ЯФРЭ́МАЎ Аляксандр Васілевіч (н. 1.5.1951, с. Салган Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. рэжысёр кіно і тэатра. Засл. дз. маст. Беларусі (1999). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1976). З 1976 на кінастудыі «Беларусьфільм». Адначасова з 1990 выкладае ў Бел. АМ (з 2001 праф.). З 1991 маст. кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра. Творчую манеру вызначае паглыблены псіхалагізм, дакладная распрацоўка сцэнічных характараў, беражлівае стаўленне да драматургічнай асновы, адчуванне рытму, стылю, аўтарскага светаўспрымання. Зняў маст. фільмы «Вялікае каханне М.П.Чараднічэнкі» (1977), «Давай пажэнімся» (1982), «Экзамен на дырэктара» (1986, тэлефільм), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991), «Павадыр» (2001; сярэбраны прыз на Міжнар. кінафестывалі «Лістапад—2001», Мінск). Паставіў спектаклі: «Міленькі ты мой» М.Варфаламеева (1994, разам з У.Гасцюхіным), «Айседора. Танец кахання» паводле п’есы З.Сагалава «Тры жыцці Айседоры Дункан» і кн. Дункан «Мая споведзь» (1995), «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага (1996), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа (1999), «Пігмаліён» Б.Шоу (2002). З 1976 здымаецца ў кіно: «Падары мне святло месяца», «Скрыжаванне», «Пакуль нясуць ногі» і інш. Здымае таксама дакумент. і відэафільмы.
А.В.Усцінава.
т. 18, кн. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)