ВЫСО́КІ ДРУК,

спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.

Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.

Схема формы і адбітку высокага друку: а — форма з прабельнымі (1) і друкавальнымі (2) участкамі; б — форма з нанесенай фарбай (4) і прыціснутай паперай (3); в — папера з адбіткам фарбы.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІША́ЙНІКІ (Lichenes),

група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт). Больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў. На Беларусі 38 сям., 114 родаў, каля 500 відаў. Найб. пашыраны: гіпагімнія, графіс, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, рамаліна, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія, артонія, алекторыя, бацыдыя, буэлія, калаплака, калема, меланелія і інш. Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і інш. колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе Л. часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15% ад усяго аб’ёму слаявіны, Па анат. будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1—2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Па форме бываюць накіпныя, або коркавыя (аспіцылія, леканора), ліставатыя (ксанторыя, пельтыгера) і кусцістыя (кладонія, уснея). Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арган. рэчывы. На Пн ісландскі лішайнік, кладонія — асн. корм паўн. аленяў. Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. Ліхенаіндыкацыя). З Л. атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. Вывучае Л. ліхеналогія.

Літ.:

Определитель лишайников СССР. Вып. 2. Л., 1974;

Van Haluwyn C., Lerond M. Guide des lichens: Lechevalier. Paris, 1993.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАЎЁЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 13.9.1926, в. Солані Лужскага р-на Ленінградскай вобл., Расія),

бел. мастак тэатра, жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысловае вучылішча імя В.​Мухінай (1957), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1965—97 мастак-пастаноўшчык, у 1977—95 гал. мастак Бел. т-ра імя Я.​Коласа. Аформіў спектаклі «Ветрык, вей!» Я.​Райніса (1965), «Клоп» У.​Маякоўскага (1968), «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера (1969), «Зацюканы апостал» (1971) і «Таблетку пад язык» (1973) А.​Макаёнка, «Трывога» А.​Петрашкевіча, «Званы Віцебска» У.​Караткевіча (абодва 1974), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (абодва 1976), «Разгром» паводле А.​Фадзеева (1977), «Кастусь Каліноўскі» Караткевіча, «Летась у Чулімску» А.​Вампілава (абодва 1978), «Стары дом» А.​Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.​Думбадзе (1981), «Парог» (1982) і «Радавыя» А.​Дударава, «Зінуля» А.​Гельмана, «Пакрыўджаныя» Л.​Родзевіча (усе 1994), «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра (1986) і інш. Афармленне вызначалася тонкім адчуваннем эмацыянальнай і духоўнай сутнасці твора і задумы рэжысёра. Аўтар жывапісных цыклаў «Фарбы зямлі» (1974—85), «Русь» (1975—85), «Тэатр» (1977—80), «Космас» (1978—82), графічных твораў і інш.

А.Салаўёў. Эскіз дэкарацыі да спектакля А.​Вампілава «Летась у Чулімску». 1978.

Ю.​І.​Іваноўскі.

т. 14, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНО́РЫКА (ад лац. sonorus гучны, шумны) у музыцы, від кампазіцыйнай тэхнікі, заснаванай на выкарыстанні маляўнічых гучанняў. Звязана з акцэнтаваннем каларыту і фарбаў, іх аўтанамізацыяй, у выніку чаго маляўнічы бок рэгулюе ўвесь гукавы працэс. У гіст.-стылявых адносінах вылучаюць 3 ступені-градацыі, якія адрозніваюцца вышынна-тонавай дыферэнцыяцыяй гучання: каларыстыка, калі тоны ясна адрозніваюцца, але ўзмоцнены фанічны бок гучання (каларыстычная гармонія ў сцэнах зацьмення ў оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна, перазвону ў оперы «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, каларыстычна афарбаваныя лініі ў эцюдзе «Шум лесу» Ф.​Ліста); санорыка, калі на першае месца выступаюць фарбы і адрозніваецца толькі частка тонаў (санорна афарбаваная і санорная гармонія ў творах К.​Дэбюсі, А.​Скрабіна, І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, Б.​Бартака, у «Атмасферах» Дз.​Лігеці); санарыстыка, калі выкарыстаны гукі без дакладна вызначанай вышыні, у выніку чаго ўзнікае санарыстычная гармонія і санарыстычны «шум» («Плач па ахвярах Хірасімы» К.​Пендарэцкага, 1-я ч. канцэрта-буф С.​Сланімскага). Прыкметы С. праявіліся ў трактоўцы гармоніі ў творах Ф.​Шапэна, М.​Рымскага-Корсакава, Мусаргскага, П.​Чайкоўскага. Больш дакладна выкарыстоўваецца ў творах кампазітараў 20 — пач. 21 ст. У бел. музыцы С. ўласціва творам Л.​Шлег (вакальна-сімф. дзеянне «Гуканне вясны»), С.​Бельцюкова (для інстр. ансамбля «Стронцый-90», сімфонія № 1), В.​Кузняцова («Канструкцыя для 67 выканаўцаў і магнітафоннай стужкі «Caesium-137»).

Р.​І.​Сергіенка.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАЗАПАДО́БНЫЯ (Lycopodiophyta),

аддзел вышэйшых споравых раслін. Найб. прымітыўная і стараж. з вышэйшых раслін сістэм. група. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў кам.-вуг. перыядзе. Уключаюць 2 класы: дзеразовыя (Lycopodiopsida) і палушнікавыя (Isoetopsida), 8 родаў і каля 1300 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаў баранец, дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах. Баранец звычайны, дзярэзка заліўная, палушнік азёрны занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Сучасныя Дз. — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушнікі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых Дз. былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Спарафіт мае дадатковыя карані, сцяблы і лісце (філоіды). Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі. зрэдку сабранае ў кальчакі. Размнажаюцца Дз. спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужч. і жан. гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкар. расліны; некат віды ядавітыя.

Літ.:

Бобров АЕ. Отдел, 1. Lycopodiophyta — Плаунообразные // Флора европейской части СССР. Л., 1974. Т. 1;

Филин В.Р. Отдел Плауновидные (Lycopodiophyta) // Жизнь растений. М., 1978. Т. 4.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.

Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал. абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам з мех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з-д. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач 1960-х г. — жал. руды ў Японіі.

На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.

Б.​А.​Багатаў.

Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЎРСКІ ФАРФО́Р,

мастацкія вырабы фарфоравага завода ў г. Сеўр (Францыя). Засн. ў г. Венсен (1740). У Сеўр вытв-сць пераведзена ў 1756. Першыя вырабы зроблены пад метал. формы і з уплывам майсенскага фарфору. Першыя майстры — жывапісец Ж.​Ж.​Башэлье і хімік Ж.​Эло (вынаходнік унікальнай сіняй фарбы, адной з адметных рыс С.ф.). Размалёўкі на ярка-сінім, бірузовым і белым фонах уяўлялі сабой натуралістычныя выявы кветак, гірлянд, птушак, пейзажаў. У сярэдзіне 18 ст. быў пашыраны ружовы фон ракайлевых размалёвак золатам і шынуазры. Характэрны элемент С.ф. — размалёўкі пад камеі ў манахромнай тэхніцы грызайль. У 1770—1830-я г. С.ф. вырабляўся ў стылі класіцызму; былі пашыраны міфалагічныя і жанравыя скульптурныя групы, партрэтныя медальёны і бюсты, рэльефныя плакеткі (белым па сінім фоне), якія выкарыстоўваліся ў якасці ўставак у мэблю. Да 1800 вырабы (сервізы, вазы) ствараліся пераважна з мяккага фарфору (без кааліну), абпаленага пры параўнальна невысокай тэмпературы, што дазваляла дасягаць сакавітасці і вытанчанасці дробнага дэкору. З больш моцнага бісквіту стваралі групы і фігуры па мадэлях Э.​М.​Фальканэ, Л.​С.​Буазо, Ж.​Б.​Пігаля, Э.​Бушардона, Кладыёна. З 1772 рабілі цвёрды фарфор. У 20 ст. ў стварэнні вырабаў С.ф. ўдзельнічалі вядучыя мастакі (Ж.​Люрса і інш.).

Літ.:

Бирюкова Н.Ю. Французская фарфоровая пластика XVIII в. Л., 1962.

Я.​Ф.​Шунейка.

Сеўрскі фарфор. Марожаніца з сервіза з камеямі. 1778.

т. 14, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКА-ДЗІ́СЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,

бел. маляваныя дываны. Былі пашыраны ад Нарачы на Пд да Дзісны на Пн (Мядзельскі, Вілейскі р-ны Мінскай вобл., Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Докшыцкі р-ны Віцебскай вобл.). Вядомы з пач. 20 ст. Найб. пашыраны ў 1930—50-я г. Выконваліся на сшытым з двух палотнішчаў кавалку льнянога палатна памерам 1,5 × 2 м, афарбаванага ў чорны колер. З аднаго палотнішча (1,5 × 1 м) называліся паўдыванамі, з палавіны палотнішча (0,75 × 1 м) — макаткамі (своеасаблівыя насценныя дывановыя сурвэткі). Размалёўвалі дываны пераважна алейнымі ці клеявымі фарбамі. Для нанясення асн. дэталей малюнка звычайна карысталіся трафарэтам, прапрацоўку дробных дэталей, нанясенне святлаценяў рабілі ад рукі. Кампазіцыя дываноў — у цэнтры букет кветак у вазе, кошыку ці перавіты стужкай, па краях гірлянда з кветак і лісця. Часта ў кампазіцыю ўключаліся выявы птушак і ініцыялы аўтараў ці заказчыкаў. Для паўдываноў і макатак характэрны кампазіцыі з парай выкананых у наіўна-рэаліст. манеры львоў, аленяў, галубоў, скіраваных галовамі да цэнтра. У Докшыцкім р-не, дзе выкарыстоўвалі пераважна клеявыя фарбы, дываны адметныя дэкаратыўнасцю, умоўнасцю выяў, лакальнымі колерамі. Дываны інш. раёнаў, выкананыя алейнымі фарбамі, адлюстроўваюць імкненне да большай рэалістычнасці выявы. Лепшыя майстры: А.​Багаткевіч, Л.​Ючковіч (Докшыцкі р-н), Г.​Курыловіч (Шаркаўшчынскі р-н), М.​Папок (Мядзельскі р-н), У.​Бабіч, Ф.​Сухавіла (Глыбоцкі р-н), М.​Марозька (Міёрскі р-н) і інш. Выйшлі з ужытку.

Літ.:

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Нарачанска-дзісенскія дываны. Г.​Курыловіч. Дыван. 1984. Г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя і прабельныя элементы друкарскай формы знаходзяцца ў адной плоскасці. Заснаваны на выбіральным змочванні друкавальных элементаў тлустай фарбай, а прабельных — водным растворам (дасягаецца хім. апрацоўкай формы). Выкарыстоўваецца для друкавання газет, ілюстраваных часопісаў і кніг, геагр. карт, рэпрадукцыі карцін, упаковачнай прадукцыі і інш.

Паколькі тлушч і вада не змешваюцца, папярэдне ўвільготненыя прабельныя ўчасткі формы не ўспрымаюць фарбу і яна кладзецца толькі на друкавальныя элементы; пры ўвільгатненні формы вада не змочвае слой фарбы, але ўспрымаецца прабельнымі ўчасткамі. Пры друкаванні форму папераменна змочваюць вадой і закатваюць фарбай, якая з формы перадаецца затым на паперу ці інш. матэрыял. Першы спосаб П.д. — літаграфія (вынайдзена ў 1798), якая з сярэдзіны 20 ст. страціла сваё значэнне з пашырэннем плоскага афсетнага друку (вынайдзены ў 20 ст.). Плоскадрукавальная друкарская машына створана ням. вынаходнікам Ф.​Кёнігам у 1811. Да спосабаў П.д. адносіцца таксама фотатыпія (вынайдзена ў 1855). Плоскадрукавальныя машыны літаграфскага і фотатыпнага друку маюць плоскую форманясучую паверхню (талер) і цыліндрычную прыціскальную (друкавальны цыліндр). Гл. таксама Кнігадрукаванне.

Літ.:

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991;

Технология печатных процессов. М., 1989;

Чехман Я.И., Сенкусь В.Т., Бирбраер Е.Г. Печатные машины. М., 1987.

У.​М.​Сацута.

Плоскі друк: а — прынцыповая схема друкавання (1 — друкарская форма, 2 — матэрыял, 3 — Друкавальны цыліндр, 4 — фарба); б — друкарская форма плоскага афсетнага друку (1 — друкавальныя элементы, 2 — прагальныя элементы, 3 — фарба, 4 — водны раствор); в — плоскадрукавальная машына (1 — транспарцёр, 2 — саманаклад, 3 — друкавальны цыліндр, 4 — талер, 5 — фарбавальны апарат; 6 — прыёмны стол).

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)