У,
дваццаць першая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай У («іжыца»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Υ («іпсілон»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «у» пасля цвёрдых зычных («гусь», «трудъ»), у пачатку слоў ужывалася ў складзе дыграфа «оу» («оулица»). Мела лічбавае значэнне «чатырыста». Паралельна з ёй для абазначэння гука «у» на раннім этапе развіцця старабел. пісьменнасці выкарыстоўвалася літара ѫ («юс вялікі»): «пѫть» пазней — ꙋ («ук»): «слоꙋпъ». У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «у» задняга раду верхняга пад’ёму («вуда», «луг»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 16, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
У НУ, Такін Ну (25.5.1907, Вакема, М’янма — 14.2.1995),
дзяржаўны і паліт. дзеяч М’янмы. Скончыў Янгонскі ун-т (1929). За ўдзел у нац.-вызв. руху Ў 1935—41 зняволены брыт. калан. ўладамі. З 1942 міністр замежных спраў, з 1944 — інфармацыі ва ўрадзе М’янмы, створаным пад апекай яп. акупац. улад. З 1945 віцэ-прэзідэнт, у 1947—58 прэзідэнт Антыфашысцкай лігі народнай свабоды. У 1945—47 старшыня Устаноўчага сходу, у 1947—56, 1957—58 і 1960—62 прэм’ер-міністр М’янмы. У 1962 скінуты ваеннымі на чале з ген. Не Вінам; да 1966 зняволены, у 1966—80 у эміграцыі ў Тайландзе і Індыі, дзе стаў будыйскім манахам. У 1980 вярнуўся на радзіму, удзельнік апазіц. руху, з 1988 ганаровы старшыня Саюза за дэмакратыю і мір.
т. 16, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«У КАРНАЧА́»,
бел. дзіцячая гульня. На Случчыне мае назву «У апуку». Для яе рабілі мячык з ануч. Кожны ўдзельнік выкопваў неглыбокую ямку, каля якой стаяў у пачатку гульні. Адзін з гульцоў каціў мячык праз ямкі. Той, у чыю ямку закоціцца мячык, пляскаў у далоні. Па гэтым сігнале астатнія ўдзельнікі ўцякалі ў «поле» (на адлегласць, адзначаную рысай на зямлі), а той, у чыю ямку трапіў мячык, павінен быў схапіць яго і пацэліць у каго-небудзь з гульцоў. Калі гэта не ўдавалася, то яму выпадала каціць мячык па ямках.
В.Дз.Ліцвінка.
т. 16, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У ТАН (22.1.1909, Пантанаў, М’янма — 25.11.1974),
м’янманскі дыпламат. Вучыўся ў Янгонскім ун-це. Настаўнічаў. З 1947 дырэктар дэпартамента друку М’янмы, з 1948 — м’янманскага радыё, з 1949 сакратар мін-ва інфармацыі, з 1952 у прадстаўніцтве М’янмы ў ААН, з 1957 пастаянны прадстаўнік М’янмы ў ААН. У 1959 абраны нам. ген. сакратара ААН. Пасля гібелі ў ліст. 1961 Д.Хамаршэльда в.а. ген. сакратара ААН, у 1962—71 ген. сакратар ААН.
т. 16, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У ДЗІ, Лю Чэ (156—87 да н.э.),
кітайскі імператар [140—87 да н.э.] з дынастыі Зах. Хань. Пры ім канфуцыянства канчаткова стала дзярж. ідэалогіяй, уведзена сістэма дзярж. экзаменаў для замяшчэння дзярж. пасад, тэр. краіны падзелена на 14 акруг, зямельныя ўладанні знаці падзелены паміж нашчадкамі. У Дзі вёў заваёўніцкія войны, у т. л. ў сучасным Сіньцзяне, што спрыяла ўсталяванню сувязі Кітая з Сярэдняй Азіяй і Б. Усходам. Пры ім ханьская імперыя дасягнула найб. магутнасці.
т. 16, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«У КАЧО́ЎКІ»,
бел. стараж. дзіцячая гульня. Называлі таксама «Калясо», «У кругляк», «Катанне кулі», «Кацёлка» і інш. Для гульні рабілі бярозавы кругляшок дыяметрам 10 см — качоўку. Дзеці дзяліліся на 2 каманды, кожная з якіх займала месца на розных баках вуліцы. Кожны па чарзе стараўся папасці сваім кійком па качоўцы і адкаціць яе ў бок супрацьлеглай каманды. Выйгравала тая каманда, якой удавалася перакаціць качоўку за шарэнгу другой каманды. Замест качоўкі часам выкарыстоўвалі кола ад воза, каменнае ці жалезнае ядро і інш.
т. 16, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«У НАМЕ́РЫ»,
бел. гульня моладзі ў час посту, калі не дазвалялася спяваць і танцаваць. Збіраліся ў вялікай хаце, пасярод яе ставілі ўслон, на які ўперамежку садзіліся хлопцы і дзяўчаты. Адзін з удзельнікаў гульні хадзіў і пытаўся, ці задаволена суседка суседам. Калі дзяўчыне падабаўся хлопец, што сядзеў побач, яна глядзела ў яго бок. Астатнія ўдзельнікі ў гэты час крычалі: «Раз, два, тры!», а хлопец цалаваў дзяўчыну. Гульня працягвалася, пакуль усе не размяркоўваліся па парах. Тэматычна блізкая да «Жаніцьбы Цярэшкі», «Яшчура» і інш.
В.Дз.Ліцьвінка.
т. 16, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Саблін У. У., гл. Корш-Саблін У. У.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)