адбі́цца, адаб’ю́ся, адаб’е́шся, адаб’е́цца; адаб’ёмся, адаб’яце́ся, адаб’ю́цца; адбі́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Тое, што і адламацца, адкалоцца.

Ручка кубка адбілася.

2. Даць адпор, абараніцца; вызваліцца; пазбавіцца.

А. ад ворага.

3. ад каго-чаго. Адстаць ад тых, з кім быў разам (разм.).

А. ў дарозе ад кампаніі.

4. ад каго-чаго. Парваць сувязь з кім-, чым-н., перастаць рабіць што-н., займацца чым-н. (разм.).

А. ад дому.

А. ад вучобы.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамяні і пад.).

Крык адбіўся рэхам у гарах.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні.

Дрэва адбілася ценем у вадзе.

7. перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях.

У лірыцы адбілася жыццё людзей.

8. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Атрымаць вонкавае праяўленне, выявіцца (пра пачуцці, стан і пад.).

Трывога адбілася на твары жанчыны.

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выклікаць сабой якое-н. пачуццё; адазвацца; захавацца ў памяці.

Родныя далягляды навек адаб’юцца ў душы.

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), на кім-чым. Зрабіць уздзеянне, уплыў на каго-, што-н.

Цяжкая праца адбілася на здароўі.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пакінуць адбітак.

На пяску адбіліся сляды ног.

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, падпарадкоўвацца.

|| незак. адбіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пуп1 ’след ад пупавіны на целе’ (ТСБМ, Варл., ТС), ’пупавіна’ (Сл. ПЗБ, ТС, Шат.), ’страўнік у птушак’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’ікра або малою ў рыбы’ (віц., Нар. лекс.; бяроз., Жыв. НС; полац., З нар. сл.), сюды ж пупо́к ’тс’ (Янк. 2), пуска́ти пу́па ’пускаць ікру, малою, нераставаць’ (Крыв.), пупарэ́зніца, пупарэ́зіца ’павітуха’ (Нас., Бяльк., Варл., Нік. Очерки), пу́пна ба́ба, пупы́ха, пупоре́зна баба, пупорэ́зка ’тс’ (палес., Зб. памяці Талстога, 2, 103); укр. пуп ’пуп’, пупо́к ’пуп, пупавіна; страўнік у птушак’, пупе́ць ’тс’, рус. пуп, пупо́к ’тс’, польск. pęp, pępek, в.-луж., н.-луж. pup, pupk, чэш. pupek, славац. pupok, серб.-харв. пу̑п, пу̏пак, балг. пъп, пъпо́к, макед. папок, дыял. pъmp (у розных значэннях). Прасл. *pǫpъ ’пупышка, прышч; пуп’, роднаснае літ. pam̃ti ’разбухаць’, лат. pàmpt ’набухаць, надувацца’, што разглядаецца як працяг і.-е. *pou‑, пашыранага элементам ‑m‑ (Фасмер, 3, 407; Шустар-Шэўц, 2, 1192; БЕР, 5, 854; Глухак, 512; Банькоўскі, 2, 538).

Пуп2 ’прылада, пры дапамозе якой робяць ганчарную пасуду’ (Жд. 2). Да пуп1 (з-за знешняга падабенства).

Пуп3ручка касы’ (ДАБМ, камент., 831). Гл. пупок ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мата́ць, мота́ць, мыта́ць, мота́тэ ’віць, накручваць’, ’махаць’, ’плесці (аб павуку)’, ’хутка ісці, бегчы, уцякаць, неразумна траціць грошы’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), матану́ць ’кінуцца, прамільгнуць’, ’махнуць’ (ТСБМ, Нас., Юрч.), мата́цца ’перашкаджаць, церціся’, ’матляцца’, ’сноўдацца’, ’калыхацца’, ’добра старацца’ (Нас., Бяльк., Растарг., ТС), мотну́цца, мотну́ць ’кінуцца’ (ТС). Укр. мота́ти, мота́тися, рус. мота́ть(ся), ст.-рус. мотатися ’бязладна рухацца’, ’жыць абы-як’, польск. motać (się), н.-луж. motas (se), в.-луж. motać (so), чэш. motati (se), славац. motať (sa), славен. motáti (se), серб.-харв. мо̀тати (ce), макед. мота (се), балг. мотая (се), ц.-слав. мотати сѧ. Прасл. motati (), аснова якога mot‑ чаргуецца з met‑, параўн. ст.-слав. мести ’кінуць’, літ. mèsti ’тс’. Прасл. motati ўтворана так, як літ. matúoti ’тс’, ’мераць’, роднасным да якога з’яўляецца matarúoti ’махаць’, ’матаць’, ст.-грэч. μόθος ’гарачы бой’, μόθουραручка вясла’ (Бернекер, 2, 40; Фасмер, 2, 665–666; Скок, 2, 413; Покарны, 732). Махэк₂, 375 разумее форму motati як інтэнсіў на ‑t‑ ад асновы mov‑ (параўн. лац. movēre ’рухацца’) і выводзіць прасл. праформу mov‑ta‑ti, у якой пасля ‑v‑ перад ‑t‑ выпала, а дзеяслоў стаў экспрэсіўным. Бязлай (2, 197) неапраўдана выводзіць і.-е. рэканструкцыю кораня ў выглядзе *menth‑ (Куркіна, Этимология–83, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дка1 ’капыл, кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, магчыма, тут у больш шырокім значэнні). Дакладныя адпаведнікі ў гаворках ёсць, аднак ТСБМ ілюстрацый з мовы пісьменнікаў не падае, можа гэта «слоўнікавы» русізм. Але сувязь з калода1 відавочная і спосаб дэрывацыі рэгулярны. У гаворках з паметамі талач. і гарад. адзначае Сл. паўн.-зах.; ёсць і ў Каспяровіча; геаграфія не выключае іншамоўнага ўплыву. Адзначаецца і ўкр. колодка ’тс’.

Кало́дка2 ’сярэдняя частка кола’ (БРС, ТСБМ, Маш., Шат.), калёсная калодка (КЭС, лаг., бар., астрав., лід., віл. Сл. паўн.-зах.). Укр. колодка ’тс’, адносна рус. матэрыялу пэўных звестак няма, Даль (з паметай «зах.?») падае калода ў тым жа значэнні, польск. kłódka ’тс’. Статус апошняга не вельмі ясны; паводле геаграфіі можна меркаваць аб сумеснай бел.-укр. інавацыі з наступнай экспансіяй слова. Сувязь з калода1 відавочная, матывацыя не вельмі ясная (гл. падрабязней пад калодзіца).

Кало́дка3 ’драўляная або металічная аправа, у якую устаўляецца або на якую насаджваюць асноўную частку інструмента’ (ТСБМ), кулітка ’тронкі нажа’ (малар., Нар. лекс.), сюды ж, відаць, і колодка ’частка рубанка’ (Ян.), апошняе не вельмі зразумела. Такое вытворнае як тураў. колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ сведчыць аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў параўнанні з інфармацыяй крыніц. Засведчана ў іншых мовах: укр. колодкаручка, дзяржанне’, рус. колодка, польск. kłódka ’тронкі нажа, відэльца’, н.-луж. kłodka ’дзяржанне касы, лапаты’, в.-луж. kłotka, kłodka, ’ручка’, чэш. мар. kladkaручка, дзяржанне сярпа’. Усе лексемы да прасл. koldъka (паўн.-слав., паводле Слаўскага, 2, 273), дымінутыва ад kolda ’калода, бервяно’, аднак не вельмі ясна, ці можна на аснове прыведзеных фактаў узнавіць як архаічнае значэнне ’тронкі’. Шэраг лексем, якія пры адпаведным этымалагічным рашэнні можна суаднесці з разглядаемым словам (параўн., напрыклад, калодка ’ступіца ў коле’) дазваляюць меркаваць аб значэнні ’аснова’, ’галоўная частка’ (параўн. яшчэ колодка пера), аднак не выключана, што такое значэнне было характэрным ужо для калода, г. зн. для зыходнага слова такое значэнне нельга разглядаць як паказчык архаікі (калі дапускаць, што разгалінаванне семантыкі патрабуе часу). Таксама паўн.-слав. характар утварэння koldъka ’тронкі’ цяжка давесці па прычыне натуральнага развіцця «тэхнічнай» семантыкі, так што, магчыма, прыведзеныя вышэй лексемы могуць быць і незалежнымі.

Кало́дка4 звычайна калодкі ’род скуранога абутку на драўлянай падэшве, дзеравяшкі’ (ТСБМ; гродз., З нар. сл.). Укр. колодочка ’абцас’, рус. дыял. колодка ’драўляная дошчачка, падэшва, прымацаваная да лапцей для дажджлівага надвор’я’, колодки ’абцасы’, у Даля колодка ’драўляны абцас пад абутак’. Відаць, спачатку калодка ’абцас’, што дазваляе зразумець матывацыю сувязі з калода1. Рэгулярны характар утварэння, магчымасць экспансіі рэаліі не дазваляюць з упэўненасцю бачыць тут усх.-слав. інавацыю.

Кало́дка5 ’абрубак дрэва як функцыянальны элемент народнага абраду’ (Касп., Кос., Нас.), ’назва гэтага абраду’ (Касп.). Відавочна, што ў большасці прыкладаў захоўваюцца толькі рэшткі абраду, пры гэтым сапраўдная першапачатковая калодка змяняецца да трэскі або велікоднага яйка. Абмежаваная геаграфія слова як быццам дазваляе бачыць тут інавацыю; аднак наяўнасць слова ў двух розных арэалах не выключае магчымасці больш даўняга паходжання. Пра звычай «валачыць калодку» ў літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў пісаў Снегіроў (Русские простонародные праздники и суеверные обряды, I. М., 1837, 114–115), параўн. яшчэ Фрэнкель, 1047; Мюленбах-Эндзелін, 1, 318 (bluku vakars). У літоўцаў tabala ’цурбанны вечар, куцця’, фактычна звычай у гэты святочны вечар гуртам валачыць цурбан з аднаго двара ў другі. У плане рэалій інтэрпрэтацыя прыведзенага матэрыялу можа быць рознай: гэта можна разглядаць і як стары абрад, які быў захаваны ва ўсходніх славян (а магчыма, і ў іншых), не выключана, што была невыпадковая кансервацыя — захаванню абраду спрыяла суседняя балтыйская традыцыя, можна разумець і як экспансію абраду з больш-менш кампактнай зоны; пры гэтым фактычная безупыннасць у распаўсюджанні (ад балт. плямён да ўкр. тэрыторыі) можа сведчыць пра напрамак экспансіі. Цяжкасць стратыфікацыі з’явы абумоўлена, магчыма, агульнаеўрапейскім яе характарам (першапачаткова), што наогул тыпова для свят розных каляндарных цыклаў народаў Еўропы. Апошняе з’яўляецца вынікам як генетычна суаднесеных з’яў, так і другасна пашыраных. Адносна канкрэтнага выпадку аб першапачатковай функцыі калодкі-цурбана можна толькі здагадвацца (яе прымацоўвалі хлопцам або незамужнім дзяўчатам), аднак аднолькавая назва рэаліі ў балтаў і ўсх. славян дазваляе меркаваць, што замена першапачатковага святочнага атрыбута нейтральнай калодкай з адпаведнай субстытуцыяй назвы была даўняй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карэ́ц1 ’коўш, кубак, конаўка’, укр. корець ’мера сыпкіх цел; коўш, кубак’, рус. корец ’коўш, тара з бяросты, мера зерня’, ст.-чэш. kořec ’сасуд для сыпкіх цел’, славац. korec ’мера зерня’, ст.-польск. korzec ’тс’, ’сто літраў’, ст.-слав. корьць ’мера’, балг. коръц ’драўляная пасуда для збору вінаграду’, серб.-харв. ко̀рац ’кадачка’. Слова яўна старажытнае, узыходзіць да прасл. korьcь. Найбольш верагодная этымалогія, як здаецца, зводзіцца да паходжання ад кара. Але словаўтваральны бок выклікае сумненні (Бернекер, 580). Спасылка на gъrnьcь (Трубачоў, Эт. сл., 11. 129) не пераконвае (gъrnьcь — Nomen deminutivum ад gъrnъ, якое само азначае ’сасуд’). Да таго ж існуюць і іншыя значэнні для карэц, якія не ўкладаюцца ў гэту схему (гл. карэц2). Больш пераканаўчым нам здаецца версія аб запазычанні і міграцыі гэтага тэрміна (Махэк₂, 277). Маецца на ўвазе ст.-грэч. κόρος ’мера’, лац. corus ’мера’, магчыма, вандроўны тэрмін. Напрамак запазычання удакладніць цяжка (Параўн. яшчэ Скок, 2, 150).

Карэ́ц2 ’калодка з адтулінай у верхнім камяні жорнаў’ (Сл. паўн.-зах.), рус. карец ’тс’, ст.-рус. корьць ’млынавы коўш, скрынка над жорнамі, адкуль сыплецца зерне’. Апошняе значэнне сведчыць аб сувязі па паходжанню з карэц1 і таксама аб далёкай ад кара́ (гл.) семантыцы. Агульнай семай для ўсіх значэнняў з’яўляецца ’мера’.

Карэ́ц3ручка касы’ (БДА). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́чка ‘вяха, вешка, уваткнуты ў зямлю шост, якімі пазначаюць дарогу, межы зямельных участкаў, мель, фарватар’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк., Растарг., ТС, Мал.; лід., пін., Сл. ПЗБ), ‘знак забароны хадзіць ці пасвіць жывёлу’ (Жд. 2; Нік., Оч.; ашм., Стан.), ‘упіканне’ (Нас.); ‘кіёк’ (Сцяшк.): ja z taboju ŭ tyczki hraŭ? (у адказ таму, хто звяртаецца на «ты»; Федар. 4), ‘высокі чалавек’ (Ян.); ‘завостраная палка, якой праводзяць баразёнку, як саджаюць гуркі’ (Бяльк., Булг., Мал., Гарэц., Федар. 6), ‘жэрдка для выцягвання вядром вады з калодзежа’ (Тарн.; іван., ЖНС; івац., Жыв. сл., Зайка Кос.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (кам., ДАБМ, камент., 809), ‘прытык(а), шост і шнур з крукам для замацавання ля дна рыбалоўных снасцей’ (Крыв., Шат.), ‘вітка, якой перавіваюць калкі плота’ (стол., ЛА, 4), ‘ручка цэпа’ (малар., Выг.), ‘дзяржанне ў качарзе’, ‘вілачнік’, ‘дзяржанне ў памяле’ (ваўкав., ЛА, 4); ‘жэрдка, падвешаная ўверсе перад печчу’ (кам., ЛА, 4), ‘шост для падпірання павойных раслін’ (ТСБМ, Нас., Шат., Ян.), ст.-бел. тычка ‘вяха, знак мяжы ці забароны’ (1541 г., ГСБМ). Параўн. укр. ти́чка ‘вяха’, ‘апора для павойных раслін’, ‘жордачка’, ‘від гульні’, рус. тычок ‘патарчака’, польск. tyczka ‘кій, шост, вешка, утыканая ў зямлю’, ‘від гульні’, чэш. tyčka ‘кій, шост’. Відаць, рэгіянальнае славянскае ўтварэнне пры дапамозе суфікса ‑k‑a ад *tyčь > тыч альбо мясцовае ад ст.-бел. тыка (гл.) і суф. ‑ьк‑а. Да ты́каць (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перавя́сла, пераве́со, перавёсла, перавясло́, пырывысло́ (і інш. фанетычныя варыянты) ’скрутак саломы, якім перавязваюць сноп’ (Нас., ТСБМ, Сцяшк. Сл., Выг., Шат., Касп., Мат. Гом., Ян., ТС, Сл. Брэс.; ЛА, 2), ’звязка лыка’ (слуц., КЭС), ’ручка ў вядры’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ), пырывысло́, перавя́сло ’пярэвітка, на якую кладуць жэрдкі ў плоце’ (брэсц., слуц., ЛА, 4). Укр. пере́ве́сло, рус. дыял. перевя́сло ’перевясла ў снапе; дужка вядра, кошыка; саламяная вяроўка для замацавання саломы на стрэхах’. Паводле Фасмера (3, 236), да пере‑ і вя́сло (гл. пера- і вясло́1), якое з прасл. *vęzslo. Махэк₂ (477) выводзіць укр. переве́сло з повере́сло́, суадносячы яго з прасл. *poverslo < *po‑verz‑slo. Гэтаксама Бязлай (3, 98). Аднак дадзеныя Грынчэнкі, узятыя ў Вярхрацкага, на якія спасылаюцца гэтыя аўтары, запісаны на крайнім захадзе ўкр. моўнай тэрыторыі, дзе магчымы ўплыў зах.-слав. моў. З другога боку, на карысць дапушчэння Махэка прамаўляе ‑е‑ ў складзе ‑ве‑ лексемы пере́ве́сло, а не ‑вʼя‑ (як у перевʼязати ’перавязаць’). Для ц.-слав. поврѣсло Трубачоў (Этимология–1972, 40) выводзіць прасл. форму *poverz‑slo. Гэтыя дзве формы з *po‑ (зах.- і паўд.-слав.) і *per (у асноўным, усх.-слав.) суіснуюць у кантамінаваных варыянтах на польскай моўнай тэрыторыі: powrósło (замест правільнай, фанетычна законнай формы powrzosło) і паўд. porwósło, вял.-польск. prowionsło, мазав. prowiąsło, катавіцка-кракаўскае przewiązło, пазн. powrząsło, аўгуст. przewiąslo (замест przewiązło), што дае падставу дапусціць архаічнасць форм *pervę(z)slo, povę(z)slo і *poverzlo (Банькоўскі, 2, 730, 739, 918).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясло́1 ’звязка, пучок дробных нанізаных прадметаў’ (БРС, КТС, Шат., Янк. I, Інстр. III, Масл.), вя́сло (Касп., Нас.), вя́сла (Янк. Мат., Гарэц.), сувалк. vʼosła ’скрутак лыка’ (LP, 1960, 351), ст.-бел. весло, укр. жытом. весло ’звязка якіх-небудзь аднародных прадметаў’, рус. тамб., кур., маск., разан. вя́сло ’жгут саломы, якім звязваюць снапы’, свясло́ ’перавясла’, вяц. ’пучок ільну па 20 жменей’, ст.-рус. съвѧсло. Усх.-слав. утварэнне ад вязаць (гл.) і суф. ‑сло (< ‑slo).

Вясло́2 ’вага ў студні з жураўлём’ (в.-дзвін., ДАБМ), укр. весло́ ’каромысла’. Да весіць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑сло (< slo). Відавочна, гэта калька з літоўскага (латышскага) слова; параўн. svìrtis ’журавель у студні’, ’рычаг’ ⟷ літ. svyrė́ti ’звісаць, вісець над чым-небудзь’, svìrti ’нахіляцца, звісаць’. Сюды ж весілкаручка чайніка’ (гл.).

Вясло́3 ’прыналежнасць лодкі’ (БРС, КТС, Мядзв., Янк. I, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ); ’прылада для кіравання плытом у выглядзе абчасанага бервяна, якое прымацоўваецца наперадзе і ззаду плыта’ (зах.-дзвін., Нар. сл.). Укр. весло ’вясло’, рус. весло ’тс’, бранск., арл., разан., гом. ’лапатка для замешвання цеста’, польск. wiosło ’вясло, драўляная лапатка’; ’ногі водных птушак’, н.-луж. wjasło, в.-луж. wjesło ’вясло’, чэш., славац. veslo ’вясло’; ’нага воднай птушкі’, славен. véslǫ ’вясло’; ’паклёпніцкі язык’, vésta ж. р. ’вясло’; ’хлебная лапата’; ’вялікая лыжка’, серб.-харв. вѐсло ’вясло’; ’плаўнік (у рыб)’, макед., балг. весло ’вясло’, ст.-слав. весло. Прасл. veslo (< vez‑slo) < *vegʼh‑slom. Да вязці́ (гл.). Параўн. Гараеў, 1896, 74; Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 79; Фасмер, 1, 303; КЭСРЯ, 77; Шанскі, 1, В, 73; Брукнер, 623; Младэнаў, 63; БЕР, 1, 137; Голуб-Копечны, 415; Махэк₂, 685; Скок, 3, 579. Сюды ж вясляр, вяслярны, вяслярства (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Какту́н ’нараст на дрэве’ (Бяльк.). Статус слова няясны (адзіная фіксацыя на бел. моўнай тэрыторыі, адсутнасць паралелей і бел. адпаведнікаў), што не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб прыналежнасці лексемы да бел. мовы. Разглядаючы ‑ун як суфіксальнае, можна выдзеліць аснову какт‑ (кокт) і суаднесці яе з рус. кокта і какта ’дрэва, вывернутае з коранем цячэннем і выкінутае на водмель або якое завязла на дне рэчкі’ (валаг.). Іншыя значэнні рус. лексем (’частка сахі’, ’дрэўка ў брадніку’ і інш.) дазваляюць меркаваць, што гэтыя словы частковыя сінонімы да кокора і пад., для якога значэнні ’патаўшчэнне’, ’нараст’ з’яўляюцца натуральнымі. Можна меркаваць, што слоўнікі не адзначылі ўсіх семем для рус. кокта, у прыватнасці, такіх, як ’сук’, ’парастак’, ’нараст’. Рус. дыял. конта можна разглядаць і як двухсэнсоўны прыклад аналагічны кокот, г. зн. лексемы або ўскосна, або, магчыма, і генетычна суадносяцца з назвамі курыцы або пеўня. У першым выпадку ўскосная сувязь разумеецца як ад’ідэацыя, суаднясенне тэрміна з назвай птушкі і пашырэнне або трансфармацыя семантыкі ў выніку гэтага. Вельмі двухсэнсоўныя прыклады: рус. кокот (магчыма, як ’певень’, у Афанасьева, арханг.), ’вілы з двума жалезнымі тачкамі’, ’разгалінаваны сук, вялікая галіна’, наўг. кокта ’курыца, кульба, малая какора на сялянскай страсе’, пск., асташк цвяр. коктиться ’ўладкоўвацца зручней, усесціся, улегчыся’, кочет ’певень’ і ’ручка ў касільна’, кочетина ’вялікі певень’ і ’жэрдкі або дрэва, загнутыя з аднаго боку або з часткай кораня, якія ўтрымліваюць салому на даху’, куричина ’жэрдка з загнутым канцом’, ’дышаль сахі’, магчыма, і арханг. курка ’губа на дрэве’ (хоць апошняе, магчыма, да курить ’дыміць’) і да т. п. Калі дапусціць, што дэрываты ад кокш‑ могуць суадносіцца з назвай курыцы, можна меркаваць, што значэнне ’нараст’ для такога заоніма не з’яўляецца незвычайным; ва ўсякім разе можна прыгадаць балг. дыял. кокошинец ’мазоль, бародаўка’, кокоши трън ’тс’. Гэта, аднак, вельмі няпэўныя меркаванні. Да магчымай формы кокша ’курыца’ параўн. серб.-харв. кокша (прыклад вельмі ненадзейны, не выключана, што ўтвораны як рыфмаваная структура на базе іншай, параўн. RHSJ, 5, 175): нам, аднак, гэты прыклад важны як магчымая словаўтваральная паралель да рус. лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)