Лы́ка1, лы́ко, лэ́ко, лы́чка ’луб з карой маладых, лісцевых дрэў (ліпы, лазы), з якога плялі лапці’, ’вязка, нізка’ (ТСБМ, Шат., Бес., Яруш., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лы́кі ’скруткі лыка’ (Касп.). Укр. ли́ко, рус. лы́ко, лы́ка (ж. род), польск. łyko ’тс’, lyka ’путы, няволя’, н.-, в.-луж. łyko, łyka ’лыка’, чэш. lýko ’тс’, ’вяроўка з лыка’, славац. lyko, славен. líkọ, lȋčje, серб.-харв. ли̏ка, устар. ли̏ко, макед. лико, лика, балг. ли́ко, лика́ ’тс’, ’вяроўка з лыка’, ’канапляная, шаўковая нітка’; рус. разан. лы́ко і макед. радопск. лика ’ліпа’. Прасл. lyko унутраны слой кары з маладых дрэў (ліпы)’ (Слаўскі, 5, 401–405 з аглядам л-ры). З і.-е. паралелей захаваліся толькі балт. з другасным ‑n‑: літ. lùnkas, лат. lûks ’лыка’, ст.-прус. lunkan ’тс’ і, паводле некаторых этымолагаў (гл. Фасмер, 2, 540–541), таксама ст.-інд. lúñcati ’рве, лушчыць, здзірае, лупіць’, ст.-в.-ням. (род. склон lōwes) ’мяздра, лыка’, — усе да і.-е. lū‑k‑o < *leuk‑ ’светлы’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 164–166). Сюды ж лы́чышнік ’лычнік, які дзярэ лыкі на продаж’ (Бяльк.). Гл. таксама Скок (2, 301), Шустар-Шэўц, 11, 783; Бязлай, 2, 141; БЕР, 3, 400.

Лы́ка2 ў выразе: лы́ка ты сьвіноя (Шат.). Да лыч2 (гл.).

Лы́ка воўчае ’ваўчаягада звычайная, Daphne mezereum L.’ (віц., барыс., мін., Кіс.). Укр. лико вовче, польск. wilcze łyko, н.-луж. wʼelkowe łyko, чэш. vlčí lýko, серб.-харв. лико ву̀чје, балг. диво лико ’тс’, славен. volčja lika ’бружмель лясны’. Прасл. vl̥ʼčje lyko ’ваўчаягада звычайная’. Аналагічна ням. Wolfsbast ’тс’ (Слаўскі, 5, 404; Махэк, Jména, 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

халадо́к, ‑дку, м.

1. Памянш.-ласк. да холад, невялікі холад. [Ануцюнаў:] — Маёру рупіла як мага хутчэй трапіць на аэрадром, далонню адчуць халадок рабрыстай ручкі ўпраўлення, вырвацца ў вышыню. Алешка. На Марыне быў квяцісты халат, пашыты нядаўна. У яго Марына захутала ногі, адчуваючы прыемны халадок шоўку. Шахавец.

2. Свежае, халаднаватае паветра, вецер. Павеяла ранішнім халадком. Колас. // Халаднаватае надвор’е, невысокая тэмпература паветра. Прыходзілі доўгія асеннія ночы.. з вострым халадком першых замаразкаў... Чорны.

3. Цяністае месца, цянёк. Паставілі [маці з Алесем] ад сонца снапы, зрабілі халадок. Брыль. Глухі сядзіць на загуменні ў халадку пад ліпаю і пляце лапці. Якімовіч.

4. Час сутак, калі ўжо спала або яшчэ не наступіла спёка. Халадок, заедзі няма, ехаць добра. Чарнышэвіч. Можна ж падначаваць ды заўтра халадком на ранішні цягнік пайсці. Пальчэўскі.

5. перан. Пра адчуванне лёгкага холаду (ад хвалявання, страху і пад.). І дагэтуль халадок прабягае ў .. [Данілы] [п]а спіне, калі ён уяўляе, якім болем разрывалася ў той дзень сэрца хлопчыка. Мехаў. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў.

6. перан. Стрыманасць, раўнадушнасць у адносінах да каго‑, чаго‑н. [Маша] адчула і насцярожанасць, з якой ставілася да яе жонка Антона Кузьміча.., але здзівілася, што ў самой яе таксама з’явіўся пэўны халадок у адносінах да Галіны Адамаўны. Шамякін. Непрыемным халадком дыхнула на Пятруську ад гэтых бабчыных слоў: ніколі ён не думаў, што так неспадзявана можна зрабіцца гультаём. Кулакоўскі. — Дык вы амерыканцы? — перапытаў яшчэ раз начальнік, і ў голасе яго адчулася столькі афіцыйнага халадку, што яго хапіла б, каб замарозіць дзесяткі кліентаў. Лынькоў.

•••

Аціраць халадкі гл. аціраць.

З халадком — а) без цікавасці, старання (рабіць што‑н.). Я таго на ўвазе маю, Хто працуе з халадком: Дрэнна ніву засявае, Даглядае — языком. Кляўко; б) раўнадушна адносіцца да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трепа́ть несов.

1. (развевать) развява́ць; (рвать) рваць; (мотать) матля́ць; (трясти) трэ́сці; (тормошить) тармасі́ць; (дёргать) ту́заць; (волосы и т. п.) перабіра́ць, кудла́ціць; (за волосы — в наказание) цяга́ць;

ве́тер тре́плет её пла́тье ве́цер развява́е (рве) яе́ суке́нку;

шква́лом тре́плет паруса́ шква́лам рве (матля́е, развява́е) ве́тразі;

лиса́ тре́плет ку́рицу ліса́ тармо́сіць ку́рыцу;

ве́тром тре́плет гри́ву ве́трам развява́е гры́ву;

трепа́ть кого́-л. за́ волосы цяга́ць (ту́заць) каго́е́будзь за валасы́;

2. (о костюме, обуви и т. п. — рвать) разг. трапа́ць, драць, дзе́рці; бузава́ць;

он бы́стро тре́плет оде́жду ён ху́тка трэ́пле (дзярэ́, бузу́е) адзе́нне;

3. (о лихорадке) разг. трэ́сці;

4. (похлопывать) ля́паць, паля́пваць;

на́чал трепа́ть по плечу́ пача́ў ля́паць (паля́пваць) па плячы́;

5. (лён, пеньку) трапа́ць;

6. (поносить) разг. бузава́ць;

и́мя его́ постоя́нно тре́плют імя́ яго́ заўсёды бузу́юць;

трепа́ть не́рвы не́рвы ту́заць; вантро́бы ад’яда́ць (пераяда́ць); духі́ дастава́ць;

трепа́ть языко́м мянці́ць (мало́ць) языко́м; язы́к аб зу́бы біць; языко́м ла́пці пле́сці.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ка́верт ’невялікая глыбокая яма з вадой на лузе’, ’лужына, роў’ (стол., Яшк.), ’вір’ (маз., Мат. Гом.; слаўг., Яшк.), ’вокнішча сярод дрыгвы’ (стол.), ’невялікае забалочанае паніжэнне’ (палес., тур., Яшк.; Крывіцкі, вусн. паведамл.). Магчыма, сюды ж адносіцца кавець ’роў з вадой’ (стол., Яшк.). Тураўскі слоўнік дае значэнне ’калдобіна, яма на лузе, запоўненая вадой’, аднак існаванне памянш. кавярток і некаторыя прыклады (параўн. «каверты булі, як болота булі, вулезці не можно. То ў гэтых кавертох рыбу було!») дазваляюць думаць, што значэнне слова нельга зводзіць толькі да ’яма’. Жакава (Совещание по ОЛА, 1975, 198) паведамляе, што ў беларускім Палессі слова каверть ’невялікая глыбокая яма з вадой’ вядома ў Петрык. і Мазыр. раёнах. Анкета Жакавай наконт тэрміна каверт выявіла яго ў крупск. у значэнні ’топкае месца ў балоце’. З укр. Палесся вядома каверт ’глыбокае месца ў рацэ’. Шматлікія даныя прыводзіць Ніканчук, Этимология–1977, 123. Слова адзначаецца толькі ў цэнтральным і ўсходнім Палессі (паводле Талстога, Геогр., 215, «лакальнае», і магчыма, архаічнае ўсходнепалескае). Вывад адносна архаічнасці, зроблены на падставе словаўтваральнай структуры і лінгвагеаграфічных даных, можна падтрымаць, улічыўшы наяўнасць слова ў іншым беларускім арэале (можна ўявіць, што слова было вядома больш шырока, аднак на большай тэрыторыі забыта і захавалася ў зоне «лексічнай кансервацыі». Этымалогія тэрміна была прапанавана ўпершыню Талстым, Геогр., 215. Паводле Талстога, каверт можна прадставіць як *ka‑vьrt‑ь, дзе ka‑ — займеннікавая прыстаўка, а аснова — vьrtь, звязаная з дзеясловам *vьrt‑ě‑ti ’вярцець’. З боку семантыкі гэту этымалогію падтрымліваюць такія прыклады, як палес. каверчане дʼерево ’чачотка’, каверчʼі ’дрэнны, няякасны лес, дрэнная, няякасная драўніна’ (Ніканчук, там жа), рус. пск. верть ’лунка для рыбнай лоўлі’ (Жакава, там жа). Параўн. яшчэ рус. вертей ’узвышша, груд’; ’рэчка ў балоцістых, імшыстых, багністых берагах’, калуж., смал. і інш., што датычыць словаўтварэння, то структура слова патрабуе ўдакладнення. Аналогія са структурна тоесным каверзь ’лухта’, якое, відаць, з каверзіць дае падставу меркаваць, што і каверт, каверць таксама паходзіць ад адпаведнага дзеяслова, параўн. укр. ковертати ’перакульваць’, палес. кавернуть ’упасці з вышыні’ (Ніканчук, там жа), кавярзень ’лапаць’, кавярзаць ’плесці лапці’. Адзначым, што ў такім выпадку можна растлумачыць фанетыку (ка‑ ў назоўніку, ко‑ ў дзеяслове). Цяжка прапанаваць для кожнага назоўніка з гіпатэтычным ка‑ прэфармантам адпаведны дзеяслоў з прэфармантам, магчыма, што некаторыя з такіх назоўнікаў утвораны суфіксальна-прэфіксальным спосабам, параўн. кадаўб, кадаўба (гл.). Да словаўтварэння канкрэтных слоў параўн. бел. дыял. верч, рус. дыял. верть, верч, верча > вертети (у розных значэннях).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рак1 ’беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. рус. рак, польск. rak ’тс’, в.-луж., н.-луж., чэш. rak ’тс’, славен. rak ’тс’, серб. рак, балг. рак ’тс’, макед. рак. Не мае здавальняючай этымалогіі. Прынята формаўтварэнне з прасл. метатэзай *rakъ < *orkъ. Існуючыя этымалогіі рак пераважна абапіраюцца на семантыку ’апрануты ў шкарлупінне’, ’шурпаты’ або ’той, што капае, рые, коле’. Ільінскі (РФВ, 74, 126) параўноўвае рак з літ. ràkti, rankù ’калоць, калупацца, капаць’, лат. rakt ’тс’. Длугаш-Курчабова (427–428) аднаўляе першаснае значэнне рак як ’тое, што занураецца, упіваецца, угрызаецца ў нешта’ на падставе параўнання з літ. erkē ’клешч’, лат. ērcêt ’выклікаць рэзкі боль’, параўн. таксама лат. ērce ’клешч буйной рагатай жывёлы, тып жука’. Распаўсюджана супастаўленне рак са ст.-інд. karkaţas ’рак’, karkaras ’шурпаты’, грэч. καρκίνος ’рак’, лац. caner ’тс’ < і.-е. *karkro‑ ’тс’. У рэканструкцыі Сноя (521) мяркуецца і.-е. *karkro‑ > *krākrъ > з наступным выпадзеннем пачатковага k і сананта r. Значэнне ’апрануты ў шкарлупу’ набліжае слова да форм ра́ка (гл.) ’дамавіна’, ра́кавіна, раку́шка (гл.) ’шкарлупінне малюска’, што лічацца роднаснымі да лац. arceō ’зачыняю’, arca ’скрыня’, гот. arka ’тс’ (Якабсон, IJSLP, 1, 267; Фасмер, 3, 437–439). Дадаткова Сной (521), абапіраючыся на кельц. рэфлексы і.-е. *karkro‑ ’рак’, *krako‑ ’цвёрды, шкарлупінне, абалонка’, рэканструюе слова з семантыкай ’цвёрды, апрануты ў панцыр, з цвёрдай скурай’ і параўноўвае рэдуплікаваны ст.-інд. karkara ’цвёрды’ з вал. crach ’кара, шкарлупінне, абалонка’, craig ’скала’, с.-ірл. crach ’цвёрды’. Не выключана, што назва рэалізуе і развівае паняцце раздвоенасці ці выгнутасці з зыходным фармантам *ra‑/rak‑, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/or‑/ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’. Семантыка ’раздвоенасці’ ці ’выгнутасці’ рэалізавана ў тым ліку ў ра́кам ’стаяць сагнуўшыся’ (гл.), ра́кілапці’ (гл.), рак ’шпянёк, канал для выхаду мукі ў жорнах’ (Мат. Гом.), рачо́к ’палка з раздвоеным канцом’, ра́кавіна ’раздвоены капыт’ (гл.). Сюды ж і літ. erkē са значэннем ’драўляныя козлы’, ’прыстасаванне для распілоўкі дроў, што мае скрыжаваную форму’. Параўн. таксама рус. дыял. раковина ’клюшня ў рака’. Параўнанне з лац. arcuare ’выгінацца’, arcus ’дуга, выгін, крывізна’, дазваляе меркаваць, што рак названы па выгнутых клюшнях (Борысь, 509–510), хаця да гэтай этымалогіі можна прывязываць форму рака наогул.

Рак2 ’хвароба cancer’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Прынята тлумачэнне, што назва хваробы непасрэдна капіруе назву жывёліны рак, бо існавалі ўяўленні, што ў чалавека пасяліўся рак (гл. рак1), ці ракавая пухліна нагадвае рака, ці, паводле Борыся (510), наватвор, як рак пажырае сваю ахвяру, што ў сукупнасці трэба аднесці да народнай этымалогіі. Магчыма, назва з’явілася ў еўрапейскіх мовах пасля непасрэднага перакладу з грэч. καρκίνος ’рак’ ці καρκίνομα ’рак, ракавае ўтварэнне’ — азначэнне хваробы, ужытае пры яе апісанні Гіпакратам (Фрыск, I, 789). Параўн. лац. cancer ці ням. Krebs, якія таксама могуць азначаць назву жывёлы і хваробу. Заўважым, што ў Даля — рак ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’. Дасюль, магчыма, рак першапачаткова не хвароба, а менавіта нарост, з пакрываючымі яго прадольнымі барознамі ці язвамі. Параўн. з бел. ра́кавіна3 (гл.) ’нарост, гуз, звязаны з ранай на дрэве’ (ТС), рус. дыял. раковистый камень ’камень з выбоінамі’, раковистый ’з неглыбокімі шчарбінамі, зломамі’ (Даль).

Рак3 ’расліна скрыпень балотны, Epilobium angustifolium L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Метафарычны перанос з рак1 (гл.) з-за знешняга падабенства расліннай мяцёлкі да клюшні рака, параўн. аналагічнае рус. варонеж., а таксама дан. рак ’кактус’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

які́, ‑ая, ‑ое; займ.

1. пытальны. Абазначае пытанне аб якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. «Патрэбны тэмпы», — сказаў Куніцкі. — «Якія тэмпы?» — «Такія. Бальшавіцкія». Самуйлёнак. І хто яны? Якія людзі? Мо праўды светлае сыны? Куды ідуць? Чаго там блудзяць? З якою помстаю для суддзяў Нясуць на сэрцы кайданы? Трус. // Абазначае пытанне аб часе і парадку з’яўлення каго‑, чаго‑н. У якой колькасці і якім парадкам паедзем на палявыя работы? // Каторы іменна, каторы па парадку. Якая ж цяпер гадзіна? □ Ох, гэта дзецям знаць цікава, Калі якая будзе страва?.. Колас. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: «зусім не», «хіба», «ніякі». — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў выйсці за яго замуж. Корбан. І стралок з .. [Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас.

2. азначальны. Выражае захапленне, здзіўленне якасцю, уласцівасцю каго‑, чаго‑н. Якія горы! А сады якія! Панчанка. Час не так вялікі, а якія змены! Колас. — І якая дзяўчына! — хваліў Веру Рыгор Паўловіч. — Партызанка, камсамолка, мае медаль «За баявыя заслугі». Арабей. // (у спалучэнні са словам «вось»). Такі. Латаны кажушак Ці такая ж світка, Лапці на сем вушак — Вось які Мікітка. Крапіва. Калі строга разбірацца ў фактах, то хата, аб якой была тут гутарка, не зусім дведава хата.. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі.. Вось якім парадкам стаў Талаш уладаром гэтай хаты. Колас. // (у спалучэнні са словам «хоць»). Любы, магчымы, усякі. Хоць які там салдацкі пачастунак, але ён, відаць, быў дарагі для дзіцяці. Няхай. Можа, хоць сукеначку [Нюрка] якую сабе справіць, пальцечка, не будзе локцямі свяціць. Гіль.

3. неазначальны. Разм. Які-небудзь, якісьці. Праз якіх хвілін пяток вартавы асцярожна падсунуў.. [Васілю Іванавічу] пад галаву нечую ватоўку, пакрыў шынялём. Лынькоў. Пільня патроху скрыпела, і не на адны толькі вайсковыя патрэбы. Праўда, цывільных рабочых тут было ўсяго якіх чалавек дзесяць. Чорны. [Люська:] — Хто той чарнявы? У будзёнаўцы?.. Брат ваш ці сваяк які блізкі-далёкі? Ракітны. // Каторы. Дзе ж вы хаваліся? Мой жа стары які дзень шукае вас па лесе. Дзенісевіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Наперадзе.. цягнулася паласа альховых кустоў, праз якія працякаў ручай. Шамякін. Прыгоды, якія пачаліся яшчэ раніцой, не скончыліся для людзей пад самы вечар. Лынькоў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых камянях. Чорны. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. З-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы тую порцыю вады, якую прызначалі ёй будаўнікі. Колас. [Русаковіч:] Я гавару пра тыя дасягненні, якія ўжо выкарыстоўваюцца на перадавых заводах. Крапіва.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Не гадаю, з якое дарогі ўбачу я край любы мой. Панчанка. Якая гэта была надзея, на што накіроўвалася яна, якая яе была сутнасць — Раман не мог разабрацца. Колас. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Помню, я думаў пра тое, які дзень там, у нас, за Дняпром. Шамякін.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. Які ты ў быту, такі ты і на справе. Корбан. [Ціхан:] — А наш народ угору ўзняўся, Васіль Іванавіч, не той ён, якім быў у тыя гады. Лынькоў. Якая работа, такая і плата. Прыказка.

7. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Сустракаліся і такія, якія нібы абмяклі адразу, страцілі ўсякую волю і жылі раслінным жыццём, абы дзень пражыць. Лынькоў.

•••

З якой (гэта) ласкі? гл. ласка.

Калі што якое гл. што.

На якое ліха (лаянк.) гл. ліха.

Не лезе ні ў якія вароты гл. лезці.

Ні за якія грошы гл. грошы.

Ні ў якім выпадку гл. выпадак.

Ні ў якой меры гл. мера.

Якая розніца? гл. розніца ​1.

Які з сябе (сабою)? — як выглядае? (пра знешнасць чалавека).

Якім ветрам (прыгнала, занесла, прынесла) гл. вецер.

Якім макарам гл. макарам.

Якога чорта гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насі́ць, нашу, носіш, носіць; незак., каго-што.

1. Тое, што і несці ​1 (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое пастаянна паўтараецца, адбываецца ў розных напрамках і ў розны час. Насіць ваду з рэчкі. Насіць дзіця на руках. □ Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся. Бядуля. // Трымаць нейкім чынам, у нейкім становішчы. Насіць руку на павязцы. □ [Старшыня] быў невысокага росту і можа таму заўсёды высока насіў галаву з чорным жорсткім вожыкам. Гаўрылкін. // Адносіць, дастаўляць куды‑н., каму‑н. Бацька вярнуўся ад солтыса, якому насіў падатак. Брыль. Жанчыны пайшлі раніцой .. здаваць малако, якое насілі яны .. штодня. Лынькоў. // Збіраць на кветках і дастаўляць у вулей (пра пчол). Жывуць сабе пчолкі і мядок носяць, і размнажаюцца... Кулакоўскі. // Трымаць доўгі час у чым‑н., дзе‑н. Насіць ліст у сумачцы. □ У хустачцы быў пачак новых трохрублёвак, крыху змятых ад таго, што іх насілі ў кішэні ці за пазухай. Чорны.

2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «пад сэрцам»). Быць цяжарнай. Насіць дзіця пад сэрцам.

3. Перамяшчаць з месца на месца сілай свайго руху (пра вецер, ваду і пад.). Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. // перан. Перадаваць, распаўсюджваць. Носяць .. [весткі] з сяла да сяла маладыя хлопцы і дзяўчаты — ганцы падполля. Пестрак.

4. Адзявацца пэўным чынам, надзяваць на сябе, а таксама мець на сабе. Насіць ваенную форму. Насіць акуляры. □ З свайго тавару былі боты, з свайго лыка і лапці: хто што мог насіць. Чорны. Шапку насіў [Коля] пераважна вайсковую і казырок насоўваў на вочы. Кулакоўскі. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аб прынятай модзе. Зараз носяць туфлі на шпільках. □ Неяк маці прыслала мне ў Вільню вышытую кашулю, якую насілі ў нас на вёсцы. Карпюк. // Аб прынятых правілах, форме нашэння. Ордэн Леніна носяць на левым баку грудзей. // Мець, захоўваць. Насіць косы. □ Бараду, кажуць, .. [старшыня] носіць з часоў партызанскай дзейнасці. Шамякін. // Трымаць, мець заўсёды пры сабе. Насіць пасведчанне ў кішэні. □ Сякера ў .. [Карпа] была свая, з ёй ён не разлучаўся ніколі — заўсёды насіў за поясам. Шамякін. // Мець як адзнаку прыналежнасці да якой‑н. арганізацыі. Я з твайго неспакойнага племені, Партыя, Хоць ля сэрца білет твой яшчэ не нашу. Бураўкін.

5. Мець якое‑н. імя, прозвішча, званне, тытул і пад. Насіць прозвішча мужа. □ Добрая справа здабыць сабе права Званне «мінчанін» горда насіць! Панчанка. Дзед Міцяй .. і ўся дзедава сям’я насілі вулічную мянушку Жыліны. Васілевіч. // Мець якую‑н. назву, называцца. Імя Леніна з гонарам носіць камсамол. □ Сюды [на Лісіныя горы] мы хадзілі ў арэхі. Назву такую насіла гэта месца з даўніх часоў. Грамовіч.

6. (часцей за ўсё ў спалучэнні з назоўнікам «характар»). Мець адзнакі чаго‑н., характарызавацца чым‑н. Навучанне носіць актыўны характар. □ Выдавецкая дзейнасць. Францішка Скарыны, насіла ў першую чаргу асветніцкі характар. С. Александровіч. // Мець сляды ад чаго‑н. А ў самой вёсцы Кармянцы яшчэ не паўміралі тыя, што носяць на целе пісагі ад .. плётак [стражніка]. Крапіва. // перан. Мець адзнакі чаго‑н. Будынак носіць сляды ўсходняй архітэктуры.

7. перан. Утрымліваць у сабе; адчуваць, што‑н., думаць што‑н. Я надзею нашу І ніколі не трачу, Што пабачу ізноў дарагія куткі.. Броўка. Наўрад ці ведае хто, якую вялікую крыўду насіла ў сваім сэрцы Ева. Колас. // Выражаць нейкае пачуццё. Памяты і нервовы твар .. [Зынгі] носіць на сабе ў гэтыя хвіліны адбітак нейкай прыніжанасці і просьбы. Чорны. Абрам на сваім бледным твары заўсёды насіў выраз ні то сарказму, ні то весялосці. Пестрак.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.), часта безас. Разм. Аб тым, што прымушае хадзіць, ездзіць дзе‑н., знаходзіцца далёка ад дому (часцей у пытальных і клічных сказах). Дзе цябе носіць?! □ Мама... Мама... Заўжды ёй хочацца, Каб пры доме былі ўсе дзеці. Іх жа носіць па белым свеце. Тармола.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), часта безас. Разм. Быць вельмі ўзбуджаным. — Ой, дзядзька, цётка! — ён галосіць, І нейкі рух яго аж носіць. Колас.

•••

Дзе цябе (вас) бог носіць? гл. бог.

За плячамі не насіць — аб чым‑н. такім, што не абцяжарвае.

Ледзь ногі носяць гл. нага.

Насіць ваду ў рэшаце — займацца чым‑н. бескарысным, рабіць што‑н. заведама ўпустую.

Насіць камень за пазухай — мець злосць на каго‑н.; быць гатовым адпомсціць, зрабіць што‑н. дрэннае каму‑н.

Насіць маску — тое, што і надзяваць маску (гл. надзяваць).

Насіць на руках — надта песціць каго‑н., удзяляць многа ўвагі каму‑н.; балаваць.

Пакуль ногі носяць гл. нага.

Чэрці носяць гл. чорт.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла гл. зямля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)