Наўда́, рэдка на́ўда, ноўда ’карысць, выгада’ (Шпіл., Сл. ПЗБ, Арх. Федар., Сцяшк. Сл., Цых., шчуч., З нар. сл.), ’патрэба, неабходнасць’ (Федар., Сл. ПЗБ), ’навіна, дзіва’ (Шн. 3, Яўс., Янк. БП; бялын., Нар. сл.), ’асаблівасць, важнасць’, звычайна іранічна ў выразе: вялікая наўда (Чач., Нас., Яруш., Гарэц., Шат.), ’смутак, бяда’ (Яруш., слуц., чэрв., Мат.). Бясспрэчны балтызм, у якасці крыніцы ўказваюць літ. naudà ’карысць, выгада, грошы, дабро’, лат. nauda ’тс’, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 48 (з л-рай), сюды ж прус. Nauden (ул. імя), гл. Непакупны: Балт. яз. и их взаимодействие, 22; упершыню ў якасці літуанізма адзначыў Насовіч, спасылаючыся на літ. nauda ’дробная манета’ (Нас., 300), што павінна тлумачыць іранічнае ужыванне слова ў беларускай мове ў значэнні ’асаблівасць, важная рэч’; адзначаецца спецыфічнае ужыванне лях. наўда́, калі гаворыцца аб з’явах, якія адбываюцца незалежна ад жадання і волі чалавека: наўда ўпасці (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 94); значэнне ’годнасць, прыгажосць’, параўн. наўда яна на морду, адзначанае Арашонкавай і інш., выводзіцца хутчэй за ўсё са значэння ’дабро, вартасць’, параўн. літ. naudà mergà ’добрая, удалая дзяўчына’ (БЛ, 3, 1973, 31, там жа карта распаўсюджання слова ў межах БССР). Краўчук (Лекс. балтызмы, 15) беспадстаўна аддзяляе наўда ’смутак’ насуперак Карскаму (Труды, 393) ад наўда, ноўда ’карысць’ і ўзводзіць яго да прасл. *nav‑, *ny‑ ’смерць, зморанасць, стомленасць’, параўн. ст.-рус. навь, чэш. unaviti і г. д., на падставе чаго *навьда ’смутак’, што малаверагодна, паколькі значэнне ’смутак’ магло ўзнікнуць на граніцы арэала ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння са словамі нуда́ ’журба, смутак, маркота’. У беларускую літаратурную мову ў значэнні ’патрэба, справа’ слова ўведзена Ф. Багушэвічам (Мар. дыс., 50) і шырока ужывалася ў мастацкай літаратуры ў 20‑я гады XX ст., з другой палавіны 30‑х гадоў ужываецца рэдка (Германовіч, Аб нек. асабл., 10–12; Гутшміт, ZfSl, 19, 1974, 2, 268).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́да1 ’ляжка’ (КЭС, навагр.), вуды (экспр.) ’ногі’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 133, нясвіж., дзятл.). Ст.-бел. вуда, удъ ’частка цела’ (усе прыклады, за выключэннем аднаго, у евангельскіх тэкстах) (КГСБМ). Рус. уд ’тс’ (прыклады ў Даля таксама з евангельскіх тэкстаў), ст.-рус. оудъ ’член; кавалак’, оудо н. р., мн. л. оудеса ’тс’, ст.-слав. оудъ ’частка цела’, польск. ud, udo ’частка цела, галоўным чынам нага ад бядра да калена’, чэш., славац. úd ’частка цела’, балг. уд, серб.-харв. у̑д, славен. у́д ’тс’. Прасл. udъ. Задавальняючай этымалогіі слова няма. Мяркуецца, што гэта — утварэнне ад і.-е. *au‑ ’прэч’ і кораня *dh(ē)‑ ’што-небудзь аддзеленае’ (Голуб-Копечны, 400) або ўтварэнне з прыстаўкай u‑ ад старажытнага кораня ў ступені рэдукцыі ‑dъ < і.-е. *dh(ē)‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 236). Няпэўна Младэнаў (649), які звязваў уд з уз‑да, об‑уть. Якабсон (LJSLP, 1/2, 1959, 273) падтрымлівае старую этымалогію Гараева (385) аб тым, што уд нельга аддзяліць ад рус. у́дить ’спець, набракаць’ і ад вымя (< *ūd‑men). Іншыя этымалогіі і літ. гл. Фасмер, 4, 148. У сучасных беларускіх гаворках вуда, калі меркаваць па адсутнасці жывых прыкладаў на ўсходнеславянскай тэрыторыі, а таксама па тэрыторыі распаўсюджвання і значэння слова, з’яўляецца, відавочна, запазычаннем з польск. udo ’частка нагі ад бядра да калена’.

Ву́да2 (БРС, Нас., Шат., Бяльк.), вуда́ (Гарэц., Касп.), ву́дка (Крыв.). Рус. уда́, у́дочка, укр. ву́дка, ст.-рус. оуда, ц.-слав. ѫда, ѫдица, балг. въдица (Младэнаў, 94), серб.-харв. у̏дица, славен. ȯdica, чэш. udice, польск. węda, wędka, в.-луж. wuda, н.-луж. uda. Найчасцей тлумачаць з прыстаўкі *an‑ або *on‑ і і.-е. кораня dhē‑, гэта значыць ’тое, што прыкладзена’. Роднаснымі лічаць лат. uodne ’планка, на якой стаіць санны кузаў’, ẽndas ’частка сялянскіх саней’; параўн. таксама літ. iñdas ’сасуд’, славен. nâda ’падстаўка’. Гл. Траўтман, 48; Махэк₂, 666; Фасмер, 4, 148. Менш верагоднай з’яўляецца версія Мейе, Études, 320, які лічыць зыходным *onkda і параўноўвае яго са ст.-інд. aṅkáḥ ’гак’, грэч. ὄγκος ’тс’, лат. uncus ’сагнуты’. Іншую літ-ру гл. у Фасмера (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́тра1 ’цяжкадаступнае месца ў багністым балоце, трушчобы’ (парыц., Янк. Мат.), ’непраходныя зараслі на балоце’ (ТС), ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Жд. 1), не́тры ’густыя зараслі’ (Гарэц.), niétry ’niedostępne chrapy, porośnięte łozą, trzciną, olchą і wszelakim wiszem’ (Маш.), hustýje łózy, niètry, hrùzkije bałota (Пятк. 2), паводле Карскага (Труды, 479), «только полесское»; беласт. ńétra, nétra ’непраходная багна, непраходнае месца; зараслі, гушчар, непраходнае месца ў лесе’ (Лапіч, Term. geogr., 123), укр. не́тра, не́трі ’непраходныя зараслі, лес; захалусце, трушчоба’, рус. не́тря ’запаведны гай, запаведнік’ (паўдн., зах., Даль), параўн. таксама: «В Мярэчах попадаются именно те непроходимые местности, где гибнут заблудившиеся люди, и которые носят название «нетры» (смал., Максимов, Живая Россия, 3, 444). Найбольш верагодныя версіі: з не і *ter‑ (гл. церці), параўн. рус. трогать ’рухаць, кранаць’ і зафіксаванае на Беларусі значэнне ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (параўн. не́руш, не́варуш і пад.), гл. Фасмер, 3, 69; або з не і церабіць ’вырубаць, вычышчаць хмызняк, рыхтаваць участак пад поле і пад.’ з зыходным значэннем ’месца, дзе нельга церабіць лес’ або ’месца, дзе не цярэбяць лес’, гл. Талстой, Геогр., 180, а таксама Лапіч, Term. geogr., 123 (прыводзяцца формы trepeza/trebeza ’гушчар, зараслі’, да церабіць). Сумніцельна вывядзенне смал. нетра ’дрыгва’ з літ. nendré ’чарот’, параўн. Буга, 1, 412; Лаўчутэ, Балтизмы, 146, паводле Ільінскага (Працы кл. філал., 1, 235), — гэта словы роднасныя; збліжэнне апошнім (там жа) смал. не́тра з грэч. νῆτρον ’самапрадка’ адмаўляецца Фасмерам (3, 69). Гл. таксама Пятлёва, ОЛА–72, 212 (< *ne‑tьra), Гаўлава, Slavia, 40, 82. Літаратурнае нетры ’зямныя глыбіні, паклады, радовішчы’ (Гарэц., Яруш., ТСБМ) на аснове значэння ’багна’ пад уплывам рус. не́дра ’унутранасці зямлі’.

Не́тра2 ’машкара’ (Сл. ПЗБ), ’незлічоная колькасць’ (жлоб., Нар. сл.), ’вош’ (Шатал.), нэ́тра ’напасць, неадчэпны чалавек’ (драг., Нар. лекс., З нар. сл., Сл. Брэс.). Няясна; магчыма, паралельнае да нетра1не і церці ’кранаць, чапаць’), параўн. рус. нетря ’недатыка’ (паўдн., зах., Даль). Менш верагодна з літ. netyrà ’нячысты дух (аб жывёле)’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 129). Збліжэнне Клімчука з серб.-харв. дыял. на̀трчица ’задзірака, хуліган’ (З нар. сл., 145) адхіляецца Запрудскім (Серб.-хорв.-бел. яз. соответствия. АКД, Мн., 1989, 8).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́га ’струменьчык чаго-небудзь вадкага’ (ТСБМ), ’пісаг’, ’пацёк поту’ (Сцяшк.), ра́гі ’сляды на брудным ад пылу твары’ (слонім., Арх. Бяльк.), ’пацёкі поту ці слёз’ (ЛА, 4; Сцяшк. Сл.), суфіксальныя ўтварэнні ад таго ж кораня рага́йды, рага́лы ’нацёкі поту ці слёз’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 4), ’нацёкі на запацелых вокнах’, ’пацёкі на дзвярах пасля фарбавання’, ’брудныя плямы’ (Сл. ПЗБ). Версіі пра балцкае паходжанне слова — з літ. rãgas ’рог’ і вытворных ад яго ragava, raguva ’роў’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 128), літ. rȧ́gtis, riáugtis ’хмурыцца, збірацца на дождж’ (Грынавяцкене, LKK, 30, 116); з літ. rãgės, rõgutės ’сані’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 147) або з regė́ti ’бачыць’ (Саўка, Запісы, 23, 56) — падаюцца малаверагоднымі. Параўнанне з славен. rag, raga ’лядзяш’, а таксама srag, srága ’капля поту, крыві, слёз’, харв. дыял. srȁga ’капля’, ’дахавы жолаб’, дзе пачатковае s‑ можна патлумачыць як s‑mobile, таксама выклікае пэўныя цяжкасці пры этымалагізаванні. Цяжка схіліцца да якой-небудзь канкрэтнай версіі: або звязваць са ст.-інд. sárga ’струменьчык, які цячэ, ліецца’, sṛjáti ’цячы’, або рэканструяваць *sporga і параўноўваць з лац. spargo ’раскідваць’, ’рассыпаць’, або ўзводзіць да *sréz < *kʼerg. Іншыя мяркуюць, што зыходным значэннем srága было ’кропля’ і адмаўляюць сувязь з літ. sir̃gti ’быць хворым’, а выводзяць з *sorəga да і.-е. *serH‑ ’цячы’, ст.-інд. sárati ’цячы’, sárga ’ліе’, якія з *selgʼ (агляд версій гл. Бязлай, 3, 301; Скок, 3, 314; Куркіна, Диал. структура, 117). Бязлай прапануе таксама іншае тлумачэнне славенскай лексеме. Улічваючы, што існуе словазлучэнне potne srage ’кропелькі поту’, ён збліжае слова з літ. sir̃gti ’быць хворым’, pasargà ’хваравітая слабасць’, лат. sìrgt ’быць хворым’, sērga ’хвароба’. Паколькі ў славенскай і сербска-харвацкай мовах ёсць словы kapja, kap са значэннем ’хвароба’, то ён мяркуе, што значэнне ’апаплексія’, ’сардэчны ўдар’ з’явілася ў славенскай лексеме раней за ’капля’, якое пазней выцесніла яго (Бязлай, Eseji, 116–117). Іншай думкі прытрымліваецца Борысь (ЗФЛ, 25, 2, 17; Czak. stud., 45–46); далучаючыся да рэканструкцыі Міклашыча (316) прасл. *sorga, ён канстатуе яе няпэўнасць у сувязі з адсутнасцю іншаславянскіх адпаведнікаў. Улік беларускіх адпаведнікаў схіляе да прасл. *(s)ōrga, што ўяўляе ступень чаргавання да *rogъ (параўн. Бязлай, 3, 144), гл. рог1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тараба́ніць1 ’моцна стукаць, утвараючы шум, грукат’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’аднастайна грукаць, стукаць’, ’валачы, цягнуць, везці з грукатам’ (Янк. 2), ’балбатаць’ (Шатал.), ’бразгаць; балабоніць’ (Ян.), тараба́ніць языком ’па-пустому, многа і гучна гаварыць’ (Янк. 2), тараба́ніць, тороба́ніць ’тарахцець, барабаніць; балбатаць’ (Мат. Гом.), тыріба́ніць ’тарабаніць, тараторыць, крычаць, шумець’ (Бяльк.), тараба́ніті ’барабаніць’ (Вруб.), тарабані́тэ ’тс’ (драг., Нар. словатв.), тараба́ніць, тарабо́ніць, торобе́ніць ’барабаніць, бразгатаць’ (пра дождж, стук і г. д.)’, ’тараторыць, балбатаць, малоць языком’ (ТС), тараба́нькаць ’тарахцець, стукаць; гаварыць безупынна’ (ТС). Укр. тараба́нити ’грукатаць’, дыял. ’балакаць’, рус. тараба́нить ’грукаць; барабаніць’, польск. дыял. tarabanić ’тс’. Ад тараба́н ’барабан’ (гл. тарабан2), значэнне ’балбатаць’ пераноснае (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Параўн. структурна аналагічнае талаба́ніць ’балбатаць’, гл. талабоніць.

Тараба́ніць2 ’несці цяжкае, вялікае, грузнае’ (ТСБМ, Мілк., Мат. Гом.), ’несці на плячах’ (Яўс.), тараба́ніць (търъба́ніць) ’несці цяжкі груз’ (мёрск., Нар. лекс.), ’цягнуць, валачы’ (Ласт.; петрык., Яшк. Мясц.; мядз., Сл. ПЗБ), ’цягнуць з шумам і грукатам’ (Варл.), тарамба́ніць ’тс’ (Сл. рэг. лекс.). Укр. тараба́нити ’везці або несці нешта важкае і вялікае’, тараба́нитися ’ісці або ехаць далёка; ехаць марудна, з цяжкасцю’, рус. дыял. тараба́нить, тарба́нить ’цягнуць, валачы’, польск. дыял. tarabaniać się ’з цяжкасцю ісці, рухацца; увальвацца, караскацца’, каш. torbańic są ’караскацца; кешкацца, марудзіць’, чэш. tarabit ’з цяжкасцю несці’, tarabotit se ’пра цяжкую язду воза’. Апошнія словы Махае (636) выводзіць з чэш. těpiti ’несці’, těpati ’насіць’, роднасных лат. stiept ’з цяжкасцю несці, валачы’, ’з цяжкасцю або паспешліва бегчы’, ’намагацца, высільвацца’ і літ. stiẽpti, stiẽbti ’цягнуць уверх’, укр. тепо́рити ’з цяжкасцю цягнуць’, ускладненых “інтэнсіўнымі” суфіксамі, што не пераконвае. Спробы вывесці з літ. tarabénti ’цягнуць, валачы’, tarabénti ’несці, валачы’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 95) сустракаюць сур’ёзныя пярэчанні (Лаўчутэ, Балтизмы, 149). Няясна. Дапускаюць афіксальнае ўтварэнне ад укр. дыял. тере́бити ’цягнуць; несці што-небудзь цяжкае’ (гл. церабіць), притере́бити ’даставіць, прынесці’ (ЕСУМ, 5, 517), што не пераконвае; або параўноўваюць з рус. дыял. та́рабіць ’цягнуць’ (Фасмер, 4, 20). Кашубскае слова лічаць экспрэсіўнай трансфармацыяй tarmolëc są ’ўвальвацца (пра няпрошанага госця)’ пад уплывам torba (гл. торба), у пераносным значэнні ’дурань, няздара, недарэка’ (SEK, 5, 156). Больш верагоднае развіццё семантыкі ад тараба́ніць1 ’грукатаць’ да ’цягнуць з грукатам што-небудзь цяжкае’ або ўтварэнне ад тарна́біць ’валачыць, цягнуць, несці з цяжкасцю’ (гл.) з перастаноўкай зычных у сярэдзіне слова і характэрнай для экспрэсіўных слоў сінкопай (пропускам галоснага).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калашма́н ’птушка з касматымі нагамі’, ’чалавек у штанах з шырокімі калашынамі’ (БРС, ТСБМ), ’той, у каго шырокія з доўгімі калашынамі штаны’ (Янк. 3.), ’з доўгімі калашынамі’ (Мал., Сержп. Грам.), калашмай (значэнне?) (Сцяцко, Словаўтв.), калашмач ’пра чалавека ў шырокіх доўгіх штанах’ (Сцяц.). Сюды ж, верагодна, неабходна аднесці і калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ (Мат. Маг.). Прыведзеная лексіка дазваляе выдзеліць розную суфіксацыю і аснову, у якой ‑м‑ можа з’яўляцца суфіксальным элементам або адносіцца да асновы. Калі дапусціць, услед за Сцяцко, Афікс. наз., 95, што гэта ўтварэнні ад прыметніка калашматы ’чалавек у шырокіх штанах’, у якіх ёсць і фармальны прыметнікавы паказчык — сегмент ‑м‑ (як частка суфікса ‑мат‑), то цяжка вытлумачыць калашман ’птушка з касматымі магамі’, калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’. Тураўскі слоўнік адзначыў для лексемы колоша форму мн. л. калошы са значэннем ’пер’е на нагах у курэй’ і дэрыват ад яе колошаты ’з аброслымі пер’ем нагамі (пра курэй)’. Што датычыць значэння ’чалавек з кудлатымі валасамі’, яго можна разглядаць як наступнае развіццё семантыкі. На базе семемы ’з касматымі нагамі’ натуральна магла ўтварыцца семема ’касматы’ і з наступным удакладненнем семантыкі, у адносінах да чалавека, ’з касматай (кудлатай) галавой’. Экспрэсіўнасць і слова, і суфікса цалкам дапускае мяркуемыя трансфармацыі семантыкі. Не вельмі ясным у данай версіі з’яўляецца генезіс суфікса ‑мат‑ (прыметнікавага, паводле Сцяцко). Аднак, паколькі як быццам надзейныя прыклады такой суфіксацыі ёсць (параўн. таўсматы ’таўставаты’), можна дапусціць, што яна ўзнікла ў выніку перараскладання структур, дзе ‑м‑ генетычны элемент кораня слова. Калі гэта не так, у межах таго ж дапушчэння, што калашман суадносіцца з калоша, калошы, можна прапанаваць наступнае. Нельга выключыць, што ‑м‑ тут на месцы ‑в‑, калі ў якасці ўтваральнага слова выступала форма калошва ’калоша’, калошня, засведчаныя на бел. тэрыторыі. У такім выпадку ў прыметніку маглі адбыцца працэсы фанетычнага ўзаемадзеяння і ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтварыцца ‑м‑. Не выключана таксама, што трансфармацыя адбылася пад уплывам нейкага падобнага па структуры і семантыцы слова. Звяртае на сябе ўвагу дзеяслоў калашмаціць, для якога ў бел. мове адзначана значэнне ’кудлачыць’ і дзе ‑м‑ як быццам рэгулярнае. Не выключана таксама, што калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ наогул з’яўляецца вытворным ад гэтага дзеяслова і генетычна не суадносіцца з вышэй прыведзенымі словамі. Нельга выключыць яшчэ і той магчымасці, што калашман — утварэнне з экспрэсіўнай ‑ман‑ суфіксацыяй, а дэрываты з іншымі суфіксамі — вынік субстытуцыі суфікса ‑ман‑ на іншыя экспрэсіўныя, магчыма, больш натуральныя для канкрэтных гаворак. Пры гэтым, паколькі ‑м‑ адзначаецца ва ўсіх дэрыватах, замяняўся, верагодна, не суфікс ‑ман, а суфікс ан, як больш часты. Пры такім тлумачэнні першаснасць прыметніка з’яўляецца праблематычнай і гэта, відаць, пацвярджаецца такім утварэннем, як калашманы ’калашматы’ (стаўбц., Нар. сл.), якое можна разглядаць і як утварэнне ад назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каляда́ ’даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Нас.; Сержп. Грам.), ’царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначалася 25 снежня па ст. ст. і ў наступныя дні да вадохрышча’ (Сцяшк.), каляда ’калядны вечар, куцця’ (Сл. паўн.-зах., Шат.), каляда посная, каляды ’свята нараджэння Хрыста’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., навагр., КЭС; Нік. Очерки., Мядзв., Нас., Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Чач., Шат.), каляда ’песня, якая спяваецца падчас гэтага абраду’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.) ’прадукты, якія дарылі ў час каляд’ (ТСБМ, Мал., Сл. паўн.-зах., ТС), ’плата свяшчэнніку за хрэсны ход у час каляд’ (Нас.), параўн. яшчэ ў Радчанкі: «Ой панъ иде, коляду несе, Три куски сала, чтобъ коза встала», ’хвост вяпрука, які вараць на куццю і ядуць у «багатую каляду»’ (Сцяц., Нар.), ’вяпрук, якога колюць на каляды, туша яго’ (зах.-бел.: Жд. 2; Сцяц. Нар.; Сцяшк., Янк. I). Таксама сустракаецца ў песнях (параўн. у Насовіча: «Ехала коляда, колядуючи… Пошла коляда по лёду, разсыпала коледа коляду…» і Радчанкі: «Ишла коляда с конца в конец, Зайшла коляда к Ивану…»), што дало падставу Сержпутоўскаму пісаць пра персаніфікацыю каляды: раней Шпілеўскі адзначаў: каляда ’бог весялосці і радасці’ (Архіў АН СССР, фонд Сразнеўскага). У Насовіча яшчэ коледа ў выразе збор‑коледа ’пра розныя рэчы, сабраныя ў адну купу’. Форма коляды адзначаецца ў Сл. паўн.-зах. і Растаргуевым (з Косіч?), барыс. зафіксавана форма калёды (Сл. паўн.-зах.). Укр. коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі пяюць калядныя несці’, ’песні ў калядны вечар’, ’падарунак каляднікам за песні’, рус. коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі ходзяць па дамах і пяюць калядныя песні’, ’вечар напярэдадні каляд’, а таксама ’абрадавая песня’, ’падарункі і грошы каляднікам за песні’ смал., калуж., наўг., кур., арл. ’вяпрук, якога колюць па каляды’ (геаграфія невядомая) і шэраг іншых, польск. kolęda ’калядная песня’, ’навагодні або калядны падарунак’, ’адведванне веруючых ксяндзом’, дыял. і ст.-польск. ’хаджэнне па хатах з песнямі і збіранне дароў’, шэраг іншых значэнняў, славін.-каш. kaląda ’калядная песня’, ’абрад хаджэння па хатах з песнямі’, н.-луж. уст. koloda ’навагодні падарунак’, чэш. koleda ’калядная песня’, таксама ’час, калі пяюць калядныя песні’, ’падарунак каляднікам, падарунак на Новы год’, славац. koleda ’калядная песня, якую пяюць на Новы год’, славен. kalę́da ’абрад, свята, калі ходзяць па хатах з музыкаў і песнямі; пры гэтым збіраюцца падарункі’, адзначаецца і форма ’куцця (вечар)’, дыял. kòlēňde ’навагодні падарунак’, серб. ко̀леда, коле́да ’калядаванне, хаджэнне на хатах з песнямі’, макед. коледа ’калядаванне, куцця (вечар), свята нараджэння Хрыста’, балг. коляда, коленда, коледа ’каляды’ (у Герава і ў дадатках да слоўніка), ст.-слав. калѧда ’calendae’ (’навагодняе свята’). Прасл. kolęda запазычанне з лац. calendae ’першы дзень месяца’, першапачаткова, відаць, свята, звязанае з пачаткам года, паколькі даўнія рымскія святы «календы» адзначалі з 1 па 5 студзеня, далей у сувязі з хрысціянскім уплывам адносна да свята нараджэння Хрыста (гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 135). Міклашыч (24) выказваў меркаванне аб пачатковым распаўсюджванні ў славян Паноніі; праславянскае паходжанне як быццам пацвярджаецца шэрагам фактаў, але не вельмі надзейна. Распаўсюджанне слова на ўсходнеславянскай тэрыторыі сведчыць, магчыма, аб познім характары. Параўн. і Дзясніцкая, Слав. языкозн., 329–332, дзе мяркуецца аб пранікненні балканскай назвы на захад і ўсход славянскага свету.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)