зайсціся 1, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. зайдзіся; зак.
Разм. Тое, што і зайсці (у 1 знач.). [Лабыш:] О, нешта ж нядобрае будзе: леснічыха на вяселле зайшлася. Козел.
зайсціся 2, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑лося; зак.
1. Страціць пачуццё, замерці, знямець. А зірнуў бы сюды [у бібліятэку] пан Баркоўскі цяпер — напэўна зайшоўся б ад злосці. Брыль. // Разм. Памерці. Сухотлівая сястра без догляду зайшлася. Чорны. // Анямець, страціць адчувальнасць (ад холаду, марозу). Пальцы зайшліся ад холаду. Зубы зайшліся ад халоднай вады. // (у спалучэнні са словамі «душа», «сэрца»). Сціснуцца, замерці, перастаць адчувацца. «Няўжо заўважылі?» — ад трывогі ў Сашы зайшлося сэрца. Новікаў.
2. Пачаць нястрымна плакаць, смяяцца, кашляць і пад. Зайсціся ад смеху. ▪ [Сабакі] кінуліся к дзвярам, адчынілі іх і ўжо на дварэ зайшліся брэхам. Чорны. Дзіця аж зайшлося ад болю. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)