ФАМІ́Н Сяргей Уладзіміравіч (29.4.1906, в. Пепелеўка Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 4.12.1941),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1925), БДУ (1930). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам Горацкай с.г. акадэміі (1930—34). 4.1.1935 рэпрэсіраваны. Прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамі пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Комі АССР. Паўторна арыштаваны ў 1941. Расстраляны. Друкаваўся з 1924. Вершы змяшчаў у час. «Маладняк», «Полымя», «Малады араты», «Маладняк Барысаўшчыны», «Беларусь калгасная» і інш., у газетах. У іх шчырая любоў да Беларусі, услаўленне новых з’яў рэчаіснасці, тэмы сяброўства, дружбы, кахання, роднай гісторыі. Захапляўся творчасцю С.Ясеніна. Аўтар паэм «Балота» (1927), «За новыя дні» (1929). На бел. мову перакладаў творы У.Сасюры.
Тв.:
Дымнае жыта: Вершы. Паэмы. Пераклады. Мн., 1991.
Літ.:
Скрыган Я. Сергей Фомин и еще некто // Нёман. 1981. №12.