ры́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Чырвона-жоўты (пра колер валасоў, шэрсць). Загарэў старшыня, яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы. Бялевіч. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Кулакоўскі. // З валасамі, шэрсцю такога колеру. «Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Урачы прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Шамякін. // Чырванавата-жоўты, светла-карычневы (пра колер розных прадметаў, а таксама раслін і жывёл). Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Карпаў. Ліст пажоўклы, рыжы Прабіваюць кроплі. Ляпёшкін. У рукі .. [Валі] далі лазовы кош з рыжым пеўнем. Якімовіч. // Які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым. Рыжая хустка. Рыжая ватоўка.

2. у знач. наз. ры́жы, ‑ага, м.; ры́жая, ‑ай, ж. Пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру. [Ігнат:] — У той жа момант, забыўшыся і пра шкуру, смальнуў я з другога ствала. І вось тут, братка ты мой, рыжы як падхопіцца ды як сігане цераз поле. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Стубла, сту́бло ‘невялікая ўпадзіна на балоце, дзе летам не высыхае вада’ (івац., Нар. сл.)’ ‘бяздонная яма ў балоце’ (івац., ЖНС), ‘вялікая гразь у час разводдзя’ (стаўб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі вадаём’ (Сл. Брэс.; івац., ЛА, 2), ‘тоўстая кабета’ (стол., Вярэніч, вусн. паведамл.). Фасмер (3, 786) прыводзіць яшчэ гідронімы Стубель ‘левы прыток Гарыні’, Сту́бла ‘правы прыток Стыра’; гл. таксама мікратапонім Сту́бло ‘вадапой на балоце’ (пін., Мікратапанімія Бел., 229). Укр. сту́бла звязана з серб.-ц.-слав. стубль ‘крыніца’, чэш. zbel, таксама zbelík, ст.-чэш. stbel ‘крыніца, калодзеж’, серб.-харв. сту́блина ‘калода, выдзеўбанае дрэва’, славен. stúblo ‘трубка з суцэльнага ствала дрэва’, балг. сту́бел ‘пустое дрэва, зруб калодзежа’, дыял. сту́бла ‘крыніца, вада з якой выцякае праз ствол згніўшага дрэва’, ‘выдзяўбаная калода ў крыніцы ў якасці рэзервуара’. Махэк₂ (712) першасную форму ўзнаўляе прыблізна як *stъbъlъ і *stubъlъ і роднасным лічыць ням. Stubbe ‘пень’; ён заўважае, што ў старыя часы калодзежы рабіліся так, што ў крыніцу ўстаўлялі выдзеўбаны, добра насычаны смалою пень, у якога адразалі карані. Фасмер (3, 786) першасным значэннем лічыць ‘зруб калодзежа, карыта’ і роднасныя бачыць у ст.-ісл. stubbr ‘ствол дрэва’, stubbi ‘пень’, с.-в.-ням. stubbe ‘пень’, грэч. στύφω ‘раблю трывалым’. Гл. таксама Кіпарскі, Gemeinslav., 40; Будзішэўска, ЕЛ, 33, 6, 112–114; Скок, 3, 351–352; ЕСУМ, 5, 456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́ра, ‑ы, ж.

Суровае пакаранне, спагнанне за правіннасць. Панесці кару. Адбываць кару. □ У заключэнне пракурор патрабаваў вышэйшай меры кары, што азначана ў артыкулах, па якіх адбываўся суд. Колас. Ні бацькі, ні дзяўчат гестапаўцам злавіць не ўдалося: іх папярэдзілі сувязныя. Увесь цяжар кары лёг на кволыя матчыны плечы. Брыль.

кара́, ы́, ж.

1. Паверхневая частка ствала, галін і кораня дрэвавых раслін, якая звычайна лёгка аддзяляецца. Лазовая кара. Здымаць кару. □ Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Доўгімі і вострымі кіпцюрамі мядзведзіца здзірала кару з дрэў. В. Вольскі.

2. чаго або якая. Верхні цвёрды слой на чым‑н. У лагчынах блішчэлі ахопленыя ледзяной карой лужыны. Бядуля. Конь цвёрда ступаў, прабіваючы слабую кару гразі. Гартны. // перан.; чаго. Аб чым‑н. знешнім, паверхневым, за якім хаваецца якая‑н. сутнасць. Дрымота і здранцвеласць цела туманіла нам галовы і зацягвала сэрца карою абыякавасці. Чорны.

•••

Зямная кара — верхняя цвёрдая абалонка Зямлі.

Кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу; кара галаўнога мозгу — паверхневы слой галаўнога мозгу ў вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека.

Абрасці карою гл. абрасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пень, пня, м.

1. Ніжняя частка ствала з каранямі, якая застаецца ад спілаванага, ссечанага або зламанага дрэва. [Жонка] разам з сынам распаліла агеньчык на тым месцы, дзе некалі расла груша, а цяпер тырчаў з зямлі абгарэлы пень, паставіла чыгун з бульбай. Сіўцоў. [Жанчына:] — А вось у Шацілкі прыехалі: ні пала ні двара. У палатцы жылі, рыдлёўка і сякера — найпершыя машыны: пні карчавалі. Дадзіёмаў.

2. Адно дрэва будаўнічага лесу. [Цесць:] — Можа б у земаддзеле пнёў колькі лесу далі, як хутаранцу? Кажуць, даюць цяпер на будоўлю. Лобан. // Ствол дрэва. Адны з іх [асколкаў] тонка, як пчолы, звінелі па версе, збіваючы галінкі і лісце, другія .. злосна чокалі, уядаючыся ў галлё і пні. Брыль.

3. перан. Пра бесталковага, абыякавага да ўсяго чалавека.

•••

Валіць цераз пень калоду гл. валіць.

Глухі як пень гл. глухі.

На пень брахаць гл. брахаць.

На пні — пра не зрэзанае (лес, збожжавыя расліны і пад.). Пажаўцела поле. Збожжа ссыхалася на пні. Бядуля. — Ну, якая ўжо там грэчка! — Брат малодшы кажа: — Ветрам выдзьме! Не паспеўшы, Уся на пні паляжа. Колас.

Стаяць (сядзець) як пень гл. стаяць.

Цераз пень калоду — дрэнна, абы як (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ствол, ствала, м.

1. Надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны, якая трымае на сабе галіны і лісты. Люблю сівых дубоў калоны, І соснаў стромкія ствалы. Грахоўскі. Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў.

2. У архітэктуры — асноўная частка калоны паміж базай і капітэллю.

3. Частка агнястрэльнай зброі ў выглядзе трубы, праз якую праходзіць, атрымаўшы напрамак палёту, куля або снарад. Намерыўся [Бычок] ціскануць на спуск, ды ўсё ж успомніў, што карабін выпадаў з рук, глянуў у ствол: канал і нават мушка былі залеплены зямлёю. Кулакоўскі. На сценах вісяць старажытныя арабскія стрэльбы з даўжэзнымі стваламі і перламутравымі інкрустацыямі на прыкладах. В. Вольскі. // Спец. Гармата (ужываецца як адзінка падліку).

4. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія маюць форму трубы. Ствол пажарнага рукава.

5. Назва некаторых органаў або тканкавых утварэнняў у арганізме, якія маюць выгляд трубкі. Ствол соннай артэрыі.

•••

Пайсці ў ствол — вырасці ў кветканоснае сцябло (пра караняплоды).

Шахтавы ствол — вертыкальная або нахіленая горная выпрацоўка, якая мае выхад на паверхню зямлі і прызначана для абслугоўвання падземных работ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стры́жань, ‑жня, м.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. У бярвенні, мабыць, адна абалонка, а стрыжань ужо спарахнеў. Сабаленка. Любіў сядзець .. і дзівіцца, як лоўка выкручвае дзед стрыжань зрэзанай на дудку хвойкі. Марціновіч. // Сярэдняя частка чаго‑н. у жывёльным або раслінным арганізмах. Стрыжань птушынага пяра.

2. Спец. Прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго‑н. Стрыжань поршня. // Унутраная частка электрамагніта з абмоткай з дроту.

3. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі, месца з самым хуткім цячэннем у рацэ. Наперадзе заўжды ішоў Ціхан — брыгадзір лепшай у арцелі брыгады і Бамбалаў сусед. Ён першы садзіўся на вёслы і вёў свой баркас на самы стрыжань ракі. Карамазаў. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль.

4. Разм. Цвёрды асяродак варыва. Стрыжань скулы.

5. перан.; чаго. Асноўная, галоўная, цэнтральная частка чаго‑н. Да лепшых [вершаў] трэба аднесці тыя, дзе аўтару ўдалося знайсці нейкае драматычнае зерне, нейкі канфліктны стрыжань. Бярозкін. // Тое, асноўнае, што характэрна каму‑, чаму‑н. Лірыка-інтанацыйны прынцып канчаткова аформіўся, стаў стрыжнем індывідуальнай манеры Я. Брыля ў рамане «Птушкі і гнёзды». У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзол ’апошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв. осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзол ’упадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ. žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск. obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск. obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел. абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш. obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус. обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьzaліт. ìžiti ’лушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Частка тонкага ствала або галіны, ачышчаная ад парасткаў. Выразаць палку. □ Неўзабаве вёскаю, пасярод вуліцы, ішоў чалавек — у лапцях, шарачковых портках і старым суконным палітоне. На плячы, на сукаватай палцы, торбачка з хлебам. Крапіва. Двое другіх калгаснікаў насыпалі сечку ў цабэркі.., нанізвалі цабэркі на доўгую тоўстую палку і неслі каровам. Колас. // Аб такім адпаведна апрацаваным прадмеце, які ўжываецца як апора пры хадзьбе або для іншых мэт. Клопікаў апранаўся ў лепшы свой пінжак, насоўваў на галаву стары, [пазелянелы] ад старасці і часу кацялок і, абапіраючыся на такую ж старую палку-крывулю,.. важна выходзіў на вуліцу. Лынькоў. Зіна палезла на палкі, вырвалася на [лыжах] наперад. Шыцік. // звычайна мн. (па́лкі, ‑лак); перан. Пра палачныя ўдары, пабоі. Свату першая чарка і першая палка. Прыказка. // перан. Пра гвалт, прымус. Вам з нараджэння невядома Нядоля палкі і ярма. Глебка.

•••

З-пад палкі — быць вымушаным, пад прымусам (рабіць, выконваць што‑н.).

Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай гл. кій.

Палка з двума канцамі — пра тое, што можа скончыцца і добра і дрэнна.

Перагнуць палку гл. перагнуць.

Устаўляць (ставіць) палкі ў колы гл. устаўляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штык 1, ‑а, м.

1. Халодная колючая зброя ў выглядзе вялікага нажа, якая насаджваецца на канец ствала вінтоўкі, карабіна, аўтамата. Дзям’ян яшчэ раз нырнуў штыком.. [ворага] ў грудзі і, забраўшы зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. Напарнік тым часам вырваў штык з кудзелі, адступіўся ў сенцы, завярнуў вінтоўку штыком наперад і рынуўся ў хату. Лецка. // перан. Ужываецца для абазначэння ваеннай сілы як сімвал яе. Браты, мы ведаем — Няроўнае змаганне: Супроць вас штык, Астрогі, катаванне. Колас. Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі. // У спорце — плоская сталёвая пласцінка з шляпкай ці цыліндрам на тонкім канцы, якая надзяецца на ствол стрэльбы, карабіна. Фехтаванне на штыках.

2. Спец. Узброены баец, салдат (ужываецца як адзінка падліку пяхоты). Як атрад партызанскі ішоў з баёў, Небагата ў атрадзе было штыкоў: Хто скалечаны, Хто паранены... Лужанін.

•••

Прымкнуць штык гл. прымкнуць.

Падняць (узняць) на штыкі гл. падняць.

Сустрэць (прыняць) у штыкі гл. сустрэць.

Як штык — поўнасцю, зусім (гатовы да чаго‑н., здаровы і пад.).

[Ад польск. sztych.]

штык 2, ‑а, м.

Спец. Асобы марскі вузел пры звязванні тоўстых вяровак, канатаў.

штык 3, ‑а, м.

Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жаць1, жну ’убіраць расліны, зразаючы сцёблы’. Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc, ’в.-луж. уст. žęć, žnyć, н.-луж. žeś ’тс’, палаб. zanai ’жатва’, чэш. žíti, žnouti, славац. žať, балг. жъ̀на, макед. жнее, серб.-харв. же̏ти, славен. žéti ’жаць’. Ст.-сл. жѧти, ст.-рус., ст.-бел. жати ’тс’. Прасл. *žęti, *žьną ’тс’ мае ў адрозненне ад іншых і.-е. моў спецыялізаванае значэнне. І.‑е. корань *g​hen‑(ə)‑ меў, паводле Покарнага (1, 491), значэнне ’біць’ і суадносіцца са слав. словам гнаць (гл.), а таксама з літ. genė́ti ’ачышчаць голле са ствала’ (Траўтман, 85), ст.-іран. ǰain‑ti ’ўбіваць’, нарв. дыял. gana ’ссякаць галлё з дрэва’ і інш. Фасмер, 2, 60; Скок, 3, 678; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 565; Шанскі, 1, Ж, 279; Ваян, RÉS, 41, 1962, 59–60. У бел. прадстаўлены вытворныя жатва, жнец, жняя, жніво, вядомыя, відаць, яшчэ ў праславянскі перыяд, і шэраг іншых. Пра ст.-бел. значэнні і вытворныя гл. Шадурскі, дыс., 315–319.

Жаць2, жму ’ціснуць, праць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc ’ціснуць’, в.-луж. žimać ’выціскаць’, н.-луж. žeś, žmeś, žḿuś, ’ціснуць’, чэш. žmoliti, славац. žmoliť ’ціскаць, церці’, славац. žmyknúť ’вылушчыць шляхам сціскання’, балг. жъмка, серб.-харв. же̑ти, же́ти ’сціскваць’, славен. žę̑ma ’прэс’, ožę̑mati, ę́ti ’ціснуць, сціскваць’. Ст.-сл. съжѧти ’сціскваць’, ст.-рус. жати ’тс’ (зафіксавана з XVII ст.). Прасл. *žęti, *žьmǫ ’ціснуць’ да і.-е. кораня *gem‑ ’хапаць, сціскваць’ (літ. gùmulas ’куля’, gãmalas ’снежная куля; кусок хлеба, мяса’, лат. gumt ’хапаць’, грэч. γέντο ’схапіў’, γέμω ’я поўны’, нарв. kams ’галушка’ і інш.). Роднаснае слав. утварэнне з іншым вакалізмам гамёлак, гамёлка ’вялікі кавалак (хлеба, сыру)’ (гл.). Фасмер, 2, 59; Шанскі, 1, Ж, 278; БЕР, 1, 565; Покарны, 1, 368–369; Скок, 3, 678–679; Траўтман, 88. Сцвярджэнне Крукоўскага (Уплыў, 33), быццам кораня ‑жм‑ няма ў бел. мове, неабгрунтаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)