мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца не формамі слоў (як у сінтэтычных мовах), а гал. чынам службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш. Да аналітычных моў належаць англ., франц., новаперс., балг. і інш. мовы. Аналітычныя спосабы часткова выкарыстоўваюцца і сінтэтычнымі мовамі, у т. л. і бел., напр. пры ўтварэнні складаных формаў ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («самы цікавы», «больш прыгодны», «надзвычай вясёлы», «найбольш поўна»), будучага і прошлага часу дзеясловаў («буду пісаць», «пайшоў быў»), загаднага ладу («давай спяваць», «няхай квітнее»), складаных тыпаў выказніка («працаваць аграномам», «станавіцца мацнейшым»). Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ПДАЙК ((Updike) Джон) (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачатку літ. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб.апавяд. «Даверся мне» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ЕЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 7.8.1958, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). Працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца лірычных, драм., трагікамедыйных роляў. Мастацтва М. адметнае шчырасцю, арганічнасцю, вытанчанай пластыкай, вострай гратэскнай формай у спалучэнні з глыбокім спасціжэннем псіхалогіі сцэн. характару, імправізацыйнасцю. Найб. значныя ролі: Адуванчык («Радавыя» А.Дударава, Дзярж. прэмія СССР 1985), Мікіта Зносак («Тутэйшыя» Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992), Норман («Касцюмер» Р.Харвуда), Гаральд («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.-К.Кар’ера), Іван («Арт» Я.Рэзы ў Малым т-ры). З інш. роляў: Мікіта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Ян Губач («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), Арыэль («Бура» У.Шэкспіра), Валерыо («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Валер, Пурсаньяк («Тарцюф», «Нежанаты мнагажэнец, або Залёты лана дэ Пурсаньяка» Мальера), Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Фядоцік («Тры сястры» А.Чэхава), Юрка («Характары» паводле В.Шукшына), Генрых («Дракон» Я.Шварца), Фёдар («Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема), Алаліён («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата), Ён («Кантрабас» П.Зюскінда ў Мінскім т-ры пад кіраўніцтвам Р.Таліпава). Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні: «Людзі на балоце», «Давай пажэнімся», «Чужая бацькаўшчына», «Ідзі і глядзі» і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.