ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,

сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца з пабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.​Сачанка).

Літ.:

Гл. да арт. Пабочныя словы.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТАЎНЫ́Я СЛО́ВЫ,

сінтаксічныя адзінкі, якія ўводзяцца ў сказ для ўдакладнення, паяснення выказанай у ім думкі або перадачы розных дадатковых звестак, заўваг, паведамленняў.

У.с. і словазлучэнні размяшчаюцца, як правіла, у сярэдзіне або канцы сказа за тымі словамі, якія яны паясняюць ці ўдакладняюць. Уводзяцца ў сказ бяззлучнікавым спосабам. зрэдку пры дапамозе злучнікаў: «Практыка паказвае, што байка прыхільна сустракаецца чытачом (і слухачом) і стварае належны эфект» (К.​Крапіва). У адрозненне ад пабочных слоў У.с. не выражаюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў і звязаны са зместам выказвання ўсяго сказа. Яны шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах маст. л-ры, дзе выражаюць шматлікія сэнсавыя адценні: удакладняльна-акалічнасныя — «Пачула трывожнае вуха нечыя крокі (у сне ці праз сон)» (П.​Глебка); няпэўна-ўдакладняльныя — «Яны (ці не ў Капылі) на завод быка купілі» (К.​Крапіва); удакладняльна-азначальныя — «Гэтае месца (востраў, акружаны з розных бакоў балотам) яму спадабалася» (М.​Лынькоў) і інш.

Літ.:

Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​І.​Наркевіч.

т. 16, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРВІТУ́ТЫ [ад лац. servitus (servitutis) рабства, падначаленасць],

абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю. Інстытут С. склаўся ў рым. праве з мэтай прававога ўрэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму С. існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рым. права. Бурж. права таксама захавала і рэгламентавала С. Найб. пашыранымі былі зямельныя С. (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэр., карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.), у т. л. на Беларусі, Правабярэжнай Украіне, у Літве, Каралеўстве Польскім, прыбалтыйскіх губ. Расіі. Яны ўяўлялі сабой абшчынныя землі, захопленыя ў сялян памешчыкамі ў час прыгону. Імкненне памешчыкаў зрабіць С. крыніцай дадатковых даходаў стала адной з прычын барацьбы за зямлю паміж сялянамі і феадаламі. У выніку сялянскай рэформы 1861 зямельныя С. заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя С. нават не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі. На Беларусі і ў Літве толькі паўстанне 1863—64 прымусіла мясц. ўлады, а потым і царскі ўрад заняцца пытаннем С. Віленскі ген.-губернатар М.​М.​Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі С. да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сервітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжыванняў. Да пач. 1870-х г. сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Зах. і Цэнтр. Беларусі ў 1860-я г. С. карысталіся 56% сял. двароў, надзеленых зямлёй, на пач. 20 ст. — каля трэці б. панскіх сялян. С. ліквідаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917. Сяляне Зах. Беларусі вялі барацьбу за С. да 1939.

Літ.:

Палонскі А.В. Пашавыя сервітуты ў парэформеннай беларускай вёсцы // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1959. №4;

Яго ж. Сервитуты в аграрном строе Белоруссии феодальной формации // Из истории крестьянства Белоруссии: Сб. ст. Мн., 1978;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Мулявичюс Л.П. К вопросу об изучении истории крестьянских сервитутов // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1971 г. Вильнюс, 1974;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)