У,
дваццаць першая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай У («іжыца»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Υ («іпсілон»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «у» пасля цвёрдых зычных («гусь», «трудъ»), у пачатку слоў ужывалася ў складзе дыграфа «оу» («оулица»). Мела лічбавае значэнне «чатырыста». Паралельна з ёй для абазначэння гука «у» на раннім этапе развіцця старабел. пісьменнасці выкарыстоўвалася літара ѫ («юс вялікі»): «пѫть» пазней — ꙋ («ук»): «слоꙋпъ». У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «у» задняга раду верхняга пад’ёму («вуда», «луг»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 16, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)