уздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., што.

1. Надзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. (адзенне, абутак і пад.). Уздзець паліто. Уздзець боты на ногі. □ Уздзеў [Платон] кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Вокны Параска посцілкамі пазавешвала, лепшы андарак уздзела. Лобан.

2. Павесіць, начапіць на што‑н.; прымацаваць да чаго‑н. Уздзець рукзак на плечы. Уздзець пятлю на крук. □ Лаўрэн Карпавіч, не спяшаючыся, уздзеў на нос акуляры і пачаў чытаць. Гроднеў.

3. Насадзіць што‑н. на вастрыё, на які‑н. стрыжань; праколваючы, надзець на што‑н. вострае. Уздзець кола на вось. □ Збан уздзеў на відэлец скрылёк кілбасы і на момант задумаўся, нібы вырашаючы, есці ці не. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыдзе́лаць ’прырабіць, прыбудаваць’ (Бяльк.), прыдзе́лаць, прыдзя́лацьпрымацаваць, прымацоўваць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Усходнебеларускі арэал фіксацыі гэтых дзеясловаў, а таксама шырокая распаўсюджанасць карэляту прырабі́ць (гл.) сведчаць, хутчэй, на карысць запазычання з рус. приде́лать. Падаецца, аднак, што гэта другасная, больш позняя з’ява, таму што наяўнасць добра вядомых у жывой народнай мове аддзеяслоўных субстантываў з коранем ‑дзел‑ немагчыма трактаваць інакш, як на карысць спрадвечнасці ўласнай дзеяслоўнай пары дзе́лаць/прыдзе́лаць (< прасл. *dělati, гл. ЭССЯ, 4, 231–232), якая была паступова выціснута семантычна ідэнтычнай рабі́ць/прырабі́ць, параўн. прыдзе́л ’прыбудова да хаты’ (Бяльк., Мат. Маг.), прыдзе́лак ’тс’ (Мат. Маг.) ’унутраная перагародка ў хаце, канявая сцяна’, ’сенцы (частка хаты, якая не абаграваецца)’ (калінк., чавус., ЛА, 4), прыдзе́лок ’жылое памяшканне, прыбудаванае да хаты’ (Шушк.), ’прыбудова (да хаты, хлява)’ (Ян.), прыдзе́лак ’скрынка ў куфры’ (баран., Сл. ПЗБ). Параўн. ст.-рус. придѣлъ ’частка праваслаўнага храма з самастойным прастолам’, рус. дыял. приде́л ’асобнае памяшканне ў доме’, ’пярэдні пакой у хаце, святліца’, приде́лок ’жылая прыбудова да хаты’, ’прыбудова да двара, хлява’, укр. палес. придєл, придє́лок ’прыбудова да асноўнай будовы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прымкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. што. Закрыць, зачыніць няпоўнасцю; замкнуць на некаторы час. Прымкнуць хату. □ Прымкнуўшы дзверы кухні з двара, Лабановіч борздзенька пабег да сябе на кватэру праз другі ход, што вёў у школу. Колас. Прымкні акно. У н[я]быт кануў вечар... Дзяргай.

2. Прысунуцца блізка, шчыльна да чаго‑н. Адну трубку [тэлефонную] барадой прыціскае лоўка; Прымкнуў вухам да другой, — Вось дык трэніроўка! Бялевіч.

3. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. [Паўленка] прымкнуў да атрада з групай байцоў. Шамякін. // перан. Стаць чыім‑н. прыхільнікам, паслядоўнікам, удзельнікам у якой‑н. справе. — Ва ўсёй Расіі рабочыя накопліваюць сілы, рыхтуюцца да рэвалюцыі. І вы разам з усімі рабочымі павінны прымкнуць да барацьбы. Арабей.

•••

Прымкнуць штык — надзеўшы, прымацаваць штык да вінтоўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

1. што. Прыбіўшы, прывязаўшы, заціснуўшы і пад., зрабіць нерухомым, устойлівым; прымацаваць. Замацаваць канат. □ Іван замацаваў чарговую дэталь у патрон і ўключыў матор. Ваданосаў. Барыс не толькі ўставіў спіцы, але і падцягнуў ланцуг, замацаваў руль. Жычка.

2. што. Зрабіць пастаянным, трывалым, устойлівым. Замацаваць веды. Замацаваць перамогу. □ Пераход Зеленюка на кватэру да Малаха яшчэ больш замацаваў іхняе сяброўства з Віктарам. Зарэцкі. // Зафіксаваць. Хараство — мімалётнае, не замацуй яго на палатне ці ў радках — знікне без следу. Лужанін.

3. што. Утрымаць за сабой, арганізаваўшы абарону. Замацаваць занятую пазіцыю.

4. каго-што. Зацвердзіць за кім‑, чым‑н.; забяспечыць права на каго‑, што‑н. за кім‑, чым‑н. Замацаваць зямлю за сялянамі. Замацаваць кансультанта. □ Мінеральныя глебы замацаваліся за другой брыгадай. Дуброўскі.

5. што. Апрацаваць замацавальнікам. Замацаваць фотаздымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

1. Злучыць з чым‑н., прымацаваць да чаго‑н. коўкай або надзеўшы ланцуг. Прыкаваць ложак да падлогі. □ — Толькі, — кажа леў, — ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі. Якімовіч.

2. перан. Прымусіць каго‑н. застацца ў якім‑н. стане, у якім‑н. месцы. Трэшчына косці прыкавала надоўга дзяўчыну да пасцелі. Васілевіч. «Пабягу назад», — падумаў Віця, але ўпартасць і цікаўнасць прыкавалі яго да месца. Чарнышэвіч. Устаў і Сцяпан, але страх, жывёльны страх, ад якога дрыжалі ўсе мускулы цела, .. зноў прыкаваў яго да зямлі. Дуброўскі.

3. перан. Прымусіць быць пакіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра ўвагу, погляд і пад.). [Валя] неяк адразу прыкавала да сябе ўвагу, чуць і бачыць яе было вельмі прыемна. Ермаловіч. Зорка загарэлася, заіскрылася, прыкаваўшы .. [Сашын] позірк. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́шва1 ’драўляны вал у ткацкім станку, на які навіваюць ніткі асновы або вытканае палатно’ (Касп.; Інстр. 2), ’пярэдні навой’ (рас., Шатал.), ’папярочная перакладзіна ў кроснах’ (лудз., Сл. ПЗБ), ’частка кроснаў’ (Дабрав., Кросны), прышва ’сувой’ (Мат. Гом.). Рус. пришва ’пярэдні вал у ткацкім станку для ўмацавання нітак асновы і намотвання вытканага палатна’, ’абрэзак палатна, да якога прымацоўваюцца ніткі асновы’. Як сведчыць апошняе, прышва ад прышыць, тут у значэнні ’далучыць, прымацаваць’. Гл. прышыцца.

Пры́шва2, мн. л. пры́швы, пры́шву ’пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і пярэднюю частку ступні; галоўкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Мат. Гом., ТС; ашм., Стан.), прышы́ва ’тс’ (Мат. Гом.), пры́швы ’новыя перады, галоўкі, прышытыя да старых халяў’ (Растарг., Інстр. 1), сюды ж з падобнай матывацыяй ’частка, прышытая да асноўнай’ — пры́шва ’частка (рыбалоўнай) сеткі; крыло ў жаку’ (петрык., нараўл., З нар. сл.; Маш.). Рус. при́швы ’новыя галоўкі, прышытыя да старых халяў; боты з новымі галоўкамі, прышвамі’, дыял. ’сеткавае палатно, дадаткова прышытае да крылаў невада’, укр. при́шви ’галоўкі ў ботах’, при́шивка, при́шовка ’кожны з кавалкаў сеткі, з якіх яна пасшываная’, польск. przyszwa ’саюзка’. Гл. прышва1, а таксама Банькоўскі, 2, 952.

Пры́шва3, прышвы, прішва, прішвы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’; ’жэрдка ў паплёце’ (Касп., Бяльк., паст., Сл. ПЗБ; ТС; полац., слаўг., чэрык., ЛА, 4), пры́швіна ’паплеціна, прывязка’ (ТС), прышыўка ’жэрдка, мацаванне крокваў’ (Мат. Гом.), прышывала ’жэрдка ў паплёце’ (паст., глыб., Сл. ПЗБ), прышывала, прышывалі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (паст., шарк., глыб., ЛА, 4). Рус. смал. пришва ’жэрдка, каб прыціснуць салому на возе7. Да прышываць ’прымацоўваць, прывязваць’, гл. прышыцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пазбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Збіць, прымусіць адваліцца ўсё, многае. Пазбіваць яблыкі.

2. Паваліць, прымусіць упасці ўсіх, многіх. Пазбіваць людзей з ног. // Падстрэліўшы, прымусіць упасці ўсё, многае або ўсіх, многіх. Пазбіваць самалёты. Пазбіваць качак.

3. Ударам, рэзкім рухам зрушыць з належнага месца, адцясніць адкуль‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Пазбіваць прыцэлы ў кулямётаў. // Збіць з дарогі, правільнага напрамку ўсіх, многіх. Пазбіваць людзей з правільнага курсу.

4. Моцна пабіць, знявечыць пабоямі ўсіх, многіх. [Рыльскі:] — Ці не ведаеце, браткі, што гэта за ён такі быў у чорным паліто, што цераз яго ласку людзей пазбівалі? Чорны.

5. Сапсаваць ударамі, зрабіць нягодным усё, многае. Пазбіваць капыты. □ — Не знайшлі нідзе работы, — так яны [старэйшыя браты] бацькам гавораць, — пазбівалі толькі боты, каштавалі многа гора... Дубоўка. // Абадраць скуру, кару і пад. у многіх месцах. Пазбіваць калені. □ Пакуль [дзяўчаты] прыйшлі на станцыю, ногі пазбівалі. Баранавых. На голым і шэрым, як сум, алешніку пачынаюць чырванець раны — там, дзе крыгі пазбівалі маладую крохкую кару. Адамчык.

6. Збіваючы, прымацаваць адно да другога ўсё, многае.

7. Зблытаць, зваліць усё, многае. Пазбіваць воўну.

•••

Пазбіваць рогі — тое, што і абламаць рогі (гл. абламаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Зрабіць што‑н. больш устойлівым. Умацаваць плаціну. Умацаваць дамбы. □ Каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой-небудзь шкоды, дзед абкруціў анучкай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. Новая дарога ляжала моцная, роўная, як стол. Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. Ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Відаць, яны не надта давяралі нашай пасудзіне і рашылі ўмацаваць яе. Ляўданскі. // перан. Надаць сілу, стойкасць (думкам, пачуццям і пад.). Зорын.. [Нагорнаму] давяраў, а выпадак з Радзецкім яшчэ больш умацаваў гэтае давер’е. Гурскі. Няўдачы загартавалі мастака, умацавалі яго веру ў сябе. «ЛіМ».

2. Разм. Прымацаваць што‑н. на чым‑н. грунтоўна, надзейна. Высланыя наперад радысты ўмацавалі дынамік на страсе камандзірскай зямлянкі. Шамякін. Мы з Сяргеем грунтоўна ўмацавалі за плячыма рацыю. Няхай.

3. Зрабіць больш здаровым. Умацаваць нервы.

4. Зрабіць больш моцнымі асновы чаго‑н. Умацаваць абарону краіны сацыялізма. □ Дзякуючы льнаводству.. [калгасы] ўмацавалі сваю эканоміку. «Звязда». // Узняць на больш высокую ступень арганізаванасць, дысцыпліну. Умацаваць дысцыпліну.

5. Стварыць абарончыя збудаванні дзе‑н., забяспечыць сродкамі абароны. Умацаваць подступы да горада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. прыбі; зак.

1. што. Прымацаваць цвікамі што‑н. Трактарыст і калгасны музыка Данік Краўчук мерыўся прыбіць шчыток, трымаючы напагатове ва ўзнятых руках цвікі і сякеру. Дуброўскі. [Дарафей] сам зрабіў шпакоўаю і сам прыбіў яе на грушы. Даніленка.

2. што. Прыціснуць, прыгнуць да зямлі (ветрам, дажджом, градам і пад.). Кроплі [дажджу] весела сыпаліся на твар, на машыну, прыбілі пыл. Мележ. Ігліцу ў лесе дождж прыбіў. Нядзведскі.

3. каго-што. Прыгнаць, прынесці да якога‑н. месца (сілай вады і ветру). [Міхалу Сцяпанавіч у] часам здавалася, што Генадзь нечым падобны на той плывучы прадмет, які вялікая вада гушкае на хвалях, пакуль не прыб’е да берага. Сабаленка. / у безас. ужыв. Яшчэ днём я заўважыў, што за згібам ракі да берага прыбіла бервяно. Корбан. [Васіль:] — Давайце пойдзем паўз бераг, можа дзе яго [човен] прыбіла на завароце. Скрыпка.

4. каго. Разм. Пабіць; ударыць. Юрка заўважыў, што ідуць вартаўнікі, ускочыў на каня і паімчаўся, а яго таварыша вартаўнікі злавілі і прыбілі да паўсмерці. Кулакоўскі. // Забіць. Толяк змагаўся з жаданнем прыбіць тут жа на месцы ненавіднага чалавека. Чорны.

5. перан.; каго. Пазбавіць сілы, волі; вельмі моцна ўздзейнічаць. Толькі гора, вялікая сацыяльная несправядлівасць прыбіла.. [Лявона], зрабіла ўчарнелым, як зямля. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Узяць, забраць з сабою. Варывончыка ведаюць на курсе як чалавека практычнага. Аб гэтым сведчаць і старыя чаравікі, якія ён не забыў прыхапіць [на ўборку бульбы]. Навуменка. Максіму прыйшло на думку, што Астапчык, відаць, не быў упэўнены ў яго згодзе, таму прыхапіў з сабой Дварчаніна на дапамогу. Машара. // Набыць, узяць дзе‑н. або ў каго‑н. Васіліна забрала ў Люды аловак, прыхапіла з суседняга стала аркуш паперы і схілілася над картай. Хадкевіч. // і чаго. Захапіць у дадатак да чаго‑н. Прыхапіць лішку пры кройцы. □ І паехаў. На Першамай. Думаў, там яшчэ дзянёк-два прыхаплю... Ракітны.

2. Зверху, злёгку замарозіць; падмарозіць. Калі адшумела жаўталісце і марозікі прыхапілі палі і дарогі, эскадрон уланаў ноччу заняў Зацішша. Грахоўскі. // Пашкодзіць, папсаваць што‑н. (пра мароз, агонь і пад.). Першыя замаразкі прыхапілі пад акном вяргіні: яны пабляклі, пачарнелі. Кірэйчык. / у безас. ужыв. — Пабеглі [махорачніцы] расаду накрываць, баяцца, каб уночы марозікам не прыхапіла. Кулакоўскі. Агнём прыхапіла і сліву і грушу... А вішні, што кусціліся ля плота, і зусім пагарэлі, пагарэлі разам з платамі... Сачанка.

3. Застаць, заспець, захапіць каго‑, што‑н. дзе‑н. Бліскавіца! Што, як з хмаркі дожджык хлыне? Дзе спыніцца? Ой, застудзіць ды замочыць, як прыхопіць. Дзяргай.

4. Прымацаваць, замацаваць чым‑н. Прыхапіць валасы грэбенем. □ — І люкі цяпер не адкрыеш. Іржа, яна лепш за электразварку метал прыхапіла. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)