Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілка ’почапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкаць ’калыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́пка1, апе́лька ’пятля для кручка’ (Жд. 1), га́пка ’пятля ў адзенні’ (Сцяц. Словаўтв.), га́пка, гапе́лечка, гапе́лька ’пятля’ (Шатал.), га́пачка ’самаробны гузік; пятля’ (Сцяшк. МГ). Падрабязны агляд форм гл. Сцяц. Нар. лекс., 125. Сцяцко (там жа) лічыць, што бел. форма га́пка ўзята з польск. haptka ’тс’ (гэта з’яўляецца дыялектнай формай польск. haftka < ням.; аб этымалогіі гл. Слаўскі, 1, 390). Гэта магчыма, але можна лічыць зыходным і польск. haftka; на бел. глебе замена ф > п, што звычайнае ў слав. мовах. Параўн. га́птка, га́фтка.

Га́пка2 ’свіны страўнік’ (Шатал.). Няясна. Магчыма, ад уласнага жаночага імя Гапка (ад уласных імён нярэдка ўтвараюцца назвы розных прадметаў, у прыватнасці назвы часцей цела). Параўн. укр. дыял. га́пка ’задняя частка цела, podex’ (Грынч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зудзе́ць ’свярбець; ныць, ламаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зудеть ’свярбець’, ’гусці’, варонеж. ’бурчаць’. Ст.-рус. (XVII ст.) зудити ’дакучаць камусьці’. Праабражэнскі (1, 258) выказаў думку пра гукапераймальны характар: гудзенне настырных насякомых, напр. камароў, укусы якіх выклікаюць сверб. Мяркулава (Этимология, 1970, 183–184) супраць гукапераймальнага тлумачэння, паколькі іншыя назвы хвароб негукапераймальныя. Не пераканаўчае семантычна і фанетычна меркаванне аб запазычаным характары слова з манг. ᶎ̌udar ’брудны’ (Праабражэнскі, 1, 258). Абаеў (1, 372) дапускае магчымасць запазычання са ст.-асец. (скіфск.) *ᶎoᶎun > асец. dūdyn ’свярбець, пячы (пра скуру)’, што выклікае пярэчанні Мяркулавай (адсутнасць ва ўкр.). Параўноўваюць з літ. žaudus ’зласлівы, раздражнёны’, магчыма, яшчэ ст.-ісл. kaun ’нарыў’. Фасмер, 2, 108; Фрэнкель, 1293. Аднак пэўнай і.-е. этымалогіі гэта не дае. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лётка1 ’малая адтуліна ў вуллі ці ў калодзе пчол’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.; слуц., КЭС; слаўг., Нар. сл.; глыб., вілен., ашм., іўеў., воран., З нар. сл.; рас., Шатал.; жлоб., добр., Мат. Гом.), лётак ’тс’ (Бяльк.), лётачка ’тс’ (лаг., Жд. 2). Да лётаць (гл.). Параўн. таксама ле́тка2.

Лётка2 ’буйная шраціна, круглая куля’ (ТС), малар. ’шрот’ (Сіг.), укр. льотка ’буйны шрот’ запазычаны з польск. lotka ’тс’, якое паходзіць з ням. Loth ’кавалак свінца ў якасці снарада’ або з ням. Lauf‑kugel ’малая куля’ > польск. lofka (Слаўскі, 4, 337). Няясна, аднак, паходжанне рус. уральск. лётка ’ружэйны карцеч’.

Лётка3 ’малы лешч вагою да 1/2 фунта’ (Касп.), рус. лётка ’гусцяра’ (Зах. Дзвіна). Да ле́тка3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напатоліць ’задаволіць’: Цэлага быка зарезаў… то ўсʼих напатолʼиў на вʼасʼелʼлʼи (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад патоля (гл.), якое ў беларускіх гаворках мае розныя значэнні; тут найбольш падыходзячым з’яўляецца значэнне ’воля’, параўн. задаволіць. Няясна, ці звязана з польск. (мальборк.) napatolić sie ’прыйсці ў госці без запрашэння, нечакана’, якое Непакупны звязвае з назвай прускага бога Patollus, Patols (Potols), што літаральна значыла ’падземны’ (г. зн. чорт), параўн. як з пад зʼямлі чорт прынёс ’пра нечаканага наведвальніка’ (Непакупны, Связи, 138–139; Лаўчутэ, Балтизмы, 81), да апошняга параўн. патоля ’непрыемнасць, скруха’ (гродз., Сцяшк.). Бел. напатоліць, калі яно нейкім чынам і звязана з указанымі словамі, выразна дэманструе уплыў семантыкі славянскага *toliti ’заспакойваць, задавальняць’, параўн. рус. утолить голод і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Настрапалі́ць ’падвучыць, падбухторыць’ (навагр., Жыв. сл.; слонім., Нар. лекс.; стаўбц., З нар. сл., Яўс., Юрч.), ’настроіць супраць каго-небудзь’ (навагр., Нар. словатв.), рус. настропали́ть ’навучыць’, ’настроіць супраць каго-небудзь’, ’наладзіць, падрыхтаваць’, настропи́ть ’падгаварыць, падбухторыць’. Няясна; магчыма, роднаснае да рус. стропота ’крывізна; ілжывасць’, строптивый (< ц.-слав.), якое Фасмер (3, 782) звязвае чаргаваннем галосных са струп. Звяртае на сябе ўвагу фармальнае падабенства з балг. стропо́ля ’зваліць, разбурыць’, якое можа быць цалкам выпадковым (параўн. тропо́ля ’стукаць’); аднак параўн. уз‑бу́рыць ’падбухторыць, падбіць’. З улікам рус. настропи́ть не выключана сувязь са строп ’вільчык’, стропкі ’стромы, круты’, рус. стропи́ла ’кроквы’, зыходнае значэнне пры гэтым было б ’натапырыць, наставіць’, адкуль ’настроіць супраць’, нарашчэнне ‑ал‑ (‑ол‑) мела б узмацняльны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасабі́ць, пасо́біць, пасо́біці, пособы́ты ’дапамагчы’ (Грыг., Касп., Бяльк., Др.-Падб., Бір., Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), пасобнік ’памочнік’, пасоба, пасобка ’дапамога’ (Нас., Касп.). Укр. пособити ’дапамагчы’, рус. пособить ’тс’, пособие ’дапамога’, серб.-харв. пособа ’тс’, ст.-слав. пособие ’дапамога ў вайне’, ’саюзнікі’, ст.-чэш. zpósobiti, чэш. (z)působit, славац. pôsobiť ’дзейнічаць, выклікаць (радасць, смутак і інш.), рабіць (уражанне), працаваць у якасці каго-н.’ Утвораны ад выразу po sobě ’рабіць нешта ў належным парадку, упарадкаваць адзін за адным’ (Міклашыч, 331; Голуб-Копечны, 306; Голуб-Ліер, 406; Фасмер, 3, 340). Махэк₂ (500) мяркуе, што спачатку ст.-чэш. zpósobiti было вайсковым тэрмінам, абазначаўшым ’ставіць, складаць адзін за адным’. Няясна, аднак, як развілося значэнне ўсх.- і паўд.-слав. лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пілі́ць1 ’пілаваць’ (чырв., З нар. сл.). Адназоўнікавае ўтварэнне. Да піла́1 (гл.). Магчыма, пад уплывам рус. пили́ть ’тс’. Сюды ж пі́льшчык ’рабочы, заняты пілаваннем’ (Сл. ПЗБ), пі́льнік ’тс’ (Касп.).

Пілі́ць2, прыпі́ліваць ’падахвочваць, прымушаць, настойліва і часта нагадваць, прасіць’ (Нас.), польск. pilić, przypilić ’тс’, чэш. píliti, píleti ’спяшацца’, ’падганяць каго-н.’, славен. píliti ’вучыцца’, ’старацца’, ’шчыраваць, рупіцца, дбаць’, магчыма, харв. péliti ’рэкамендаваць’. Прасл. *piliti (). Далейшыя сувязі з і.-е. мовамі адсутнічаюць. Няясна (Фасмер, 3, 262). Сюды ж бел. пі́льма пілі́ць ’налягаючы, прымушаць’, рус. уладз. пиль (ж. р.) ’пільніца, жніво, гарачая пара’ і чэш. píle ’стараннасць, дбайнасць’ (< *pil‑ja), польск. pila ’тс’, якое Банькоўскі (2, 579) збліжае з piła (гл. піла, піліць). Ад піліць утвораны прыметнік пільны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рахамо́цце, рахамо́цье, рахамо́сцье ’хлам, анучы, барахло’ (ТС), сюды ж, магчыма, рахаму́д ’абарванец’ (Яўс.). Параўн. укр. палес. рахомо̂́тʼjе ’хлам, барахло’ (Лексика Пол.). Няясна. Відаць, складанае слова, першая частка якога рах(а) — можа быць звязана з раха ’неахайніца’ (гл.) ці рахацца ’корпацца’ (гл.), а другая з матаць (гл.) ці му́дзіць (гл.). Параўн. таксама рахапе́цце ’манаткі’ (гл.), рахлю́ддзе ’рыззё’ (гл.) і пад. Апошняе слова дапускае сувязь з рус. ру́хлядь ’рухомая маёмасць, пажыткі’, што звязана з рух (гл.), параўн. Фасмер, 3, 524. Варыянтнасць першай часткі адзначаных слоў дазваляе звязаць іх з рухамо́цце, рухмаццё ’манаткі’ і ўрэшце з рухомасць ’рухомая маёмасць’, гл. Да фанетыкі параўн. рахавіты ’рухавы’ (гл.), рыхмазка ’неахайная жанчына’ (гл.), не выключаны ўплыў формы рахманы (гл. рахмач).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рулі́1 ’страва, прыгатаваная з накрышанага хлеба ў малако ці падсоленую (з алеем) або падсалоджаную ваду’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. ПЗБ; парыц., Янк. Мат.; докш., Янук.); ру́лі ’малако з пакрышаным хлебам, булкай (дзяціная ежа)’ (мядз., Нар. словатв.; петрык., Яшк. Мясц.). Паводле Краўчука (пісьм. павед.), праз польск. lura ’дрэнны напой’ шляхам метатэзы плаўных з с.-в.-ням. lura, ням. Lauer, што з лац. lōra ’віно, разрэджанае вадой’ (Брукнер, 304; Махэк₂, 342). Гл. таксама Анікін, Опыт, 269 (адводзіцца параўнанне з смал. жу́ли ’талакно, разбоўтанае ў вадзе’).

Рулі́2 адз. л. руль ’бульба, якая зімуе на полі’, ’цвёрдыя кавалкі бульбы ў кашы’ (Сл. ПЗБ), ’бліны, аладкі, спечаныя з рулёў’ (докш., Янк. Мат.). Няясна, магчыма, да папярэдняга слова. Параўн. таксама рульба (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)