учыніць, учыню, учыніш, учыніць; зак., што.
Разм.
1. Зрабіць; правесці, арганізаваць. [Баец] ведаў ужо ўсю страшную гісторыю з бацькам, якую ўчынілі з ім фашысты. Дудо. Таварышы, — вымавіў рэдактар, — тут мы тут сапраўдны суд учынілі над нарысам Макара Шыянка, і мне, мабыць, трэба тут быць арбітрам. Сабаленка. Збіраемся мы звычайна учатырох: я, Санька, Міша і Косцік. А як збяромся, дык абавязкова нешта ўчынім. Ваданосаў. // У спалучэнні з назоўнікамі абазначае: выканаць, ажыццявіць тое, што выказана назоўнікам. Учыніць праверку. Учыніць крыўду. ▪ Часам.. [гракі і галкі] ўчыняць такі гвалт, такі гармідар, што чуваць ажно ў Міхалаве. П. Ткачоў.
2. Утварыць, зрабіць што‑н. нечаканае, непажаданае. Учыніць скандал. Учыніць пажар. ▪ Праз месяц пасля выхаду з Гарбылёў.. [партызаны] ўчынілі такое, чым можна, калі застанешся жывы, ганарыцца да скону дзён. Навуменка.
3. Абл. Рашчыніць. Учыніць хлеб. ▪ — Цёця Тася! Мы вам дапаможам: і ўчынім, і замесім. Нават спячом самі, толькі вы кіруйце ўсім. Дубоўка. [Цётка Ганна:] — Піце, мае дзеткі! Гэта я [квас] учыніла на хлебе, але ён не слабеў, за гарадское сітро. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)