скалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак.

Разм.

1. што. Скаламуціць. Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі, Скалацілі в[а]ду ціхага Дунаю. Багдановіч. — Ой, гусі в[а]ду скалацілі ў рэчцы... — Дзявочы голас чуецца здалёк. Барадулін. Ляцеў птах, на ваду — бах. Вады не скалаціў і сам не паляцеў. (Снег). З нар.

2. каго-што. Моцна пабіць, збіць. [Ляснік мядзведзя] Скалаціў, змалаціў, Вытаўк, аддубасіў, Пад зарокам адпусціў, Каб да пчол не лазіў. Калачынскі. // Пабіць, знішчыць. То скалоціць град дазвання, То пажар, то недарод... Так і мучацца звычайна, Б’юцца рыбай з года ў год. Броўка.

3. перан.; каго-што. Стварыць, сабраць, арганізаваць. Мы тут брыгадку з маладняка скалоцім, — прыкладам пераканаем... Шынклер. [Ваўчок:] — Хіба не я скалаціў калектыў, вядомы на ўсю рэспубліку? Хадкевіч. Андрэй пабыў ужо ў Пярэжыры, недалёкай вёсцы, сустрэўся там са сваім аднадумцам Андрэем Крывашчокім, які таксама скалаціў невялікую групу, звязаную з мінскімі падпольшчыкамі. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Загне́т ’прыпечак’, загне́тка, загне́так. Рус. дыял. загне́т, загнёт, загне́та, загне́тка, загне́ток ’тс’, ’месца ў вусці печы для захавання жару і г. д.’, укр. загніт ’вуголле для зарумяньвання хлеба’ (Грынч.). Ст.-рус. (XVII ст.) загнѣта ’пярэдняя частка, вусце печы’. Усх.-слав. аддзеяслоўны назоўнік ад прэфіксальнага *загнѣтити (за + гнѣтити, вядомае ў помніках з XII ст.) ’запальваць, распальваць’, утвораны альбо з дапамогай асноваўтвараючага галоснага, альбо з суфіксам (‑ък‑). Першапачаткова, відаць, ’жар, вуголле, што захоўваліся для запальвання («запал»)’. Прасл. gnětiti ’распальваць’ рэканструюецца на базе серб.-харв. нетити, славен. nétiti, чэш. nítit, польск. niecić, ст.-рус., ц.-слав. гнѣтити, рус. дыял. гнети́ть ’распальваць, запальваць’, укр. гніти́ти ’падрумяньваць (хлеб)’. Прасл. параўноўваюць са ст.-прус. knaistisпажар’, ст.-в.-ням. gneista ’іскра’. Бернекер, 1, 312; Трубачоў, Эт. сл., 6, 168; Фасмер, 1, 421; Рудніцкі, 1, 657; Махэк₂, 400; Скок, 1, 379. Выказваецца думка (Трубачоў, Скок, Махэк) аб сувязі з дзеясловамі са значэннем ’церці’ (ст.-в.-ням. gnîtan). Махэк звязвае з гняды. Але магчымы і больш шырокія параўнанні: з гнеў, гніць, гной, а магчыма, і гнясці, якія семантычна верагодна звязваюцца з агнём, жарам, а таксама з трэннем. Параўн. гніць, гной, а таксама гнусны (а магчыма, і гніда), што зводзяцца да і.-е. кораня *ghen‑ ’расціраць, раздзіраць’. Покарны, 1, 437; Трубачоў, 6, 174; Булахаў, Веснік БДУ, 1972, 2, 66–67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ста́так, ‑тка, м.

1. Жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам. Хлапчук летам пасвіў вясковы статак, лазіў з ім па балотах, каб схаваць ад варожага вока. Капусцін. [Хмялеўскі:] — Калісьці тут [у дуброве] коз было да халеры. Статкамі хадзілі, а цяпер рэдка дзе ўбачыш. Чарнышэвіч. // Наогул вялікая колькасць якіх‑н. звяроў, птушак; чарада. Статак кароў, свіней у Літвінаве пераваліў перад вайной за тысячу галоў. Навуменка. Хто яго тут [у лесе] пакінуў, Гэта рэха жывое? Можа статак ласіны, Ідучы з вадапою? Кірэенка. Спалоханы .. грукатам [танкаў], аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў. Быкаў. Я потым бачыў, як качыны статак валюхаўся па полі — белы-белы. Хомчанка. / у вобразным ужыв. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой. Астрэйка. Толькі на дваццаць шосты дзень, Калі палымнеў на палетках пажар, Прыгналі вятры на акрутны сухмень Чорнагаловыя статкі хмар. Хведаровіч.

2. Пагалоўе сельскагаспадарчай жывёлы. Племянны статак.

•••

Панургаў статак — натоўп, які слепа ідзе за сваім важаком.

[Ад імя Панурга, героя рамана Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак., да каго-чаго.

1. Дабавіцца да чаго‑н., стварыць адно цэлае з чым‑н. У гэтым годзе да .. [асушаных плошчаў] далучыцца яшчэ каля 50 тысяч гектараў тарфянікаў. «Полымя». І пасля гэтага, калі да двух дзесяцін Хвёдаравых далучылася дзесяціна жончына, — і тады нічога не змянілася. Чорны. Да пералётнага святла ракет далучыўся пажар эшалона. Брыль.

2. Прымкнуць да каго‑, чаго‑н., увайсці ў лік удзельнікаў, членаў чаго‑н. Чалавек далучыўся да дэманстрацыі і павёў першую калону касцельнаю вуліцаю на пляц. Чорны. Да партызан далучылася ўсё насельніцтва. Маўр. // Прыняць удзел у чым‑н. Далучыцца да працы. □ Бастуючым удалося .. пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя».

3. Згадзіцца з кім‑н., стаць на чый‑н. бок. Далучыцца да выказанай прапановы. □ Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Колас.

4. Пазнаёміцца з чым‑н., асвоіць што‑н. Далучыцца да грамадскага жыцця краіны. □ Толькі далучыўшыся да багаццяў чалавечага генія, .. [пісьменнік] можа стаць сапраўдным творцам. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абня́ць, абніму, абнімеш, абніме і (радзей) абдыму, абдымеш, абдыме; зак., каго-што.

1. Абхапіць рукамі каго‑, што‑н. Маці абняла свайго сына і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Калі паляўнічы пайшоў, Санька абняў Мурзу за шыю і прытуліўся да яго галавы шчакою. Ваданосаў. Любімыя змалку прасторы Рукамі абняў бы Максім. Аўрамчык. // Акінуць позіркам, поглядам. Не хапае ні сілы, Ні маіх задумёных вачэй Стэп абняць І палі залацістыя Спелай пшаніцы. Хведаровіч.

2. Акружыць, ахапіць з розных бакоў. Зялёная агароджа абняла двор. □ Раптам дарогі струну лес векавечны абняў. Танк. Столькі выпала маці кроснаў, Што калі разгарнуць на зямлі У адзін рад іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка. // перан. Ахінуць, абвалачы з усіх бакоў. Пажар абняў сяло. □ Усе палі, што за ўзгоркам, абняло агнём: гарэла спелае жыта. Гурскі.

3. перан. Ахапіць, авалодаць кім‑н. (пра пачуцці). Ні мук, ні хвалявання — лясны спакой душу маю абняў. Машара.

•••

(Як) вокам (зрокам, позіркам) абняць — вельмі далёкі, як толькі можна ўбачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утаймава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.

1. каго. Уціхамірыць, супакоіць (непаслухмянага, раззлаванага чалавека). Не так лёгка было Данілу ўтаймаваць Сымона. У таго ад злосці прыбавілася сілы, ён нібы звар’яцеў. Нарэшце абяссілены, спацелы і раскудлачаны Сымон здаўся. Чарнышэвіч. // Падпарадкаваць сваёй волі чые‑н. дзеянні, учынкі. Мы ўтаймуем ворагаў зямлі, Мы здолеем у пыл іх планы сцерці! Панчанка. // Падпарадкаваць волі чалавека дзікую або непаслухмяную жывёлу. Утаймаваць тыгра.

2. што. Зменшыць, аслабіць або суцішыць (боль). Я падзякаваў сваёй выратавальніцы і папрасіў, каб яна дала мне ў дарогу гэты корань: — Калі зуб забаліць зноў, я адразу ўтаймую боль. Дубоўка. // Заглушыць, прыглушыць (якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Нейкае хваляванне ахапіла ўсіх. Каб утаймаваць яго, людзі пачалі прасіцца ісці на заданне. Шамякін. Мы сядзелі дзе хто, маўчалі, .. не маглі ўтаймаваць сваіх пачуццяў. Няхай. // Заспакоіць, здаволіць (пра жаданні, патрэбы і пад.). [Цвыркун:] — Дзякуй, пане, нешта мне піць хочацца, а салодкім чаем не ўтаймуеш смагі. Пальчэўскі. // Справіцца з якімі‑н. стыхійнымі з’явамі. Утаймаваць пажар. □ Уся брыгада працавала тады цэлага паўдня, пакуль.. утаймавалі шалёную ваду. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учыні́ць, учыню, учыніш, учыніць; зак., што.

Разм.

1. Зрабіць; правесці, арганізаваць. [Баец] ведаў ужо ўсю страшную гісторыю з бацькам, якую ўчынілі з ім фашысты. Дудо. Таварышы, — вымавіў рэдактар, — тут мы тут сапраўдны суд учынілі над нарысам Макара Шыянка, і мне, мабыць, трэба тут быць арбітрам. Сабаленка. Збіраемся мы звычайна учатырох: я, Санька, Міша і Косцік. А як збяромся, дык абавязкова нешта ўчынім. Ваданосаў. // У спалучэнні з назоўнікамі абазначае: выканаць, ажыццявіць тое, што выказана назоўнікам. Учыніць праверку. Учыніць крыўду. □ Часам.. [гракі і галкі] ўчыняць такі гвалт, такі гармідар, што чуваць ажно ў Міхалаве. П. Ткачоў.

2. Утварыць, зрабіць што‑н. нечаканае, непажаданае. Учыніць скандал. Учыніць пажар. □ Праз месяц пасля выхаду з Гарбылёў.. [партызаны] ўчынілі такое, чым можна, калі застанешся жывы, ганарыцца да скону дзён. Навуменка.

3. Абл. Рашчыніць. Учыніць хлеб. □ — Цёця Тася! Мы вам дапаможам: і ўчынім, і замесім. Нават спячом самі, толькі вы кіруйце ўсім. Дубоўка. [Цётка Ганна:] — Піце, мае дзеткі! Гэта я [квас] учыніла на хлебе, але ён не слабеў, за гарадское сітро. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́паліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, жарам. Пажар выпаліў увесь лес. Сонца выпаліла траву. / у безас. ужыв. Бацька некалі меў светлыя вочы і ўсё бачыў, як і кожны здаровы чалавек. Яму выпаліла зрок, калі ён працаваў на заводзе, дзе выплаўлялі медзь. Лынькоў. // Ачысціць абпальваннем. Выпаліць арганічныя прымесі. // перан. Выкараніць, знішчыць бясследна. Памяці аб вас [загінуўшых] з душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка.

2. Прапаліць, выпечы чым‑н. распаленым. Выпаліць дзірку. // Зрабіць распаленым жалезам знак, метку і пад. на паверхні чаго‑н. Выпаліць узор. □ Агонь на крылы маладыя плёснуў І выпаліў нязмыўнае таўро. Пысін.

3. што і ў чым. Кончыць паліць; прапаліць. Раніцай жанчына выпаліла ў печы, прыгатавала снеданне. Федасеенка.

4. Вырабіць абпальваннем. Выпаліць цэглу.

5. Разм. Выстраліць. Рыль.. трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін зах[о]д. Колас.

6. перан. Разм. Нечакана і хутка сказаць што‑н. — Зброя ў цябе ёсць? — ва ўпор выпаліў адзін з паліцэйскіх. М. Ткачоў. Вася адным дыханнем выпаліў свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збе́гчыся, збягуся, збяжышся, збяжыцца; збяжымся, збежыцеся, збягуцца; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. л. не ўжыв.). Хутка, бягом сабрацца ў адно месца (пра ўсіх, многіх). Тушыць пажар збегліся ўсе, малыя і старыя. Шамякін. Увесь лагер збегся да зямлянкі камандзіра. Шчарбатаў. // перан. Разм. Адбыцца ў адзін час, разам; супасці. Якім чынам усё так збеглася нечакана, тлумна і хаатычна, .. [Рыгор] не мог сказаць. Гартны. [Саўка] гатоў нават і спачуваць ім [партызанам], але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці? Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблізіўшыся, сысціся ў адно месца; самкнуцца. [Тодар] нічога не адказаў, толькі неяк збянтэжана засмяяўся, ад чаго старшынёвы бровы яшчэ больш збегліся на пераноссі. Крапіва. На твары ў .. [Тумаша] застыла ўхмылка, на пукатым ілбе збегліся баразёнкі зморшчын. Новікаў.

3. Разм. Паспець бегчы разам з кім‑, чым‑н. Каза .. спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. А тая не можа збегчыся. Кулакоўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сцягнуцца, ссесціся. Сукенка збеглася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стваражыцца, утварыць згусткі (пра малако). Малако збеглася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скінуць што‑н. з чаго‑н. у некалькі прыёмаў. Скідаць дровы з воза.

2. Кідаючы, сабраць што‑н. у адно месца. Скідаць каменне ў кучу. □ Зрэзалі .. [сасну] з пня, ацерабілі. Не прыбралі ні верху, ні сукоў — не скідалі ў кучу. А летам тады — пажар... Пташнікаў. [Міхась] узяў рукзак, скідаў туды свае пажыткі, падхапіў на плечы і падаўся ў хмызняк. Ваданосаў.

3. Кідаючы ў адно месца (сена, салому), скласці стог. На Доўгім грудзе расце добрая дзяцеліна, дзікі гарошак. Калі лясгас дазволіць, яны, хлопцы, скосяць гэтую траву і скідаюць там стажок. Паслядовіч.

4. Разм. Зрабіць сяк-так якую‑н. будыніну. Папрацаваўшы гэтак усё лета, Ільюк пад зіму скідаў сабе хатку. Лобан. Асталася .. [Грасыльда] адна. Хату ёй скідалі сяк-так талакой. Пташнікаў. [Анішчук:] Трэба гумно якое скідаць, а то жыта няма дзе складаць... Гурскі.

5. Разм. Сшыць што‑н. на скорую руку. Я таксама маю світку. Маці скідала мне яе з бацькавай старой, і выйшла яна, як новая. Баранавых.

скіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да скінуць.

•••

(Аж) з ног скідае (валіць) — пра вецер, буру і пад., што не даюць магчымасці ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)