прыці́шыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.

1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. □ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.

2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.

3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.

4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце, ‑цвітуць; пр. расцвіў, ‑ла, ‑ло; зак.

1. Пакрыцца цветам, кветкамі; распусціцца. Расцвіў перад акном духмяны белы бэз. Брыль. Краска свеціцца, нібыта Толькі расцвіла. Прыходзька. / у перан. ужыв. Панурая выспа ўраз ажыла. Раней халодная і насцярожаная, яна зазвінела цёплым дзявочым смехам, расцвіла задорнымі ўсмешкамі хлопцаў. Паслядовіч.

2. перан. Дасягнуць пары росквіту фізічных і духоўных сіл. Лабановіч бачыў мілую дзяўчынку-падлетка і ўспрымаў яе такою, як яна ёсць — маладзенькая, гатовая расцвісці ў поўнай сваёй красе. Колас. // Стаць радасным, ажыўленым. Жанкі аж расцвілі ад задавальнення. Васілевіч. Каля інтэрната .. [студэнты] спаткалі Ганчарова.. Умомант .. вочы [Маі] загарэліся, уся яна ажывілася, расцвіла. Карпюк.

3. перан. Дасягнуць высокага развіцця, працвітання. Талент расцвіў. □ Беларусь, мая радзіма, Як жа расцвіла ты За час гэты, за кароткі, Як выгнала катаў! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.

2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.

1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.

2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць горлам хрыплыя гукі. Алеська ўспомніў, як цяжка хрыпіць дзед, як страшна, калі ён трызніць. Хомчанка. // безас. Пра хрыпы ў грудзях, горле. У класе запанавала напружаная цішыня — стала чуваць, як у прастуджанага Паўла Баранца хрыпіць у грудзях. Шамякін. // Утвараць хрыплыя гукі (аб рэчах). Вось дзядзька люльку раздзімае, Цыбук хрыпіць, пішчыць, спявае. Колас.

2. Мець у голасе хрыпату, утвараць хрыпенне замест крыку, слоў. Каля Васі, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Мележ. Партызаны кашлялі, хрыпелі прастуджанымі горламі. Навуменка. // Гучаць хрыпла (пра голас). Мінут праз пяць з [рэпрадуктара] .. гучыць музыка і хрыпіць голас спартыўнага інструктара. Нядзведскі. Голас [палкоўніка] зрываўся, хрыпеў. Лынькоў.

3. Гаварыць, крычаць хрыпла, з хрыпам. — Я табе пакажу сведак, — хрыпеў Віктар і вырываўся. Гаўрылкін. — Набегаўся, нябось, — хрыпеў.. [Харытон], цяжка дыхаючы. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церабі́цца, цераблюся, цярэбішся, цярэбіцца; незак.

1. Рабіць дробныя, частыя рухі рукамі і нагамі (пра чалавека), канечнасцямі (пра жывёлу), вызваляючыся ад каго‑, чаго‑н., з чаго‑н. Мухі старанна ўвіхаюцца каля яго і рады, што Петрык не вельмі цярэбіцца. Крапіва. Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. Недзе з алешыны, з камля, падала на ваду і бездапаможна церабілася чорная малюсенькая мурашка. Адамчык.

2. Чысціцца дзюбай (пра птушак). [За канавай] сядзела і церабілася чародка белых качак. Ракітны.

3. Абл. З цяжкасцю, намаганнямі ісці, рухацца. [Партызаны] сталі асцярожна церабіцца да азярка. Навуменка. Неяк раз, толькі пачынала днець, Мірон церабіўся дамоў — паспець звесці вочы, пакуль маці пачне штурхаць пад бок. Кудравец.

4. Зал. да церабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цяжкага. Сталы наўкруг, Застаўленыя шчыльна, Згіналіся пад цяжкасцю дароў. Броўка.

2. звычайна мн. (ця́жкасці, ‑ей). Тое, што замінае, перашкаджае ў дасягненні мэты, патрабуе вялікіх намаганняў і сіл; перашкоды, складанасці. Лодку перацягнулі цераз дарогу каля моста без асаблівай цяжкасці. Брыль. [Сакратар райкома], не спяшаючыся, пачаў .. [Зіне] расказваць пра цяжкасці, якія яе сустрэнуць на будоўлі, пра тое, што там яшчэ голае месца і рабіць прыйдзецца ўсё сваімі рукамі. Грахоўскі.

3. Непрыемнае адчуванне чаго‑н. цяжкага (у галаве, грудзях, страўніку). [Костусь] не ведаў, куды яму пайсці цяпер: спаць яму не хацелася. Але ў галаве была цяжкасць ад дзённай утомы. Чорны. // Змрочны, непрыемны настрой, стан. Думы, роздумы, меркаванні і здагадкі адбілі Багдану сон, ахуталі прыкрай цяжкасцю душу. Кулакоўскі.

•••

Без цяжкасці — лёгка, без намаганняў.

З цяжкасцю — з вялікімі намаганнямі, ледзь-ледзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пук1 ’выклічнік, што перадае стук, стрэл, лопанне ці гук падзення’ (“падение чего, особенно круглого”, Нас.; мсцісл., Нар. лекс.; Сержп.; Нік. Очерки; ЭШ), ’бух, бульк’: бобе́р пук у во́ду (ПСл), укр. пук, пу́ку, рус. пук (пераважна смаленскае), польск. puk, pąk, чэш., славац. puk, в.-луж., н.-луж. puk, славен. pok, серб.-харв. пук, балг., макед. пук. Старое гукаперайманне, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт. 170 (варыянты pukъ! puku!), роднаснае ням. pochen ’стукаць’ (Махэк₂, 406). Гл. пукаць1.

Пук2 ’выпукласць, пукатасць’: у пуку клепка выгінаецца (ТС), ’самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго-небудзь’: пук неба (Нар. Гом.), ’самая сярэдзіна’: puk zimy (Варл.), ’выгіб пілы’ (ПСл), пук, мн. л. пуке́ ’выступы на падэшве нагі каля пальцаў’ (Сцяшк.), пука́ ’выпукласць ступні каля большага пальца’ (Дразд.); параўн. укр. дыял. пу́ка ’ўнутраны бок канца пальца’, рус. дыял. пук ’выпуклая сярэдняя частка бочкі’, пуки́ ’найбольш шырокія месцы ў ступні’. Утворана на базе прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае, выпіраючае’, звязана з пу́чыць ’выступаць, выстаўляць, выпіраць’ (гл.).

Пук3 ’кветканоснае сцябло, стрэлка (цыбулі, шчаўя і інш. раслін)’ (пераважна паўн.-усх., ЛА, 2; Яўс., Варл., Сл. ПЗБ, Шатал., Янк. Мат., карэл., Жыв. сл.; Жд. 2), пу́чча ’тс’ (ЛА, 2; Ян.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’маладыя парасткі’ (брагін., Шатал.), ’аер’ (б.-каш., Мат. Гом.), пукі́ ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (брасл., Нар. словатв.; паст., ЛА, 1), сюды ж пучы́цца ’расці ў стрэлкі (аб цыбулі)’ (Яўс.), фраз. пайсці ў пук (пукі, пучча) ’ператварыцца ў пустацвет (пра расліны); іран. ’застацца ў дзеўках, не выйсці замуж’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), пукава́тая ’якая пайшла ў пукі (пра моркву)’ (Жд. 1); рус. пуки́ ’шчаўе ў час цвіцення’, польск. pąk ’завязь кветкі’, чэш., славац. puk ’тс’. Прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ звязваюць з пу́каць ’лопацца, раскрывацца’ гукапераймальнага паходжання, роднасным ням. pochen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1189; Махэк₂, 406; параўн. Фасмер, 3, 403; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 629.

Пук4 ’звязка; сноп; скрутак; ахапак’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., ЛА, 4; Варл., ТС, Ян., Яўс., Раст., Шат., Сл. ПЗБ, ПСл) ’галінкі, пасечаныя і звязаныя ў куль для паліва’ (Сцяц.), пучо́к ’ахапак звязаных дроў’ (стол., Сл. Брэс.), ’збітыя жэрдкі для прыціскання стога’ (мазыр., Шатал.); укр. пук ’звязка’, рус. пук ’звязка; паплавок з пучка травы; мяч з шэрсці, апука’, польск. pęk ’гронка, звязка’. Утворана на базе праслав. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ як вынік злучэння ў адно некалькіх аднародных прадметаў. Гл. папярэдняе слова.

Пук5 ’расліна дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ (Кіс.), укр. пук ’расліна гірча, Selinum carvifolia L.’, а таксама ’баршчэўнік, Heracleum sibiricum L.’ Хутчэй за ўсё, ад пук3 ’стрэлка, кветаноснае сцябло’, параўн. рус. дыял. пуки́ ’шчаўе ў час квецені’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 629.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асаве́ц1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.

Асаве́ц2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накол ’рог хусткі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), наклы́ ’па вуглах’ (там жа), рус. пск. накло́ ’мыс берага, каса’, ’неглыбокае месца, парослае трыснягом’ (СРНГ), польск. Nakło (тапонім), чэш. náklí ’зараслі маладой вярбы’, nákel ’вільготнае месца з вярбовымі ’зараслямі’, náklo ’месца каля ракі’, славен. Naklo (тапонім, гл. Бязлай, Eseji, 163), серб.-харв. на̑кла ’глыбокае месца ў рацэ’, nákla прысл. ’дадолу, на зямлю’ (Šimunović, Olesch. Čak.-deut. Lexikon, 3, 538). На падставе наяўных матэрыялаў можна рэканструяваць у якасці зыходнай формы прасл. *nakъlъ, *nakъlo ’выступ’, прыставачнае ўтварэнне з прэфіксам na‑, параўн. сінанімічнае да яго *zakъlo (гл. за́кла), ад асновы kъlъ ’зуб, клык, малады парастак’, якая ўзыходзіць да *kolti ’калоць’, гл. Брукнер, 354; Махэк₁, 317; Скок, 2, 500; спецыяльна гл. Варбат, Этимология–1972, 49–53. Для шэрагу вучоных аснова і першаснае значэнне слова застаюцца няяснымі (Махэк₂, 388; Бязлай, 2, 213). Ондруш звязвае з балг.-макед. натлак ’нанос’ і праз стадыю пераходу ‑tьl > ‑tl‑ > ‑kl‑ спрабуе звесці да ‑tьlo (Slavica Slovaca, 16, 1981, 3, 230–235). Гл. таксама: Борысь, Onomastica Jugoslavica, 11, 1984, 1–9. Наяўнасць беларускіх і рускіх форм пярэчыць сцвярджэнню Налепы пра выключна заходнеславянска-паўднёваславянскі характар слова, на якім грунтуюцца далёка ідучыя этнагенетычныя вывады, параўн. Nalepa J. Słowiańszczyzna północno-zachodnia. Podstawy jedności і jej rozpad. Poznań, 1968, 70–72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)