ФІЛАРЭ́Т (у свеце Вахрамееў Кірыла Варфаламеевіч, н. 21.4.1935, Масква),

праваслаўны царкоўны дзеяч Беларусі. Скончыў маскоўскія духоўныя семінарыю (1957) і акадэмію (1961). У 1959 прыняў манаства, у 1961 пасвячоны ў іераманаха. У 1965 епіскап ціхвінскі, у 1966—73 епіскап дзмітраўскі, рэктар маскоўскіх духоўных акадэміі і семінарыі. З 1971 архіепіскап, з 1975 мітрапаліт. З 1978 мітрапаліт мінскі і беларускі; адначасова да 1984 займаў пасаду патрыяршага экзарха Зах. Еўропы, у 1981—89 старшыня аддзела знешніх сувязей Маскоўскага патрыярхата. З 16.10.1989 патрыяршы экзарх усяе Беларусі, пастаянны чл. Сінода Рус. правасл. царквы, старшыня Сінода Бел. экзархата. З 1992 поўны тытул мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, свяшчэнна-архімандрыт Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Тв.:

Богословие добрососедства. Киев, 2002.

Літ.:

Нефедов В.В. Беседы с митрополитом Филаретом. Мн., 1992.

Філарэт.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)