Загне́т ’прыпечак’, загне́тка, загне́так. Рус. дыял. загне́т, загнёт, загне́та, загне́тка, загне́ток ’тс’, ’месца ў вусці печы для захавання жару і г. д.’, укр. загніт ’вуголле для зарумяньвання хлеба’ (Грынч.). Ст.-рус. (XVII ст.) загнѣта ’пярэдняя частка, вусце печы’. Усх.-слав. аддзеяслоўны назоўнік ад прэфіксальнага *загнѣтити (за + гнѣтити, вядомае ў помніках з XII ст.) ’запальваць, распальваць’, утвораны альбо з дапамогай асноваўтвараючага галоснага, альбо з суфіксам (‑ък‑). Першапачаткова, відаць, ’жар, вуголле, што захоўваліся для запальвання («запал»)’. Прасл. gnětiti ’распальваць’ рэканструюецца на базе серб.-харв. нетити, славен. nétiti, чэш. nítit, польск. niecić, ст.-рус., ц.-слав. гнѣтити, рус. дыял. гнети́ть ’распальваць, запальваць’, укр. гніти́ти ’падрумяньваць (хлеб)’. Прасл. параўноўваюць са ст.-прус. knaistis ’пажар’, ст.-в.-ням. gneista ’іскра’. Бернекер, 1, 312; Трубачоў, Эт. сл., 6, 168; Фасмер, 1, 421; Рудніцкі, 1, 657; Махэк₂, 400; Скок, 1, 379. Выказваецца думка (Трубачоў, Скок, Махэк) аб сувязі з дзеясловамі са значэннем ’церці’ (ст.-в.-ням. gnîtan). Махэк звязвае з гняды. Але магчымы і больш шырокія параўнанні: з гнеў, гніць, гной, а магчыма, і гнясці, якія семантычна верагодна звязваюцца з агнём, жарам, а таксама з трэннем. Параўн. гніць, гной, а таксама гнусны (а магчыма, і гніда), што зводзяцца да і.-е. кораня *ghen‑ ’расціраць, раздзіраць’. Покарны, 1, 437; Трубачоў, 6, 174; Булахаў, Веснік БДУ, 1972, 2, 66–67.