насіць, нашу, носіш, носіць; незак., каго-што.
1. Тое, што і несці 1 (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое пастаянна паўтараецца, адбываецца ў розных напрамках і ў розны час. Насіць ваду з рэчкі. Насіць дзіця на руках. ▪ Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся. Бядуля. // Трымаць нейкім чынам, у нейкім становішчы. Насіць руку на павязцы. ▪ [Старшыня] быў невысокага росту і можа таму заўсёды высока насіў галаву з чорным жорсткім вожыкам. Гаўрылкін. // Адносіць, дастаўляць куды‑н., каму‑н. Бацька вярнуўся ад солтыса, якому насіў падатак. Брыль. Жанчыны пайшлі раніцой .. здаваць малако, якое насілі яны .. штодня. Лынькоў. // Збіраць на кветках і дастаўляць у вулей (пра пчол). Жывуць сабе пчолкі і мядок носяць, і размнажаюцца... Кулакоўскі. // Трымаць доўгі час у чым‑н., дзе‑н. Насіць ліст у сумачцы. ▪ У хустачцы быў пачак новых трохрублёвак, крыху змятых ад таго, што іх насілі ў кішэні ці за пазухай. Чорны.
2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «пад сэрцам»). Быць цяжарнай. Насіць дзіця пад сэрцам.
3. Перамяшчаць з месца на месца сілай свайго руху (пра вецер, ваду і пад.). Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. // перан. Перадаваць, распаўсюджваць. Носяць .. [весткі] з сяла да сяла маладыя хлопцы і дзяўчаты — ганцы падполля. Пестрак.
4. Адзявацца пэўным чынам, надзяваць на сябе, а таксама мець на сабе. Насіць ваенную форму. Насіць акуляры. ▪ З свайго тавару былі боты, з свайго лыка і лапці: хто што мог насіць. Чорны. Шапку насіў [Коля] пераважна вайсковую і казырок насоўваў на вочы. Кулакоўскі. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аб прынятай модзе. Зараз носяць туфлі на шпільках. ▪ Неяк маці прыслала мне ў Вільню вышытую кашулю, якую насілі ў нас на вёсцы. Карпюк. // Аб прынятых правілах, форме нашэння. Ордэн Леніна носяць на левым баку грудзей. // Мець, захоўваць. Насіць косы. ▪ Бараду, кажуць, .. [старшыня] носіць з часоў партызанскай дзейнасці. Шамякін. // Трымаць, мець заўсёды пры сабе. Насіць пасведчанне ў кішэні. ▪ Сякера ў .. [Карпа] была свая, з ёй ён не разлучаўся ніколі — заўсёды насіў за поясам. Шамякін. // Мець як адзнаку прыналежнасці да якой‑н. арганізацыі. Я з твайго неспакойнага племені, Партыя, Хоць ля сэрца білет твой яшчэ не нашу. Бураўкін.
5. Мець якое‑н. імя, прозвішча, званне, тытул і пад. Насіць прозвішча мужа. ▪ Добрая справа здабыць сабе права Званне «мінчанін» горда насіць! Панчанка. Дзед Міцяй .. і ўся дзедава сям’я насілі вулічную мянушку Жыліны. Васілевіч. // Мець якую‑н. назву, называцца. Імя Леніна з гонарам носіць камсамол. ▪ Сюды [на Лісіныя горы] мы хадзілі ў арэхі. Назву такую насіла гэта месца з даўніх часоў. Грамовіч.
6. (часцей за ўсё ў спалучэнні з назоўнікам «характар»). Мець адзнакі чаго‑н., характарызавацца чым‑н. Навучанне носіць актыўны характар. ▪ Выдавецкая дзейнасць. Францішка Скарыны, насіла ў першую чаргу асветніцкі характар. С. Александровіч. // Мець сляды ад чаго‑н. А ў самой вёсцы Кармянцы яшчэ не паўміралі тыя, што носяць на целе пісагі ад .. плётак [стражніка]. Крапіва. // перан. Мець адзнакі чаго‑н. Будынак носіць сляды ўсходняй архітэктуры.
7. перан. Утрымліваць у сабе; адчуваць, што‑н., думаць што‑н. Я надзею нашу І ніколі не трачу, Што пабачу ізноў дарагія куткі.. Броўка. Наўрад ці ведае хто, якую вялікую крыўду насіла ў сваім сэрцы Ева. Колас. // Выражаць нейкае пачуццё. Памяты і нервовы твар .. [Зынгі] носіць на сабе ў гэтыя хвіліны адбітак нейкай прыніжанасці і просьбы. Чорны. Абрам на сваім бледным твары заўсёды насіў выраз ні то сарказму, ні то весялосці. Пестрак.
8. (1 і 2 ас. не ўжыв.), часта безас. Разм. Аб тым, што прымушае хадзіць, ездзіць дзе‑н., знаходзіцца далёка ад дому (часцей у пытальных і клічных сказах). Дзе цябе носіць?! ▪ Мама... Мама... Заўжды ёй хочацца, Каб пры доме былі ўсе дзеці. Іх жа носіць па белым свеце. Тармола.
9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), часта безас. Разм. Быць вельмі ўзбуджаным. — Ой, дзядзька, цётка! — ён галосіць, І нейкі рух яго аж носіць. Колас.
•••
Дзе цябе (вас) бог носіць? гл. бог.
За плячамі не насіць — аб чым‑н. такім, што не абцяжарвае.
Ледзь ногі носяць гл. нага.
Насіць ваду ў рэшаце — займацца чым‑н. бескарысным, рабіць што‑н. заведама ўпустую.
Насіць камень за пазухай — мець злосць на каго‑н.; быць гатовым адпомсціць, зрабіць што‑н. дрэннае каму‑н.
Насіць маску — тое, што і надзяваць маску (гл. надзяваць).
Насіць на руках — надта песціць каго‑н., удзяляць многа ўвагі каму‑н.; балаваць.
Пакуль ногі носяць гл. нага.
Чэрці носяць гл. чорт.
Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла гл. зямля.