СЛА́ДКАЎСКІ, Сладкоўскі (Sladkovsky) Карал (22.6.1823, Прага — 4.3.1880), чэшскі паліт. дзеяч. Д-р права (1866). Скончыў Пражскі ун-т (1848). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі адзін з лідэраў радыкальных дэмакратаў і кіраўнікоў Пражскага паўстання 1848, удзельнік 1-га Усеслав. з’езда (чэрв. 1848, Прага). Вясной 1849 за ўдзел у падрыхтоўцы новага паўстання арыштаваны і прыгавораны аўстр. ўладамі да пакарання смерцю, замененага на 20 год зняволення. У 1857 памілаваны. З 1862 дэп. чэш. сейма, з 1867 і чл. яго земскага к-та. 22.8.1868 у знак пратэсту супраць аўстра-венг. пагаднення і канстытуцыі 1867 выйшаў з сейма і к-та. У 1875 зноў выбраны ў сейм. Адзін з лідэраў младачэхаў, прыхільнік пераўтварэння двухадзінай Аўстра-Венгрыі ў трохадзіную Аўстра-Венгра-Чэшскую манархію. Садзейнічаў стварэнню чэш. нац. тэатра.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАЯВІ́НА, талом,

вегетатыўнае цела водарасцей, слізевікоў, грыбоў, лішайнікаў, некат. мохападобных, якое не дыферэнцыравана на органы (сцябло, лісце, корань) і не мае сапраўдных тканак. У ніжэйшых раслін (водарасці) бывае ў выглядзе рухомай або нерухомай клеткі ў абалонцы. Калоніі з 4 і болей (да 60 тыс.) клетак фарміруюць скопішча простых ці разгалінаваных нітак, пласцінак або складаных і марфалагічна дыферэнцыраваных утварэнняў, якія нагадваюць вышэйшыя расліны (бурыя, чырвоныя, харавыя водарасці). У слізевікоў С. маюць выгляд слізістай, без абалонкі, масы ці адзінкавых міксамёб. У грыбоў вар’іруюць ад аднаклетачнага да добра развітога септаванага міцэлію, у лішайнікаў — ад мала развітых коркавых да ліставатых і кусцістых форм. У вышэйшых споравых раслін у выглядзе тыпавых С. развіваюцца зарасткі. Эвалюцыя С. ішла ад простых форм — аднаклетачных жгуцікавых ці амёбаідальных клетак — праз ніткаватыя або пласціністыя формы і да складана дыферэнцыраваных.

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́КАЛ Сцяпан Фёдаравіч (н. 8.10.1943, в. Шавялі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. юрыст, гісторык, філосаф. Д-р юрыд. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1967). З 1967 пам. пракурора Чэрыкаўскага р-на. У 1971—74 і 1981—85 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. У 1974—77 у Мінскім радыётэхн. ін-це, у 1977—81 інспектар Мін-ва вышэйшай адукацыі БССР; з 1985 у Гродзенскім ун-це (дэкан, заг. кафедры). З 1990 рэктар Бел. недзяржаўнага ін-та правазнаўства. Даследуе развіццё сацыялаг., паліт. і прававой думкі Беларусі.

Тв.:

Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;

История юридической науки Беларуси. Мн. 2000 (разам з І.​Юхо);

Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVIII стст. 2 выд. Мн., 2000 (разам з С.​А.​Падокшыным).

т. 15, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПРУ́Н Сцяпан Паўлавіч (2.8.1907, с. Рэчкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 4.7.1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну; першы ў час вайны двойчы Герой Сав. Саюза (1940, 1941). Скончыў Ваен. школу пілотаў (1931). У Чырв. Арміі з 1929. З 1931 лётчык-выпрабавальнік. Удзельнік баёў з яп. захопнікамі (у 1939—40 камандаваў групай добраахвотнікаў лётчыкаў-знішчальнікаў у Кітаі), сав.-фінл. вайны 1939—40 У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах. фронце. Камандзір знішчальнага авіяц. палка асобага прызначэння (сфарміраваны з лётчыкаў-выпрабавальнікаў). У першым баі С. збіў 2 самалёты праціўніка. 4 ліп., выконваючы чацвёрты за дзень вылет, С. уступіў у бой з 6 фаш. знішчальнікамі Загінуў каля в. Манастыры (цяпер в. Палявая) Талачынскага р-на. На месцы яго гібелі ўстаноўлены помнік.

С.П.Супрун.

т. 15, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВА́ГА,

засяроджанасць псіхічнай дзейнасці суб’екта ў пэўны момант часу на якім-небудзь рэальным або ідэальным аб’екце (прадмеце, падзеі, вобразе, разважанні і інш.). Вылучаюць 3 віды У. Мімавольная У. (найб. простая і генет. першапачатковая) мае пасіўны характар, бо навязваецца суб’екту знешнімі падзеямі. Фізіялагічнае праяўленне гэтага віду У. — арыенціровачная рэакцыя. Пры адвольнай У. дзейнасць кіруецца свядомымі намерамі суб’екта і патрабуе з яго боку валявых намаганняў. Яна мае актыўны характар, складаную структуру, апасродкаваную сацыяльна выпрацаванымі спосабамі арганізацыі паводзін і камунікацыі; звязана з прац. дзейнасцю. Пры постадвольнай У. захоўваецца адпаведнасць накіраванасці дзейнасці свядома прынятым мэтам, аднак яе выкананне не патрабуе спец. разумовых намаганняў і абмежавана ў часе толькі стомленасцю ці знясіленнем рэсурсаў арганізма. Да характарыстык У., вызначаных шляхам эксперым. даследаванняў, належаць выбіральнасць, аб’ём, устойлівасць, магчымасць размеркавання і пераключальнасць.

т. 16, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УДА́ВЫ, несапраўднаногія (Boidae),

сямейства неядавітых змей атр. лускаватых. З падсям.: пітоны, уласна У. — Boinae (15 родаў, каля 60 відаў) і баліерыны — Bolierinae (2 віды). Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Жывуць на зямлі, дрэвах, ёсць паўводныя і рыючыя формы. Найб. вядомыя роды з падсям. уласна У. — У. сапраўдныя [Constrictor (Boa)], вузкабрухія (Corallus), удаўчыкі (Eryx) і інш. 8 відаў і падвідаў У. у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 10—11 м, маса да 100 кг і больш. Анаконда, пітон сеткаваты — найб. буйныя з сучасных змей. Афарбоўка пераважна стракатая. Тулава з моцнымі мышцамі, з дапамогай якіх У. душаць (адсюль назва) здабычу. Косці верхняй сківіцы рухомыя. Вочы з верт. зрэнкай. Захаваліся рудыменты таза і задніх канечнасцей (кіпцюры). Кормяцца млекакормячымі, птушкамі, яшчаркамі, жабамі і інш. Яйцажывародныя, некаторыя (пітоны) адкладваюць яйцы (да 107 шт.). Многія віды — аб’екты промыслу.

т. 16, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРБАНО́ВІЧ Іосіф Паўлавіч (3.4.1907, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.7.1944),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў антыфаш. падполля і партыз. руху ў Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У 1924—29 вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі, потым у партшколе ЦК КПЗБ. Чл. КПЗБ з 1928. З 1930 сакратар Баранавіцкага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. У 1932—34 за рэв. дзейнасць зняволены ў турму. З 1939 старшыня Ружанскага пасялковага Савета. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 у тыле ворага: адзін з арганізатараў раённых антыфаш. арг-цый, сакратар Ружанскага раённага антыфаш. к-та, ініцыятар стварэння, з 1942 сакратар Брэсцкага міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі»; у чэрв.—ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады імя П.​К.​Панамарэнкі Брэсцкай вобл. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

І.П.Урбановіч.

т. 16, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УСХО́ДНІ ВАЛ»

(ням. «Ostwall»),

стратэгічны абарончы рубеж у Вял. Айч. вайну, створаны ням. войскамі на сав.-германскім фронце да восені 1943 на лініі р. Нарва—г. Пскоў—Віцебск—Орша—р. Сож—сярэдняе цячэнне р. Дняпро—р. Малочная з мэтай спыніць наступленне Чырв. Арміі і выйграць час, спадзеючыся на раскол у антыфаш. кааліцыі і сепаратны мір з ЗША і Вялікабрытаніяй. Асн. частка «У.в.» — умацаванні на Дняпры. У вер. 1943 рубеж у паласе ням. групы армій «Поўдзень» і «А» стаў называцца пазіцыяй «Ватан», у паласе груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» — пазіцыяй «Пантэра». Да канца вер. 1943 сав. войскі нанеслі паражэнне праціўніку на Левабярэжнай Украіне, фарсіравалі Дняпро і месцамі прарвалі «У.в.». У ходзе наступальных Бранскай аперацыі 1943, Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 сав. войскі пераадолелі абарончыя пазіцыі «Пантэры».

т. 16, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМІ́Н Сяргей Уладзіміравіч (29.4.1906, в. Пепелеўка Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 4.12.1941),

бел. паэт. Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1925), БДУ (1930). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам Горацкай с.г. акадэміі (1930—34). 4.1.1935 рэпрэсіраваны. Прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамі пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Комі АССР. Паўторна арыштаваны ў 1941. Расстраляны. Друкаваўся з 1924. Вершы змяшчаў у час. «Маладняк», «Полымя», «Малады араты», «Маладняк Барысаўшчыны», «Беларусь калгасная» і інш., у газетах. У іх шчырая любоў да Беларусі, услаўленне новых з’яў рэчаіснасці, тэмы сяброўства, дружбы, кахання, роднай гісторыі. Захапляўся творчасцю С.​Ясеніна. Аўтар паэм «Балота» (1927), «За новыя дні» (1929). На бел. мову перакладаў творы У.​Сасюры.

Тв.:

Дымнае жыта: Вершы. Паэмы. Пераклады. Мн., 1991.

Літ.:

Скрыган Я. Сергей Фомин и еще некто // Нёман. 1981. №12.

І.​У.​Саламевіч.

С.У.Фамін.

т. 16, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАРЭ́Т (у свеце Вахрамееў Кірыла Варфаламеевіч, н. 21.4.1935, Масква),

праваслаўны царкоўны дзеяч Беларусі. Скончыў маскоўскія духоўныя семінарыю (1957) і акадэмію (1961). У 1959 прыняў манаства, у 1961 пасвячоны ў іераманаха. У 1965 епіскап ціхвінскі, у 1966—73 епіскап дзмітраўскі, рэктар маскоўскіх духоўных акадэміі і семінарыі. З 1971 архіепіскап, з 1975 мітрапаліт. З 1978 мітрапаліт мінскі і беларускі; адначасова да 1984 займаў пасаду патрыяршага экзарха Зах. Еўропы, у 1981—89 старшыня аддзела знешніх сувязей Маскоўскага патрыярхата. З 16.10.1989 патрыяршы экзарх усяе Беларусі, пастаянны чл. Сінода Рус. правасл. царквы, старшыня Сінода Бел. экзархата. З 1992 поўны тытул мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, свяшчэнна-архімандрыт Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Тв.:

Богословие добрососедства. Киев, 2002.

Літ.:

Нефедов В.В. Беседы с митрополитом Филаретом. Мн., 1992.

Філарэт.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)