брахаць, брашу, брэшаш, брэша; незак.

1. Падаваць адрывістыя гукі (пра сабаку, ліса і некаторых іншых звяроў); гаўкаць. Дзесьці далёка брахаў сабака, піснула палявая мыш. Чорны. Яшчэ нават не вельмі позна — у хатах, мусіць, гараць яшчэ агні, на вуліцах сярдзіта брэшуць і выюць сабакі. Якімовіч.

2. перан. Разм. Ілгаць, хлусіць, маніць; паклёпнічаць, нагаворваць, абгаворваць. У Алёнкі пратэст з душы выбіваецца. Хочацца голасна сказаць усім гэтым плеткарам, што яны лгуць, брэшуць! Колас. — Чаго гэта мне брахаць? — націскае плячамі Пеця і падае Вольцы парожнія вёдры. — Я, канешне, мог памыліцца — гэта іншая справа, а брахаць... Вось што: гэта можам праверыць. Ракітны.

3. перан. Груб. Балбатаць, малоць языком, пустасловіць. А так Марцін спявае, брэша з хлопцамі.. — «вясёлы, жыццёвы дзядзька». Брыль. // Гаварыць непрыстойнае. Дня няма, Каб зранку.. [Кузьма] не наліваўся. ..Ідзе па вуліцы, шуміць, Бушуе, брэша і хаміць. Корбан.

•••

На ваду брахаць — прагна, многа, бясконца піць.

На пень брахаць — гаварыць непрыстойнасці, неразумнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)