выстаўка (1910), а потым (да 1917) аб’яднанне маскоўскіх жывапісцаў, якія адмаўлялі традыцыі акадэмізму, рэалізму 19 ст. і містычнага сімвалізму. Назву «Бубновы валет» (ад стараж.франц. выразу «бубновы валет» — ашуканец, махляр) прыдумаў ініцыятар выстаўкі М.Ларыёнаў. У аб’яднанне ўваходзілі: Д.Бурлюк, Н.Ганчарова, П.Канчалоўскі, А.Купрын, А.Лянтулаў, К.Малевіч, І.Машкоў, Р.Фальк, А.Экстэр і інш., творчасць якіх была адметная пошукамі ў духу зах.-еўрап.постімпрэсіянізму.
Літ.:
Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́ВА (Наталля Сяргееўна) (4.6.1881, в. Ладышкіна Тульскай вобл., Расія — 17.10.1962),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучылася ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1898). Удзельнічала ў выстаўках аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Мішэнь». Зазнала ўплыў імпрэсіянізму, кубізму і футурызму. Разам з мужам М.Ларыёнавым была адным са стваральнікаў рус.прымітывізму («Маскоўская вуліца», 1909; «Мыццё палатна», 1910) і т.зв. «лучызму» (спроба дэкар. абстракцыянізму). З 1915 жыла ў Парыжы. Афармляла спектаклі ў антрэпрызе С.Дзягілева («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава, 1914; «Жар-птушка» І.Стравінскага, 1926). Яе творам уласцівы дэкар. маляўнічасць і выразнасць, блізкая да рус. лубка.
Літ.:
Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. СПб., 1994. С. 162—166;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Н (Аляксандр Васілевіч) (22.3.1880, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 18.3.1960),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1956). Чл.-кар.АМСССР (1954). Вучыўся ў прыватных студыях у Пецярбургу і Маскве (1902—06), у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1906—10). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), чл. аб’яднання «Маскоўскія жывапісцы» (з 1925), Т-ва маск. мастакоў (з 1928). У 1918—52 выкладаў у Вышэйшых тэхн.маст. майстэрнях — Вышэйшым тэхн.маст. ін-це і інш. ін-тах. У 1910—20-я г. пад уплывам кубізму пісаў нацюрморты, у якіх дэкар. пачатак спалучаўся з вострааналітычным пранікненнем у натуру: «Нацюрморт з сінім падносам» (1914), «Нацюрморт са статуэткай» (1919), «Восеньскі букет» (1925) і інш. З канца 1920-х г. звярнуўся да пленэрнага жывапісу: «Таполя», «Бахчысарай. Поўдзень» (абодва 1927), «Беасальская даліна» (1937), «Дарога ў Беасалы» (1945—46) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫЁНАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),
расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус.авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.П.Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.Лядава (1917), да «Блазна» С.Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.Хлебнікава, А.Кручоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́ ВЫЯЎЛЕ́НЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,
від народнай творчасці, які развіваецца ў рэчышчы мастацтва прымітывізму. Генетычна звязаны з сял. творчасцю, сістэмай нар. выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Выразна выявіўся ў 2-й пал. 18 ст., калі завяршалася дыферэнцыяцыя на прафес. і нар. мастацтва, на сял. і гар. культуру. Як самаст. галіна развіваўся ў 19 — пач. 20 ст. (рускі мяшчанскі, купецкі партрэт). Яго стваральнікі — гар. і прыгонныя дваровыя мастакі, рамеснікі, дробныя гандляры, купцы і інш., найчасцей — самавукі, дылетанты, аматары, былі і прафес. рамеснікі, выхаванцы правінцыяльных маст. школ. Існавалі розныя спосабы і формы выяўлення: станковыя, камерныя (лубок, безыменныя мяшчанскія партрэты), манум.-дэкар. (размалёўка інтэр’ераў шынкоў і корчмаў, шыльды і вітрыны крам, жывапіс на плоце і інш.), тэатр.-дэкарацыйныя (антураж правінцыяльных фотастудый, афішы, дэкарацыі ў балаганах, цырках, батлейках і інш.). Адметныя рысы: рэпрэзентатыўнасць, дэмакратызм, стыхійны рэалізм і непасрэднасць выяўл. мовы, свежасць светаўспрымання, плоскаснасць формаў, перавага стракатых фарбаў, святочныя інтанацыі, гумар і інш. У гарадскім выяўленчым фальклоры відавочны і адбітак маст. кірункаў (класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн і інш.). Многія віды традыц.нар. мастацтва істотна паўплывалі і ўзбагацілі яго. На пачатку творчасці многія мастакі 19—20 ст. зазналі ўплыў гарадскога выяўленчага фальклору, сярод іх М.Шагал, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, А.Шаўчэнка, У.Лебедзеў, І.Машкоў і інш.чл. аб’яднання «Бубновы валет», а таксама інш. жывапісцы, графікі.
Літ.:
Островский Г.С. О городском изобразительном фольклоре // Сов. искусствознание, 74. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНТУ́ЛАЎ (Арыстарх Васілевіч) (26.3.1882, в. Варона Пензенскай вобл., Расія — 15.4.1943),
расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Вучыўся ў Пензенскім (з 1897) і Кіеўскім (1900—05) маст. вучылішчах, студыі Дз.Кардоўскага ў Пецярбургу (1906—07), у парыжскай акадэміі Ла Палет у А. Ле Факанье і Ж.Метцэнжэ (1911). Праф. маскоўскіх Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў — Вышэйшага маст.-тэхн. ін-та (з 1919), Маст. ін-та (1937—43). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1926), Т-ва маскоўскіх мастакоў (з 1928). У творах 1910-х г. спалучаў рысы кубафутурызму з імкненнем да выяўлення нац. характару праз выкарыстанне матываў рус.стараж. дойлідства, традыцый іканапісу і лубка («Васіль Блажэнны», 1913; «Звон», 1915; «Каля Іверскай», 1916, і інш.). Некаторыя работы блізкія да абстракцыянізму: «Даследаванне сімвалічнага падабенства ў партрэце» (1912), «Дзве жанчыны» (1919) і інш. З 1920-х г. працаваў у рэаліст. манеры, ствараў індустр. пейзажы, партрэты, нацюрморты: «Крэкінг нафтаперапрацоўчага завода» (1931), «Гародніна» (1933), «Нацюрморт з капустай», партрэт В.Дулавай (абодва 1940) і інш. Афармляў спектаклі маскоўскіх т-раў: «Віндзорскія свавольніцы» У.Шэкспіра (1916, Камерны т-р), «Дэман» А.Рубінштэйна (1919, Эксперым.т-р), «Праметэй» А.Скрабіна (1919, Вял.т-р), «Іспанскі святар» Ф.Бамонта і Дж.Флетчэра (1934, МХАТ).
Літ.:
Мурина Е.Б., Джафарова С.Г. Аристарх Лентулов: Путь художника. Художник и время: [Альбом]. М., 1990;
Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬТА (Malta),
Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр.ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км2. Нас. 380 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г.Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км2) і Гоца (пл. 67 км2) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ралют. 12°C, жн. 25°C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.
Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км2 (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх.ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс.ж. (1995). Каля 10 тыс.ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э. — Стараж. Рыма, у 395—870 н.э. — Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2-й сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).
13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксама Дэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс.дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн.дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сцьпрамысл.хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс.га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал. культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.
Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс.км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд.дол., імпарт — 2,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзян М., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя).