Кро́сны (кро́сна) ’ткацкі станок’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Нар. сл., Выг., Маш., Федар., Мядзв., Гарэц., Дзмітр., Рам., Жыв. сл., Нік. Очерки, Шпіл. Путешеств., Нар. словатв., Сержп. Пр., Нар. лекс., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Нас., Ян., Шат., Мат. Гом.). Укр. кросно, кросна, рус. кросно, кросна ’тс’, балг. кросно, макед. кросно, серб.-харв. кро̏сна, славен. krósna ’тс’, польск. krosna, чэш. krosna, славац. krosna, в.-луж. krosna, палаб. krosn ’тс’. Прасл. krosno, krosna ’драўляная рама як козлы або ткацкі станок’. Словаўтварэнне на ‑no, як sukno (< sukati), runo (< ruti). Але знайсці адпаведны дзеяслоў на славянскай або балтыйскай моўнай глебе не ўдаецца. Бліжэйшая паралель літ. krãsė ’крэсла’. Мяркуецца, што сюды ж балта-славянская назва крэсла (гл.) (параўн. ст.-прус. creslan і слав. kreslo, якія марфалагічна супадаюць). Гл. крэсла (параўн. Тапароў, К–Z, 182).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бук 1 ’дрэва Fagus’. Рус. бук, укр. бук, польск. buk, чэш. buk, балг. бук, серб.-харв. бӳк. Параўн. таксама ц.-слав. боукы, серб.-харв. бӳква, славен. búkev, bȗkva, ст.-чэш. bukev ’бук’ і г. д. Старое славянскае запазычанне з германскіх моў. Параўн. гоц. bōka, ст.-ісл. bók, ст.-в.-ням. buohha, якія роднасныя лац. fāgus, грэч. φηγός (гл. пад бузіна́). Падрабязней гл. Фасмер, 1, 234–235 (там і літ-ра).
Бук 2 ’месца, куды падае вада з млынавая кола, ад чаго дно робіцца глыбокім’ (Яшкін), ’назва шырокіх і глыбокіх месцаў на рацэ, глыбокае месца на возеры, яма’ (КЭС), бу́ка ’глыбокае месца ў рацэ’ (Яшкін). Параўн. рус. дыял. бук ’глыбокае месца пад колам млына; глыбокае месца ў рацэ, вір’, бу́ко́ви́ще ’тс’, бу́ковище ’абвал, абрыў’. Бясспрэчна, ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati. Параўн. бу́кта, бу́хта 2, буко́та 2, бу́чаё.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Булдоўнік 1 ’расліна Cirsium arvense, бадзяк палявы’ (гл. Кіс.). Напэўна, расліна так названа паводле сваіх круглых кветак-галовак. Параўн., напр., яе назвы ва ўкр. мове, якія адлюстроўваюць гэту прыкмету: головатник, наголоватень, наголоватка (Макавецкі, Sł. botan., 99). У бел. мове тут выступае тая ж аснова булд-, што азначае круглыя, пузатыя прадметы (гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га і г. д.) і ’сустракаецца ў іншых назвах раслін (гл. булдоўка). Менш верагоднай здаецца здагадка, што булд‑(оўнік) < *будл‑(оўнік) < *бодл‑(оўнік); параўн. укр. назвы для Cirsium arvense тыпу бодлак (ад бод‑ ’калоць’).
Булдоўнік 2 ’расліна Pulsatilla patens L., сон раскрыты’ (Кіс.). Назва (аснова булд- ’штосьці круглае, збанкаватае, выпуклае’; гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га, а таксама іншыя назвы раслін: булдоўка гарлачык жоўты’ і булдоўнік ’бадзяк палявы’) паводле збан-кападобнай, як у цюльпана, кветкі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Се́чань старое ‘студзень’ (Нас.). Укр. сі́чень, старое рус. сечень ‘студзень’, стараж.-рус. сѣчьнь ‘студзень; люты’, чэш. sečen ‘ліпень’, славац. velký sečeń ‘студзень’, malý sečeń ‘люты’, славен. дыял. sečenj ‘люты’, серб.-харв. се̑чањ, sijȇčanj ‘студзень’, балг. фальк. голя́м се́чко ‘студзень’, ма́лък се́чко ‘люты’, макед. сечко ‘люты’, ст.-слав. сѣчьнь ‘люты, студзень’. Прасл. *sěčьnь да *sekti, гл. сячы, як перыяд года, найбольш зручны для высечкі лесу з мэтай атрымання дзелавой драўніны (Шаўр, Этимология–1971, 98 і наст.), або для распрацоўкі ўчастка для раллі. Тлумачэнне, што месяц атрымаў назву па марозе, які “сячэ”, лічыцца народнай этымалогіяй. Назва для ‘ліпеня’ звязана з касьбой (старое *sěkti ‘зразаць траву’). Меркаванні Сноя (Бязлай, 3, 346) пра сувязі з літ. síekis, siẽkis ‘снежань студзень’ аналагічна літ. sãusis ‘студзень, снежань’ пры славен. súšec ‘сакавік’ (Сной₂, 713) падаюцца недастаткова абгрунтаванымі. Гл. ЕСУМ, 5, 258–259.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стаўбе́ц, стаўпе́ц (стовбе́ц, стовпе́ц) ‘рыба ялец, Leuciscus leuciscus L.’ (Крыв.), стовпец ‘рыба ялец; рыба пячкур, Gobio gobio’ (на Прыпяці, Жук.), стаўбец ‘пячкур’ (Інстр. 2); з іншым суф. стаўбу́н ‘ялец’ (Янк. 1, 2). Дэрываты з суф. ‑ец ад стоўб, стоўп (гл.). Укр. стовбець, стовпець ‘пячкур; ялец’. Па сведчанні Сабанеева (2, 78 і наст.), пячкур называецца столбец, столбчик наогул па ўсёй паўднёвай Расіі; назва дадзена па брускаватай форме цела і па звычцы ў паўдзённую гарачыню стаяць нерухома каля камянёў і карчоў (гл. таксама Усачова, Слав. ихт. терм., 154); найменні першапачаткова адносіліся да пячкура, а потым перайшлі на яльца з прычыны некаторага падабенства і іх дробных памераў. Інакш ЕСУМ (5, 421), у якім мяркуюць аб змяненні і кантамінацыі назваў тыпу ўкр. ско́блик, ко́вблик, рус. колб, колбе́нь, якія былі набліжаны да стоўб.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ты́тул 1 ‘загаловак кнігі’, ‘першая старонка кнігі, тытульны ліст’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. тытулъ, тителъ, титулъ ‘загаловак, назва’, ‘надпіс’. Са ст.-польск. tytuł ‘тс’, якое з лац. titulus ‘тс’, ‘надмагільны надпіс’, ‘подпіс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), у ВКЛ таксама ‘прычына, падстава, права’ (Жлутка).
Ты́тул 2 ‘ганаровае або дараванае дваранскае званне (барон, князь, граф)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.): у каго ў шкатуле, той і ў тытуле (брасл., Рабк.), ‘вясельны чын асоб, што маюць акрэсленыя функцыі ў рытуале’ (беласт., Этнагр. зб., 112), ст.-бел. тытулъ, титулъ ‘тытул, званне’ (1438 г., ГСБМ). Са ст.-польск. tytuł < лац. titulus ‘ганаровае званне, слаўнае імя’, ‘гонар, слава’, ‘подзвіг, заслуга’, сюды ж ст.-бел. тытуловати ‘называць’ (1622 г.) са ст.-польск. tytułować ‘называць’, якое з лац. titulāre ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 198).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ноч, ‑ы; мн. ночы, начэй, начам, ночы, начамі, начах; ж.
Частка сутак ад захаду да ўсходу сонца, з вечара да раніцы. Да позняй ночы. Глухая ноч. □ Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль. Ноч выдалася зорная, цёплая. Якімовіч. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Бядуля.
•••
Белыя ночы — кароткія ночы на поўначы, калі вечаровы змрок непасрэдна пераходзіць у ранішняе світанне.
Палярная ноч — частка года за палярным кругам, на працягу якой не ўзыходзіць сонца.
Варфаламееўская ноч — масавае знішчэнне бязвінных людзей (назва ўзнікла пасля знішчэння гугенотаў католікамі ў Парыжы перад святам «святога Варфаламея» 24 жніўня 1572 г.).
Вераб’іная ноч — а) тое, што і рабінавая ноч; б) самая кароткая летняя ноч.
На ноч гледзячы гл. гледзячы.
Ноч у ноч — кожную ноч.
Рабінавая ноч — цёмная летняя ноч з громам, маланкай, праліўным дажджом або толькі з бесперапыннымі зарніцамі. Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, жахалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка. — Бываюць .. такія ночы, што дажджу няма, а бліскае з вечара да раніцы. Такія ночы ў нас называюць рабінавымі... Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сацыялі́зм, ‑а, м.
1. Першая фаза камуністычнай фармацыі — грамадскі лад, які ў выніку пралетарскай рэвалюцыі прыходзіць на змену капіталізму і характарызуецца грамадскай уласнасцю на сродкі вытворчасці, адсутнасцю эксплуатацыі чалавека чалавекам, палітычнай уладай працоўных мас пры кіруючай ролі рабочага класа на чале з марксісцка-ленінскай партыяй. Утварэнне і росквіт брацкага саюза савецкіх народаў служыць самым пераканаўчым доказам таго, што толькі сацыялізм адкрывае адзіна правільны шлях да пераадолення варожасці і недавер’я паміж нацыямі, да ўвасаблення ў рэальным жыцці гуманістычнага прынцыпу людзей працы: чалавек чалавеку, народ народу — друг, таварыш і брат. Машэраў.
2. Вучэнне аб пабудове сацыялістычнага грамадства. Навуковы сацыялізм.
3. Назва розных дробнабуржуазных і буржуазных вучэнняў аб рэформе капіталістычнага грамадства на аснове ўраўняльнасці або згладжвання антаганістычных супярэчнасцей. Народніцкі сацыялізм. Хрысціянскі сацыялізм.
•••
Развіты сацыялізм — заканамерная ступень сацыяльна-эканамічнай сталасці сацыялістычнага ладу, калі завяршаецца перабудова ўсёй сукупнасці грамадскіх адносін на ўнутрана ўласцівых сацыялізму калектывісцкіх пачатках.
Сусветная сістэма сацыялізма гл. сістэма.
Утапічны сацыялізм — дамарксаўскае вучэнне аб сацыялістычнай перабудове грамадства, якое выходзіла не з аб’ектыўных законаў развіцця, а з абстрактных уяўленняў аб ідэальнай будове грамадства.
[Ад лац. socialis — грамадскі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
све́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам усярэдзіне, якая служыць для асвятлення. Стэарынавая свечка. □ Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка. Шамякін. Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей.
2. Адзінка вымярэння сілы святла. Увечары ў новай Пракопавай хаце ярка гарэла вялікая электрычная лямпачка — у сто пяцьдзесят свечак. Ермаловіч.
3. Медыцынскі прэпарат у выглядзе тлушчавай палачкі, які выкарыстоўваецца пры лячэнні гемарою і пад. Гемараідальныя свечкі.
4. Назва некаторых прыстасаванняў для запальвання гаручай сумесі. Запальныя свечкі рухавіка.
5. (звычайна з дзеясл.: «даць», «рабіць»). Вертыкальны пад’ём, узлёт уверх (мяча, самалёта і інш.). Футбаліст даў свечку. □ Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў. Караткевіч. // у знач. прысл. све́чкай. Проста ўверх, вертыкальна. Мяч час ад часу свечкай узлятае над сеткай. Даніленка.
•••
Ні богу свечка, ні чорту качарга — пра пасрэднага чалавека, які не вызначаецца здольнасцямі да чаго‑н.
Прыйсці свечкі тушыць гл. прыйсці.
Са свечкай не знойдзеш гл. знайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убо́р, ‑у, м.
Убранне, адзенне; строі. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы. Асіпенка. [Сяргей з Таняй] спыніліся каля палаткі з дзявочымі ўборамі. Машара. Выходзіць Домна Іванаўна — маці паэта, вясковая кабета ў простым чысценькім уборы. С. Александровіч. // Адзенне, убранне, прызначанае на якія‑н. пэўныя акалічнасці. Шлюбныя уборы. □ Усе леснікі былі ўжо ў зборы, у лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Тое, што і галаўны ўбор. Дождж, я верыў, дабрадзей, І чакаў яго штодзень. Дачакаўся І — на двор, З галавы здымаю ўбор. Калачынскі. // Якое‑н. упрыгожанне або дадатак да ўбрання чаго‑н. Хоць гаспадар і ўздыхнуў па ім [кані], ды зняў сядло з уборам залатым. Дубоўка. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (лісце, снег, іней і пад.). Бярозы былі ў прыгожым уборы, на ветры трапяталася зялёнае, з ружовым адценнем лісце. Гурскі. Пахіліліся галіны пад белым уборам. Лынькоў. Мне на плечы ніцыя акацыі Сыплюць свой пялёсткавы ўбор. Шымук.
•••
Галаўны ўбор — агульная назва рэчаў, якія надзяваюцца на галаву (шапкі, капелюшы і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)