіх форм); Бязлай, 3, 27; БЕР, 5, 182; Глухак, 475–476; Махэк₂, 445. Пра сувязі назваў бога грому з назвамі дуба (“перунова дрэва”) і скалы (“месцазнаходжанне бога грому”) гл. Іванаў-Тапароў, Иссл., 76, 123; Мартынаў, Этимология–1997–1999, 103; Марчэўска, Etnolingwistyka 9–10, 122; Шустар-Шэўц, SlW, 34; Іванаў, Зб. Бернштайну, 1991, 27. Да семантыкі тэонімаў у сувязі з назвамі бога грому параўн. Алінеі, Зб. Івічу, 87. Банькоўскі (2, 584) непераканаўча разглядае беларускія, украінскія і славацкія назвы як запазычанні з польскай, а літ. perkū́nas ’пярун’ лічыць роднасным прасл. *perkъ (гл. перак) з першасным значэннем ’той, хто валіць дрэвы папярок дарогі’ (там жа, 848).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

садзі́ць, саджу, садзіш, садзіць; незак., каго-што.

1. Запрашаць або прымушаць заняць якое‑н. месца. Усіх мы блізкіх, дарагіх У родным доме сустракаем, За стол гасцінны садзім іх, Частуем цёплым караваем. Прыходзька. // Дапамагаць заняць месца ў якім‑н. транспарце для паездкі. Садзіць людзей у машыну. Садзіць пасажыраў на параход. // Прапаноўваць сесці і заняцца чым‑н. Садзіць дзяцей за ўрокі. Садзіць вучня за кнігу. // Весці на пасадку, прызямленне (самалёт). Самалёт давялося садзіць на полі.

2. Прызначаць, уладкоўваць на якую‑н. пасаду. Цяпер калі каго ўжо садзяць на трактар, дык ён няйначай механізатар шырокага профілю. Кірэйчык. [Зусь:] — [Леўка Здрок] даўно ўжо квапіўся пасадзіць на Васілёва месца свайго брата, такога ж.., як і сам. Дык няхай бы садзіў. Сабаленка.

3. Пасяляць дзе‑н. (для вядзення гаспадаркі). Перасяленцаў прыйшлося садзіць на неабжытыя ўчасткі.

4. Знявольваць, пазбаўляць волі. Садзіць на гаўптвахту. □ [Бусыга:] — Талаш і Рыль?.. Гэтых людзей гуртам ганяюць, як тавар, ды ў астрогі садзяць. Колас. // Змяшчаць куды‑н. (птушак, жывёлін). Птушак лавілі і садзілі ў клеткі. // Аб’ядноўваць разам. Ці можна будзе .. [барсукоў] садзіць разам з цецерукамі? — казаў Віктар. Маўр. // Змяшчаць каго‑н. у што‑н. для расплоджвання, гадоўлі. Садзіць рыбу ў сажалку. // Змяшчаць у гняздо для выседжвання куранят, качанят і пад. Садзіць качку на яйкі. Садзіць квактуху.

5. на што. Разм. Патрабаваць прытрымлівацца якога‑н. рэжыму, абмяжоўваць у чым‑н. Садзіць на дыету. Садзіць на паёк.

6. Закопваць у зямлю карані саджанцаў, клубні і пад. з мэтай вырошчвання раслін. Садзіць памідоры. Садзіць бульбу. □ Бацька век зжыў на гаспадарцы, а ён — вучыць: сырадэлю сёй, буракі на полі садзі, вокны ў хляве карове праразай. Крапіва. Маладая настаўніца ў школьным двары Садзіць з вучнямі стройныя дрэўцы. Гілевіч. // Весці працу ў агародзе, рабіць пасадкі. Людзі садзілі агароды, працавалі ў полі. Лупсякоў.

7. Змяшчаць у гарачую печ, сушню для выпякання, сушэння. Садзіць хлеб у печ.

8. Змяшчаць за рамку (фотаздымкі). Я адчыняю сумку, дастаю адтуль Валодзькаву картку і саджу за рамку — хай ён са сцяны ўсміхаецца маці. Лось.

9. Разм. Усоўваць што‑н. куды‑н. Садзіць нагу ў бот. □ Пальцы між дзвярэй не садзі. Прыказка. // Усаджваць, утыкаць. Садзіць іголку ў клубок. □ Садзіць [Света] вяху дзе папала, кладзе руку сабе на бок і стаіць, скрывіўшыся, чакае. Пташнікаў. // Насаджваць на вастрыё; караць, мучыць. Даўней за злачынства на кол садзілі. // Набіваць, надзяваць, замацоўваючы на чым‑н. Садзіць шасцярню на вал. Садзіць восці на шост.

10. і без дап. Разм. Энергічна, з сілай утвараць якое‑н. дзеянне. Садзіць кулаком пад бок. Сінякі садзіць. // Страляць з гармат па чым‑н. Немец садзіў па .. [мястэчку] цяжкімі снарадамі. Навуменка. // Моцна дзьмуць (пра вецер). Садзіў пранозлівы вецер, мабыць, з дзвярэй, але іх загароджвалі людзі, якія невядома адкуль з’явіліся тут. Асіпенка. Вецер садзіць у вочы, фурчыць у вушах. Брыль. // Выходзіць з коміна густымі клубамі (пра дым). Ганька спазнілася. Людзі ўжо выпаляць скора... Вунь як садзіць дым у Анюткі Корбутавай і Мані Паўлавай. Васілевіч. // Заўзята, раз за разам, пасылаць што‑н. (часцей лісты са скаргамі). Яго жонка двойчы аліментны ліст прысылала, і цяпер па ўсіх інстанцыях пісьмы садзіць. Савіцкі.

11. без дап. Разм. Бадзёра ісці, бегчы нацянькі. Воўк з ядлоўцу вылятае Ды ў авечак проста садзіць. Злы, раз’юшаны, бы кат. Колас. Чапляючыся за галлё і карчы, абдзіраючы рукі аб сухія вострыя патырчакі, хлопцы нацянькі садзілі ў Вайніловічаў двор. Мурашка.

12. Угрузіўшы ў што‑н. вязкае, гразкае, даць завязнуць, засесці. Колькі разоў садзіў.. [Мікола Багун] тут у гразь свой трактар. Шчарбатаў.

13. Наносіць, прышываць што‑н. на якую‑н. паверхню (плямы, латкі і пад.). Садзіць кляксы. Латкі садзіць.

14. Разм. Марна траціць, транжырыць (грошы). Садзіць грошы без разбору.

15. Разм. Правальваць каго‑н. на экзамене. Садзіць паступаючых на закавырыстых пытаннях.

•••

На пасад садзіць — а) рыхтаваць месца і садзіць на вяселлі на покуце — пачэсным месцы; б) аддаваць замуж. Раз бяседа вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі. Купала.

Пасад садзіць — рассцілаць снапы на таку ў два рады, каласы да каласоў для абмалоту.

Садзіць за стол — частаваць.

Садзіць нос куды, у што — умешвацца не ў сваю справу. [Лявоніха:] — Ідзі ўжо, ідзі, толькі не вісі там, як цюцька на вяселлі, не тыя гады. Ды не садзі носа, куды не трэба. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Паводле забабонных уяўленняў — злы дух, які мае выгляд істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал. Хто супроць нас? Прэч з дарогі! Бачыш нашу грамаду? Мы [камсамольцы] саб’ём і чорту рогі, Богу вырвем бараду. Крапіва. Хацеў чорт балота запаліць, але гарэць не хоча. Прыказка.

2. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты. Маўр. [Афіцэр] гнеўна крыкнуў старому: — Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш? Лынькоў. [Камандзір:] — А ты [Рома], чорт, не зяваў бы на сонцы, а сеў ды чытаў. Брыль. // Разм. Ужываецца як пабочнае слова і ў значэнні выклічніка для выражэння прыкрасці, незадаволенасці, раззлаванасці. [Апанас:] — От чорт! Акурат такі самы, як Параска. Чарнышэвіч. [Боткін:] — Прыязджаю — пляменнікі скігочуць... От чорт! Ламі цяпер галаву, як вярнуць.. [цётку] з дарогі. М. Ткачоў.

3. перан. Разм. Пра каго‑н. вельмі спрытнага, смелага, дужага і пад. Прыборны засмяяўся. — Вось чэрці, гэтыя жаўноўцы. Хвіліны супакою фрыцам не даюць. Шамякін. Васіль Гайдук, цябе мы, чорт, усе, Гарачы палкавы наш агітатар, Прамоў і песень баявых аматар, Любілі ў прыфрантавой паласе. Панчанка.

•••

Аддаць (прадаць) чорту душу гл. аддаць.

Адзін чорт — тое, што і адна трасца (гл. трасца).

Да чорта — пра вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н.

Куды яго чэрці ўхапілі — куды ён дзеўся, знік.

К чорту — а) на кавалкі, ушчэнт. А потым, брат, калі рвануўся, — Усё к чорту — вуда і кручок, Пайшоў гуляць мой шчупачок! Колас; б) прэч, вон; выражае злосць на каго‑, што‑н., жаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. К чорту касцёлы, капліцы, Цэрквы, званіцы, званы! Досыць працоўным маліцца Рэчам папоўскай маны. Крапіва.

К чорту на рогі — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).

К чорту ў зубы — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці, лезці, трапіць і пад.).

На чорта (груб.) — навошта, дзеля чаго?

Ні богу свечка ні чорту качарга гл. свечка.

Ні к чорту (не варты) — ні на што не прыгодны.

Ніякага чорта — нічога.

(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць — аб вялікім беспарадку дзе‑н.; пра непраходнае месца, дарогу.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад кога не залежыць, якому ўсё лёгка, даступна.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

Чарцям млосна (будзе, стане) гл. млосна.

Чорта лысага — абазначае поўнае адмаўленне чаго‑н. — Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў .. [Петрусю] а. Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там. Колас.

Чортам падшыты гл. падшыты.

Чортам свістаць гл. свістаць.

Чорт ведае (хто, што, які, куды, дзе і пад.) — невядома (хто, што, які, куды, дзе і пад.).

Чорт ведае што! — а) нешта неймавернае, такое, што цяжка ўявіць; б) усё, што хочаш.

Чорт (кадук, ліха, пярун, халера) з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) — хай, няхай будзе так.

Чорт лазаты — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці. Ён [Богут] там здохне, чорт лазаты, І захлынуцца ўсе паны. Колас.

Чорт не бярэ (не возьме) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).

Чорт падаткнуў — аб якім‑н. дзеянні, якое робіцца без патрэбы, невядома для чаго.

Чорт пацягнуў каго за язык — навошта было гаварыць што‑н. (як шкадаванне з прычыны сказанага недарэчы, не па сутнасці).

Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы, не тады, калі трэба.

Чорт сеў (уссеў) на каго — пачаць нервавацца, раптоўна праявіць раздражненне, злосць.

Чорт сядзіць у кім — пра злоснага, свавольнага чалавека з дрэнным характарам.

Чорту лысаму — некаму, невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).

Чорт што — а) нешта недарэчнае, незразумелае, што выклікае злосць, раздражненне. — Чорт што, — раптам вырвалася ў .. [Мароза], і ён хапіўся за кішэні. — Ты [Шэмет] разумееш? Вот ключ не магу знайсці. Лобан; б) вельмі многа. [Базылькевіч:] — То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі! Чорны.

Чорт яго бяры — добра, няхай будзе так; згода.

Чорт яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

Чэрці носяць каго — аб тым, хто ходзіць невядома дзе, невядома нашто.

Што за чорт! — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.

Якога чорта — выражэнне негатыўных адносін да каго‑н., зласлівасці, незадавальнення.

Як чорт ад ладану — усімі сіламі, любымі сродкамі, імкнучыся пазбавіцца (бегчы, адмахвацца і пад.) ад каго‑, чаго‑н.

Як чорт крыжа (ладану) — вельмі, надта моцна (баяцца каго‑, чаго‑н.).

Як чорт пад крыжам — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

язы́к, ‑а, м.

1. Рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці. Лізаць языком. Паказаць язык. □ Агніста сонца прыпякае, У губах язык засох, як косць. Купала. [Дзяцел] выпускае з дзюбы свой доўгі і ліпучы язык, тонкі, як шнурок. В. Вольскі. [Ульяна:] А каб табе, мой ты паночак, язык аблез, каб ты ніякага смаку не пачуў! Крапіва. Савіцкі з асалодай цмокнуў языком. — Вось гэта закусачка! Шамякін. Малако ў каровы на языку. Прыказка. // Страва, прыгатаваная з гэтага органа (звычайна каровінага ці свінога). Заліўны язык. // Гэты орган у чалавека, з дапамогай якога ён гаворыць, перадае свае думкі; орган мовы. — А хто страляе? — ледзь прагаварыў.. [Амелька] здранцвелым языком. Якімовіч. — А табе чаго ехаць да майго начальніка? Я і адзін магу дамовіцца. Што, у мяне языка свайго няма? Пальчэўскі. Язык і Кіева дапытаецца. Прыказка. Што ў цвярозага наўме, тое ў п’янага на языку. Прыказка.

2. перан. Здольнасць гаварыць, выказваць свае думкі словамі. Пятрусь трохі апомніўся. Да яго вярнуўся язык і памяць. Колас. // Гаворка, сказаныя словы. Ульяна змоўчала і пра нядбайных кукурузнікаў, і пра іншае. Нават не верыцца, што яе маглі пакараць «за язык»... Лось. І жала, і прала, і ткала, а ўсё языком. З нар.

3. перан. Разм. Палонны, якога захопліваюць спецыяльна, каб атрымаць неабходныя звесткі аб праціўніку. [Камандуючы:] К заўтраму вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Дастаць «языка». Крапіва. Нам загадалі Край ляска Прайсці ўздоўж і поперак, Дабыць, Прывесці «языка» — Якога-небудзь обера. Калачынскі.

4. Металічны стрыжань у звоне, які пры ўдарах аб яго сценку ўтварае гук. Марыі ноччу сніўся сон: У падводным царстве чуцен звон.. Цячэ няспынна плынь па дне, Язык пагойдвае ў зване. Аўрамчык.

5. перан. Пра што‑н. прадаўгаватае, выцягнутае, па форме падобнае на язык. Жоўтыя языкі полымя лізалі чорны чыгунок. Жычка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ.

•••

Адсохні мой язык, калі...; хай мой язык адсохне, калі... — ужываецца як кляцьба для пацвярджэння правільнасці сказанага.

Без языка; языка няма ў каго — пра маўклівага чалавека, пра чалавека, які не ўмее складна, добра гаварыць.

Бойкі (спрытны) на язык — знаходлівы ў размове, красамоўны.

Вісець на языку гл. вісець.

Востры на язык гл. востры.

Востры язык у каго — хто‑н. дасціпны, з’едлівы ў размове.

Высунуўшы (высалапіўшы) язык — вельмі хутка, паспешна (бегчы, уцякаць, даганяць і пад.).

Выткнуцца з языком гл. выткнуцца.

Доўгі язык у каго — хто‑н. вельмі балбатлівы, гаворыць многа лішняга.

Злы язык у каго — хто‑н. злосна, з’едліва, з насмешкай гаворыць аб кім‑, чым‑н.

Злыя языкі — пра ахвотнікаў да плётак, нагавораў.

Зляцець з языка гл. зляцець (у 5 знач.).

Каб табе язык адсох — ужываецца як праклён таму, хто нядобра сказаў.

Ледзь варочаць языком гл. варочаць ​2.

Лёгкі на язык гл. лёгкі.

Мазоліць язык гл. мазоліць.

Малоць языком гл. малоць.

Мыць языкамі гл. мыць.

Мянціць языком гл. мянціць (у 2 знач.).

На языку ў каго — хто‑н. гатоў сказаць, вымавіць што‑н. На языку ў яго ўжо быў адказ, ветлівы, але калючы. Шамякін.

Не спускаць з языка гл. спускаць.

Не сыходзіць з языка гл. сыходзіць.

Папасціся на язык гл. папасціся.

Пацягнуць за язык гл. пацягнуць.

Пляскаць языком гл. пляскаць.

Праглынуць язык гл. праглынуць.

Просіцца на язык гл. прасіцца.

Прыкусіць язык гл. прыкусіць.

Прытрымаць язык гл. прытрымаць.

Развязаць язык гл. развязаць.

Распусціць язык гл. распусціць.

Сарвацца з языка гл. сарвацца (у 6 знач.).

Слабы на язык гл. слабы.

Трапаць языком гл. трапаць.

Трапіць на язык гл. трапіць.

Трымаць за язык гл. трымаць.

Трымаць язык за зубамі гл. трымаць.

Трымаць язык на прывязі гл. трымаць.

Узбрысці на язык гл. узбрысці.

Укараціць (падкараціць) язык каму гл. укараціць.

Уткнуцца са сваім языком гл. уткнуцца.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць) свой язык гл. уткнуць.

Ціпун на язык гл. ціпун.

Цягнуць за язык гл. цягнуць.

Цяляты язык аджавалі (ад’елі) каму, у каго гл. цяля.

Часаць язык (языком, языкі) гл. часаць.

Чорт пацягнуў каго за язык гл. чорт.

Язык аб зубы біць гл. біць.

Язык адняўся ў каго — хто‑н. раптоўна змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.).

Языкамі абмываць гл. абмываць.

Язык без касцей у каго — хто‑н. любіць пагаварыць, гаворыць многа пустога.

Язык гладка ходзіць у каго — хто‑н. умее лёгка і прыгожа гаварыць.

Язык добра падвешан у каго — хто‑н. умее свабодна, гладка, добра гаварыць.

Язык заплятаецца ў каго — хто‑н. не можа членараздзельна, выразна гаварыць, сказаць што‑н.

Язык (языкі) не завяжаш гл. завязаць ​1.

Язык не паварочваецца ў каго — хто‑н. не асмельваецца што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Язык прысох у каго — хто‑н. страціў здольнасць гаварыць, раптоўна змоўк (ад страху, радасці і пад.).

Язык развязаўся ў каго — хто‑н. пачаў многа гаварыць, зрабіўся балбатлівым.

Язык свярбіць у каго — хто‑н. не можа ўтрываць, каб не загаварыць, не сказаць чаго‑н.

Язык як брытва — пра здольнасць востра і дасціпна гаварыць.

Як карова языком злізала гл. карова.

Як толькі язык павярнуўся; язык не павернецца (не павярнуўся) у каго — як толькі асмеліўся хто‑н. што‑н. сказаць, спытаць і пад.; хто‑н. не асмеліцца (не асмеліўся) што‑н. сказаць, спытаць і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)