Май1 ’пяты месяц каляндарнага года’ (ТС, Бес., Гарэц., Ян., Шат., Касп., Бяльк., драг. КЭС). Укр. май, польск. maj, ст.-рус., ст.-слав. маи ’тс’. Запазычана з лац. māius праз с.-грэч. (μάϊος) і ст.-слав. Магло ўспрымацца непасрэдна праз навучанне ў школах, пашыраючыся сярод простага люду (Фасмер, 2, 559; Бернекер, 2, 8; Брукнер, 317; Махэк₂, 348, БЕР, 3, 615). Сюды ж майскі (ТСБМ), майскі жук (Бяльк.).

Май2 ’першая зелень ліставых дрэў, якой прыбіраюць хаты на сёмуху’ (Нас., ТСБМ, Сержп. Прымхі, Фалют., Янк. 3.. Ян., Шн., Рам. 8, Мядзв., Жд. 1, Шат., Бяльк., Мат. Гом., Растарг.; пух., Бел. дыял.; в.-дзв., Шатал., ТС), ’адзначэнне дзядоў на сёмуху’ (Кліх), ’зялёны аір, які раскідваюць па падлозе і дарожках у дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас.), ’бярозавае галлё, якое падсцілаюць пад стог’ (круп., Нар. сл.), віц. маінка ’галінка, якую ўтыкалі на капусную градку пасля таго, як «развівалі» бярозу на сёмуху’ (Сакалова, Обряды, 190). Укр. зах. май ’зелень’, ’маладое дрэва, прыбранае стужкамі, ці галіны, якімі прыбіраюць хату, падвор’е’, польск. maj ’зялёныя галіны, зелень’, majowy ’зялёны’, majówka (фалькл.) ’май, дрэўца на сёмуху’; н.-луж. maja, в.-луж. meja, mejka ’ўрачыста азлобленае маладое дрэва’, чэш. máje, máj, мар. mája ’высокае стройнае дрэва, якое ставіцца на 1 Мая або ў іншыя святы’, ’перыяд росквіту, свежасці ў прыродзе’, славац. máj ’вясна’, ’сімвал вясны — высокая азлобленая яліна, якую хлопец ставіць перад 1 Мая ля вакна сваёй каханай’, славен. máj, mláj ’аздобленая яліна, пастаўленая з выпадку якой-небудзь урачыстасці’. Хаця вяснова-летні абрад, звязаны з культам зялёнага дрэва, вядомы ўсім славянам, аднак лексема май і вытворныя пашыраны толькі на захадзе слав. тэрыторыі, на Беларусі і Украіне. Можна меркаваць, што лексема запазычана з ням. Mei (тое ж Махэк₂, 348). У бел. і ўкр. гаворкі — з польск. мовы. На Беларусі май2 злілося з май1.

Май3 у выразе буў — і як май змаеў ’раптоўна прапаў’ (саліг., Нар. словатв.; ТС), укр. май‑май‑май ’аб хуткіх рухах, калі махаюць, або што-небудзь уецца’, маяти ’махаць, рухацца туды-сюды’, майдати ’віляць хвастом’, рус. ма́ять ’махаць’ (і інш.: мая́к, мая́чить, маятник); польск. majaczyć ’быць ледзь бачным’, ’кружыцца’, н.-луж. mawaś ’махаць’, в.-луж. majkać ’гладзіць, песціць’, чэш. mávati ’махаць’, славац. mávať ’тс’, славен. májati ’рухацца туды-сюды’, прасл. корань ma‑. Мае балт. адпаведнікі: літ. móti, лат. māt ’махаць’ (Махэк₂, 355; Фасмер, 2, 587). Гл. таксама махаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́на ’расліна Viburnum opulus’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Маш., Радч., Сержп. Грам., Сцяшк., Яруш.). Паводле слоўніка Кісялеўскага каліна адзначаецца ў Беларусі паўсюдна. З новых крыніц фіксуюць Сл. паўн.-зах., ТС (тут яшчэ каліны ’ягады каліны’). Ёсць таксама шэраг вытворных, з якіх звяртае на сябе ўвагу калініца, адзначанае ў Бялькевіча, Насовіча і Радчанкі, якое апрача бел. сустракаецца ў смал. гаворках — калиница ’куст каліны’ (фальк.), ’ягада каліны’. Магчыма, гэта беларуская інавацыя (ва ўсх. гаворках), параўн., аднак, серб.-харв. калиница. У бел. гаворках зафіксаваны таксама калінавы мост (Бяльк., Доўн.-Зап.), параўн. Махэк₂, 236. Паралелі да бел. каліна: укр. калина, рус. калина (літар. і дыял.), польск. kalina, кашуб. kalëna, в.-луж. kalena, н.-луж. kalina, чэш. kalina, славац. kalina, славен. kalína, серб.-харв. ка̀лина, макед. калина (тут у значэнні ’дрэва гранат’), балг. калина. Звычайна ў слав. мовах значэнне ’расліна Viburnum opulus’, аднак сустракаюцца і розныя іншыя, відавочна, другасныя па паходжанню. Адносна этымона прасл. kalina існуюць розныя думкі. Адна з традыцыйных версій, паводле якой слав. лексіку суадносілі са ст.-в.-ням. holuntar, ням. Holunder ’расліна бузіна, Sambucus’, аспрэчваецца Фасмерам, 2, 168, і шэрагам іншых этымолагаў. Паводле Бернекера, 1, 473, слова суадносіцца з прасл. kalъ з першапачатковай матывацыяй ’куст з чорнымі ягадамі’. Відавочна, што гэта этымалогія абавязана «каляровай» версіі паходжання слав. kalъ. Фасмеру, 2, 168 яна ўяўляецца дастаткова правільнай. Бернекер (там жа) меркаваў аб імавернасці паходжання слова ад kaliti (у сувязі з ярка-чырвонымі ягадамі каліны). Брукнер (214) звяртае ўвагу, што kaliti этымалагічна не суадносіцца з назвай колеру (’каліць’ — ’рабіць цвёрдым, гартаваць’, а не ’распальваць’). У апошні час Трубачоў (Эт. сл., 9, 121) аддаў перавагу этымалогіі, паводле якой kalina суадносіцца з kalъ па прычыне вільгацелюбівасці расліны (так Якабсон, Word, 8, 4, 1952, 388; Махэк, Slavia, 23, 1954, 65; Махэк₂, 236, з літ-рай і семантычнымі паралелямі яшчэ ў Naše Reč, 11, 1927, 121–125). Слаўскі (2, 30) прыняў гэту этымалогію, прыводзячы паўд.-слав. kalina ’балота’. Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што спачатку kalina азначала ’сырое месца’, а ўжо потым — вільгацелюбівую ’расліну. Сапраўды, семантычную паралель да гэтага можна ўбачыць ў слав. bagъno ’балота’ і ’расліна Ledum’. Параўн., аднак, Талстой, Геогр., 158 і інш., аб цяжкасці рашэння пытання, што было першым — назва балота ці назва расліны. У канкрэтным выпадку празрыстасць утварэння (калі прымаць этымалогію Махэка) не пакідае сумненняў першаснасці назвы балота. Разам з тым нельга не адзначыць, што яркія ягады расліны з’яўляюцца істотнай прыкметай (параўн. каліна як сімвал дзявоцтва, гл. падрабязней калінкі), апрача таго, існуюць розныя погляды на этымалогію слав. kaliti. Параўн. яшчэ ў Тураўскім слоўніку, 2, 179: «Стоіць певень над рэкою с чырвоною бородою» (загадка пра каліну). У сувязі з гэтым звяртае на сябе ўвагу серб.-харв. ка̏лики, ка̏љика ’рабіна, Sorbus aucuparia’ і дыял. калика ’невялікае дрэўца з плодам, падобным да рабіны, аднак неядомым’. Трубачоў (Эт. сл., 9, 120) адносіць гэта слова да kalina, kaliti (< kalъ), каlъ, аднак якая тут матывацыя? Параўн. яшчэ рус. валаг., арханг. кали́на́ ’моцны нагрэў, жар і да т. п.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

час, ‑у, м.

1. Працягласць існавання ўсіх з’яў рэчаіснасць якая вымяраецца вякамі, гадамі, гадзінамі, мінутамі і пад. Час не стаіць і не чакае. Колас. Празрыста-быстраю ракой плыву, І хвалям у затоку не аднесці, Хоць час пасыпаў снегам галаву, І мне яго не змесці, не атрэсці. Пушча. // Мера працягласці ўсяго, што існуе ці адбываецца. Сонечны час. Зорны час. Сярэдні сутачны час. □ Было адзінаццаць гадзін ночы па маскоўскаму часу. Шамякін. // Паслядоўная змена мінут, гадзін, дзён і пад. У марах ды ў гаворцы час бяжыць хутка, і мужчыны не заўважылі, як апынуліся перад ганкам перасяленцкага пункта. Пальчэўскі.

2. Больш-менш пэўны прамежак у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад., у які што‑н. адбываецца. Траціць час. Бавіць час. □ За час сваёй доўгай хваробы .. [Марылька] навучылася вось так ляжаць, глядзець і думаць... Брыль. [Пніцкі:] Цяпер жыву, работы хапае.. А пасля не тое яшчэ будзе. Дай ты адно нам час умацавацца. Чорны. // Пара года, месяца, дня і пад. Ранні час. □ Бывала ў восеньскі час, пасучы статак, Андрэй не раз прыходзіў слухаць гэты гоман [дубоў]. Дуброўскі. Добра пасядзець тут [ля доміка] летнім вячэрнім часам, калі паціху згасаюць размаітыя фарбы дня. Навуменка. // Вольныя ад асноўнага занятку гадзіны, дні, якія можна прысвяціць якой‑н. іншай справе. Дырэктар сустрэў суддзю стрымана. — Няма мне часу па рыбалках ездзіць. План трэба выконваць. Капусцін. Нялёгка Леніну было ў тыя дні. Але і тады Уладзімір Ільіч знаходзіў час, каб з выключнай любоўю аднесціся да людзей, дапамагчы ім. Мяжэвіч.

3. Нейкі пэўны момант у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад. Назначыць дакладны час сходу. □ У гэты ж час хрыпла і прыдушана закукавала зязюля... Нікановіч. // Адпаведны момант, спрыяльная пара для якіх‑н. дзеянняў, для разгортвання чыёй‑н. дзейнасці. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам і падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е. Мележ. // у знач. вык. Наступіла пара. Час класціся спаць. Час збіраць ураджай. □ Час быў выходзіць. А чалавек усё стаяў і глядзеў. Шыцік. [Дзед:] — Час нам ісці, відаць, там і чаканкі ўсе даўно хлопцы паелі, нас з табой чакаючы... Лынькоў.

4. Перыяд, эпоха, пэўная колькасць гадоў у жыцці чалавецтва, дзяржавы, народа і пад. Каржакевіч быў досыць папулярны яшчэ з дарэвалюцыйнага часу. Крапіва. Меркаванне, што вінавата ў гэтым яе становішча, здавалася Лёдзі дзікім: хіба можа быць такое ў наш час. Карпаў.

5. У філасофіі — усеагульная аб’ектыўная форма існавання матэрыі, якая праяўляецца ў працягласці і паслядоўнасці, неад’емна ад руху. У свеце няма нічога, апрача рухаючайся матэрыі, і рухаючаяся матэрыя не можа рухацца інакш, як у прасторы і ў часе. Ленін.

6. У лінгвістыцы — форма дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння або стану да моманту гаворкі або да якога‑н. іншага моманту. Прошлы час. Цяперашні час. Будучы час.

•••

Даўномінулы час — асобая форма дзеяслова прошлага часу ў некаторых мовах, якая абазначае дзеянне, што адбылося (адбывалася) раней другога дзеяння прошлага часу.

Дэкрэтны час — паясны час, пераведзены для тэрыторыі СССР на адну гадзіну ўперад.

Каменданцкі час — забарона без асобага дазволу з’яўляцца на вуліцах населенага пункта ў пэўны час пры аб’яўленні ваеннага або асаднага становішча.

Машынны час — час, за які выконваецца работа ці вытворчая аперацыя машынай або механізмам.

Мясцовы час — час, які ўстанаўліваецца для пэўнага геаграфічнага пояса, раёна, для пэўнай мясцовасці.

Адзін час — на працягу нейкага часу; некалі, даўней.

Ад часу да часу; час ад часу — калі-нікалі, зрэдку.

Апошні час — незадоўга да цяперашняга моманту.

Без часу — заўчасна, не пражыўшы адведзены час.

Благі час — нядобры час, ліхая гадзіна.

Выйграць час гл. выйграць.

Да пары да часу гл. пара́.

Да часу — а) раней тэрміну. — Мы скончылі ўжо, — растлумачыў .. [Міхась]. — Скончылі да часу і цяпер прыбіраем кожны сваё. Скрыган; б) часова. Зрабілі некалькі брыгад: абсталяваць хоць да часу будоўлю пад .. жывёлу. Чорны.

Засячы час гл. засячы.

З цягам часу гл. цяг ​1.

З часам — у будучым, некалі.

Каліф на час гл. каліф.

На першы час — для пачатку чаго‑н.

На скорым часе — неўзабаве, хутка.

На той час — некалі, у мінулым, раней.

На часах — на апошнім месяцы цяжарнасці (пра жанчыну).

Пад час — калі-нікалі, зрэдку.

Па часе — пасля таго, як ужо што‑н. здарылася.

Самы час — іменна такі, які патрэбна, пара.

Сімвал часу гл. сімвал.

Судны час — тое, што і судны дзень (гл. дзень).

Тым часам — адначасова з гэтым, у той самы момант. Тым часам ля ракі ўзнялася, зноў страляніна. Лынькоў.

Увесь час — пастаянна, бесперастанку.

У добры час — пажаданне поспеху, удачы каму‑н.

У свой час — а) некалі, калісьці, раней, у мінулым. І ліпы ўздоўж нашай вуліцы пасадзіў у свой час таксама адзін з паноў Стахоўскіх, — тлумачыць стары краязнаўца. В. Вольскі; б) своечасова, калі ў чым‑н. будзе патрэба, неабходнасць. — Усё ў свой час. Рабіць так, як дамовіліся, — сказаў Хукін. Алешка.

У хуткім часе — хутка, неўзабаве, у блізкай будучыні.

У час — своечасова, у патрэбны момант.

Час б’е чый або каго-чаго — а) падыходзіць, набліжаецца канец; б) падыходзіць час што‑н. рабіць.

Час не трывае (не чакае) — нельга далей адкладваць, трэба спяшацца з выкананнем чаго‑н.

Час прабіў — прыйшла, настала пара для чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аго́нь, агню, м.

1. Распаленыя газы, якія вылучаюцца пры гарэнні і ярка свецяцца; полымя. Уся станцыя гарэла, і дождж, хоць і быў моцны, аднак не меў сілы заліць гэтае мора агню. Шамякін. Агонь весела пабег ад снапа да снапа, салома затрашчала. Якімовіч.

2. Падпаленая куча дроў, галля, ламачча і пад.; вогнішча. Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў.

3. Святло ад асвятляльных прыстасаванняў; светлавая кропка. У куткавым пакоі ў Няслаўскіх гарэў агонь, хоць на вуліцы яшчэ добра відно было. Мурашка. У хаце гарбатага краўца Лапінкі снедалі пры агні. Брыль. // перан. Бляск у вачах ад узбуджэння, страсці. Цёмныя вочы Дакутовіча свяціліся такім агнём, што Жэня зразумеў: яго сябра ведае нейкую надзвычайную таямніцу. Шчарбатаў.

4. перан. Палымянасць, жвавасць, душэўны ўздым. Яе, крылатую, цаню, Яна вялікай славы варта, Крыніца творчага агню — Загартаваная ўпартасць. Хведаровіч. Твар.. [Себастыяна] быў халодны. Цеплыня і агонь гарэлі ў ім у глыбіні. Чорны. Навошта кветкі? У сэрцы Без іх агню хапае. Калачынскі. // Пра быстрага і бойкага чалавека. — Слаўная ў Булыгі наймічка, да чаго ж спрытная і ваяўнічая! Агонь! Такой, браце, пальца ў рот не кладзі... — скашу адзін з парабкаў. Бажко. Сумеўся Богут з неспадзевы, Пагладзіў вус, пачухаў скронь — Ого, якія яе [Марыны] спевы! Ох, не кабеціна — агонь! Колас. Як што робіць — агонь, а як што зробіць — у агонь. Прымаўка.

5. Ружэйная, артылерыйская стрэльба. Адкрыць агонь. Весці агонь. Прыцэльны, беспрыцэльны агонь. □ Нашай групе трэба было адцягнуць на сябе агонь праціўніка, пакуль асноўныя часці.. наблізяцца з супрацьлеглага боку і пойдуць па штурм. Карпюк. // Ваенная каманда. — Агонь па ворагу! — камандую я, яшчэ зусім не ведаючы, якое выбраць рашэнне. Якімовіч.

•••

Адамаў агонь — павышэнне тэмпературы ў час хваробы.

Антонаў агонь — заражэнне крыві, гангрэна.

Беглы агонь — часты артылерыйскі агонь, які вядзецца самастойна кожнай гарматай.

Бенгальскі агонь — яркае белае ці каляровае полымя, якое ўтвараецца пры гарэнні спецыяльнага саставу (з берталетавай солі, серы і інш.), а таксама сам феерверачны агонь.

Блукаючыя агні — блакітныя языкі полымя, што паяўляюцца ноччу на балоце ў выніку згарання газу метану, які вылучаецца пры гніенні.

Вечны агонь — агонь, які пастаянна гарыць каля помнікаў, магіл загінуўшых герояў як сімвал бяссмерця іх славы.

Кінжальны агонь — агонь гармат, кулямётаў, які адкрываецца раптоўна на блізкай адлегласці.

Лінія агню — рубеж на пярэднім краі, з якога вядзецца стральба па праціўніку.

Праметэеў агонь — нязгаснае ўнутранае імкненне да дасягнення высокіх мэт, да шчасця ўсіх людзей.

Сустрэчны агонь — агонь, які вядзецца ў адказ на агонь праціўніка.

Шквальны агонь — інтэнсіўны, масіраваны агонь.

Агнём і мячом — з бязлітаснай жорсткасцю.

Агонь яго ведае — невядома.

Баяцца як агню гл. баяцца.

Гарэць (сінім) агнём гл. гарэць.

(Днём) з агнём не знойдзеш гл. знайсці.

Жартаваць (гуляць) з агнём гл. жартаваць.

Жыць як агонь з вадою гл. жыць.

З агню ды ў полымя — з адной непрыемнасці ў другую, яшчэ большую.

(Круціцца) як скурат на агні гл. скурат.

Падліць масла ў агонь гл. падліць.

Пайсці агнём гл. пайсці.

Паміж двух агнёў — пра становішча, калі небяспека пагражае з двух бакоў.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці.

Пусціць з агнём гл. пусціць.

У агонь і ваду (кінуцца, пайсці) — пра гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля каго‑, чаго‑н.

Як агню ўхапіўшы — вельмі хутка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галава́, ы́; мн. гало́вы (з ліч. 2, 3, 4 галавы́), ‑ло́ў; ж.

1. Верхняя частка цела чалавека, верхняя або пярэдняя частка цела жывёліны, якая заключае ў сабе мозг. Павярнуць галаву. Зняць шапку з галавы. □ На галовах — баявыя каскі, Кліча ў даль няведамы паход. Аўрамчык. // У значэнні адзінкі падліку жывёлы. У дзесяці новых прасторных памяшканнях будуць экспанавацца сотні галоў высокапрадукцыйнай жывёлы, выведзенай у калгасах і саўгасах краіны. «Беларусь».

2. перан. Розум, свядомасць; развага. Ясная галава. □ Цвярозыя мужыцкія галовы прадугледжвалі ўсё. Мурашка. // Пра чалавека вялікага розуму. [Нічыпар:] Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае .. Гэта, брат, галава! Крапіва. // Іран. Пра нездагадлівага, някемлівага чалавека. Эх, ты, галава, нічога не разумееш! // якая. Пра чалавека як носьбіта якіх‑н. уласцівасцей, якасцей. Букрэй быў вядомы ў батальёне, як адважная, смелая, камбінатарская галава, і яму ахвотна даручылі арганізаваць і правесці разведку польскага тылу. Колас.

3. перан. Кіраўнік, начальнік; старэйшы ў сям’і. Містэр Брэдлей — паветраны кароль, галава ўсёй кампаніі — сядзіць у машыне. Лынькоў. Таццяне падабалася, што бацька і тут, у атрадзе, адчувае сябе галавой сям’і. Шамякін.

4. м. Старшыня і кіраўнік некаторых выбарных органаў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама ваеннае або грамадзянскае званне. Казацкі галава. Гарадскі галава.

5. перан. Пярэдняя частка, пачатак чаго‑н. Галава калоны. □ Марудна паварочваецца галава Вялікай Мядзведзіцы, прывязанай за хвост яркай зоркі. Асіпенка.

6. Харчовы прадукт у выглядзе шара або конуса. Галава сыру.

•••

Авечая галава — пра тупога бяспамятнага чалавека.

Адамава галава — малюнак чэрапа з дзвюма перакрыжаванымі кветкамі як сімвал абазначэння смерці, яду і пад.

Адказваць галавою гл. адказваць.

Адкруціць галаву каму гл. адкруціць.

Акунуцца з галавой гл. акунуцца.

Бедная галава — пра няшчаснага чалавека, які выклікае спагаду.

Без галавы — пра неразумнага, тупаватага чалавека.

Біцца галавой аб сцяну гл. біцца.

Брацца (узяцца) за галаву гл. брацца.

Браць (узяць) у галаву гл. браць.

Валіць з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Варушыць галавой гл. варушыць.

Вецер (гуляе) у галаве у каго гл. вецер.

Вешаць галаву гл. вешаць.

Вісець над галавой гл. вісець.

Выдаць (сябе) з галавой гл. выдаць.

Выкінуць з галавы гл. выкінуць.

Вылецець (выскачыць) з галавы гл. вылецець.

Вялікая галава — пра разумнага, мудрага чалавека.

Галава варыць у каго — пра кемлівага, разумнага чалавека.

Галава зварыла — а) зрабіў што‑н. не так, як трэба, дапусціў якое‑н. глупства. [Базыль:] Гэта ж трэба — галава зварыла, пайшоў да Пшыбыльскага ў паслугачы! Шынклер; б) прыняў правільнае рашэнне. У адказны момант яго галава зварыла як трэба.

Галава і два вухі — пра нездагадлівага, прастакаватага чалавека.

Галава ідзе кругам у каго — хто‑н. страціў здольнасць цвяроза разважаць ад мноства клопатаў, дум і пад.

Галава кружыцца (круціцца); галава закружылася (закруцілася) у каго — а) пра галавакружэнне. Галава кружыцца ад малакроўя; б) хто‑н. зазнаўся, страціў здольнасць цвяроза разважаць.

Галава трашчыць (развальваецца) — а) пра моцныя болі ў галаве; б) ад чаго хто‑н. траціць здольнасць разважаць ад празмернай работы, шуму, клопату і пад.

Галава як рэшата — пра дрэнную памяць.

Галаву адарваць гл. адарваць.

Гарачая галава — пра нястрымнага, схільнага да захаплення чалавека.

Губляць галаву гл. губляць.

Дайсці сваёй галавой гл. дайсці.

Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) гл. даць.

Дзіравая галава — пра чалавека з дрэннай памяццю.

Дубовая галава — пра тупога, неразумнага чалавека.

Дурыць галаву гл. дурыць.

Забіць галаву чым гл. забіць.

Задраць галаву гл. задраць.

Задурыць галаву гл. задурыць.

Закружылася (закруцілася) у галаве гл. закружыцца.

Закружыць галаву каму гл. закружыць.

Закруціць галаву каму гл. закруціць.

Залатая галава — пра здольнага, таленавітага чалавека.

З галавой — пра разумнага, талковага чалавека.

З галавы да ног (пят); з ног да галавы; ад пят да галавы — а) зверху данізу; поўнасцю. Прамокнуць з галавы да ног; б) ва ўсім: у думках, учынках і пад. (быць кім‑н., якім‑н.). Ён быў артыстам з галавы да ног.

З галавы не выходзіць гл. выходзіць.

Злажыць (скласці) галаву гл. злажыць.

Зняць (знесці) галаву каму, у каго гл. зняць.

Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) гл. карона.

Каша ў галаве гл. каша.

Класці галаву гл. класці.

Класці галаву на калодку гл. класці.

Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) гл. хапаць.

Кружыць галаву гл. кружыць.

Крукам (шастом) галавы не дастаць каму гл. дастаць.

Круціць галаву гл. круціць.

Ламаць галаву гл. ламаць.

Лезці ў галаву гл. лезці.

Марочыць галаву каму гл. марочыць.

Мець галаву (на плячах, на карку) гл. мець.

На галаву — у разліку на кожнага.

На галаву вышэй за каго — значна перавышае каго‑н. у якіх‑н. адносінах, па якіх‑н. якасцях.

Налажыць галавой гл. налажыць.

Намыліць галаву каму гл. намыліць.

На сваю галаву — сабе на шкоду.

На свежую галаву — пасля адпачынку, пакуль не стаміўся.

На скрут (злом) галавы гл. скрут.

Не знасіць галавы каму гл. знасіць.

Не ідзе (не выходзіць) з галавы гл. ісці.

Не ідзе (не лезе) у галаву гл. ісці.

Няма галавы гл. няма.

Павесіць (звесіць) галаву гл. павесіць.

Падняць (узняць) галаву гл. падняць.

Паплаціцца галавой гл. паплаціцца.

Паставіць з ног на галаву гл. паставіць.

Пастаяць галавой гл. пастаяць.

Прыйсці ў галаву каму гл. прыйсці.

Прытуліць галаву гл. прытуліць.

Разумная галава — пра талковага, разумнага чалавека.

Ручацца галавой гл. ручацца.

Садовая галава — пра някемлівага, рассеянага чалавека.

Сам чорт галаву зломіць гл. чорт.

Сарваць галаву каму гл. сарваць.

Светлая галава — пра разумнага, здольнага лагічна думаць чалавека.

Сесці на галаву каму гл. сесці.

Скруціць (зламаць) сабе галаву гл. скруціць.

Сушыць галаву гл. сушыць.

Схапіцца за галаву гл. схапіцца.

Схіліць галаву перад кім-чым гл. схіліць.

Убіць (набраць) сабе ў галаву гл. убіць.

Убіць у галаву каму гл. убіць.

У галавах — ва ўзгалоўі.

Удалая галава — пра смелага, адчаяннага чалавека.

Хадзіць на галаве гл. хадзіць.

Хапацца за галаву гл. хапацца.

Хоць кол на галаве чашы гл. часаць.

Цераз галаву чыю — не папярэдзіўшы каго‑н., мінуўшы каго‑н.

Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) — як мне здаецца, на мой погляд.

Як снег на галаву гл. снег.

Яловая галава — пра бесталковага, дурнога чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр. коза, рус. коза, польск. koza, палаб. tʼözɜ, н.-луж. kóza, в.-луж. koza, чэш. koza, славац. koza, славен. kóza, серб.-харв. ко̀за, макед. коза, балг. коза. Засведчана ў ст.-слав. коза ’тс’. Праслав. koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл. koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд. аjā ’каза’ (і.-е. *ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс. azak, н.-перс. azg ’каза’, літ. ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт. *ažia‑), патрабуе тлумачэння слав. k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб. keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ. hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц. hakuls ’тс’, ст.-ісл. hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням. hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб. kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е. *ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд. chā́gaḥ ’казёл’ і слав. koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ. ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав. azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав. ꙗзьно ’скура’ < прасл. azьno, магчыма, славен. aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав. koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ. ožkà ’каза’, так і для слав. koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк. äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк. käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав. koza, ст.-інд. ajā́ і інш. K у слав. koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав. kostь, якое разам з лац. costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд. ásthi, ст.-іран. ast‑, asti‑, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет. hastai, арм. oskr, якія да і.-е. *est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд. chagaḥ ’казёл’, chā́ ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е. *skego‑s ’скакун’, а z у слав. koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е. *(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е. *(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.

*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш. koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус. пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск. koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац. koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.

Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр. коза ’тс’, чэш. дыял. koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.

Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.

Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск. koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.

Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг. дыял. козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг. дыял. козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.

Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр. коза ’турма’, польск. koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш. дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.

Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш. koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен. koza ’козлы’, параўн. укр. козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус. арх. козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг. козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел. казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр. козинець, рус. козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.

Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв. kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус. смал. козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.

Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск. koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус. смал. коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.

Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус. смал. козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.

Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.

Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал. коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус. дыял. коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.

Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус. тагільск., свярдл. козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.

Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.

Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус. свярдл. коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.

Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм. каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).

Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус. арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел. карм. каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.

Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.

Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус. пячор., арханг. кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц. кобылка ’козлы’, кадн., валаг. кобыла ’тс’, бел. каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус. уладз., малаж., ярасл. кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус. трубч., арл. кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг. козел ’тс’.

Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.

Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес. баба, маг. лісіца, рус. дыял. собака, бел. літар. сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел. сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.

Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск. варм.-маз. koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).

Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран. козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў. бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр. усх.-палес. козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.

Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус. коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр. харк. коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус. вяц. коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск. дыял. koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял. koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш. мар. дыял. zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв. коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус. іркуц. посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе казасімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес. кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў. барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр. козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг. останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).

Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус. с.-урал. козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.

Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел. блюзна, блізна, рус. близна, балг. близна, серб.-харв. бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел. каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял. козлы ’сварка, нелады’.

Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр. усх.-палес. бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел. бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес. укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.

*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск. koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск. koza — калька з лац. Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск. koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)