Жа́бры, жабры ’жабры’ (Нас., Бяльк., Шат.), зя́бры (Касп., Яўс.), шчы́бры (Нас.). Рус. жа́бры, паўд. зя́бры ’жабры, сківіцы’, укр. зя́бра, жа́бри ’жабры; гакі на восцях’, балг. дыял., макед. жабри, славац. žiabre, чэш. (< рус. Махэк₂, 721), в.-луж. (запазычанае, паводле Пфуля, 1039) žabra. Шанскі (1, Ж, 272) лічыць верагодным суфіксальнае (з суф. ‑r‑) утварэнне ад той самай асновы, што жа́ба ’рот, горла > хвароба рота, горла’, роднаснае ням. Kiefer ’сківіца’ (Хірт, BB, 24, 258), авест. zafarə ’рот, зяпа’ (Махэк₂, 721). Паводле Фасмера (2, 31), апошнія параўнанні недастаткова абгрунтаваныя. Міклашыч (405) параўноўваў з літ. žióbris, žiobrỹs ’рыба Abramis vimba’, што няпэўна фанетычна і семантычна. Патабня (РФВ, 4, 210) выказваў думку пра сувязь з губа і ст.-інд. jámbhatē ’хапае’, што мала верагодна. Параўн. яшчэ літ. žeberúoti ’лавіць восцямі’, žebérklas ’восці, гарпун’ у сувязі з укр. значэннем. Ці не звязана з жаваць (гл.)? (І.‑е. *gi̯eu‑ магло атрымаць падаўжэнне ‑r‑, *u̯ > w > b). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зало́ўка, залві́ца, дыял. заві́ца ’мужава сястра’. Рус. золо́вка ’тс’, дыял. ’жонка брата’, зо́лва, зо́лвица ’тс’, укр. зови́ця ’мужава сястра’, польск. дыял. zołwica, załwica, чэш., славак. zolvica, славен. zȃłva, zȃlvica, серб.-харв. за̏ова, за̏овица, балг. зъ̀лва ’тс’, дыял. ’дзяўчына, што спявае на вяселлі з боку жаніха’, макед. золва. Ст.-рус. золовка (XVII ст.). Прасл. zъlъva (zъly). Грэч. гамер. *γάλωϜος ’мужава сястра’, лац. glōs ’мужава сястра’, ’братава жонка’. І.‑е. *gʼ(e)lōu̯‑ ’мужава сястра’. Далейшая этымалогія няясная. Аскалі (KZ, 12, 319–321) выводзіў з *gel‑ ’весяліцца, усміхацца’, але гэта няпэўна. Бел. формы — ст.-рус. ці прасл. пашырэнне прасл. памянш. суфіксамі ‑ка, ‑іца. Фасмер, 2, 103; Шанскі, 2, З, 105; Копечны, Zákl. zásoba, 431; Траўтман, 373; Покарны, 1, 367–368; Трубачоў, История терм., 136–137; Шаўр, Etymologie, 63; Лаўроўскі, Назв. родства. 73–77; Панюціч, Лексіка нар. гаворак, 1975, 49–50; Паўленка, Нарысы па бел. словаўтв., 1978, 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зя́бліва ’асенняе ўзорванне поля, а таксама поле, узаранае з восені пад веснавую сяўбу’, зяб, зя́бла, дзя́бля (Выг., Лекс. Палесся), зя́блі, зя́бра, зя́бліна (Сл. паўн.-зах.), зя́бла, зя́бер (Нас.). Рус. зябь, дыял. зябль, зя́бель, укр. зяб ’тс’. Параўн. зя́бліць, дыял. зя́брыць, рус. зя́бить, зя́блить ’рыхтаваць (узорваць) пад зябліва’. Параўн. у рус. гаворках зя́бель расліны, збожжа, павітае марозам на полі’ (арханг., алан., пск., смал.) і наогул ’замарожаная рэч, дрэва’, ’сцюжа’, ’гніль (у дрэве)’, ’дрыгва’. Даль (1, 698–699) аднёс зябь, зябль, зя́блина да кораня зябнуть паводле семантычнага ходу: поле, пакінутае на зіму зябнуць. Таксама Міклашыч, 401. Але, калі ўлічыць, што гэта можа быць і ’азімы пасеў’ (пабіты марозам), ці не трэба звязваць са старажытным значэннем zęb‑ti > ст.-слав. зѧти ’рваць’, прозѧбати ’прарастаць’, як ’рунь’, ’усходы’. Няпэўна. Плевачава, Этимология, 1966, 94; Фасмер, 2, 110–111; Шанскі, 2, З, 116; Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 89. Параўн. зябнуць, зуб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ршань ’дэталь рухавіка, помпы, кампрэсара’ (ТСБМ). Як тэхнічны тэрмін, імаверна, з рус. поршень ’тс’. Праабражэнскі (2, 111) звязвае з семантычным гняздом рус. по́рхать (гл. таксама КЭСРЯ, 357), можа, у сувязі з функцыяй помпы ці распыляльніка, што, аднак, няпэўна. Трубачоў у Фасмера (3, 337) не бачыць падстаў аддзяляць ад по́ршень ’сялянскі абутак з аднаго кавалка скуры’, гл. поршні. Можна выказаць здагадку пра зыходнае *порушень, што ад рухаць, рухацца, параўн. варыянтныя назвы абутку рус. дыял. поршень/порушень/порошень. Адсюль варыянт поршань як дэталь рухавіка, звязаны з рухам, а не з распырскваннем. Параўн. бел. пару́ханы ’ўзняты, патурбаваны’, пару́хлівы ’рухлівы, хуткі’, паруша́цца ’рухацца з месца’, пару́шыць крануць, зрушыць, пасунуць’ (Байк. і Некр.), славен. porušenje ’тачэнне’ і ’тачылка’. Тады *po‑rux‑ěnь ’тое, што рухаецца, соўгаецца, хутка працуе’, параўн. літ. rušus/ruošus дзейны’, raũsti ’рыць, капацца’, лат. rušinât ’тс’, rùoss ’рухлівы, спраўны’, нова-в.-ням. дыял. ruscheln ’хутка працаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баліна ’саланчак’ (ст.-бел., Нас. гіст.). Бясспрэчна, да бел. ба́лка ’роў; гразкая яма на дарозе; гразкая дарога’ (Яшкін), рус. ба́лка, укр. ба́лка, ба́вка ’стэпавы яр’, ба́лище ’тс’ і ’вузкая, доўгая даліна’. Польск. bałka ’маленькае возера; яр’ (мабыць, з укр.). Словы вельмі цёмнага паходжання. Думаюць аб: 1) роднаснасці з слав. bolto ’багна’, літ. balà ’тс’, ст.-в.-ням. pfuol ’лужына, багнішча’ і г. д. Бернекер, 40; Мюлейбах–Эндзелін, 1, 253; 2) роднаснасці з тапанімічнай назвай Балка́н (Сабалеўскі, РФВ, 71, 439); 3) запазычанні з цюрк. моў (тур. bulak ’крыніца’ і г. д.; Развадоўскі, RS, 2, 103; кірг. balkaš ’багністае месца’, Фасмер, RS, 3, 255 і наст.). Параўн. яшчэ Мацэнаўэр, Cizí sl., 103; Фасмер, 1, 115–116. Шпэхт (Ursprung, 318, 116, 120) выстаўляе і.-е корань *bhel‑, *bher‑ ’шэры’. Няпэўна. Цікавай з’яўляецца думка пра сувязь з такімі словамі, як обвал, провал і г. д. (так ужо Нас. гіст.). Адносна гэтай магчымасці параўн. і серб.-харв. о̏бала ’бераг’ (< *обвала; упершыню Брандт, РФВ, 18, 7).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́цьШат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Залі́ць1, золи́ць ’дапякаць’ (Нас.). Рус. наўг., валаг., ярасл., кастр., арханг., маск., сімб. золи́ть ’дапякаць’, укр. золи́ти ’лаяць’, славен. zoliti ’крычаць, бурчаць’, балг. золя́ ’пасыпаць (соллю, перцам)’ (Гераў); параўн. серб.-харв. зо̑љ, зо́ља ’аса’ (якое, аднак, Скок, 3, 664, звязвае з гукапераймальным дзеясловам zújati). Вытворнае назаля́ць (ТСБМ). Даль (1, 691) лічыў золить ’заліць1’, і ’заліць2’ значэннямі аднаго і таго ж слова. Тады заліць1 — перанос ад заліць2 ’апрацоўваць лугам’. Ці суадносіцца славен. слова з бел., — няпэўна. Гл. яшчэ зло.

Залі́ць2 ’апрацоўваць шкуры растворам вапны’ (ТСБМ). Рус. золи́ть, укр. золити ’тс’ і ’парыць бялізну ў растворы попелу’, польск. zolić ’мачыць, парыць у попеле’, ’пэцкаць’, чэш. дыял. zoliť ’пэцкаць’, н.-луж. zoliś ’мачыць, парыць у лузе’. Ст.-рус. золити ’тс’ (XVII ст.). Дзеяслоў з суф. ‑і‑ць ад наз. зала1 (гл.).

Заліць3 ’пакрыць вадкасцю’. Рус. зали́ть ’тс’, укр. залити, польск. zalać і г. д. Прэфіксальны вытворны: за + ліць (гл. ліць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плюсна́1 ’ступня нагі чалавека’ (ТСБМ, Мядзв.; шчуч., Сл. ПЗБ; Варл.), ’ступня’ (паст., Сл. ПЗБ; стол., ЛА, 3), ’пад’ём, верх нагі’ (ТС, Ян.; брагін., ЛА, 3), плісна́ ’тс’ (ТС), плюсьня́ ’ступня’ (б.-каш., ЛА, 3). Параўн. рус. плюсна́, маск. плюсно́ ’адлегласць паміж асновай пальцаў і пятой нагі’. Да этымалогіі гл. плесна; параўн. таксама укр. плю́сно, паводле Німчука (Давньорус., 321), у выніку збліжэння з дзеясловам плюснути ’сплюснуць’, гл. плю́шчыць ’рабіць пляскатым’. Абмежаваны характар варыянта прымушае бачыць у ім арэальнае ўтварэнне. Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 20) супастаўляе лексему з літ. pliū́snis ’сплясканы’, што дае падставы вывесці яе з прасл. *plʼusk‑ъna, якое можна суаднесці з літ. pliùkšti ’спадаць, ападаць’. Няпэўна.

Плюсна́2 ’страва з жытняй мукі буйнога памолу, азлобленая малаком’ (шчуч., З нар. сл.). Магчыма, мясцовае ўтварэнне ад дзеяслова, адпаведнага літ. pliuškénti ’пляскаць’, тады ўнутраная форма можа быць ідэнтычнай назве стравы баўтуха (ад боўтаць, гл.). Параўн. наступнае слова.

Плюсна́3, плю́сна ’расплюшчаныя зярняты ў муцэ’ (Варл.). Утворана ад літ. pliū́snis ’сплясканы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́хамаць ’капрыз, недарэчнае, надуманае жаданне’ (ТСБМ), ’забабонны сродак; забабоны’; ’чароўныя веды’ (Нас., Гарэц.), ’забабоны, лячэнне нагаворамі’ (Бяльк.), при́хамить ’сімвалічны знак, абрад, які мае агульныя рысы з чарадзействам і незразумелы для пабочнага гледача’ (Мядзв.), прихамети ’забабоны’ (Кос.), прыхаме́ты ’тс’, прыхаме́та ’прыкмета’ (Бяльк.), прыхамати ’байкі, забабоны’ (Растарг.), пры́хаматлівы ’прымхлівы, які верыць забабонам’, пры́хаматны ’знамянальны па якіх-небудзь забабонных прыкметах’ (Нас.), прыхаме́тнік ’вядзьмак’ (Бяльк.). Рус. смал., бранск. при́хомоть ’забабонная прыкмета, забабоны, павер’е’, бранск. при́хомати, при́хомять, смал. прихоме́ты, прихомётка ’тс’, прихоме́тник ’вядзьмак’, прихоме́тница ’вядзьмарка’. Цёмнае слова. Можна выказаць толькі некалькі меркаванняў. Пры‑, відавочна, прыстаўка, параўн. яшчэ пры́шамець ’незвычайная з’ява’ (Варл.), што дазваляе выдзеліць экспрэсіўны элемент ха‑, які чаргуецца з ‑ша‑ (параўн. Махэк₂, 203: пад chomrstati). Няяснай застаецца фіналь слова (ад *męti?). Не выключае, што разглядаемае слова — гэта вытворнае ад пры́мха (гл.) з суф. ‑от і ‑ь (гл. аб суфіксацыі Карскі 2-3, 30–31): *прымх‑оть і з наступнай метатэзай і о ўстаўным — *прыхомоть > прыхамаць. Але гэта няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагаза́1 ’усе рэчы, што не прылягаюць шчыльна адна да адной’, ’сукаватая палка, ламачына, сук’, ’беспарадак’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), ’рагаццё’ (Юрч.), ’няўмека’ (Сцяшк. Сл.), раго́зіна ’сукаватая палка’ (Сцяшк.), раго́за ’нешта калючае, зачэпістае’, ’сварлівы чалавек’ (КЭС), рагазу́лька ’раскірака’, ’нешта раздвоенае’ (Гарэц.), рагазю́лі: вілакі нейкія, як рагазюлі, стаяць у вачах (Наша слова, 1992, 19 лют.), ст.-бел. рагоза ’дрэнны чалавек’ (Баркулабаўскі летапіс), сюды ж рагазіць ’перашкаджаць’ (Гарэц.), рус. дыял. ра́гоза́ ’раздор’, ’сварлівы чалавек’, ра́гози́ть ’балбатаць, хлусіць, мітусіцца ўпустую’, ст.-рус. рагоза ’сварка’, рагозьнъ ’сварлівы’, рогозити ся ’абурацца’, Фасмер збліжае з серб.-ц.-слав. рогал̑евати ’непакоіць’, славен. regetáti ’квакаць’, ’трашчаць’, лат. rēdzêt ’гневацца’ (Фасмер, 3, 429). Бязлай (3, 144–145) узводзіць да *rag‑, што са змененым вакалізмам выступае ў *rog‑ (рагатаць) і reg‑ (гл. рыгаць). Гл. таксама Сной, 599. Няпэўна; для некаторых слоў нельга выключыць сувязь з рог1 (гл.) на базе метафарычнага пераносу па форме рэаліі.

Рагаза́2 ’рагоз’ (Мат. Гом.), ragozá (Арх. Федар.). Гл. рагоз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)