Рапе́й, рапе́нь ’лопух’, ’лісце лопуху, Lappa tomentosa’ (Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), рапе́й, рапе́йнік ’шышка лопуху і расліна’ (Скарбы), рапе́шнік (Мат. Гом.), рапяшні́к (Ян.), рапо́ўнік (Сл. ПЗБ), параўн. укр. дыял. репі́й ’тс’, ст.-укр. рѣпѣи ’асот’, рус. репе́й ’лопух’, ст.-рус. рѣпьи ’рапей, калючка’, ст.-чэш. řépí ’плод лопуху’, славен. repje зборн. ’лопух’, балг. ре́пей ’назва розных раслін, калючыя плады якіх чапляюцца за воўну і адзенне’. Прасл. *rěpьjь, вытворнае ад *rěpъ ’тс’, параўн. польск. rzep ’расліна Arctium lappa’, харв. rijep ’расліны Arctium lappa, Petasites officinalis і інш.’, што выводзяць з прасл. *rěpiti ’схапіць, учапіцца’, захаванага ў польск. дыял. rzepić się ’зліпацца’, славац. дыял. repiť sa ’схопліваць, прычапляцца’, што суадносяцца з літ. ap‑rė́pti ’схапіць’ (Брукнер, 475; Шустар-Шэўц, 2, 1215; БЕР, 6, 226; Бязлай, 3, 172). У беларускай мове названая форма захавалася пераважна ў прыставачных утварэннях, параўн. зрэ́піцца ’счапіцца, схапіцца’ (Скарбы), урэ́піцца ’учапіцца’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сварыбаба ‘расліна дзераза, Lycopodium’ (Бес.). Польск. swarzybaba ‘тс’, таксама morzybaba, babimor; у чэшскіх гаворках rimbaha, ст.-чэш. rimbaba, але абазначаюць яны адзін з відаў рамонка (Махэк, Jména, 247 і наст.). Відавочна, звязана з баба, але канкрэтныя матывы намінацыі няясныя. Махэк (там жа) мяркуе, што расліна магла мець нейкае лекавае ўздзеянне на “бабу”, г. зн. была лекам пры жаночых хваробах. Аднак беларускае і польскае словы, відаць, ад сварыцца і баба, параўн. сварыбаба ‘непамяркоўны чалавек’ (Сцяш. Сл.) і сведчанне Пяткевіча: Joj ŭsio adno z kim swarycsa <…> jeje za toje nazvali “Swarỳ-Bàba” (Пятк. 2, 261), а таксама ўкр. сварка, сварнік для называння розных раслін, у тым ліку Licopodium clavatum L., вядомага як дзераза (ад *derti, гл.). Украінскія назвы тлумачаць павер’ем, нібыта прысутнасць расліны ў хаце выклікае сварку (ЕСУМ, 5, 186), што, магчыма, грунтуецца на народнаэтымалагічным успрыманні назвы дзераза ці тлумачыцца збліжэннем з сва́рба́ ‘сварка’ (гл. папярэдняе слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казе́лак, казялок ’расліна казлабарод лугавы, Tragopogon pratensis’ (Кіс.). Укр. козелок ’тс’, рус. козелок ’казёл’ і ’расліна Sonchus oleraceus’, што ж датычыцца значэння ’Tragopogon’, зафіксавана форма козёлик (маск.) і інш. Сувязь з *казялок < казёл бясспрэчная, аднак цяжка высветліць, ці тут канкрэтна рэгіянальнае ўтварэнне на базе яўнай зааморфнай прыкметы расліны (аб гэтым сведчаць іншыя назвы), ці трансфармацыя батанічнага тэрміна, які поўнасцю (казлабарод, укр. козлова борода і інш.) або часткова калькуе лац. назву? У лац. тэрміне адна частка да грэч. πώγων ’барада’, другая да грэч. τράγος ’казёл’, якія калькуюцца і ў іншых мовах, параўн. ням. Weisen‑Bocksbart ’тс’. Рускі акадэмічны слоўнік 1911 г. адзначаў, што козья борода, бородка ’Tragopogon pratensis’ — народныя назвы расліны, аднак гэта нельга разглядаць як сур’ёзны аргумент на карысць першай думкі. Зааморфная прыкмета ў гэтай расліны не вельмі яркая і ўжо сам факт калькавання лац. назвы сведчыць пра магчымы ўплыў батанічнага тэрміна на народныя, дарэчы, даволі рэдкія назвы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарлі́ца 1 ’расліна Berteroa L.’ (БРС, Кіс., рус. икотник). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 203–204), з зыходнага прасл. *gъrdica (да *gъrdlo ’горла’).
Гарліца 2 ’ангіна’ (Сцяшк.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 203–204), да зыходнага прасл. *gъrdlica (< *gъrdlo ’горла’). Геаграфія слова (толькі ў Сцяшк.), аднак, схіляе да думкі, што гэта запазычанне з польск. Параўн. у Карловіча, II, 55: «gardlica (gorlica) ’gruczoły w gardle’».
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ды́рса ’расліна каласоўнік, Bromus secalinus L.’ Варыянтная форма да гі́рса (гл.), якая запазычана з літ. dìrsė (Непакупны, Лекс. балтызмы, 30). Але лінгвагеаграфічная праблематыка тут даволі складаная, таму што ў суседніх літ. гаворках Дзукіі пашырай іменна варыянт girsa, gìrsė (Непакупны, там жа). Параўн. гірса (гл.). Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 1, 96 (пад dìrsa, якое і трэба разглядаць як крыніцу для бел. ды́рса, польск. dyrsa).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ваўчынец ’воўчая ягада, Daphne’ (Інстр. II); ’Daphne mezereum L.’ Параўн. укр. вовчинець ’тс’ (таксама вовче личко, вовчі ягоди, вовчій перец і г. д.; Макавецкі, Sł. botan., 126). Рус. волчник, волчьи ягоды, чэш. vlčí lýko, польск. wilcze łyko, серб. вучје лико, ням. Wolfbast і г. д. (гл. Махэк, Jména rostl., 152). Утварэнне з суф. ‑ец ад ваўчыны. Названа расліна так, таму што ягады яе непрыгодныя для яды.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Размары́н 1 ’вечназялёная духмяная расліна’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. розмаринъ (1710), рус. розмари́н, розмари́н, польск. rozmaryn, чэш. rozmarýna, славац. rozmarín, в.-луж. rósmarja, н.-луж. rosmar(i)ja, славен. rọ̑žmarin, харв. rozma(ri)n. Праз ням. Rosmarin з лац. rōsmarīnus ’тс’ < rōs marīnus ’марская раса’.
Размары́н 2 ’стома’ (КЭС). Назоўнік, утвораны ад дзеяслова размары́ць ’давесці да расслабленага, санлівага стану’, як ме́шань ад мяша́ць. Гл. ма́рыць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Смарга́нец, смаргане́ц ‘расліна Holcus L.’ (Байк. і Некр., Кіс.), ‘метлюжок, Poa pratensis L.’ (Кіс.). Няясна, магчыма, да смо́ргаць ‘ірваць’ (гл.), параўн. смарга́ць ‘тузаць’, смарга́ны ‘пацёрты’ (Байк. і Некр.), аднак матывацыя застаецца няяснай. Відаць, звязана нейкім чынам з сморг ‘гарачая пара, прыпар’ (гл.), смарго́вы (гл. наступнае слова), што суадносяць слова з іншай назвай расліны — пажарніца (гл.), параўн. смарганец росце на погорэлом полі (лельч., Арх. ГУ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сухаве́йка ’цмін пясчаны, Helichrysum arenarium (L.) D. С.’ (Кіс., Сл. ПЗБ), сухаве́я ’тс’ (Сл. ПЗБ), ’старасцень вясенні, Senecio vernalis W. et K.’ (Кіс.), сухаве́йко ’бяссмертнік, лекавая травяністая расліна’ (Цых.), сухаве́йка ’тс’ (Сцяшк. Сл.), сухаве́йкі ’тс’: усю зіму стаяць (гродз., ашм., іўеў., ЛА, 1). Несумненна, у народных уяўленнях звязваецца з суха, сухі. Параўн. іншую назву: пасушыла сухоткаў (Сцяшк. Сл.), з-за лекавых уласцівасцей назва падлягае табуізацыі, гл. сухавей.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Іване́ц ’расліна Melampyrum nemorosum’ (Кіс.), ’кветкі, якія рвалі на Івана–Купалу і ставілі на кут’ (Інстр. II). Утварэнне ад Іван пры дапамозе суф. ‑ец. Семантычная мадэль ’уласнае імя’ — ’назва расліны’ сустракаецца даволі часта. Слав. мовы ведаюць шматлікія назвы раслін, якія паходзяць ад уласнага імя Іван (Праабражэнскі, 1, 263). Параўн. бел. іва́нькавы ша́пачкі ’званочкі’ (Касп.), іва́нава галава́ ’званочак персікалісты і гарычка лёгачная’ (дзісн., Жыв. сл., 201; Бейл., 422).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)