Каліта́ ’сумка для грошай, вялікі кашалёк’ (БРС, ТСБМ), ’грошы, багацце’ ’паходная торба, сумка’ (ТСБМ). У гаворках: ’мяшок, сумка’ (Нас., Булг.), ’мяшочак на грошы’, (Бяльк.), ’сумка’ (Грыг.), ’скураны мяшок на грошы’ (Касп.), скураны мяшэчак’ (касцюк., КЭС; Нік., Оч.), ’партманет’ (тураў., КЭС), ’мяшок’ (лун., Мат. дыял. канф.), ’кішэня ў скураным поясе (мяшочак)’ (Маш.), ’невялікая сумка на грошы’, ’скураная сумка, якая носіцца беларусамі пры скураным поясе, у якой захоўваецца крэмень, сталёвыя пласцінкі і трут’ (Мядзв.), у Сержпутоўскага слуц. і мазыр. значэнне не вельмі яснае: «расперазаўся ён, зняў каліту й лёг на пол спачынаць» (Сержп., 7), ’самаробны скураны мяшок на грошы’ (Чуд., Шн., Яруш.). Таксама шырока прадстаўленні ў беларускай мове памяншальная форма калітка. Укр. палес. калитка ’кашалёк; мяшочак для табакі, красала’, укр. калита ’мяшок з грашыма’, калитка ’скураны кашалёк’, рус. калита ’кашэль, сумка, мяшок, карман’, ст.-рус. калита (з XIV ст.), у гаворках адзначана на тэрыторыі, суседняй да беларускай: смал., арл., ярасл. ’разнавіднасць кашалька, скураны мяшочак на грошы і рознага роду дробязей (красала і інш.), які звычайна чапляецца да пояса’, валаг. ’кашалёк, сумка’, ’кішэня’. Польск. kaleta (з XV ст.) ’мяшочак для грошай’, а ў гаворках kalita, kalota, kalalka ’скураная кішэня: скураная сумачка’, літ. kolytà, лат. kalīte, с.-н.-ням. kalite ’каліта’. Лічыцца запазычаным з тур. даўнейшага kalita, chalita ’кашалёк, мяшочак на грошы’ (у тат., казах., алт. kalta ’кашалёк, кішэня, скураны мяшок’), якое як быццам бы з араб. charǐta ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 29, дзе і спасылка на літаратуру). Неабходна адзначыць, што дакладная цюрк. крыніца невядомая; Бернекер (1, 474) пісаў пра мяркуемае паўн.-тур. *qalita. Цікава адзначыць рус. урал. калита ’каліта’, якое можна разумець як сепаратнае запазычанне, непасрэдна звязанае з прыведзенай рус. лексікай. Лінгвагеаграфія слова, як відаць, выключае магчымасць запазычання кантактным шляхам. Магчыма, што гэта культурнае запазычанне ўжо пасля часоў Кіеўскай Русі, аднак даволі старое (параўн. ст.-рус. фіксацыю); з усх.-слав. моў (з беларускай) слова трапіла ў польск. і інш. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паса́д1 ’снапы, раскладзеныя ў рад для малацьбы цэпам’ (паўсюдна, апрача Зах. Палесся і Зах. Віцебшчыны — ДАБМ, к. 285; ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. БП, Некр., Сцяшк., ТС, Янк. 2, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’колькасць снапоў, высушаных у ёўні за адзін раз’ (Касп., Шатал.), ’месца на таку для абмалочвання снапоў’ (паст., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’будынак для абмалочанага збожжа’ (Мат. Гом.). Укр. поса́д, рус. поса́д ’род або круг снапоў’, том. насад ’тс’, уладз. ’рад дамоў з аднаго боку вуліцы’, польск. posad, posot, posou̯t ’снапы на таку для абмалоту’, славен. pósad, násad, nasàd, серб.-харв. на́сад, макед. насад ’тс’. Прасл. posadъ. Да садзі́ць ’насаджваць’ (гл.). Першапачаткова, відаць, снапы насаджвалі на нешта ці ўсаджвалі (напр., у азярод), калі малацьба была больш прымітыўнай. Параўн. малацьбу ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе, дзе малацілі пры дапамозе дошак з вострым) зубамі (Основы этнографии, M., 1968, 168).

Паса́д2 ’трон, прастол уладара’, ’месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), дзе сядзіць маладая на вяселлі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Маш., Мал., Касп.; КЭС, лаг.; ТС, Бяльк.), ’рознае дабро, рэчы’ (паўн.-усх., КЭС), ’вышка’ (Яруш.), ’як каравай дзеляць, тады ета пасад, маладой расплятаюць касу’ (Мат. Гом.), садзіць на пасад ’садзіць маладую на воз да маладога’ (паўн.-усх., КЭС). Яшчэ ў X ст. пасад — ’гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной’, ’прыгарад, прадмесце, пасёлак’ (ТСБМ). Укр. посад, рус. посад, ст.-рус. посадъ, польск., ст.-польск. posad(a) ’тс’. Да пасадзіць < па‑ і сад, садзі́ць (Ягіч, AfslPh, 13, 300; Фасмер, 3, 338). Брукнер (432) выводзіць з posagъ (гл. паса́г). Сюды ж пасажа́нка, паса́дная маці ’пасаджоная маці’, паса́жаны бацька ’сват’ (Сцяшк., Сл.), паса́жаны, пасаджоны (бацька, маці) ’хросныя’ (Бір.), пасаднік ’намеснік князя’, ’выбраны вечам правіцель горада ў Старажытнай Русі’ (ТСБМ), пасадзі́ць ’усадзіць у зямлю’, ’паставіць у гарачую печ’, ’прымусіць сесці’, ’арыштаваць’, ’пакінуць знак’, ’прывесці ў нягоднасць’, ’змясціць у вулей рой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́сяча, ты́сеча, тысіча ‘лік і лічба 1000’, ‘колькасць, якая абазначаецца лічбай 1000’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Вруб.; ашм., Сл. ПЗБ); ‘напасць, смерць’: кап цябе тысяча ўбіла (маг., Рэгіян. асабл., 4), ты́сячы ‘мноства чаго-небудзь, вялікая колькасць’, ‘вялікія грошы, капітал’ (ТСБМ), ці́сяча ‘безліч, многа’: грымаціць, бы там цісяча гармат смаліць (Сержп. Прымхі), císiaczy мн. л. ‘тс’ (Пятк. 3), ст.-бел. тысяча, тисеча, тисяча, тысеча, тысеща, тысяща ‘тысяча’, ‘вялікая колькасць’ (ГСБМ) з перавагай формы тисяча (Карскі 1, 237). Параўн. укр. ти́сяча, рус. ты́сяча ‘тысяча’, стараж.-рус. тысяча ‘апалчэнне, якое дзялілася на сотні’, ц.-слав. тысѫща, тысѧща, польск. tysiąc, н.-луж. tysac, tysec, в.-луж. tysac, чэш. tisíc, ст.-чэш. tisúc, славац. tisíc, славен. tísoč, харв. tȉsuća, балг. старое ти́сеча, ст.-слав. тысѧщи, тысѧща і тысѫщи, тысѫща. Прасл. *tysętja, *tysętjь, *tysǫtja, *tysǫtjь, роднасныя прус. tusimtons (В. скл. мн. л.); апошняя форма, як і літ. tū́kstantis, лат. tũkstuotis, гоц. þūsundi, ст.-в.-ням. dūdundt, нова-в.-ням. Tausend ‘тс’, выводзяцца з і.-е. *tu‑kʼm̥t‑ia ‘вялікая сотня’ < пра-і.-е. *teū‑ > *tūs‑ ‘набрыняць, пухнуць, таўсцець’ + *kʼm̥tom ‘сто’ (Махэк₂, 643; Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 474; Фасмер, 4, 133; Чарных, 2, 275–276; Брукнер, 590; Борысь, 659; Сной, 766; ЕСУМ, 5, 574; Арол, 4, 126). Меркаванні пра запазычанне з германскіх моў (Ваян, RÉS, 24, 184 і інш.) спрэчныя, балтыйскія і германскія формы паралельныя да славянскіх, але не ідэнтычныя ім (Мілеўскі, Teoria, 318); балтыйскія формы, за выключэннем старапрускай, хутчэй запазычаны з ранніх прасл. *tūcentjā, *tūcontjā (Трубачоў, Слав. языкозн. VIII, 311). Славянскія формы з палаталізаваным пачатковым складам утварыліся ў выніку асіміляцыі з наступнымі мяккімі зычнымі, параўн. ESJSt, 17, 1003. Сюды ж тысячагалоў ‘смолка, Vaccaria pyramidata’ (ТСБМ), тысячагоддзе ‘прамежак часу ў 1000 год’, ‘гадавіна тысячагадовай даўнасці’, тысячано́жка ‘мядзведка’ (Мат. Гом.), тысячанышка ‘сараканожка, мнаганожка’ (драг, Сл. Брэс.), ты́сяцкі ‘начальнік ваеннага апалчэння на Русі’, ‘галоўны распарадчык у вясельным абрадзе’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кадзь ’вялікая драўляная пасудзіна з клёпак, сцягнутых абручамі, для захоўвання розных сельскагаспадарчых прадуктаў’ (БРС, ТСБМ, Касп., Нік., Оч., П. С., Шат.). Бяссонаў (Бяс.) адзначаў, што словы кадь, кадка ведаюць на Белай Русі. Слова, як можна меркаваць на падставе крыніц, адзначана на цэнтральна-беларускай тэрыторыі і на поўначы, што можа азначаць або архаізм, або запазычанне (у даным выпадку назва магла быць запазычана разам з імпартам рэаліі). Звяртае на сябе ўвагу і невялікая колькасць фіксацый вытворных ад гэтага слова (гл. ніжэй). Слова сустракаецца ва ўсім славянскім свеце: укр. кадь, рус. кадь, польск. kadź, в.-луж. kadź, н.-луж. kaź, славін. kωз, палаб. kod ’калода, на якой трэплюць лён’, чэш. kád і інш., славац. kiad, *käd, серб.-харв. kȃd, славен. kàd ’чан’, макед. када, балг. кода, аднак гэты факт, як падкрэслівае Слаўскі (2, 19), яшчэ не сведчыць аб яго старажытнасці. Спроба славянскай этымалогіі належыць Махэку₂, 234, які параўноўваў слав. kadь з грэч. κηθίς ’урна’ (для галасавання), што не пераконвае па розных прычынах. Звяртае на сябе ўвагу на сутнасці аднароднасць значэнняў слова ў розных мовах і культурны яго характар. Адзначым, што і гісторыя рэаліі сведчыць аб яе пашырэнні ў той час, калі сувязі паміж славянскімі мовамі ўжо не былі цеснымі; найбольш раннімі бандарскімі вырабамі ў славян былі драўляныя вёдры (гл. Sl. staroż. slow., 1, 98–100). Нягледзячы на быццам бы відавочную неабходнасць прыняць папулярную версію аб запазычанні слав. kadь з грэч. (с.-грэч.?) κάδι(ον), хочацца адзначыць, што яна не з’яўляецца фармальна бездакорнай. Грэч. слова лічыцца запазычаным са ст.-яўр. kad ’драўлянае вядро’; κάδι(ον) — памянш. ад κάδος ’бочка, збан, вядро’; ст.-грэч. κάδδος ’пасудзіна, пераважна урна для галасавання (у лакедаманян)’, н.-грэч. καδίτό(‑δ‑) і κάδος ’бочка, цэбар, вядро’. Не зусім ясны шлях пранікнення тэрміна ў славянскія мовы. Слаўскі (там жа) мяркуе, што гэта «вандроўнае» слова, якое пранікала праз балканскіх і рускіх славян. Як на паралельны працэс указваюць на пашырэнне слова ў іншых еўрапейскіх мовах: рум. cadǎ, алб. káde ’бочка’, франц. cade ’мера ёмістасці’, англ. cade ’бочка’, аднак крыніцай гэтых слоў з’яўляецца лац. cadus ’збан, бочка’ (з той жа грэч. крыніцы). Трубачоў (Эт. сл., 9, 112–113) звяртае ўвагу, што, нягледзячы на позні культурны характар слова, можна адзначыць старыя па віду вытворныя: *kadьca і *kady/‑ъve. Апошні прыклад, аднак, нельга лічыць сур’ёзным, паколькі рэканструкцыя будуецца толькі на аднойчы зафіксаваным рус. дыял. кадовь ’вялікі чан’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скамаро́х1 ‘у Старажытнай Русі і ў пазнейшым часе — вандроўны акцёр’ (ТСБМ, Ласт.), ‘вандроўны музыкант’, часта ‘музыка, скрыпач на вясковым вяселлі’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП, Пятк. 2, Рам. 8), ст.-бел. уласнае імя Р. скл. Демьянца Скомороха (1540 г., Лінгв. дасл.), сюды ж скамаро́шнік ‘вандроўны цыркач з мядзведзем, мядзведнік’ (віл., смарг., Сл. ПЗБ), скамаро́ха ‘тс’ (Нас.), ‘музыка’: усяк спляша, да ні ўсяк скамарох (Бяльк.). Рус. скоморо́х ‘вандроўны музыкант, скакун, камедыянт’, дыял. ‘вядзьмар’, скоморо́шина ‘тс’, стараж.-рус. (XI ст.) скоморохъ, серб.-ц.-слав., рус.-ц.-слав. скомрахъ, ст.-польск. skomrośny, skomroszny ‘бессаромны, нястомны’, skowryśny, skowrośny ‘вясёлы, жвавы’. Цёмнае слова, ніводная этымалогія не з’яўляецца пераканаўчай. Крыніцай лічылі грэч. σκώμμαρχος ад σκώμμα ‘жарт, штукі’, гл. Кірпічнікаў, Сб. ОРЯС 52, 1 і наст.; Фасмер, ИОРЯС 12, 2, 276; Фасмер, Этюды, 184 і наст. Аднак іншыя даследчыкі ўказваюць на тое, што слова нідзе не засведчана. Выводзілі таксама з іт. scaramuccia ‘камедыянт, штукар’ на падставе таго, што скамарохі часта носяць “лацінскую адзежу”; так Сразнеўскі, 3, 374. Супраць Фасмер (3, 648). Спробы славянскай этымалогіі: ад прыстаўкі sko‑ і дзеясл. марочыць; Мацэнаўэр, LF 20, 13 і наст.; Брукнер, 494. Пераважаюць “гукапераймальныя” версіі, напрыклад, сувязь з в.-луж. skomorić ‘рабіць недазволены ўчынак’, што мае гукаімітатыўны характар (Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243), паводле Шустара–Шэўца (1292), звязана з камолы (гл. камель2). Фасмер (3, 648) прыводзіць яшчэ славен. skomúcati ‘выдаваць незразумелыя гукі’, skomodrati ‘вішчэць’, якія звязаны з рус. скомлить ‘ныць, скавытаць’. Сюды ж можна дадаць балг. радоп. скомичем ‘плакаць, хліпаць’, серб. пірот. скомл́чем ‘мармытаць, невыразна гаварыць’, каш. skamřec ‘навязліва прасіць, клянчыць’, якое Борысь узводзіць да *skom‑ъr‑ (SEK, 4, 276), варыянт якога *skomorъ Львоў (Этимология–1972, 111) лічыць зыходным для разглядаемага слова. Нельга выключыць і цалкам імітатыўную версію паходжання слова, якую прапанаваў Немец (Slavia, 57, 246 і наст.; Studia Etym. Brun., 1, 38) з *sko‑morsk‑, роднаснага рус. морщить (гл. моршчыцца), што звязана з старажытным выкарыстаннем масак для адпуджвання злых сіл. У сувязі з гэтым параўн. скамурдзіцца ‘скрывіць морду’ (гл.). Істотнымі матывацыйнымі момантамі варта лічыць “музычныя” і “знешнія” прыкметы, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 178–179 (там жа агляд іншых версій).

Скамаро́х2 ‘гаркушка, гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’ (Жук., на Дняпры; Жыв. св.). Рус. дыял. скоморо́х ‘тс’. Да скамарох. Параўн. апісанне рыбы ў Сабанеева (Жизнь, 496): “Последний [гальян] всегда отличается необычайной пестротой и поэтому названия скоморох и красавка гораздо более идут к нему, нежели… гольян”. Параўн. аўдотка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́к1 ’На Русі ў XV–XVII стст. — вольны чалавек, з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік; у дарэвалюцыйнай Русі: з XVIII ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанкай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязаны несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй; радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей; ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’пра спрытнага маладога мужчыну’ (ТСБМ); сустракаецца і ў народных песнях (Радч. і інш.). Што датычыць слова казак у асноўных значэннях, то гэта ва ўсх.-слав. мовах запазычанне з Усходу: у тур., крым.-тат., казах., кірг., тат., чагай, мовах казак ’вольны, незалежны чалавек; шукальнік прыгод, бадзяга’, кумык. казак ’аружаносец пры феадале, ваенны слуга, дружыннік’. Шлях распаўсюджання слова ва ўсх.-слав. мовах няясны, у ст.-рус. адзначаецца ў грамаце 1395 г., аднак са значэннем ’парабак, батрак’ і ў форме з ‑о‑. Слаўскі (3, 26) мяркуе (пералічыўшы вядомыя ў большасці славянскіх моў формы), што слова трапіла ў гэтыя мовы з укр. Аднак звяртае на сябе ўвагу, што ў балг. казак‑а‑), відавочна, з рус. мовы, а Ліндэ для польск. прыводзіў як неўжывальную форму kazak (таксама, як бачым, з ‑a‑). Аднак у большасці слав. і зах.-еўрап. мовах прадстаўлена менавіта ўкр. форма гэтага слова. Што датычыць бел., яго статус няясны: хоць у ст.-бел. мове і адзначана форма з ‑о, форма козакъ (і вытворныя), відавочна, з’яўляецца асноўнай. Значэнне ’спрытны, малады мужчына’ вядомае ўкр. мове. Так, Грынчэнка адзначае, што слова казак у народнай паэзіі дапасоўваецца да кожнага маладога чалавека, аднак не выключана, што такое значэнне магло быць не толькі вынікам экспансіі слова рознымі шляхамі, у тым ліку і пры пасрэдніцтве фальклору, але і магло ўзнікнуць самастойна на базе як новых значэнняў (’кавалерыст’ і інш.), так і магчымых старых ’бадзяга’. Параўн. у ст.-польск. kozak ’юнак, зух’, дыял. ’смяльчак, завадатар, хлопец’, рус. дыял. казак ’пра смелага, удалага чалавека’.

Каза́к2 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ). Статус слова няясны, магчыма, другаснае ўтварэнне ад казачок, а магчыма, тое ж, што і ўкр. казак ’танец. Што датычыць этымалогіі, то нельга сцвярджаць упэўнена: паходзіць гэта слова ад казак1, ці мае нейкія адносіны да каза ’танец’ (рускія гаворкі, напрыклад, ведаюць слова казак у значэнні ’самец розных жывёл і птушак’, параўн. таксама рус. арханг. казак с казачихой). Паводле лінгвагеаграфіі і экстралінгвістычнай інфармацый, другая версія пакудь што менш надзейная.

Каза́к3 ’лён-даўгунец’ (БРС, Уладз.), ’сорт высокаўраджайнага аўса’ (Сцяц.). Як можна меркаваць па прыкладах, гэта параўнальна новае слова. Сінонім — вельколён: «Простый лʼон пэршы був, а вэлʼколʼун у воjну мыколаjивсʼку поjавывся» (Уладз., 198). Другое значэнне ’авёс’, магчыма, другаснае, перанос назвы паводле прыкметы ’вялікі, ураджайны’. Гаворкі рус. мовы ведаюць слова казак у дачыненні да розных раслін. Улічваючы, што размова ідзе пра яўна культурны тэрмін, ёсць вялікая верагоднасць таго, што ён запазычаны разам з рэаліяй. Тэарэтычна магчымы і іншы варыянт: самастойнае ўтварэнне ад казак ’малады, спрытны мужчына’ (параўн. характэрныя дыял. назвы лёну, аўса: скакун, скочень, ростун) або моўная трансфармацыя (муж. род) каза ’лісце, каліва цыбулі і інш.’ Структура такога тыпу (з суф. ‑ак) вядома як у бел., так і ў іншых слав. мовах, параўн. балг. козак ’расліна Tragopogon majus’, чэш. kozak ’назва грыба’ і інш.

Казаќ4 ’казакін’ (Мат. Гом.), ’жаночае верхняе адзенне, нажытае ў зборкі’ (рас., Сл. паўн.-зах.). Рус. валаг., наўг., казан. казак ’разнавіднасць паддзёўкі са зборкамі, накрытай сукном’ і вядомае на розн. тэрыторыі ’жаночая кофта ў талію, сукенка ў талію і інш.’, асташ., цвяр., ленінгр. і інш. ’верхняе жаночае адзенне’, польск. уст. казак ’кароткі плашч, куртка’, больш новае ’доўгая блузка, якая носіцца паверх спадніцы’, чэш. kazak, славац. kazak ’кафтан’. Бел. слова, зафіксаванае ў розных моўных арэалах, або сведчыць пра інфільтрацыі ў перыферыйныя зоны з гаворак суседніх моў, або ўказвае на запазычанне, якое станавілася архаізмам і, трапляючы ў пасіўны запас, гублялася ці магло выцясняцца іншым словам (казаціна і да т. п.). Не выключана магчымасць і адваротнай дэрывацыі (казак < казакін і пад.). Як культурны тэрмін, казак вядомы на шырокай тэрыторыі; слова лічыцца запазычаннем, аднак крыніца і шляхі распаўсюджання слова няясныя. Слаўскі (3, 27) прыводзіць папулярную версію аб тым, што гэта запазычанне з захаду: франц. casaque ’кафтан, апанча, плашч; упрыгожаная доўгая блузка’, слова вядома з 1413 г., у польск. мове форма kazak адзначаецца пазней. Іншыя аўтары (Гараеў, Дзмітрыеў) мяркуюць аб запазычанні з усходу; Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 25) прыводзіць татар., бат. кэзэки ’нацыянальнае верхняе адзенне мужчын Татарыі і Башкірыі’. Супраць такой этымалогіі рэзка, аднак без аргументацыі выступіў Фасмер (2, 158). Можна звярнуць увагу на тое, што ў рус., бел., укр. гаворках сустракаюцца значэнні ’мужчынскае і жаночае адзенне, блузка’, што больш адпавядае версіі аб заходнім запазычанні. Арыстава (Контакты, 59–60) прапанавала ў якасці крыніцы англ. cassock ’туніка ў англійскіх свяшчэннікаў’, аднак па семантычных і інш. прычынах гэта версія не выглядае надзейнай. На жаль, лінгвагеаграфічны крытэрый адзначыць тут вельмі цяжка, паколькі матэрыял не дазваляе меркаваць, што бел. мова была пасрэднікам распаўсюджання слова. Семантыка прыведзеных слоў паказвае, што разглядаць польск. даныя асобна ад рус. (тут бел. факты былі б інфільтрацыямі з суседніх польск. і адпаведна рус. гаворак) нельга. Што ж датычыць уласна этымалагічнага боку, то думка аб зах.-еўрап. паходжанні слова найбольш абгрунтавана. Крыніцай франц. casaque лічаць звычайна італ. casacca ’кафтан, апанча’, аднак Слаўскі (3, 27–28) прыводзіць вядомыя с.-лац. casaca ’разнавіднасць убрання’, італ. casaca ’куртка’ і інш.

Каза́к5 ’калаўрот або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Борт.). Да каза1, перанос паводле зааморфных атрыбутаў рэаліі — наяўнасці ручак (рагоў), параўн. рус. пск. баран ’вертыкальны калаўрот’, таксама адзначанае Далем спец. (у мяснікоў) ’калаўрот паміж двух слупоў’; ніжагар. ’разнавіднасць санак з ручным калаўротам’.

Каза́к6 ’грыб масляк’ (Бяльк., Сцяшк.), козяк ’абабак, падбярозавік’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб любы, ядомы, апрача баравіка’ (маст., Жыв. сл.; слон., Нар. лекс.), козяк ’тс’ (кобр., Жыв. сл.). Сцяцко (Дыял. сл.) дае дэфініцыю казякі ’грыбы (агульная назва)’. Паводле ўласных запісаў Сцяцко (Нар. лекс., 49) слова казякі ведаюць у Маст., Слон., Ваўк. раёнах. Аўтар лічыць, што паходзіць слова ад назвы казлякі (казля́к ’масляк’). Тут можна бачыць суфіксальнае ўтварэнне ад каза1, як аб гэтым думае Сцяцко, Афікс. наз., 146, а магчыма, перанос назвы ад казак ’казляня’, параўн. каза, казёл, казялок ’грыб масляк і інш.’. Што датычыцца значэння ’любы грыб (апрача баравіка)’, то тут праблема не вельмі ясная, ці гэта абагульненне назваў канкрэтных «чорных» грыбоў (маслякі, абабкі), ці незалежнае ўтварэнне, якое дэманструе ўжыванне заоніма для характарыстыкі зніжанасці, абазначэння другароднасці такіх грыбоў.

*Каза́к7, коза́к ’рухавы смелы чалавек’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў няма, аднак з іншым значэннем аналагічныя структуры ёсць у некаторых мовах: рус. пячор., арханг. казак ’смелы ўдалы чалавек (пра жанчыну)’, анеж. казак ’пра жанчыну’, магчыма, сюды ж асташ., цвяр., пск., арл. казаки ’гульня ў гарэлкі’. Як паказваюць структурна адэкватныя лексемы (рус. казак ’грыб падбярозавік, Boletus scaber’, ’лекавая расліна’, казаки ’расліна Plantago’, польск., чэш., славац. kozak ’грыб Boletus scaber’, славен. kozák ’разнавіднасць грыба, жука’, польск. kozak ’пастух коз’, славін. kozak ’недарэка і інш.’, чэш. kozak ’пастух коз’). Параўн. таксама іншыя ўтварэнні ў бел. мове (гл. казак), тут дэрыват ад каза1, аб тыпе словаўтварэння гл. Сцяцко, Словаўтв., 146. Да семантыкі можна прывесці рус. мяшч., калуж. козёл ’пра жывога, рухавага чалавека’ і рус. казакаться ’важнічаць, наравіцца’, якое па семантыцы быццам бы не супадае, аднак параўн. рус. козокаться ’наравіцца, важнічаць, сварыцца, круціцца, не стаяць на адным месцы і інш.’, козохаться ’тс’, арханг. козой (з іншым суфіксам) ’упарты, лодыр’, козон ’пра жвавую, вяртлявую жанчыну’, козанок ’пра малое дзіця, якое дрэнна расце’, ’пра жвавага чалавека’, ’пра жвавую дзяўчынку’, ’пра жвавае, смелае дзіця’, козыкаться ’ўпарціцца’ і ’важнічаць’ (пск. і інш.); параўн. яшчэ рус. дыял. козлиться ’гарэзіць, скакаць’, ’упарціцца’, ’сердаваць, злавацца’, козлокать ’скакаць, гарэзіць’. Пры аналізе першай групы рус. прыкладаў неабходна мець на ўвазе магчымыя ўзаемаўплывы дэрыватаў ад коза і козырь, козыриться, а таксама і інш. слоў. Што датычыць бел. слова, уплыў лексемы казак ’вольны чалавек’ і інш. не выключаны, ім можна тлумачыць спарадычнасць утварэнняў з ‑ак‑ суфіксацыяй ва ўсх.-слав. мовах і паслядоўныя запісы рус. адпаведнікаў (казак) з ‑а‑.

*Каза́к8, коза́к ’укладка нарыхтаваных дроў у лесе’ (ТС). Магчыма (гл. казачок ’мера дроў’), суадносіцца з рус. арл., болхаўск. казак ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Як і іншыя ўтварэнні (параўн. казак), мы лічым гэта слова вытворным ад каза1. Што датычыць семантыкі, параўн. рус. малаарханг., арл. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфу на другі, сценкай’, ’складваць цагліны: адны плазам, іншыя стаўма, каб паміж імі засталіся адтуліны для паветра’, укр. усх.-палес. козлік ’укладка торфу’, магчыма, сюды ж шматлікія дэрываты ад каза, казёл — найменні ўкладкі снапоў, як спецыяльных, ад дажджу, так і традыцыйных. Сувязь з назвай жывёлы становіцца яснай, калі параўнаць з утварэннямі, якія называюць Т‑падобныя прыстасаванні, дэталі (што разумеецца або як зааморфная адзнака непасрэдна або ўскосна), або з рознымі ўкладкамі (снапоў і інш.), як устойлівымі канструкцыямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

склад 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Спецыяльнае месца, памяшканне для захоўвання тавараў, матэрыялаў і пад. Для машын таксама быў зроблены спецыяльны будынак. Гэта быў і гараж для трактароў і склад для розных сельскагаспадарчых машын. Колас. Вечарам мы пайшлі пазнаёміцца бліжэй з портам Касабланкі. Гэта вялікі і добра абсталяваны порт з магутнымі кранамі і шматлікімі радамі складаў. В. Вольскі.

2. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, складзеных у адным месцы; запас чаго‑н. Склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі ўвачавідкі. Мележ. Пра свае склады зброі хлопцы маўчалі. Якімовіч.

склад 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Сукупнасць частак, якія ўтвараюць адзінае цэлае; састаў. Лексічны склад мовы. □ Важнай крыніцай папаўнення фразеалагічнага складу сучаснай беларускай мовы Ўяўляецца мастацкая літаратура. Гіст. лекс. бел. мовы. [Полацкая зямля] ўваходзіла ў склад старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Хадкевіч. Полк уваходзіў у склад арміі, якая абараняла Севастопаль з 1 верасня 1854 г. «Помнікі».

2. чаго або які. Сукупнасць людзей, якія ўтвараюць які‑н. калектыў, арганізацыю (з колькаснага або якаснага боку). Склад прэзідыума. □ Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Шашу. Шамякін. [Суддзя:] — Падсудны.. вы не пярэчыце супроць складу суда? Дадзіёмаў.

3. (з азначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Акцёрскі склад тэатра. □ Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротных камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Колас.

4. Постаць, фізічны выгляд, будова (чалавека, жывёліны). Высокі, атлетычнага складу, у гэтым незвычайным адзенні .. [Кашын] выглядаў молада і нават малайцавата. Карпаў. Гэта быў высокі мужчына, чарнавусы, моцнага складу. Самуйлёнак.

5. Асаблівасці розуму, думак, характару і пад.; маральнае аблічча чалавека, яго звычкі і пад. Саханюк быў чалавек практычнага складу. Колас. Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч. Ёсць людзі, да якіх бруд не ліпне, бо склад іхняй душы, намеры, імкненні высокія. Карпаў. Вучоба маладога Казіміра ў Маскве .. вызначыла склад яго мышлення на ўсё яго жыццё. Пестрак.

6. Манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць; стыль. Колас — мастак эпічнага складу. □ Казка вызначаецца жывасцю народнага складу, яркімі дэталямі. Саламевіч. // Спосаб пабудовы чаго‑н. (песні, верша і пад.). Песенны склад паэмы. □ 1918 год прынёс публікацыю цыкла вершаў [Багдановіча] беларускага складу. Лойка.

7. Зладжанасць, складнасць; парадак, сэнс. І пайшоў стары Несцер гаварыць у склад, у лад. Пестрак. Я — ратай, і мо’ няўдала З сваёй думкай выйшаў першай. Можа, складу ў песнях мала, Мала досціпу ў вершы? Васілёк. І не хочаш, а думаеш усё і думаеш, — без ніякага складу... Пташнікаў.

8. Пласты зямлі, складзеныя адзін да аднаго. Ворыва ў склад. □ Мы прайшлі дзве баразны — зрабілі склад пасярэдзіне. Якімовіч.

•••

Асабовы склад (састаў) — рабочыя, служачыя якой‑н. установы, прадпрыемства, вайсковай часці і пад.

Ні складу, ні ладу — ніякага толку, парадку, ніякай сувязі.

У складзе — у колькасці. Мясцовы камітэт у складзе 7 чалавек.

склад 3, ‑а, М ‑дзе; мн. склады, ‑оў; м.

Гук або спалучэнне гукаў у слове, якія вымаўляюцца адным штуршком паветра. Андрэйка пачаў чытаць па складах: «За ду-бо-вым сталом пі-шу за-ла-тым пя-ром». Бядуля. Словы .. [пастух] расцягваў, робячы націск на кожным складзе. Асіпенка.

•••

Адкрыты склад — склад у слове, які заканчваецца на галосны гук.

Закрыты склад — склад у слове, які заканчваецца па зычны гук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)