дух, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Псіхічныя здольнасці; свядомасць. У здаровым целе здаровы дух. ▪ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць. Колас. // У матэрыялістычнай філасофіі — свядомасць як асобая ўласцівасць высокаарганізаванай матэрыі. Маркс і Энгельс, утрымаўшы думку Гегеля аб вечным працэсе развіцця, адкінулі прадузяты ідэалістычны погляд; звярнуўшыся да жыцця, яны ўбачылі, што не развіццё духу тлумачыць развіццё прыроды, а наадварот — дух трэба растлумачыць з прыроды, матэрыі... Ленін. // У ідэалістычнай філасофіі — нематэрыяльная першааснова ўсіх рэчаў і з’яў. // Па рэлігійных поглядах — бессмяротная нематэрыяльная, боская першааснова ў чалавеку; тое, што і душа. Дух у забойцы — чорная сажа... Колас.
2. ‑у. Унутраны стан, настрой, маральная сіла чалавека ці калектыву. Дух войска. Упадак духу. Пад’ём духу. ▪ Як ні шкадаваў дзед стрэльбу, але каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кінуўся ў рогат. Лынькоў.
3. ‑у. Характэрныя ўласцівасці, сутнасць, унутраны сэнс чаго‑н. Дух закону. Дух новага жыцця. // чаго або які. Настрой, тое, што вызначае склад думак, паводзіны. Ваяўнічы дух. Дух супярэчнасцей.
4. ‑а. У міфалагічных і рэлігійных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота, якая прымае ўдзел у жыцці прыроды і чалавека. Добры дух. ▪ Я верую ў духа, З якога дапамогай Намераў гэтак многа. Крапіва. Вольны я, бы дух палёў. Колас.
5. ‑у, Разм. Дыханне. Перавесці дух. ▪ «Валодзя-а-а!».. — крыкнуў я з вярбы, але вецер забіў мне дух. Бажко.
6. ‑у. Разм. Паветра. Праколаная камера спускала дух. Ермаловіч. // Гарачае паветра або пара (у печы, у лазні). Паставіць гаршчок у дух. Даць больш духу.
7. ‑у. Разм. Пах. [Капусту] засыплюць соллю з чорным кмінам І зоркамі чырвонай смачнай морквы, Там-сям антонаўку для духу кінуць. Караткевіч. [Клопікаў] старанна выпрасаваў свае лепшыя уборы і, каб перабіць моцны нафталінавы дух ад іх, спляжыў на с[урдут] цэлую бутэлечку адэкалону. Лынькоў.
8. у знач. прысл. ду́хам. Разм. Хутка, мігам. Марцін на двор імчыцца духам І зараз зноў сюды ідзе. Колас.
•••
Адным духам — тое, што і адным дыхам (гл. дых).
Выматаць духі гл. выматаць.
Дух вон з каго — раптоўна памёр.
Дух заняло (захапіла) гл. заняць.
Дух заняўся — стала цяжка дыхаць.
Духу баяцца гл. баяцца.
Заняпасці духам гл. заняпасці.
Затаіць дух гл. затаіць.
Злы (нячысты) дух — чорт, нячысцік, д’ябал.
Каб і духу (твайго, яго, яе) не было дзе гл. быць.
Набрацца духу гл. набрацца.
Падаць духам гл. падаць.
Перавесці дух гл. перавесці.
Святы дух — паводле хрысціянскага веравучэння, адна з асоб святой тройцы.
Святым духам — невядома чым, нічым (жыць, існаваць).
Што (колькі) ёсць духу — а) вельмі хутка (бегчы, ехаць і пад.); б) вельмі моцна (крычаць і пад.).