НАМАЗГА́-ТЭПЕ́,

рэшткі паселішча часоў энеаліту і бронзы плямён Сярэдняй Азіі (гл. Анаўская культура), за 7 км ад чыг. ст. Каахка ў Туркменіі. Пагорак Н.-Т. (выш. 32 м, пл. да 100 га) насыпаны штучна. Насельніцтва займалася земляробствам, існавала ліманнае арашэнне. Характэрны шматпакаёвыя пабудовы з цэглы-сырцу, падзеленыя вузкімі вулачкамі. Пахаванні адзінкавыя, у скурчаным стане, з керамічным інвентаром. Знойдзены крамянёвыя, каменныя, медныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні, у т. л. халцэдонавыя пацеркі, гліняныя жаночыя статуэткі, мадэлі вазкоў, фігуркі жывёл. Керамічны посуд да канца 3-га тыс. да н.э. быў ляпны, потым вырабляўся на ганчарным крузе. Кераміка размалёўвалася геам. узорам у адну ці дзве (чорную і чырвоную) фарбы часам з выявамі птушак і жывёл, выкананых у іранскім стылі папярэдніх часоў. У пач. 2-га тыс. да н.э. Н.-Т. прыйшло ў заняпад. Лічаць, што яго насельніцтва вымушана было шукаць новае месца для пражывання ў сувязі з пачаткам засушлівага перыяду.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)