браха́ць, брашу, брэшаш, брэша; незак.
1. Падаваць адрывістыя гукі (пра сабаку, ліса і некаторых іншых звяроў); гаўкаць. Дзесьці далёка брахаў сабака, піснула палявая мыш. Чорны. Яшчэ нават не вельмі позна — у хатах, мусіць, гараць яшчэ агні, на вуліцах сярдзіта брэшуць і выюць сабакі. Якімовіч.
2. перан. Разм. Ілгаць, хлусіць, маніць; паклёпнічаць, нагаворваць, абгаворваць. У Алёнкі пратэст з душы выбіваецца. Хочацца голасна сказаць усім гэтым плеткарам, што яны лгуць, брэшуць! Колас. — Чаго гэта мне брахаць? — націскае плячамі Пеця і падае Вольцы парожнія вёдры. — Я, канешне, мог памыліцца — гэта іншая справа, а брахаць... Вось што: гэта можам праверыць. Ракітны.
3. перан. Груб. Балбатаць, малоць языком, пустасловіць. А так Марцін спявае, брэша з хлопцамі.. — «вясёлы, жыццёвы дзядзька». Брыль. // Гаварыць непрыстойнае. Дня няма, Каб зранку.. [Кузьма] не наліваўся. ..Ідзе па вуліцы, шуміць, Бушуе, брэша і хаміць. Корбан.
•••
На ваду брахаць — прагна, многа, бясконца піць.
На пень брахаць — гаварыць непрыстойнасці, неразумнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.
1. Выцягваючыся або працягваючы што‑н., дастаць, дакрануцца да каго‑, чаго‑н. Дацягнуцца рукой да столі. □ Быў .. [жарэбчык] надта слабенькі. Сам нават да матчынага малака не мог дацягнуцца. Якімовіч. // перан. Дасягнуць, дамагчыся чаго‑н. Атрымлівалася, што каб дацягнуцца да таго ўдою, аб якім гаварыла радыё, трэба, прынамсі, двум ці тром суседзям зліць са сваіх даёнак у адну пасудзіну. Хадановіч.
2. Узрастаючы, павялічваючыся, дасягнуць якога‑н. месца. А дом усё рос і пакрыху дацягнуўся да акон. Чарнышэвіч.
3. Разм. Павольна, з цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Стэп быў бязлюдны. У каго не хапіла сіл дацягнуцца да горада, спалі, дзе хто мог. Няхай. [Лясніцкі] ледзь дацягнуўся да ложка, кінуўся ніц, не раздзеўшыся, і адразу заснуў, як забіты. Зарэцкі. // перан. Працягнуцца, дайсці да якой‑н. мяжы (пра час). [Сашка] пачаў думаць, як бы выгадна ў першы дзень паказацца перад .. [супрацоўнікамі]. У такіх думках час дацягнуўся да паловы чацвёртай. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́клік, ‑у, м.
1. Кліч, прызыўны гук. [Коля і Дзіма] стаялі так сцішыўшыся, чакаючы, ці не паўторыцца яшчэ раз гэты жывы дзіўны гук, у якім нават тугое на слых вуха магло ўлавіць нейкі трывожны заклік. Якімовіч. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? Ці, заклік чуючы, знарок заварушылася глушыца? А. Вольскі.
2. Запрашэнне, просьба прыйсці, з’явіцца куды‑н. Пачулі працавітыя людзі заклік свайго збаўцы, і пакінулі яны хто молат, хто кельню, хто плуг, хто серп і валам павалілі да свайго волата. Пальчэўскі.
3. Прапанова або патрабаванне дзейнічаць, паводзіць сябе пэўным чынам. Пры .. [Нявідным] было некалькі брашур.., адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам. Колас. [Ніна] выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў асабісты план удзелу ў асваенні новай прадукцыі. Шыцік. // Вусны або пісьмовы зварот, які ў кароткай форме выражае кіруючую ідэю, палітычнае патрабаванне; лозунг. Першамайскія заклікі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
затапі́ць, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., каго-што.
1. Пакрыць сабой паверхню чаго‑н., заліць (пра ваду). І рэчка выйдзе з цесных берагоў, Лугі затопіць возерам шырокім. Свірка. [Мядзведзіца] выкапала сабе бярлогу.. на ўзвышаным месцы, каб не затапіла яе вясной паводка. В. Вольскі. // Запоўніць сабой якую‑н. прастору (пра ваду). На ферме звіняць рыдлёўкі — даглядчыкі скопваюць снег, ачышчаюць дарогу вадзе: затапіла скляпы-сховішчы. Пташнікаў. // перан. Поўнасцю запоўніць, пакрыць сабою. Святло затапіла пакой. □ Тарас да берага спускаецца каскад, Іх зеляніна густа затапіла. Лойка. // перан. Завалодаць, захапіць, прыглушыўшы ўсё іншае (пра пачуцці). Шчасце .. [Аляксея] было такое вялікае, што затапіла ўсе іншыя пачуцці і заглушыла нават трывогу за Ніну. Мележ.
2. Пакрыць, заліць вадой, падняўшы яе ўзровень, скіраваўшы яе куды‑н. — Калі мы пакінем млын і пабудуем станцыю вышэй, дык затопім сорак гектараў калгаснай сенажаці. Броўка.
3. Апусціць на дно; утапіць. — Я вам наплаваю! Разышліся! Людзей затапіць хочаце? Годзе дурэць! Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
імкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; незак.
1. Хутка рухацца, накіроўвацца куды‑н. Жылы дрэў напоўніліся сокам, Ручаі імкнуцца да ракі. Панчанка. [Вада] не тоўпіцца ў берагах, імкнецца напрасткі. Колас. // перан. Адчуваць цягу да каго‑, чаго‑н. Крамарэвіч.. імкнуўся да Колі як да нейкага неабходнага апірышча сваёй душы. Чорны. [Сяргей] звычайна гаварыў толькі пра свой полк, і ўжо гэтага было дастаткова, каб зразумець, што ўсімі думкамі сваімі ён быў там, сярод авіятараў, імкнуўся да іх. Сіўцоў.
2. Старацца трапіць куды‑н., быць дзе‑н. або стаць кім‑н. У Маскву, як у сталіцу міру, усе імкнуцца. Няхай. Не бойся ліхое напасці, — Мы знаем, Ў якую імкнешся ты даль, Якога шукаеш ты шчасця! Вітка.
3. Старацца дасягнуць чаго‑н., настойліва дамагацца чаго‑н. Імкнуцца да міру. □ І мне здалося, што.. сын [Белавуса] Барыс нават імкнецца так хадзіць, як ходзіць яго бацька, і так з людзьмі размаўляць, як яго бацька размаўляе. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агарну́ць, агарну, агорнеш, агорне; зак., каго-што.
1. Укрыць з усіх бакоў, абкруціць. Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы [Джуліі]. Быкаў. // Абняць, абхапіць каго‑, што‑н. Аберуч агарнуў [хлопчык], як з маткаю абняўся, І ў споласе сачыў за бамбавозам, І нават у пажары не расстаўся з бярозай. Вітка. // перан. Настаць, заспець (пра ноч, цемру і пад.). Зося гэтак шчыра запрацавалася, што не пабачыла, як яе агарнула ноч. Чарот. Ціхі летні вечар агарнуў зямлю. Якімовіч.
2. перан. Завалодаць, захапіць, падпарадкаваць сабе; адолець, апанаваць. Дома Міця доўга не мог супакоіцца. Думкі пра Сюзану ўладна агарнулі душу. Навуменка. // Ахапіць каго‑н. (пра пачуцці, стан). [Іван і Джулія] не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца — выдасць аўстрыяк ці не? Быкаў. [Язэп:] — «Што ты, Віктар, выдумляеш, хто пра мяне гаворыць?» А ў самога сэрца ў пяткі заскочыла, і млявасць агарнула ўсё цела. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.
1. што. У вайне, у барацьбе адабраць захопленае ворагам або завалодаць тым, што належыць ворагу.
2. перан.; каго-што. Дамагчыся чаго‑н., здабыць што‑н. у выніку барацьбы, настойлівасці, працы, выратаваць каго‑н. [Бабейка:] — Нават пасля вайны адваявалі гектараў пяцьдзесят у балота — вунь, бачыце, чарнее ралля, гэта ўзаралі на зіму. Хадкевіч. [Хірургу] не раз хацелася кінуць папрок гэтаму ганарліўцу, якога ён адваяваў ад смерці, але кожны раз яго спрактыкаваны розум раіў маўчаць. Васілевіч.
3. Разм. Пазбавіцца сілы, моцы ваяваць. [Царская дачка:] — Зноў ідзе на наша царства вялікае войска аж трох каралёў. А бацька мой стары ўжо — ваяваць не можа. Ці не паехаў бы ты за яго? — Куды мне ехаць, — кажа салдат. — Я ўжо сваё адваяваў. Якімовіч.
4. Разм. Праваяваць нейкі час, скончыць ваяваць. Адваяваць два гады. □ Не дачакаўся ў гэты час суровы, Стары шасцідзесятае вясны, Знайшоў спакой на могілках вясковых, Адваяваўшы спраўна тры вайны. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастая́ць, ‑стаю́, ‑стаі́ш, ‑стаі́ць; зак.
1. Стаяць некаторы час. Кравец пастаяў хвілін з пяць і пачаў чагосьці шукаць у прырэчным чароце. Чорны. — З тыдзень яшчэ восень пастаіць. Якімовіч. Пастаяў [Макарчык] у парозе і раптам пасунуўся да мяне. Адамчык.
2. за каго-што. Абараніць, засцерагчы ад чаго‑н.; ахаваць каго‑, што‑н. Пастаяць за волю. □ — А ты не клапаціся, мы то ўжо адзін за аднаго пастаім. Лынькоў. Селянін Багушэвіча — пакутнік, пакутуе і селянін Купалы, але ў той жа час ён гатовы пастаяць за сябе, нават пайсці на смерць дзеля сваёй свабоды. Навуменка.
3. заг. пасто́й(це). Ужываецца ў значэнні: пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся). — Пастойце! — гукнуў Панця і рушыў следам. Кулакоўскі. — Гэй, ты, пастой! — настойліва паклікаў Отта Штрайх сівога чалавека. Лынькоў. // Ужываецца для перадачы нязгоды. — Ты нездаволены, як бачу, Але пастой, Міхал, даслухай, Тагды ты ўжо глуздом парухай. Колас.
•••
Пастаяць галавой за каго‑, што‑н. — абараніць каго‑, што‑н., не шкадуючы свайго жыцця.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасяро́д, прыназ. і прысл.
1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярод» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца, прасторы ці якой‑н. групы, у сярэдзіне або ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Правей — гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце. Пташнікаў. Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Шамякін. Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі. Грахоўскі. Пахаджае [гаспадар] ганарыста Пасярод свайго двара. Броўка. Кастусь стаяў пасярод іх [людзей]. Чорны.
2. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, у акружэнні каго‑, чаго‑н. На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца жудка, як астрог, На свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. Адчынены вокны, і відаць, што ў хаце-чытальні поўна народу. Ускудлачаныя галовы мужчын у першых радах. Стракатыя хусткі жанчын пасярод. А ззаду, каля дзвярэй, — моладзь, хлопцы і дзяўчаты. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́ліва, ‑а, н.
1. Асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш. Прызбы паўрасталі ў зямлю, на стрэхах расла лебяда і мох. На Мікуцёвай хаце нават буяла каліва добрага жыта. Чорны. Конь усунуў галаву ў яслі і, разгортваючы мызай сена, пачаў шукаць у ім смачнейшых каліў. Галавач.
2. Разм. Адно зернетка (збожжа, маку, якога‑н. насення і інш.). З далоні на далонь перасыпаючы некалькі каліў лубіну, ён [Антон] задаволена заўважыў: — Малайцы! Стаховіч. Насенне адборнае, залатое, каліва ў каліва. Грамовіч.
3. перан. Разм. Пра самую малую колькасць чаго‑н. Газы няма ўжо, трэба пазычыць дзе каліва. Зарэцкі. Становішча, у якім апынулася злучэнне, было настолькі цяжкім, што выбіраць не было з чаго, трэба было ісці на любую прапанову, калі ў ёй было хоць каліва надзеі. Краўчанка.
4. у знач. прысл. Разм. Трошкі, крыху. Той, хто яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасць вайны, кінуў сябе супакойваць. Гартны.
•••
Да (апошняга) каліва — усё, цалкам.
Ні каліва — ніколькі, ані.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)