А́ПДАЙК
(Updike) Джон (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачатку літ. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб. апавяд. «Даверся мне» (1986).
Тв.:
Рус. пер. — Кролик, беги;
Кентавр;
Ферма. Кишинев, 1984.
т. 1, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)