распа́сціся, ‑падзецца; пр. распаўся, ‑палася; зак.

1. Разваліцца на часткі, рассыпацца на кускі. Патрэскаліся трубкі і вось-вось, здаецца, выпадуць спіцы, распадзецца кола. Галавач. І карчы вырываюць з карэннем лясныя лемяшы, ды так вырываюць, што, здаецца, трактар са скрыпам зараз лопне ад натугі, распадзецца. Пестрак. // Раскласціся на састаўныя часткі. Малекула распалася на атамы.

2. Раздзяліўшыся на часткі, перастаць існаваць. У IV стагоддзі нашай эры Рымская імперыя распалася на дзве часткі — Заходне-Рымскую і Усходне-Рымскую, або Візантыю. Залескі. У пачатку дваццатых гадоў ад няшчаснага выпадку загінуў старэйшы брат. Сям’я ўся распалася. Машара. Аб’яднаны атрад палкоўніка Лянкевіча зноў распаўся. Якімовіч. // перан. Разладзіцца, парушыцца. Сяброўства распалася. Вяселле распалася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей).

Г. з катом.

Г. у жмуркі.

Дзеці гуляюць у кубікі.

Зробіш урокі — можаш г.

2. Хадзіць адпачываючы; прагульвацца.

Г. у парку.

3. у што. Праводзіць час за якім-н. спартыўным заняткам.

Г. у футбол.

4. перан. Перамяшчацца ў розных напрамках; распаўсюджвацца.

Па хаце гуляе вецер.

За акном гуляе завіруха.

Па твары гуляла ўсмешка.

5. Мець выхадны дзень, не працаваць.

Г. цэлы дзень.

6. Быць свабодным, незанятым (пра зямлю, рэчы і пад.).

Агарод гуляе.

7. Весяліцца (з танцамі, песнямі, музыкай).

Г. да ночы.

Г. вяселле.

8. з кім. Быць у блізкіх адносінах; любіцца (разм.).

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць у маўчанку (разм., неадабр.) — ухіляцца ад размовы.

|| зак. пагуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е і згуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е (да 3 знач.).

|| аднакр. гульну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 7 знач.).

|| наз. гульня́, -і́, ж. (да 1 знач.) і гуля́нне, -я, н. (да 1, 2, 5 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

расквітне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Расцвісці, распусціцца (пра кветкі, расліны). [Міхась:] Ёсць папараць-кветка. Толькі яна пакуль што ў нас для адных паноў цвіце... Але хутка яна і для нас расквітнее. Козел. Занядбаныя, без догляду,.. [цюльпаны] нейкім цудам расквітнелі. Ус.

2. перан. Стаць прыгожым, здаровым; дасягнуць росквіту. Расквітнела ты, дзяўчына, Як чырвоная каліна, Жаніхоў хапае ў нас, Пра вяселле думаць час. Дзеружынскі. Адэля на будоўлі была падобна на ўсіх тынкоўшчыц брыгады, дзе яна працуе разам з Васілінай. Затое ў гэтым вось блакітным плацці яна расквітнела незвычайна. Савіцкі. [Жанчына:] — Маша ажно расквітнела. Люба паглядзець на маладзіцу! Шамякін.

3. перан. Дасягнуць высокай ступені развіцця; праявіцца з большай сілай. Расквітнела жыццё. Расквітнеў талент мастака. □ На ніве разгорнутага камуністычнага будаўніцтва пышна расквітнела і культура Малдавіі, яе літаратура і мастацтва. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пасаг, поса́г ’маёмасць (грошы, рэчы, адзенне, жывёла), якая давалася маладой ад яе бацькоў пры выхадзе замуж’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Булг., Маш., Мал., Сл. ПЗБ, ТС), паса́га, пасаг̌а посага ’тс’ (Грыг., Нас., Мядзв., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Дэмб. 1, ТС), паса́жніца, паса́жая, паса́жна(я) ’(карова, авечка, свіння), зададзеная ў пасаг’ (Сл. ПЗБ). Укр. посаг ’тс’, ’пасад’, посагува́ти ’?’ (’садзіць на пасад’ ці ’даваць пасаг’), рус. поса́гвяселле’, цвяр. ’пасаг’, ст.-рус. посагъ ’шлюб’, посагати ’выходзіць замуж’, польск. posag ’пасаг’, чэш., сілезск. posah ’тс’, серб.-ц.-слав. пасагати ’захутвацца ў покрыва, г. зн. выходзіць замуж’. Прасл. posagъ, паводле Махэка₂ (473), азначаў бы ’прыхіленне, прыгарненне, прытуленне да мужа’, а posažьno ’сам пасаг’. І.‑е. адпаведнікі: літ. sègti ’прышпільваць’, sãgas ’пятля, за якую палатно прымацоўваецца да бялільнага прыстасавання’, sagà ’спражка’, ’клямар’, ’сіло’, ст.-прус. sagis ’тс’, ірл. sūanem ’ліна’ (< *sogn‑), ст.-інд. ā‑saj‑ati ’прышпільвае’, ст.-перс. fra‑hanjati ’вешае’ (Мацэнаўэр, LF, 13, 181; Брукнер, 432; Фасмер, 3, 338). Ондруш (Этимология–1984, 176–177) таксама прызнае, што прасл. posagъ утворана ад і.-е. слова pā̆kʼ, якое мела значэнне ’злучаць, звязваць, аб’ядноўваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стро́іць ‘рабіць, майстраваць’, ‘намячаць, накідваць (планы, здагадкі і інш.)’, ‘ставіць у строй’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘рыхтаваць, ладкаваць’ (ТС, Ян.; ваўк., Сл. ПЗБ), ‘будаваць’ (Бяльк., Ян., Мат. Гом.; в.-дзв., паст., брасл., пруж., Сл. ПЗБ), ‘рамантаваць’ (астрав., Сл. ПЗБ; Ян.), ‘спраўляць (свята, вяселле)’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ‘ставіць (пра спектаклі)’ (паст., Сл. ПЗБ), стро́іцца ‘збірацца, імкнуцца што-небудзь рабіць’ (ТСБМ), ‘упраўляцца па гаспадарцы’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. стро́їти ‘прыбіраць; ладзіць’, рус. стро́ить ‘будаваць, састаўляць, рабіць’, стараж.-рус. строити, польск. strojić ‘прыгожа апранаць; рыхтаваць, ладзіць’, в.-луж. trojić, н.-луж. tšojś ‘рыхтаваць; будаваць’, чэш. strojiti ‘рыхтаваць; гатаваць; прыгожа апранаць’, серб.-харв. стро̀јити ‘кастрыраваць; дубіць’, славен. strojíti ‘апрацоўваць (дубіць) сырую скуру’, балг. строя́ ‘будаваць’, макед. строи ‘будаваць; настройваць’, ст.-слав. строити ‘рыхтаваць, ладзіць’. Прасл. *strojiti — дэрыват ад *strojь (гл. строй1), гл. Фасмер, 3, 780; Сной₁, 615; Борысь, 580. Сюды ж стро́йка ‘будоўля’ (Сцяшк.), страе́нне ‘будынкі; хата з прыбудовамі’ (Янк. 1, Жд. 3), якія, відаць, уяўляюць сучасныя запазычанні з рус. стро́йка і строе́ние ‘тс’, як і само значэнне ‘будаваць’ у дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зайсці́ся 1, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. зайдзіся; зак.

Разм. Тое, што і зайсці (у 1 знач.). [Лабыш:] О, нешта ж нядобрае будзе: леснічыха на вяселле зайшлася. Козел.

зайсці́ся 2, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑лося; зак.

1. Страціць пачуццё, замерці, знямець. А зірнуў бы сюды [у бібліятэку] пан Баркоўскі цяпер — напэўна зайшоўся б ад злосці. Брыль. // Разм. Памерці. Сухотлівая сястра без догляду зайшлася. Чорны. // Анямець, страціць адчувальнасць (ад холаду, марозу). Пальцы зайшліся ад холаду. Зубы зайшліся ад халоднай вады. // (у спалучэнні са словамі «душа», «сэрца»). Сціснуцца, замерці, перастаць адчувацца. «Няўжо заўважылі?» — ад трывогі ў Сашы зайшлося сэрца. Новікаў.

2. Пачаць нястрымна плакаць, смяяцца, кашляць і пад. Зайсціся ад смеху. □ [Сабакі] кінуліся к дзвярам, адчынілі іх і ўжо на дварэ зайшліся брэхам. Чорны. Дзіця аж зайшлося ад болю. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́плы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць падкрэсліваць свае заслугі, хваліцца сваімі справамі; пазбаўлены ганарыстасці. На высокім пасту .. [Барашкін] аказаўся сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны.

2. Стрыманы ў паводзінах, абыходжанні, словах; не развязны, прыстойны. Але Юля — сціплая. Яна не кінецца адразу: «Я!..», а пачакае, пакуль мама не перапытае: «Дачушка, няўжо гэта ты сама так зрабіла?» Гарбук. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. Уся сям’я Сядых была надзвычай працавітая і сціплая ў сваіх паводзінах. Рамановіч. // Які не прад’яўляе вялікіх патрабаванняў, задавольваецца малым. У гэтых словах — уся Хрысціна, простая, сціплая дзяўчына, якая ўсёй душой палюбіла сваю нялёгкую працу. Кухараў.

3. Які сведчыць аб стрыманасці, памяркоўнасці ў паводзінах, размове; які выказвае такую стрыманасць, памяркоўнасць. Аглянуўшыся, .. [Маша] ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля. Шамякін. Заўсёды сціплы і прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным. Брыль.

4. Які нічым не вылучаецца, просты; звычайны; без прэтэнзій на раскошу. [Слава:] — Вяртаючыся дамоў, я збіраў сціплыя паўночных кветкі: маленькія рамонкі, незабудкі. Бяганская. Вяселле справілі сціплае — не вяселле, а вечар з пачастункам на кватэры ў Кудзіных. Хадкевіч. // Звычайны, радавы. [Толь:] — Пасада ў вас [Дземідзецкага] павінна аставацца сціплая. Новікаў. // Не яркі. Пры сціплым падсвечванні маладзіка Багдан спачатку пазнаў сваіх коней з брыгады, а тады ўжо стаў углядацца ў чалавека, што быў пры конях. Кулакоўскі. // Ціхі, не рэзкі. Я чую сціплы шолах вольхі І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым. А. Александровіч. Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае сціплы званочак. Брыль.

5. Нязначны, невялікі; абмежаваны, сярэдні. Сціплая зарплата. Сціплыя патрабаванні. □ Планы ў Журко былі вельмі сціплыя. Савіцкі. Спробы вярнуць [хлопчыка] Раму ў чалавечае асяроддзе ўвянчаліся вельмі сціплымі поспехамі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абысці́ся, абыдуся, абыдзешся, абыдзецца; пр. абышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. абыдзіся; зак.

1. Задаволіцца тым, што ёсць; знайсці выйсце са становішча, абмяжоўваючыся наяўнымі сродкамі. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышліся без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. // Здолець пражыць без каго‑, чаго‑н., не выкарыстаць каго‑, чаго‑н. Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Ніводнае вяселле без іх не абышлося. Гарэцкі.

2. Так ці інакш паставіцца да каго‑, чаго‑н., выявіць пэўныя адносіны. Абысціся па-людску. Ветліва абысціся. □ Тут дзед пачаў пералічаць усе здарэнні, дзе з сялянамі абышліся несправядліва. Колас.

3. Выклікаць пэўныя расходы, страты; каштаваць. Перавозка грузаў абышлася ў 50 рублёў. □ Маёрава смерць дорага абышлася немцам. Гурскі.

4. Закончыцца добра, без непрыемнасцей; уладзіцца. Андрэй быў рады, што ўсё абышлося шчасліва. Шахавец. [Шафёр:] — Добра, што ўсё так абышлося. Кулакоўскі.

•••

Абысціся ў капейку (капеечку) — дорага каштаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дуб, ‑а і ‑у; мн. дубы, ‑оў; м.

1. ‑а. Буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з моцнай драўнінай і пладамі жалудамі. Стогадовы дуб. □ Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць пышны верх яго. Колас.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Нарэзаць дубу. Бочка з дубу.

3. ‑а; перан. Разм. Пра высокага, моцнага чалавека. У Жарстана было сем сыноў, і чацвёра з іх такія ж дубы, як і бацька. Колас. // Пагард. Пра тупога, неразумнага чалавека. — Хоць і дуб ты, скажу табе, але заходзь, кульні з намі чарку: у мяне ж сёння вяселле — гуля-а-ем! Вышынскі.

4. ‑а. Адзін з відаў вялікіх лодак (на Дняпры, Доне). Пад поўнач Пятро Тугай закончыў рамонт дубоў, заліў смалою залапленыя месцы і вылез на паром. Краўчанка.

•••

Коркавы дуб — вечназялёнае дрэва сямейства букавых, кару якога выкарыстоўваюць для вырабу коркаў і інш.

Даць дуба гл. даць.

Плесці з дуба вецце гл. плесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці якую‑н. гульню, пагуляць у што‑н. Згуляць у хованкі. Згуляць у гарадкі. Згуляць у валейбол. Згуляць у лато. / што. Аб правядзенні партыі ў якой‑н. гульні або часткі гульні. Згуляць партыю ў шахматы.

2. што. Наладзіць, справіць што‑н. Згуляць вяселле. □ Каласы адспявалі, Іх пажалі, сабралі, Бараду завязалі Ды дажынкі згулялі. Броўка. // Разм. Пратанцаваць, станцаваць (танец). — А ўчора на танцах.. адна нішто сабе была, — сказаў Картыжоў. — Згуляў я з ёю пару танцаў. Чыгрынаў.

3. (звычайна з адмоўем). Разм. Страціць які‑н. час дарэмна; прагуляць. Каваль быў працавіты чалавек, ён не мог згуляць ані хвіліны. Чорны. Усю зіму на конях, на трактары, якому Заранка не давала згуляць ні хвіліны, вазілі на поле гной, тралявалі з балота торф. Сабаленка. // Застацца незасеяным (пра поле, ніву). — Не бойся: людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць, Не запустуе, не згуляе! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)