СЕ́РКАВЫ КО́РАК,

намнажэнне вушной серы ў вонкавым слыхавым праходзе ад гіперсакрэцыі серных залоз. Выклікае зніжэнне слыху, шум у вушах, нават галавакружэнне. Лячэнне: амбулаторнае выдаленне С.к. шляхам прамывання.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАДО́КСІЯ (ад грэч. orthodoxia правільная думка),

цвёрдая паслядоўнасць, прыхільнасць да традыцый, асноў якога-небудзь вучэння, светапогляду, якая цалкам выключае нават нязначныя адхіленні. Артадоксія ў рэлігіі — прававер’е, няўхільнае прытрымліванне традыцыйнага вучэння царквы.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАБІЯСФЕ́РА (ад апа... + біясфера),

слаі атмасферы (вышэй за 60—80 км), у якія ніколі, нават выпадкова, натуральным шляхам не падымаюцца жывыя арганізмы і куды біягенныя рэчывы заносяцца толькі ў вельмі невял. колькасці. Структурная частка мегабіясферы.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЗУ́, апсу,

паводле шумера-акадскай міфалогіі, сусветны акіян падземных прэсных водаў, які абкружае зямлю, а таксама патаемнае месца, схаванае недзе ў яго глыбіні, куды нават багі не могуць зазірнуць і дзе захоўваюцца таямнічыя сілы, што кіруюць светам.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮЗ,

у беларусаў сплаўное пласкадоннае судна для транспарціроўкі лесаматэрыялаў па Дняпры. Выкарыстоўваўся ў 19 ст. на адзін рэйс у час веснавой паводкі, сплаўляўся нават праз парогі. Грузападымальнасць 8—40 т, найб. памеры: даўж. да 60 м, шыр. да 14 м.

т. 9, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛО́ДЫКА (ад грэч. melōdikos меладычны, песенны),

1) сукупнасць меладычных з’яў, уласцівасцей і заканамернасцей, характэрных для пэўнага гіст. пласта нар. муз. творчасці або фалькл. жанру, стылю, эпохі, кірунку, кампазітарскай шкоды, творчасці пэўнага кампазітара і нават асобнага твора.

2) Вучэнне пра мелодыю.

т. 10, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯША́НЫЯ ВО́БЛАКІ,

высокаслаістыя, слаіста-дажджавыя і кучава-дажджавыя (часам нават высокакучавыя, слаістыя і слаіста-кучавыя воблакі), якія складаюцца з сумесі вадзяных кропель і снегавых крышталёў (звычайна пры т-ры да -10 °C). З’яўленне М.в. на небе — прыкмета хуткага пагаршэння надвор’я: яны часта даюць ападкі.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЙРЫ,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА ВЕРАВЫЗНА́ННЯ,

адна з асн. асабістых свабод чалавека, якая ўключае права індывідуальна або сумесна з інш. вызнаваць любую рэлігію, свабодна выбіраць, мець і распаўсюджваць рэлігійныя перакананні і дзейнічаць у адпаведнасці з імі. С.в. прызнаецца канстытуцыямі нават тых краін, дзе існуе інстытут дзярж. (афіц.) рэлігіі. У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца арт. 31 Канстытуцыі.

т. 14, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́НЫ (ісп. marranos),

яўрэі ў Іспаніі і Партугаліі ў 14—17 ст., якія афіцыйна (у т. л. вымушана) прынялі каталіцтва. Займаліся гандлем, некат. з М. былі на дзярж. службе і нават сярод каталіцкага духавенства. Значная частка М. працягвала тайна выконваць яўр. рэліг. абрады, за што ісп. інквізіцыя падвяргала іх ганенням і пакаранню смерцю.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)