ГАНЧАРО́ВА Наталля Сяргееўна
(4.6.1881, в. Ладышкіна Тульскай вобл., Расія — 17.10.1962),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучылася ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1898). Удзельнічала ў выстаўках аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Мішэнь». Зазнала ўплыў імпрэсіянізму, кубізму і футурызму. Разам з мужам М.Ларыёнавым была адным са стваральнікаў рус. прымітывізму («Маскоўская вуліца», 1909; «Мыццё палатна», 1910) і т.зв. «лучызму» (спроба дэкар. абстракцыянізму). З 1915 жыла ў Парыжы. Афармляла спектаклі ў антрэпрызе С.Дзягілева («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава, 1914; «Жар-птушка» І.Стравінскага, 1926). Яе творам уласцівы дэкар. маляўнічасць і выразнасць, блізкая да рус. лубка.
Літ.:
Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. СПб., 1994. С. 162—166;
Chamot М. Natalia Gontcharova. Paris, 1972.
т. 5, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)