УВА́ГА,

засяроджанасць псіхічнай дзейнасці суб’екта ў пэўны момант часу на якім-небудзь рэальным або ідэальным аб’екце (прадмеце, падзеі, вобразе, разважанні і інш.). Вылучаюць 3 віды У. Мімавольная У. (найб. простая і генет. першапачатковая) мае пасіўны характар, бо навязваецца суб’екту знешнімі падзеямі. Фізіялагічнае праяўленне гэтага віду У. — арыенціровачная рэакцыя. Пры адвольнай У. дзейнасць кіруецца свядомымі намерамі суб’екта і патрабуе з яго боку валявых намаганняў. Яна мае актыўны характар, складаную структуру, апасродкаваную сацыяльна выпрацаванымі спосабамі арганізацыі паводзін і камунікацыі; звязана з прац. дзейнасцю. Пры постадвольнай У. захоўваецца адпаведнасць накіраванасці дзейнасці свядома прынятым мэтам, аднак яе выкананне не патрабуе спец. разумовых намаганняў і абмежавана ў часе толькі стомленасцю ці знясіленнем рэсурсаў арганізма. Да характарыстык У., вызначаных шляхам эксперым. даследаванняў, належаць выбіральнасць, аб’ём, устойлівасць, магчымасць размеркавання і пераключальнасць.

т. 16, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)