абысці́ся, абыдуся, абыдзешся, абыдзецца; пр. абышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. абыдзіся; зак.

1. Задаволіцца тым, што ёсць; знайсці выйсце са становішча, абмяжоўваючыся наяўнымі сродкамі. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышліся без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. // Здолець пражыць без каго‑, чаго‑н., не выкарыстаць каго‑, чаго‑н. Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Ніводнае вяселле без іх не абышлося. Гарэцкі.

2. Так ці інакш паставіцца да каго‑, чаго‑н., выявіць пэўныя адносіны. Абысціся па-людску. Ветліва абысціся. □ Тут дзед пачаў пералічаць усе здарэнні, дзе з сялянамі абышліся несправядліва. Колас.

3. Выклікаць пэўныя расходы, страты; каштаваць. Перавозка грузаў абышлася ў 50 рублёў. □ Маёрава смерць дорага абышлася немцам. Гурскі.

4. Закончыцца добра, без непрыемнасцей; уладзіцца. Андрэй быў рады, што ўсё абышлося шчасліва. Шахавец. [Шафёр:] — Добра, што ўсё так абышлося. Кулакоўскі.

•••

Абысціся ў капейку (капеечку) — дорага каштаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)