СЛА́ДКАЎСКІ, Сладкоўскі (Sladkovsky) Карал (22.6.1823, Прага — 4.3.1880), чэшскі паліт. дзеяч. Д-р права (1866). Скончыў Пражскі ун-т (1848). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі адзін з лідэраў радыкальных дэмакратаў і кіраўнікоў Пражскага паўстання 1848, удзельнік 1-га Усеслав. з’езда (чэрв. 1848, Прага). Вясной 1849 за ўдзел у падрыхтоўцы новага паўстання арыштаваны і прыгавораны аўстр. ўладамі да пакарання смерцю, замененага на 20 год зняволення. У 1857 памілаваны. З 1862 дэп. чэш. сейма, з 1867 і чл. яго земскага к-та. 22.8.1868 у знак пратэсту супраць аўстра-венг. пагаднення і канстытуцыі 1867 выйшаў з сейма і к-та. У 1875 зноў выбраны ў сейм. Адзін з лідэраў младачэхаў, прыхільнік пераўтварэння двухадзінай Аўстра-Венгрыі ў трохадзіную Аўстра-Венгра-Чэшскую манархію. Садзейнічаў стварэнню чэш. нац. тэатра.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)