СУБСТАНТЫВА́ЦЫЯ (ад лац. substantivum назоўнік),

пераход у разрад назоўнікаў слоў інш. часцін мовы ў выніку набыцця імі здольнасці ўказваць непасрэдна на прадмет, а не толькі на яго прыкмету; безафіксны спосаб утварэння назоўнікаў пераважна ад прыметнікаў як разнавіднасць канверсіі. Пры С. ўтвараюцца назоўнікі, што могуць мець значэнне асобы («хворы», «маладая»), прозвішча або мянушкі («Чорны», «Сівы»), відаў жывёлін («хобатныя», «хордавыя»), відаў страў («гарачае», «салодкае»), памяшканняў («мыйная», «сталовая»), інш. з’яў і прадметаў («праязны», «сутачныя») і г.д.

Субстантываваныя прыметнікі захоўваюць формы скланення прыметніка. Аказіянальна-кантэкставая С. можа закранаць і інш. часціны мовы («Ваша вечнае «не» мне надакучыла»; «Ну, давай «пяць» і не злуй болей»).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)