сацыялі́зм, ‑а, м.
1. Першая фаза камуністычнай фармацыі — грамадскі лад, які ў выніку пралетарскай рэвалюцыі прыходзіць на змену капіталізму і характарызуецца грамадскай уласнасцю на сродкі вытворчасці, адсутнасцю эксплуатацыі чалавека чалавекам, палітычнай уладай працоўных мас пры кіруючай ролі рабочага класа на чале з марксісцка-ленінскай партыяй. Утварэнне і росквіт брацкага саюза савецкіх народаў служыць самым пераканаўчым доказам таго, што толькі сацыялізм адкрывае адзіна правільны шлях да пераадолення варожасці і недавер’я паміж нацыямі, да ўвасаблення ў рэальным жыцці гуманістычнага прынцыпу людзей працы: чалавек чалавеку, народ народу — друг, таварыш і брат. Машэраў.
2. Вучэнне аб пабудове сацыялістычнага грамадства. Навуковы сацыялізм.
3. Назва розных дробнабуржуазных і буржуазных вучэнняў аб рэформе капіталістычнага грамадства на аснове ўраўняльнасці або згладжвання антаганістычных супярэчнасцей. Народніцкі сацыялізм. Хрысціянскі сацыялізм.
•••
Развіты сацыялізм — заканамерная ступень сацыяльна-эканамічнай сталасці сацыялістычнага ладу, калі завяршаецца перабудова ўсёй сукупнасці грамадскіх адносін на ўнутрана ўласцівых сацыялізму калектывісцкіх пачатках.
Сусветная сістэма сацыялізма гл. сістэма.
Утапічны сацыялізм — дамарксаўскае вучэнне аб сацыялістычнай перабудове грамадства, якое выходзіла не з аб’ектыўных законаў развіцця, а з абстрактных уяўленняў аб ідэальнай будове грамадства.
[Ад лац. socialis — грамадскі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)