СЦЯПА́НАВА Алена Андрэеўна (17.5.1891, Масква — 26.5.1978),

расійская спявачка (каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Спявала ў царк. хоры. З 1908 артыстка хору, у 1912—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Была бліскучай выканаўцай жаночых партый у операх М.​Рымскага-Корсакава: Валхава, Снягурачка, Шамаханская царыца, Царэўна-Лебедзь («Садко», «Снягурачка», «Залаты пеўнік», «Казка пра цара Салтана»). Выступала як канцэртная спявачка.

т. 15, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́МСКАЯ Лізавета Уладзіміраўна (12.4.1905, г. Іванава, Расія — 1988),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Расіі (1951). Скончыла Іванаўскае муз. вучылішча (1934). Займалася ў Д.​Бяляўскай у Маскве. З 1928 спявала на оперных сцэнах рас. гарадоў. З 1944 салістка Вял. т-ра ў Маскве. З 1959—75 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі. Адна з выдатных сав. спявачак. Яе выкананне вылучалася тонкасцю фразіроўкі, цеплынёй, задушэўнасцю. Сярод партый: Валхава, Снягурачка («Садко», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Джульета («Рамэо і Джульета» Ш.​Гуно). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 17, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУЛЕГЕ́НАВА Бібігуль Ахметаўна (н. 16.12 1929, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

казахская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1967). Скончыла Алма-Ацінскую кансерваторыю (1954), з 1980 выкладае ў ёй (з 1982 праф.). У 1956—71 у Казахскай філармоніі, 1954—56 і з 1971 у Казахскім т-ры оперы і балета. Сярод партый: Кыз-Жыбек («Кыз-Жыбек» Я.​Брусілоўскага), Гульбаршын («Алпамыс» Е.​Рахмадыева), «Енлік» («Енлік-Кебек» Г.​Жубанавай), Алтынчач («Алтынчач» Н.​Жыганава), Джыльда («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Снягурачка («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава) і інш. Выканаўца канцэртаў для голасу з аркестрам Р.​Гліэра і С.​Мухамеджанава. Дзярж. прэмія Казахстана 1966. Дзярж. прэмія СССР 1970.

т. 16, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА (Урубель) Надзея Іванаўна

(1.4.1868, г. Каўнас, Літва — 4.7.1913),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Жонка М.А.Урубеля. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1891). Спявала ў оперных т-рах Кіева, Тбілісі, Пецярбурга і інш. У 1897—1902 салістка Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.​Мамантава, у 1904—11 у Марыінскім т-ры. Найб. блізкія ёй былі вобразы гераінь у операх М.​Рымскага-Корсакава: Вольга, Панначка, Снягурачка, Валхава («Пскавіцянка», «Майская ноч», «Снягурачка», «Садко»); упершыню выканала партыі Веры, Марфы, Царэўны-лебедзі, царэўны Ненагляднай Красы («Баярыня Вера Шэлога», «Царская нявеста», «Казка пра цара Салтана», «Кашчэй бессмяротны»), напісаныя спецыяльна для яе. У апошнія гады жыцця выступала ў канцэртах, пераважна з рамансамі Рымскага-Корсакава.

Літ.:

Барсава Л. Н.​И.​Забела-Врубель глазами современников. Л., 1982.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́ЛЬСКАЯ Алена Кліменцьеўна (2.6.1888, г. Адэса, Украіна — 19.11.1966),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1909). Дэбютавала ў партыі Лакмэ (аднайм. опера Л.​Дэліба) у Марыінскім т-ры. У 1913—46 салістка Вял. т-ра. З 1948 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1950 праф.). Валодала голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, бездакорнай тэхнікай, высокай сцэн. культурай. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Віялета, Джыльда, Леанора («Травіята». «Рыгалета», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ). Аўтар артыкулаў па вак. майстэрстве і інш. Сярод яе вучняў: Т.Мілашкіна, А.​Масленікаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІНЕ́НКА-ВО́ЛЬГЕМУТ Марыя Іванаўна (13.2.1892, Кіеў — 3.4.1966),

украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1936). Скончыла Кіеўскае муз. вучылішча (1912). З 1912 у т-рах Расіі (Петраград), Украіны. У 1935—53 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. У 1920-я г. ўдзельнічала ў стварэнні ўкр. опернага т-ра. Выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1944 праф.). Валодала моцным чыстым голасам прыгожага тэмбру, высокаразвітай вак. тэхнікай. Сярод партый: Насця, Наталка і Цярпіліха («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), Аксана, Адарка («Запарожац за Дунаем» С.​Гулака-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.​Верыкоўскага), Варвара («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Купава і Снягурачка («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Ліза, Марыя («Пікавая дама», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Галька («Галька» С.​Манюшкі). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Швачко Т.​М.​Литвиненко-Вольгемут. Киев, 1986.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРМЕ́ЙСТАР Уладзімір Паўлавіч (15.7.1904, г. Віцебск — 5.3.1971),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1970). Вучыўся ў Тэатр. тэхнікуме імя А.​В.​Луначарскага (1925—29, Масква). З 1930 у Муз. т-ры імя К.​С.​Станіслаўскага і У.​І.​Неміровіча-Данчанкі (у 1941—60 і 1963—71 гал. балетмайстар). Сярод партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Алека («Цыганы» С.​Васіленкі), Нікез («Саперніцы» на муз. П.​Л.​Гертэля). Тэмперамент і вынаходлівасць Бурмейстара-харэографа найб. выявіліся ў пастаноўках сучасных балетаў [«Лола» Васіленкі, «Бераг шчасця» А.​Спадавекія (з І.​Курылавым), «Жанна д’Арк» М.​Пяйко, «Чырвоныя д’ябаляты» на муз. І.​Дунаеўскага і В.​Кнушавіцкага] і класічных балетаў («Эсмеральда» Ц.​Пуні, «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), харэагр. інтэрпрэтацый сімф. музыкі («Снягурачка» на муз. Чайкоўскага, «Апасіяната» на муз. Л.​Бетховена і інш.). Ставіў балеты ў Парыжскай оперы («Лебядзінае возера», 1960), у Лондане («Снягурачка», 1961) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС Людміла Якаўлеўна (н. 13.5.1950, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыла Маладзечанскае муз. вучылішча (1970), Кіеўскую кансерваторыю (1976, клас Л.​Чаўдар). У 1976—97 салістка Нац. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага чыстага тэмбру, высокай вак. тэхнікай. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца шчырасцю, лірызмам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Паола («Джардана Бруна» С.​Картэса), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Прылепа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Джыльда, Віялета, паж Оскар («Рыгалета», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Нарына («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Сюзанна і Барбарына («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1977), міжнар. конкурсу «Новыя оперныя галасы» (1986, Італія). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

А.​Я.​Ракава.

т. 8, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛА́ТАВА Людміла Іванаўна (н. 22.11.1937, г. Чыта, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). У 1962—91 салістка, у 1991—93 дырэктар опернай трупы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае цёплым серабрыстым голасам. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца праўдай характараў, шчырасцю пачуццяў, жаноцкасцю. У операх нац. рэпертуару выканала партыі Марфачкі («Алеся» Я.​Цікоцкага), Ірыны, Маці («Калючая ружа» і «Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Янінкі («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера). Сярод лепшых работ у опернай класіцы: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Адзіна, Нарына («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Серпіна («Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні), Цэрліна, Сюзанна («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Мікаэла, Лейла («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Марфа, Шамаханская царыца, Снягурачка («Царская нявеста», «Залаты пеўнік», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава).

Літ.:

Ракава А. Тэатр — яе жыццё: (Людміла Златава) // Тэатр. Мінск. 1988. № 1.

А.​Я.​Ракава.

Л.І.Златава.
Л.Златава (справа) у ролі Сюзанны.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРА́ЛЬТА (італьян. contraito),

нізкі жаночы голас. Дыяпазон f/g/—a​2. Найб. выразны і характэрны рэгістр — грудны (да a​1). Сярод оперных партый, напісаных для К.: Вольга («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), партыі хлопчыкаў-падлеткаў і юнакоў: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін» і «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Лель («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Керубіна («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Саўка («Марынка» Р.​Пукста).

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)