ЛАРЫЁНАЎ Міхаіл Фёдаравіч

(3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),

расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус. авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.П.Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.Лядава (1917), да «Блазна» С.Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.Хлебнікава, А.Кручоных.

Тв.:

Лучизм. М., 1913.

І.М.Каранеўская.

М.Ларыёнаў Лучызм. 1910.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)